Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
10 кастрычніка 1996 г. № З-41/96
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1995 г. № 464 “Аб стварэнні кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь”

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у саставе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага суда Ціхіні В.Г., намесніка Старшыні суда Фадзеева В.А., суддзяў Васілевіча Р.А., Вашкевіча А.Я., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Пастухова М.I., Серады М.М., Філіпчык Р.I., Цішкевіча С.I., Чудакова М.П.

 

з удзелам: прадстаўнікоў Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, які ўнёс прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага акта: Грыба М.I. - члена Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах, Свіціна В.В. - галоўнага спецыяліста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які выдаў указ: Лубоўскага В.Я. - намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення па рабоце з органамі заканадаўчай і судовай улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

эксперта Ляўшунова С.Я. - галоўнага эксперта-каардынатара навуковага напрамку Нацыянальнага цэнтра стратэгічных ініцыятыў “Усход-Захад”, кандыдата юрыдычных навук;

 

спецыяліста Мялешкі Х.Т. - дацэнта кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдата юрыдычных навук,

 

разглядзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1995 г. № 464 “Аб стварэнні кадравага рэестра кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь”.

 

У судовым пасяджэнні прыняў удзел Сашчэка I.Ф. - намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана па прапанове Старшыні Вярхоўнага Савета дванаццатага склікання М.I.Грыба, якая пацверджана Старшынёй Вярхоўнага Савета трынаццатага склікання С.Р. Шарэцкім.

 

Праверцы падлягаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1995 г. № 464 “Аб стварэнні кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь” (Збор указаў Прэзідэнта и пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 32, ст. 783).

 

Згодна з пунктам 1 названага указа створаны кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

 

Пунктам 2 указа зацверджаны пералікі 1-3 пасадаў кіруючых работнікаў цэнтральных і другіх дзяржаўных органаў, якія ўключаны ў кадравы рэестр Кіраўніка Рэспублікі Беларусь.

 

Пунктам 3 указа даручана Адміністрацыі Прэзідэнта:

 

- у двухмесячны тэрмін:

 

сумесна з Кабінетам Міністраў і другімі зацікаўленымі распрацаваць праект палажэння аб парадку фарміравання, захавання і выкарыстання даных кадравага рэестра кіраўніка дзяржавы, а таксама аб парадку вядзення асабістых спраў работнікаў дзяржаўных органаў, пасады якіх уключаны ва ўказаны рэестр, і прадставіць яго Прэзідэнту;

 

па ўзгадненню з Прэзідыумам Вярхоўнага Савета вызначыць умовы фарміравання, захавання і выкарыстання даных кадравага рэестра кіраўніка дзяржавы ў частцы пасадаў кіруючых работнікаў дзяржаўных органаў, што выбіраюцца на пасады Вярхоўным Саветам або назначаюцца падсправаздачнымі яму органамі, і падрыхтаваць праект рашэння па гэтаму пытанню;

 

сумесна з Кабінетам Міністраў і Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прадставіць Прэзідэнту прапановы аб парадку кваліфікацыі, фарміравання рэзерву і атэстацыі кіруючых работнікаў, пасады якіх уключаны ў пералік 2, зацверджаны ўказам.

 

Гэтым жа пунктам указа даручалася Адміністрацыі Прэзідэнта ў месячны тэрмін распрацаваць і зацвердзіць узоры службовых пасведчанняў для кіруючых работнікаў цэнтральных органаў кіравання і органаў, падсправаздачных Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, пасады якіх уключаны ў пералікі 1 і 2, зацверджаны ўказам, а таксама парадак выдачы і ўліку гэтых пасведчанняў.

 

Прэзідыуму Вярхоўнага Савета рэкамендавана ўнесці прапановы аб парадку павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, пасады якіх уключаны ў пералік 3, зацверджаны указам.

 

Пунктам 4 указа ўстаноўлена, што накіраванне ў службовыя замежныя камандзіроўкі кіраўнікоў, пасады якіх уключаны ў пералікі 1 і 2, зацверджаныя ўказам, незалежна ад крыніц фінансавання гэтых камандзіровак, ажыццяўляецца з пісьмовай згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а кіруючых работнікаў, пасады якіх уключаны ў пералік 3, зацверджаны гэтым указам - з пісьмовай згоды іх кіраўнікоў.

 

У пункце 5 указа утрымліваецца даручэнне Кабінету Міністраў, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму аб стварэнні аналагічных кадравых рэестраў.

 

Для выканання ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1995 г. № 464 для развіцця асобных яго палажэнняў Прэзідэнтам, Кабінетам Міністраў і другімі дзяржаўнымі органамі былі прыняты адпаведныя акты.

 

У прапанове ў Канстытуцыйны суд Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь указаў, што стварэнне Прэзідэнтам кадравага рэестра пасадаў кіруючых работнікаў дзяржаўных органаў мае мэту устанаўленне прэзідэнцкага кантролю за кадравай палітыкай не толькі ў падначаленых яму органах выканаўчай улады, але і ў органах заканадаўчай і судовай улады, што ў сваю чаргу прывядзе да поўнай падкантрольнасці заканадаўчых і судовых органаў, а таксама органаў дзяржаўнага кантролю і надзору Прэзідэнту як кіраўніку выканаўчай улады.

 

На думку Старшыні Вярхоўнага Савета, пазбаўленне вышэйшых дзяржаўных органаў магчымасці самастойнага рашэння кадравых пытанняў, а таксама пытанняў, звязаных з выездам кіраўнікоў гэтых органаў за мяжу, парушае баланс розных галінаў улады і прывядзе да непамернага ўзвышэння выканаўчай улады, поўнаму падпарадкаванню ёй усіх другіх дзяржаўных органаў.

 

Выслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, эксперта, спецыяліста, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны суд прыйшоў да наступных вывадаў.

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Як кіраўнік выканаўчай улады ен кіруе сістэмай яе органаў, забяспечваючы правядзенне эфектыўнай кадравай палітыкі, у тым ліку шляхам стварэння адзінай сістэмы ўліку, падбору, падрыхтоўкі і расстаноўкі кіруючых кадраў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Прэзідэнт мае права назначаць і пазбаўляць ад пасады членаў Кабінета Міністраў, кіруючых работнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта і другіх службовых асобаў падведамасных яму органаў выканаўчай улады.

 

У кампетэнцыю Прэзідэнта як Кіраўніка дзяржавы ўваходзіць назначэнне суддзяў Рэспублікі Беларусь, акрамя тых, выбранне якіх аднесена да кампетэнцыі Вярхоўнага Савета, а таксама прадстаўленне Вярхоўнаму Савету кандыдатур для выбрання на пасаду Старшыні Канстытуцыйнага суда, Старшыні Вярхоўнага суда, Старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда, Старшыні праўлення Нацыянальнага банка.

 

Канстытуцыйны суд лічыць, што стварэнне пасадаў кіруючых работнікаў падведамасных Прэзідэнту органаў выканаўчай улады, а таксама пасадаў работнікаў другіх дзяржаўных органаў, назначэнне (выбранне) якіх на пасаду ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго прадстаўленню, не супярэчыць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь. Устанавіўшы парадак, пры якім накіраванне ў службовыя замежныя камандзіроўкі кіраўнікоў падведамасных Прэзідэнту органаў выканаўчай улады, ажыццяўляецца з яго пісьмовай згоды, Прэзідэнт таксама дзейнічаў у межах сваёй кампетэнцыі.

 

Разам з тым асобныя палажэнні ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1995 г. № 464 “Аб стварэнні кадравага рэестра кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь” не адпавядаюць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь па наступных падставах.

 

Згодна з артыкулам 6 Канстытуцыі дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўладаў: заканадаўчай, выканаўнай і судовай. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.

 

У межах, вызначаемых Канстытуцыяй, законамі “Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь”, “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь”, “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь”, “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, другімі заканадаўчымі актамі, розныя галіны дзяржаўнай улады самастойна вырашаюць пытанні ўліку, падбору, падрыхтоўкі і расстаноўкі кадраў.

 

Важнай гарантыяй незалежнасці дзяржаўных органаў з’яўляецца прадастаўленае ім права самастойна вырашаць пытанні расходавання выдзеленых на іх утрыманне сродкаў дзяржаўнага бюджэту, у тым ліку звязаныя з выездам работнікаў гэтых органаў у замежныя камандзіроўкі.

 

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны суд лічыць, што пункт 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1995 г. № 464 “Аб стварэнні кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь” у частцы ўключэння ў пералікі 1 і 3, зацверджаныя гэтым указам, пасадаў кіруючых работнікаў дзяржаўных органаў, назначэнне (выбранне) якіх на пасады ажыццяўляецца без удзелу Прэзідэнта (Старшыня Вярхоўнага Савета і яго намеснікі, Генеральны пракурор, Старшыня Кантрольнай палаты, намеснік Cтаршыні і члены Канстытуцыйнага суда і другія), а таксама пункт 4 названага указа ў частцы ўзгаднення з Прэзідэнтам накіравання ў службовыя замежныя камандзіроўкі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, непадведамасных Прэзідэнту, не адпаведаюць абвешчанаму Канстытуцыяй прынцыпу падзелу ўладаў, парушаюць іх самастойнасць, з’яўляюцца ўмяшаннем выканаўчай улады ў дзейнасць другіх галінаў дзяржаўнай улады.

 

Суд таксама звяртае ўвагу на некарэктнасць наймення кадравага рэестра як рэестра  Кіраўніка дзяржавы, паколькі ў адпаведнасці з артыкулам 95 Канстытуцыі выкананне абавязкаў Кіраўніка дзяржавы з’яўляецца толькі адной з функцый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 127, 128, 129 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 5, 6, 36, 38, 40, 43 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведнымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункт 2 указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1995 г. № 464 у частцы ўключэння ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь пасадаў кіруючых работнікаў дзяржаўных органаў, назначэнне (выбранне) якіх на пасады ажыццяўляецца без удзелу Прэзідэнта, а таксама пункт 4 гэтага указа ў частцы ўзгаднення з Прэзідэнтам накіравання ў службовыя замежныя камандзіроўкі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, непадведамасных Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

 

Лічыць гэтыя нормы страціўшымі сілу з дня прыняцця гэтага заключэння.

 

2. Прапанаваць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Кабінету Міністраў Рэспублікі Беларусь і другім дзяржаўным органам прывесці свае рашэнні ў адпаведнасці з гэтым заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь”.

 

4. Гэта заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы -

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                      В.Г.Ціхіня

 

 

 

АСОБНАЯ ДУМКА

суддзі Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь М.I. Пастухова па справе “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 1995 г. № 464 “Аб стварэнні кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь”

 

Лічу, што правяраемы указ Прэзідэнта не адпавядае Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь цалкам.

 

Па-першае, Канстытуцыя не прадугледжвае такога органа дзяржаўнай улады як Кіраўнік дзяржавы. У ёй замацоўваецца пасада Прэзідэнта як Кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады (артыкул 95). Пры гэтым не размяжоўваюцца функцыі Прэзідэнта як кіраўніка выканаўчай улады. Найменне ўказа можа сведчыць аб устанаўленні паддзяржаўных паўнамоцтваў Прэзідэнта, які з кіраўніка адной галіны ўлады становіцца Кіраўніком дзяржавы.

 

Па-другое, ні Канстытуцыя, ні законы Рэспублікі Беларусь (у тым ліку Закон “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”) не прадастаўляюць Прэзідэнту падобнага права. Стварэнне кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы ёсць не што іншае, як устанаўленне прэзідэнцкага кантролю за кадравай палітыкай ва ўсіх структурах дзяржаўнай улады.

 

Уключэнне ў названы рэестр пасадаў Старшыні і намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета, Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, Генеральнага пракурора, Старшыні праўлення Нацыянальнага банка, Старшыні Кантрольнай палаты, старшыняў абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, пракурораў абласцей і горада Мінска азначае ўмяшанне Прэзідэнта ў сферу дзейнасці другіх галінаў улады, а значыць, сведчыць аб парушэнні артыкула 6 Канстытуцыі, які замацоўвае прынцып падзелу ўладаў: заканадаўчай, выканаўчай і судовай.

 

Па дзеючаму заканадаўству прапановы па ажыццяўленню дзяржаўнай кадравай палітыкі, якая накіравана на стварэнне неабходнага рэзерву высокапрафесійных кіруючых работнікаў распрацоўвае Кабінет Міністраў (арт.12 Закона “Аб Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь”). Прэзідэнт жа кіруе сістэмай органаў выканаўчай улады і забяспечвае іх узаемадзеянне с другімі галінамі дзяржаўнай ўлады (артыкул 1 Закона “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”). Тым самым, сфера паўнамоцтваў Прэзідэнта ў галіне кадравай палітыкі абмяжоўваецца толькі органамі выканаўчай улады.

 

Па-трэцяе, стварэнне ўказанага кадравага рэестра парушае шэраг канстытуцыйных нормаў, якія замацоўваюць правы і свабоды грамадзян, у прыватнасці, артыкулы 39, 58 Канстытуцыі. Згодна з артыкулам 39, грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, прафесійнай падрыхтоўкай маюць права роўнага доступу да любых пасадаў у дзяржаўных органах, а кадравым рэестрам гэтага права многія з іх пазбаўляюцца. Артыкул 58 устанаўлівае, што ніхто не можа быць прымушаны да адмовы ад сваіх правоў. Між тым, нормы правяраемага указа пазбаўляюць дэпутатаў Вярхоўнага Савета і кіраўнікоў іншых органаў дзяржаўнай улады права самастойна вырашаць кадравыя пытанні.

 

 

Суддзя

Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь

М.I. Пастухоў