Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
10 красавіка 1996 г. № З-32/96
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 1995 г. № 406 «Аб унясенні змянення ў пастанову Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 1995 г. № 7» і абзаца другога пункта 7 Пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1995 г. № 707 «Аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы і ўзмацненні стымулявання працы»

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага суда Ціхіні В.Г., намесніка Старшыні суда Фадзеева В.А., суддзяў Васілевіча Р.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Пастухова М.I., Серады М.М., Філіпчык Р.I., Цішкевіча С.I.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Камісіі па заканадаўству Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якая ўнесла прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці актаў, - Новака В.А. - сакратара камісіі;

 

Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь - Саснова А.В. - міністра працы Рэспублікі Беларусь, Сукала В.А. - міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

спецыяліста Шчарбацэвіч Я.П. - намесніка загадчыка аддзела заканадаўства аб сацыяльным развіцці Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства;

 

сведак: Каценка Н.Ф. і Шпакава С.Г.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 1995 г. № 406 «Аб унясенні змянення ў пастанову Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 1995 г. № 7» (не для друку) і абзаца другога пункта 7 Пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1995 г. № 707 «Аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы і ўзмацненні стымулявання працы» (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь. 1995. № 36. Арт.897).

 

У судовым пасяджэнні прыняў удзел Сашчэка I.Ф. - намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

 

Вытворчасць па справе «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 1995 г. № 406 «Аб унясенні змянення ў пастанову Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 1995 г. № 7» узбуджана 22 снежня 1995 г. па прапанове Камісіі па заканадаўству Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання. У прапанове ўказвалася, што пастанова Кабінета Міністраў супярэчыць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь, таму што парушае правы ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў на сацыяльнае забеспячэнне. Адзначалася таксама, што пастанова не была апублікавана ў друку, што супярэчыць артыкулам 7, 34 і 52 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Пасля выдання 30 снежня 1995 г. Кабінетам Міністраў Пастановы № 707 «Аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы і ўзмацненні стымулявання працы» Камісія па заканадаўству Вярхоўнага Савета 5 студзеня 1996 г. звярнулася ў Канстытуцыйны суд з прапановай аб праверцы абзаца другога пункта 7 указанай пастановы на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.

 

Камісія па заканадаўству Вярхоўнага Савета трынаццатага склікання падтрымала ўнесеныя ў Канстытуцыйны суд прапановы.

 

19 сакавіка 1996 г. Канстытуцыйны суд узбудзіў вытворчасць па справе «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь абзаца другога пункта 7 Пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1995 г. № 707 «Аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы і ўзмацненні стымулявання працы» і аб’яднаў яго ў адну вытворчасць са справай «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 1995 г. № 406 «Аб унясенні змянення ў пастанову Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 1995 г. № 7».

 

Выслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, спецыяліста, сведак, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў і іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны суд устанавіў наступнае.

 

Артыкул 47 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.

 

У адпаведнасці з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

 

Згодна з артыкулам 23 Канстытуцыі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

Артыкул 146 Канстытуцыі ўстанаўлівае, што ў выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя, а ў выпадку разыходжання іншага нарматыўнага акта з законам - дзейнічае закон.

 

Артыкулам 12 Закона «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь» прадугледжана, што любы закон не можа быць зменены ці адменены інакш, як шляхам прыняцця новага закона ці ўнясення змяненняў і дапаўненняў у дзеючы.

 

У адпаведнасці з артыкулам 2 Закона «Аб пенсіённым забеспячэнні» ўмовы, нормы і парадак пенсіённага забеспячэння ваеннаслужачых, а таксама асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў і членаў іх сем’яў рэгулююцца заканадаўствам аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых.

 

Спецыяльным законам, які вырашае ўказаныя пытанні, з’яўляецца Закон «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў», прыняты Вярхоўным Саветам 17 снежня 1992 года. У ім замацоўваюцца ўмовы назначэння пенсій гэтым катэгорыям асоб, памеры пенсій, а таксама парадак іх вылічэння з улікам асаблівасцей ваеннай службы і службы ў органах унутраных спраў. Артыкулам 13 закона да ведання Кабінета Міністраў аднесены пытанні, звязаныя з парадкам назначэння і выплаты пенсій, вызначэннем асаблівасцей вылічэння выслугі гадоў асобных катэгорый ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў з захаваннем гарантый, прадугледжаных гэтым законам. У той жа час Кабінету Міністраў не прадастаўлена права змяняць устаноўленыя законам памеры пенсій.

 

Згодна з часткай трэцяй артыкула 42 гэтага закона пенсіі асобам афіцэрскага складу, прапаршчыкам, мічманам і ваеннаслужачым, якія праходяць службу па кантракту, асобам начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў і іх сем’ям налічваюцца з грашовых сродкаў гэтых ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу. Для налічэння ім пенсій улічваюцца ў парадку, які вызначаецца Кабінетам Міністраў Рэспублікі Беларусь, адпаведныя аклады па штатнай або апошняй займаемай пасадзе, аклады па воінскаму або спецыяльнаму званню, працэнтная надбаўка за выслугу гадоў (няспынную службу або работу), грашовая кампенсацыя ўзамен харчовага пайка, уключаючы выплаты, звязаныя з індэксацыяй грашовых сродкаў. Указанае грашовае забеспячэнне ў частцы, якая не перавышае 10-разовага памеру мінімальнай заработнай платы, улічваецца пры налічэнні пенсіі поўнасцю, а астатняя яго частка - у памеры 50 працэнтаў.

 

Пастановай Кабінета Міністраў ад 31 ліпеня 1995 г. № 406 было ўстаноўлена, што з 1 жніўня 1995 года для ваеннаслужачых (акрамя ваеннаслужачых тэрміновай службы), асоб радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў прымяняецца каэфіцыент 0,9 да службовага акладу. Гэтай жа пастановай прадугледжвалася, што пры налічэнні пенсій аклады за воінскія (спецыяльныя) званні і службовыя аклады ўлічваюцца з прымяненнем каэфіцыента 0,8.

 

Пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1995 г. № 707 «Аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы і ўзмацненні стымулявання працы» прызнана страціўшай сілу пастанова ад 31 ліпеня 1995 г. № 406. Адначасова абзацам другім пункта 7 гэтай пастановы прадугледжана, што пры налічэнні пенсіі аклады за воінскія (спецыяльныя) званні і службовыя аклады ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў улічваюцца з прымяненнем каэфіцыента 0,8.

 

Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што Кабінет Міністраў, устанавіўшы норму аб тым, што для разліку пенсій аклады за воінскія (спецыяльныя) званні і службовыя аклады ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў улічваюцца з прымяненнем каэфіцыента 0,8 фактычна змяніў нормы пенсіённага забеспячэння, гарантаваныя Законам «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў». Тым самым Кабінет Міністраў перавысіў свае паўнамоцтвы і парушыў артыкулы 21, 23 і 146 Канстытуцыі, артыкул 12 Закона «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама частку трэцюю артыкула 42 Закона «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў».

 

Канстытуцыйны суд звяртае таксама ўвагу Кабінета Міністраў на недапушчальнасць увядзення ў дзеянне нарматыўных актаў, якія датычаць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, без іх афіцыйнага апублікавання, што, у прыватнасці, мела месца ў адносінах да пастановы Кабінета Міністраў ад 31 ліпеня 1995 г. № 406. Гэта не адпавядае артыкулу 34 Закона «Аб Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», пункту 1.2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 жніўня 1994 г. № 49 «Аб некаторых пытаннях арганізацыі работы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь», а таксама не стасуецца з рашэннем Канстытуцыйнага суда ад 9 лістапада 1994 года «Аб прымяненні ў Рэспубліцы Беларусь неапублікаваных або не даведзеных да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам нарматыўных актаў дзяржаўных органаў».

 

З улікам выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 127, 128, 129 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 11, 36, 38, 40, 43 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведнымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Пастанову Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 1995 г. № 406 «Аб унясенні змянення ў пастанову Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 1995 г. № 7», а таксама абзац другі пункта 7 Пастановы Кабінета Міністраў ад 30 снежня 1995 г. № 707 «Аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы і ўзмацненні стымулявання працы». Лічыць іх не маючымі юрыдычнай сілы з моманту выдання.

 

2. Прапанаваць Кабінету Міністраў Рэспублікі Беларусь прывесці рашэнні ўрада ў адпаведнасць з гэтым заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Народнай газеце», «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» і тых выданнях, дзе была апублікавана Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1995 г. № 707 «Аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы і ўзмацненні стымулявання працы».

 

4. Гэта заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’ўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                    В.Г.Ціхіня