Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
26 лістапада 1996 г. № Р-45/96
Аб спыненні вытворчасці па справе “Аб парушэнні Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравічам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у саставе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага суда Ціхіні В.Г., намесніка Старшыні Суда Фадзеева В.А., суддзяў Васілевіча Р.А., Вашкевіча А.Я., Кенік К.I., Падгрушы В.В. Пастухова М.I., Серады М.М., Філіпчык Р.I., Цішкевіча С.I., Чудакова М.П., разгледзеўшы ў судовым пасяджэнні заявы некаторых дэпутатаў аб адкліканні імі сваіх подпісаў у падтрымку ініцыятывы аб зняцці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з пасады ў сувязі з парушэннем ім нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама хадайніцтва групы дэпутатаў аб разглядзе справы па сутнасці,

 

Устанавіў:

 

19 лістапада 1996 года ў Канстытуцыйны суд звярнулася група дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у колькасці 73 чалавек з прапановай даць заключэнне аб парушэнні Прэзідэнтам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны суд, кіруючыся артыкулам 104 Канстытуцыі, артыкулам 11 Закона “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”, артыкуламі 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкулам 44 рэгламента Канстытуцыйнага суда, 19 лістапада 1996 г. узбудзіў вытворчасць па справе “Аб парушэнні Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравічам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

 

У перыяд з 19 па 26 лістапада 1996 г. у Суд звярнуліся 12 дэпутатаў Вярхоўнага Савета з ліку падпісаўшых прапанову з заявамі аб адкліканні сваіх подпісаў.

 

22 лістапада 1996 г. прадстаўнікамі дэпутатаў Дабравольскім А.А., Шчукіным В.А. і Грушэўскім М.К. былі заяўлены хадатайніцтвы аб прыпыненні вытворчасці па справе або аб адкладанні яго слуханнем, а прадстаўнікамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Абрамовічам А.М., Марыскіным А.В. і Лубоўскім В.Я. - аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з Пагадненнем ад

22 лістапада 1996 г. “Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

Рашэннем Суда ад 22 лістапада 1996 г. слуханне справы было адкладзена.

 

23 і 26 лістапада 1996 г. групай дэпутатаў Вярхоўнага Савета былі заяўлены хадатайніцтвы аб разглядзе справы па сутнасці.

 

Прааналізаваўшы палажэнні артыкула 104 Канстытуцыі, артыкулаў 6, 26, 47, 48 і 49 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкула 11 Закона “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”, Суд прыйшоў да наступных вывадаў.

 

Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь не забараняецца адкліканне подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў выпадках ініцыявання імі пытання аб дачы Канстытуцыйным судом заключэння аб парушэнні Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі.

 

Суд лічыць, што пры пастаноўцы такога пытання дэпутаты Вярхоўнага Савета выступаюць як суініцыятыры прапановы, ў асабістай якасці, што пацвярджаецца іх подпісамі, заверанымі ва ўстаноўленым парадку, а не як адзіны суб’ект.

 

У сувязі з гэтым, прадугледжанае ў Канстытуцыі і ўказаных законах патрабаванне аб тым, што пытанне аб зняцці Прэзідэнта з пасады ў выпадку парушэння ім Канстытуцыі можа быць пастаўлена па прапанове не менш 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, павінна быць выканана не толькі на момант узбуджэння вытворчасці па справе, але і пры разглядзе справы па сутнасці. Падтрымка прапановы менш чым 70 дэпутатамі пасля ўзбуджэння вытворчасці па справе выключае магчымасць разгляду яго па сутнасці з-за адсутнасці належнага боку ў працэсе.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 6, 27, 48 і 49 Закона “Аб Канстытуцыным судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкуламі 22 і 58 рэгламента Канстытуцыйнага суда, Канстытуцыйны суд

 

РАШЫЎ:

 

1. Спыніць вытворчасць па справе “Аб парушэнні Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравічам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

 

2. Накіраваць копіі гэтага рашэння дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, ініцыяваўшым вытворчасць па справе, Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь, Старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь, міністру юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

 

Старшынствуючы -

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                     В.Г. Ціхіня

 

 

 

 

АСОБНАЯ ДУМКА

суддзі Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь М.I. Пастухова па справе “Аб парушэнні Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравічам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

 

З рашэннем Суда аб спыненні вытворчасці па справе не згодны. Лічу, што для такога рашэння няма прававых падстаў і справу патрэбна было прызначыць да разгляду.

 

Мае аргументы наступныя.

 

Згодна з артыкулам 104 Канстытуцыі пытанне аб зняцці Прэзідэнта з пасады можа быць пастаўлена па прапанове не менш 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета. На момант узбуджэння вытворчасці па справе, г.зн. на 19 лістапада 1996 г., у Канстытуцыйны суд паступіла належным чынам аформленая прапанова, падпісаная 73 дэпутатамі.

 

У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь” прапанова аб зняцці Прэзідэнта з пасады падлягае абавязковаму разгляду Канстытуцыйным судом.

 

Артыкул 48 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь” прадугледжвае, што прапанова аб праверцы канстытуцыйнасці акта можа быць адклікана ініцыятарам да пачатку разгляду справы Канстытуцыйным судом.

 

У заканадаўстве, якое рэгулюе працэдуру зняцця Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з пасады (імпічменту), не ўпамінаецца аб магчымасці адклікання асобных подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Гутарка ідзе аб прапанове ў Канстытуцыйны суд як аб адзінай прававой падставе для пачатку працэдуры імпічменту. Пасля прыняцця Канстытуцыйным судом прапановы да разгляду адкліканне подпісаў дэпутатаў не цягне за сабой якіх-небудзь юрыдычных наступстваў.

 

Падставай да спынення справы аб імпічменце можа стаць адкліканне прапановы ў цэлым. Прычым, гэта павінна быць актам свабоднага волевыяўлення большай часткі дэпутатаў Вярхоўнага Савета, падпісаўшых прапанову. Але адкліканне асобных подпісаў, да таго ж пад жорсткім націскам з боку органаў выканаўчай улады, ніяк не можа стаць прычынай прыпынення справы аб імпічменце.

 

Па дзеючаму заканадаўству Канстытуцыйны суд, атрымаўшы належным чынам аформленую прапанову, абавязаны даць адназначны адказ на пытанне аб парушэнні Прэзідэнтам Канстытуцыі. Ён не мае права ўхіліцца ад вырашэння гэтага пытання, у тым ліку і па такому фармальнаму крытэрыю, як “страта” некалькіх подпісаў дэпутатаў.

 

Лічу, што ў дадзеным выпадку Канстытуцыйны суд спыніў вытворчасць па справе без законных на тое падставаў і тым самым ухіліўся ад выканання свайго канстытуцыйнага абавязку - даць адказ на пытанне аб парушэнні Прэзідэнтам Канстытуцыі.

 

Суддзя

Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь

М.I. Пастухоў

26 лістапада 1996 года