Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
17 кастрычніка 1996 г. № З-42/96
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 1996 года № 233 “Аб рэарганізацыі рэдакцыі газеты “Народная газета”

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у саставе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага суда Ціхіні В.Г., намесніка Старшыні Суда Фадзеева В.А., суддзяў Васілевіча Р.А., Вашкевіча А.Я., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Пастухова М.I., Серады М.М., Філіпчык Р.I., Цішкевіча С.I., Чудакова М.П.

 

з удзелам:

 

прадстаўнікоў Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, які ўнес прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага акта: Дабравольскага А.А. - старшыні падкамісіі па сродках масавай інфармацыі, сувязях з грамадскімі аб’яднаннямі Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных пытаннях, сродках масавай інфармацыі, сувязях з грамадскімі аб’яднаннямі і рэлігійнымі арганізацыямі; Новака В.А. - сакратара камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па заканадаўству; Юркевіч Г.I. - загадчыка аддзела экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які выдаў указ: Лубоўскага В.Я. - намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення па рабоце з органамі заканадаўчай і судовай улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; Пласкавіцкага А.Л. - намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення прававога забеспячэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; Падгайнага М.В. - начальніка Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

спецыяліста Доўнар Н.М. - адваката Мінскай абласной калегіі адвакатаў,

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 1996 года № 233 “Аб рэарганізацыі рэдакцыі газеты “Народная газета”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Камянкоў В.С. - намеснік Старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь; Сашчэка I.Ф. - намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана па прапанове Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С.Р. Шарэцкага. На яго думку, Прэзідэнт, прыняўшы ўказ аб рэарганізацыі рэдакцыі “Народнай газеты” і назначэнні галоўнага рэдактара, парушыў нормы Канстытуцыі і законаў і выйшаў за межы сваёй кампетэнцыі.

 

Праверцы падлягаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 1996 года № 233 “Аб рэарганізацыі рэдакцыі газеты “Народная газета” (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь 1996. № 19. Ст.490) са змяненнямі, унесенымі ў яго Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 1996 г. № 424 “Аб унясенні змяненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 1996 г. № 233 і 28 чэрвеня 1996 г. № 235”.

 

У пункце 1 указа ад 28 чэрвеня 1996 г. № 233 утрымліваецца прадпісанне аб рэарганізацыі рэдакцыі газеты “Народная газета” у закрытае акцыянернае таварыства “Народная газета”. Пры гэтым прадугледжвалася, што: кантрольны пакет акцый (70 працэнтаў) знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, а 30 працэнтаў  акцый перадаецца ва ўласнасць членаў працоўнага калектыву рэдакцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам; акцыі, што знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, могуць быць адчужаны толькі са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; дадзенае акцыянернае таварыства ажыццяўляе выпуск масавага нацыянальнага грамадска-палітычнага і парламенцкага перыядычнага выдання Рэспублікі Беларусь. Пунктам 2 указа адпаведным дзяржаўным органам і службовым асобам даручалася да 1 лістапада 1996 года ажыццявіць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку рэарганізацыю рэдакцыі “Народнай газеты”. Дадзены указ уступіў у сілу з дня яго падпісання.

 

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 1996 г. рэдакцыя газеты “Народная газета” рэарганізуецца ў адкрытае акцыянернае таварыства. Устаноўлена, што ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь павінен знаходзіцца кантрольны пакет акцый адкрытага акцыянернага таварыства (51 працэнт), а ва ўласнасць членаў народнага калектыву рэдакцыі перадаецца 49 працэнтаў акцый. Рэарганізацыю рэдакцыі газеты прадпісана ажыццявіць да 1 снежня

1996 года.

 

Выслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, спецыяліста, вывучыўшы экспертнае заключэнне і другія матэрыялы справы, прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі і законаў, Канстытуцыйны суд прыйшоў да вываду, што правяраемы указ супярэчыць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь зыходзячы з наступнага.

 

У адпаведнасці з артыкулам 6 Канстытуцыі дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўладаў: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць, ўраўнаважваюць адзін аднаго.

 

Артыкул 7 Канстытуцыі прадугледжвае, што дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы звязаны правам, дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй законаў.

 

Згодна з артыкулам 8 Закона “Аб друку і другіх сродкаў масавай інфармацыі” заснавальнікам СМI можа быць грамадзянін, група грамадзянаў, палітычная партыя і іншае грамадскае аб’яднанне, прадпрыемства, установа, арганізацыя, дзяржаўны орган.

 

Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 1990 года “Аб сродках масавай інфармацыі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь” заснаваны грамадска-палітычны орган Вярхоўнага Савета - газета “Народная газета”. На агульным сходзе журналісцкага калектыву рэдакцыі 9 красавіка 1991 г. прыняты Часовы статут рэдакцыі “Народнай газеты”, зацверджаны па даручэнню Вярхоўнага Савета пастановай Вярхоўнага Савета ад 25 чэрвеня 1991 г. Згодна дадзенаму статуту заснавальнікам газеты выступае Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь (пункт 1.2); рэдакцыя газеты з’яўляецца юрыдычнай асобай (пункт 1.4); галоўны рэдактар назначаецца і пазбаўляецца пасады Вярхоўным Саветам (пункт 3.2); рэдакцыя дзейнічае на прынцыпах гаспадарчага разліку, самаакупнасці і самафінансавання (пункт 4.1); рэалізацыя і ліквідацыя газеты праводзіцца заснавальнікам (пункт 6.4). Рэдакцыя “Народнай газеты” зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку, што пацвяржаецца пасведчаннем аб рэгістрацыі № 3 ад 20 верасня 1990 г. У пасведчанні аб рэгістрацыі заснавальнікам газеты значыцца Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь.

 

Артыкулам 16 Закона “Аб друку і другіх сродках масавай інфармацыі” прадугледжана, што дзейнасць СМI можа быць прыпынена або спынена толькі па рашэнню заснавальніка або судом у парадку грамадзянскага судаводства.

 

Згодна з артыкулам 39 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь юрыдычная асоба спыняецца шляхам ліквідацыі або рэарганізацыі. Пераўтварэнне з’яўляецца адной з формаў рэарганізацыі юрыдычнай асобы.

 

У сувязі з гэтым вырашэнне пытання аб рэарганізацыі рэдакцыі “Народнай газеты” у любой форме адносіцца да кампетэнцыі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь як заснавальніка газеты. Палажэнні ўказа Прэзідэнта ад 28 чэрвеня 1996 г. № 233, якія прадугледжваюць рэарганізацыю рэдакцыі газеты “Народная газета” ў акцыянернае таварыства, уступаюць у супярэчнасць з вышэйназванымі нормамі Канстытуцыі і Закона “Аб друку і дргіх сродках масавай інфармацыі”.

 

Роўным чынам указам Прэзідэнта не маглі быць вырашаны пытанні, што датычаць вызначэння статусу рэарганізуемай “Народнай газеты” як парламенцкага перыядычнага выдання, паколькі наданне такога статусу друкаванаму органу дапушчальна толькі па рашэнню Вярхоўнага Савета.

 

Суд таксама звяртае ўвагу на незаконнасць рэгістрацыі 5 ліпеня 1996 г. Дзяржаўным камітэтам Рэспублікі Беларусь па друку “Народнай газеты”, заснавальнікам якой значыцца фактычна не створанае закрытае акцыянернае таварыства.

 

Суд адзначае, што насуперак патрабаванням Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 снежня 1994 г. № 252 “Аб парадку апублікавання і ўступлення ў сілу ўказаў і распараджэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, правяраемы ўказ уведзены ў дзеянне з дня яго падпісання, а не з моманту яго афіцыйнага апублікавання.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 127, 128, 129 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 5, 6, 11, 36, 38, 40, 43 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны суд

 

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведным Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 1996 г. № 233 “Аб рэарганізацыі рэдакцыі газеты “Народная газета” са змяненнямі, унесенымі ў яго Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 1996 г. № 424 “Аб унясенні змяненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 1996 г. № 233 і ад 28 чэрвеня 1996 г. № 235”.

 

Лічыць дадзены ўказ не маючым юрыдычнай сілы з дня яго выдання.

 

2. Прапанаваць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, адпаведным дзяржаўным органам прывесці свае рашэнні ў адпаведнасць з гэтым заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь” і тых выданнях, у якіх быў апублікаваны правяраемы ўказ.

 

4. Гэта заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы -

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                    В.Г. Ціхіня