Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
28 мая 1996 г. № З-36/96
Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 88 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні» і артыкула 56 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў»

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага суда Ціхіні В.Г., суддзяў Васілевіча Р.А., Вашкевіча А.Я., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Пастухова М.I., Серады М.М., Філіпчык Р.I., Цішкевіча С.I., Чудакова М.П.

 

з удзелам прадстаўнікоў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, які прыняў акт:

 

Скрыган А.Н. - намесніка Старшыні Камісіі па сацыяльнай палітыцы і працы; Шчукіна В.А. - сакратара Камісіі па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю;

 

Юркевіч Г.I. - загадчыка аддзела экспартна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь;

 

эксперта Мялешка К.Т. - дацэнта кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдата юрыдычных навук

 

разглядзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Ад адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 88 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні» і артыкула 56 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Камянкоў В.С. - намеснік Старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь, Сашчэка I.Ф. - намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Бачкова Г.В. - намеснік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана 29 сакавіка 1996 г. Канстытуцыйным судом паводле свайго меркавання на падставе часткі другой артыкула 127 Канстытуцыі, часткі другой артыкула 5 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь».

 

Праверцы падлягаў артыкул 88 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 г. «Аб пенсіённым забеспячэнні» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. 1992 г. №17. Арт.275) і артыкул 56 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 1992 г. «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. 1992 г. № 36. Арт.571), згодна якому ў выпадку пазбаўлення пенсіянера свабоды выплата назначанай яму пенсіі прыпыняецца на час пазбаўлення свабоды.

 

Выслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, эксперта, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі, законаў і міжнародна-прававых актаў, Канстытуцыйны суд прыйшоў да наступных вывадаў.

 

Згодна артыкулу 1 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь - унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

 

Артыкулам 47 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты кармільца і ў другіх выпадках, прадугледжаных законам.

 

У артыкуле 21 Канстытуцыі указана, што забеспячэнне Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы.

 

Артыкулам 22 Канстытуцыі ўстаноўлена, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Артыкул 23 Канстытуцыі прадугледжвае, што абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў другіх асоб.

 

У адпаведнасці з артыкулам 63 Канстытуцыі ажыццяўленне прадугледжаных Канстытуцыяй правоў і свабодаў асобы можа быць прыпынена толькі ва умовах надзвычайнага або ваеннага палажэння ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.

 

Згодна артыкулу 22 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек, як член грамадства, мае права на сацыяльнае забеспячэнне і на ажыццяўленне неабходных для падтрымкі яго годнасці і для свабоднага развіцця яго асобы правоў ў эканамічнай, сацыяльнай і культурнай галінах пры дапамозе нацыянальных намаганняў і міжнароднага супрацоўніцтва і ў адпаведнасці са структурай і рэсурсамі кожнай дзяржавы.

 

Артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, устаноўлена, што дзяржавы, якія ўдзельнічаюць ў даным Пакце, прызначаюць права кожнага чалавека на сацыяльнае забеспячэнне, уключаючы сацыяльнае страхаванне.

 

Канстытуцыйнае права грамадзян Рэспублікі Беларусь на пенсіённае забеспячэнне замацавана, у прыватнасці, у законах «Аб пенсіённым забеспячэнні» і «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў».

 

Артыкулам 4 Закона «Аб пенсіённым забеспячэнні» прадугледжаны пенсіі: працоўныя (па узросту, па інваліднасці, у выпадку страты кармільца, за выслугу гадоў, за асобыя заслугі перад рэспублікай) і сацыяльныя.

 

Згодна артыкулу 5 гэтага закона права на працоўную пенсію маюць асобы, якія займаюцца грамадска карыснай працай або іншай дзейнасцю, якая залічваецца у стаж працы, і іх сем’і, а таксама вучні агульнаадукацыйных школ. Непрацаздольныя грамадзяне, якія не атрымліваюць працоўную пенсію, маюць права на сацыяльную пенсію на ўмовах, вызначаных законам.

 

Прыпыненне выплаты працоўнай пенсіі ў выпадках, прадугледжаных артыкулам 88 Закона «Аб пенсіённым забеспячэнні» і артыкулам 56 Закона «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў», азначае фактычна пазбаўленне грамадзяніна права на пенсію на вызначаны тэрмін.

 

Прыпыненне выплаты працоўнай пенсіі асуджанаму пенсіянеру набывае характар дадатковага пакарання, якое не прадугледжана дзейнічаючым заканадаўствам. Акрамя таго, яно пазбаўляе ўтрыманцаў асуджанага права на атрыманне платы з яго боку.

 

Прыпыненне выплаты трудавой пенсіі пенсіянеру на час пазбаўлення свабоды не забяспечвае таксама пацярпелага права на спагнанне як маёмаснага ўрону, так і матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды.

 

Суд звяртае увагу на тое, што прымяненне нормаў указаных законаў на практыцы ажыццяўляецца не толькі ў адносінах асобаў, асуджаных да пазбаўлення свабоды па прыгавору суда, але і асобаў, у адносінах якіх выбрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад стражу. Падобная практыка мае месца ў дзейнасці Міністэрства сацыяльнай абароны, Міністэрства унутраных спраў, Міністэрства абароны, Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

 

Такім чынам суд лічыць, што прыпыненне выплаты працоўнай пенсіі ў выпадку пазбаўлення пенсіянера свабоды з’яўляецца абмежаваннем канстытуцыйнага права грамадзян на пенсіённае забеспячэнне і не адпавядае артыкулам 21, 22, 23 і 47 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У адрозненне ад працоўных пенсій, якія заработаны папярэдняй працай, выкананнем значымых для грамадства абавязкаў, сацыяльныя пенсіі не маюць непасрэднай сувязі з грамадска карыснай дзейнасцю і таму законам могуць быць устаноўлены пэўныя абмежаванні ў іх выплаце.

 

З улікам выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 127, 128, 129 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 11, 36, 38, 40, 43 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь

 

В Ы Р А Ш Ы Ў:

 

1. Прызнаць неадпаведнымі Канстытуцыі артыкул 88 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні» і артыкул 56 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў» у частцы прыпынення выплаты працоўнай пенсіі на час пазбаўлення пенсіянера свабоды. Лічыць іх страціўшымі сілу з 1 чэрвеня 1996 года.

 

2. Прапанаваць Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь і органам выканаўчай улады прывесці законы і другія нарматыўныя акты ў адпаведнасць з гэтым заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Народнай газеце», «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» і тых выданнях, дзе былі апублікаваны ўказаныя законы.

 

4. Гэта заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  В.Г.Ціхіня