Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
19 красавіка 1996 г. № З-33/96
Аб адпаведнасці Канстытуцыі часткі другой артыкула 2, пункта 3 часткі другой артыкула 214 Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, пункта 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак»

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Ціхіні В.Г., намесніка Старшыні Канстытуцыйнага суда Фадзеева В.А., суддзяў Васілевіча Р.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Пастухова М.I., Серады М.М., Філіпчык Р.I., Цішкевіча С.I

 

с удзелам прадстаўнікоў:

 

Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, які ўнёс прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў - Сашчэкі I.Ф., намесніка Генеральнага пракурора;

 

Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь - Крывога В.I., загадчыка аддзела па абслугоўванню Камісіі Вярхоўнага Савета па сацыяльнай палітыцы і працы;

 

Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь - Міранічэнкі I.А., намесніка Старшыні Вярхоўнага суда;

 

эксперта Астроўскага Л.Я. - дацэнта кафедры правазнаўства Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, кандыдата юрыдычных навук;

 

спецыяліста Смаглюк С.I. - намесніка загадчыка юрыдычнага аддзела Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

 

разгледзеў у адкрытым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі часткі другой артыкула 2, пункта 3 часткі другой артыкула 214 Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, пункта 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак».

 

У судовым пасяджэнні прыняў удзел Андрееў I.С. - першы намеснік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана Канстытуцыйным судом па прапанове Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Капітана В.С., а таксама па меркаванню Суда на падставе артыкула 127 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», артыкула 44 Рэгламента Канстытуцыйнага суда.

 

Праверцы падлягалі частка другая артыкула 2, пункт 3 часткі другой артыкула 214 Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь і пункт 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 года № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак» («Судовы веснік», 1994, № 3).

 

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь у сваёй прапанове паставіў пытанне аб праверцы ўказаных нормаў, якія дапускаюць замацаванне ва ўстаноўчых документах і лакальных актах кааператываў, прадпрыемстваў, таварыстваў, заснаваных на калектыўнай форме ўласнасці, палажэнняў, якія выключаюць права галоўных спецыялістаў гэтых суб’ектаў гаспадарання абскардзіць іх вызваленне ад працы ў суд, што, на яго думку, супярэчыць артыкулам 22 і 61 Канстытуцыі, а таксама артыкулам 4 і 6 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Частка другая артыкула 2 КЗаП Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што працоўныя і звязаныя з імі адносіны, заснаваныя на членстве ў кааператывах, прадпрыемстах і таварыствах каллектыўных формаў уласнасці, рэгулююца заканадаўствам аб працы. Iншае (за выключэннем нормаў, якія пагаршаюць становішча членаў кааператываў, прадпрыемстваў і таварыстваў у параўнанні з заканадаўствам аб ахове працы, аб гарантыях жанчынам, інвалідам і непаўналетнім, а таксама аб плацяжах і ўзносах па сацыяльнаму страхаванню, пенсіённаму забеспяченню і садзейнічанню занятасці) можа устанаўлівацца ва ўстаноўчых дакументах і лакальных актах гэтых кааператываў, прадпрыемставаў і таварыстваў.

 

У адпаведнасці з пунктам 3 часткі другой арыткула 214 КЗаП Рэспублікі Беларусь непасрэдна ў судзе разглядаюцца працоўныя спрэчкі па заявах супрацоўнікаў аб аднаўленні на працы незалежна ад падстаў скасавання працоўнага дагавора, аб змяненні даты і фармулёўкі прычыны звальнення, аб аплаце за час вымушанага прагулу ці выканання ніжэйаплатнай работы, за выключэннем спрэчак супрацоўнікаў, для якіх прадугледжаны іншы парадак іх разгляду.

 

Пунктам 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда ад 17 чэрвеня 1994г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак» устаноўлена, што ў адпаведнасці с часткай другой артыкула 2 КЗаП Рэспублікі Беларусь заканадаўства аб працы распаўсюджваецца на працоўныя і звязаныя з імі адносіны, заснаваныя на членстве ў кааператывах, прадпрыемствах і таварыствах калектыўных формаў уласнасці толькі ў тым выпадку, калі ва ўстаноўчых дакументах і лакальных актах гэтых кааператываў, прадпрыемстваў і таварыстваў не ўстаноўлена іншае. Нормы ўстаноўчых дакументаў і лакальных актаў выкарыстоўваюцца і ў тым выпадку, калі яны нават пагаршаюць становішча членаў кааператываў, прадпрыемставаў і таварыстваў калектыўных формаў уласнасці ў параўнанні з заканадаўствам аб працы за выключэннем нормаў, якія рэгулююць пытанні аховы працы, гарантый жанчынам, інвалідам і непаўналетнім, а таксама аб плацяжах і ўзносах па сацыяльнаму страхаванню, пенсіённаму забеспячэнню і садзейнічанню занятасці.

 

Выслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, эксперта, спецыяліста, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў, міжнародна-прававых і іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што асобныя палажэнні часткі другой артыкула 2, пункта 3 часткі другой артыкула 214 КЗаП Рэспублікі Беларусь, пункта 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак» не адпавядаюць Канстытуцыі, зыходзячы з наступнага.

 

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 41 Канстытуцыі грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў.           

 

Адпаведна артыкулу 61 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабодаў кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

Артыкулам 22 Канстытуцыі прадугледжана, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без ўсялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Канвенцыяй Міжнароднай арганізацыі працы № 111 «Аб дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў» і Рэкамендацыямі Міжнароднай арганізацыі працы № 111 «Аб дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў» прадугледжана, што ўсе асобы павінны карыстацца без дыскрымінацыі роўнасцю магчымасцей ці звароту ў галіне працы і заняткаў.

 

У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 11 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» пры праверцы акта Суд мае на ўвазе як літаральны яго сэнс, так і сэнс, які надаецца яму практыкай прымянення.

 

Прааналізаваўшы палажэнні часткі другой артыкула 2, пункта 3 часткі другой артыкула 214 КЗаП, адпаведныя тлумачэнні па прымяненню заканадаўства аб працы, якія ўтрымліваюцца ў пункце 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994г. № 5, і даныя аб прымяненні гэтых нормаў у судовай практыцы, Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што палажэнні часткі другой артыкула 2 КЗаП, якія замацоўваюць выключэнні з агульнага правіла і дапускаюць магчымасць ва ўстаноўчых дакументах і лакальных актах устанаўліваць вырашэнне спрэчак, звязаных са звальненнем (вызваленнем ад працы) без права звароту ў суд, носяць дыскрымінацыйны характар.

 

Пунктам 3 часткі другой артыкула 214 КЗаП устаноўлена, што непасрэдна ў судзе разглядаюцца працоўныя спрэчкі аб аднаўленні на працы, за выключэннем спрэчак работнікаў, для якіх прадугледжаны іншы парадак іх разгляду. У той жа час частка першая артыкула 214 КЗаП не прадугледжвае магчымасці звароту ў суд па пытанню аб аднаўленні на працы членаў кааператываў, прадпрыемстваў, таварыстваў калектыўных формаў уласнасці пасля захавання папярэдняга парадку разгляду гэтых пытанняў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй названыя асобы не могуць быць пазбаўлены права на зварот у суд з іскам аб аднаўленні іх на працы.

 

Па гэтых жа падставах Суд лічыць неадпаведным Канстытуцыі пункт 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5, таму што ён па сутнасці пераказвае палажэнні часткі другой артыкула 2 КЗаП.

 

Суд таксама адзначае, што прадугледжаны часткай другой артыкула 2 КзаП пералік гарантый не выключае магчымасці ўстанаўлення ва ўстаноўчых дакументах і лакальных актах кааператываў, прадпрыемстваў і таварыстваў калектыўных формаў уласнасці нормаў, якія абмяжоўваюць не толькі права на судовую абарону, але і некаторыя іншыя канстытуцыйныя правы грамадзян.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 127, 128, 129 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 36, 38, 40, 43 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведнымі Канстытуцыі палажэнні часткі другой артыкула 2 і пункта 3 часткі другой артыкула 214 КЗаП Рэспублікі Беларусь, якія дапускаюць магчымасць устанаўлення абмежаванняў права на зварот у суд з іскамі аб аднаўленні на працы членаў кааператываў, прадпрыемстваў і таварыстваў калектыўных формаў уласнасці, а таксама адпаведныя ім палажэнні пункта 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак». Лічыць іх страціўшымі сілу з дня апублікавання гэтага заключэння.

 

2. Прапанаваць Вярхоўнаму Савету і Вярхоўнаму суду Рэспублікі Беларусь прывесці адпаведна нормы часткі другой артыкула 2 і артыкула 214 КЗаП Рэспублікі Беларусь і пункт 1 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак» у адпаведнасць з гэтым заключэннем, маючы на ўвазе неабходнасць забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян.

 

3. Апублікаваць гэтае заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін у «Народнай газеце», «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» і тых выданнях, дзе былі апублікаваны правяраемыя акты».

 

4. Гэтае заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцца, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                           В.Г.Ціхіня