Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
4 лістапада 1996 г. № З-43/96
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года “Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню”

Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у саставе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага суда Ціхіні В.Г., намесніка Старшыні суда Фадзеева В.А., суддзяў Васілевіча Р.А., Вашкевіча А.Я., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Пастухова М.I., Серады М.М., Філіпчык Р.I., Цішкевіча С.I., Чудакова М.П. 

з удзелам:

 

прадстаўнікоў Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь як боку па справе, што выдаў нарматыўны акт:

 

Калякіна С.I. - члена Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь;

 

Мануковай Т.А. - сакратара Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па дзяржаўнаму будаўніцтву і мясцоваму самакіраванню;

 

Матусевіча А.I. - дырэктара Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства;

 

Юркевіч Г.I. - загадчыка аддзела экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь;

 

экспертаў:

 

Бараўцова В.А. - дырэктара юрыдычнай фірмы “Бараўцоў і Салей”;

 

Броўкі Ю.П. - доктара юрыдычных навук, прафесара кафедры канстытуцыйнага права Беларускага дзяржаўнага універсітэта;

 

Ляўшунова С.Е. - кандыдата юрыдычных навук, дацэнта, галоўнага эксперта-каардынатара навуковага напрамку Нацыянальнага цэнтра стратэгічных ініцыятыў “Усход-Захад”;

 

Сажынай В.В. - кандыдата юрыдычных навук, дацэнта кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

 

Сільчанкі М.У. - доктара юрыдычных навук, прафесара, загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта;

 

сведкаў:

 

Абрамовіча А.М. - намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

Лубоўскага В.Я. - намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення па рабоце з органамі заканадаўчай і судовай улады Адміністраці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

Марыскіна А.В. - начальніка Галоўнага ўпраўлення прававога забеспячэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

Пласкавіцкага А.Л. - намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення прававога забеспячэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года “Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Новікаў В.Н. - Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь;

 

Міранічэнка I.А. - намеснік Старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь;

 

Камянкоў В.С. - намеснік Старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь;

 

Сашчэка I.Ф. - намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Сукала В.А. - міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана Канстытуцыйным судом 20 верасня 1996 года на падставе часткі другой артыкула 127 Канстытуцыі, часткі другой артыкула 5 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь” па меркаванню суда. Падставай да ўзбуджэння вытворчасці па справе з’явілася просьба Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Шарэцкага С.Р.

 

Праверцы падлягалі пункты 2.2, 2.5 і 3 Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года “Аб правядзенні рэспубліканскага рэферендуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь”, 1996г., № 26, ст. 422).

 

У адпаведнасці з артыкуламі 74 і 83 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь пастанавіў правесці ў Рэспубліцы Беларусь 24 лістапада 1996 года рэспубліканскі рэферэндум, уключыўшы ў бюлетэнь для тайнага галасавання ў шэрагу з іншымі наступныя пытанні:

 

“Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), якія прапанаваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам” (пункт 2.2).

 

“Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, якія прапанаваны дэпутатамі фракцый камуністаў і аграрыяў” (пункт 2.5).

 

У пункце 3 правяраемага акта Вярхоўны Савет пастанавіў, што ў адпаведнасці з артыкуламі 1, 14, 39 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь” пытанні, прадуглэджаныя ўказанымі пунктамі пастановы, выносяцца на абавязковы рэферэндум, рашэнні якога з’яўляюцца канчатковымі і маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

Выслухаўшы прадстаўнікоў бакоў па справе, сведкаў, экспертаў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных актаў, міжнародных дагавароў, вывучыўшы практыку канстытуцыйнага будаўніцтва ў замежных дзяржавах, Канстытуцыйны суд прыйшоў да наступных вывадаў.

 

Артыкул 73 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што для рашэння важнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія рэферэндумы.

 

У адпаведнасці з артыкулам 74 Канстытуцыі рэспубліканскія рэферэндумы могуць быць ініцыяванымі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, групай дэпутатаў Вярхоўнага Савета колькасцю не менш 70 чалавек, а таксама грамадзянамі Рэспублікі Беларусь колькасцю не менш 450 тысяч чалавек. Згодна з артыкулам 83 Канстытуцыі права назначаць рэферэндум і ўстанаўліваць дату яго правядзення належыць Вярхоўнаму Савету.

 

Артыкул 149 Канстытуцыі прадугледжвае магчымасць унясення змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі праз рэферэндум.

 

Як устаноўлена ў судовым пасяджэнні, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і групай дэпутатаў Вярхоўнага Савета на разгляд Вярхоўнага Савета былі ўнесены праекты змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Па ацэнках беларускіх экспертаў, а таксама замежных вучоных ў галіне канстытуцыйнага права ўказаныя змяненні і дапаўненні Канстытуцыі фактычна з’яўляюцца праектамі новай Канстытуцыі. Аднак у дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь не ўтрымліваюцца крытэрыі ацэнкі аб’ёму і характару ўнесеных у яе змяненняў і дапаўненняў. У сувязі з гэтым Суд лічыць, што Вярхоўны Савет меў права вынесці на рэферэндум прапанаваныя ініцыятарамі праекты рашэнняў.

 

Канстытуцыяй і Законам “Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь” не вызначана працэдура ўнясення змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі праз рэферэндум. Па меркаванню Суда, механізм прыняцця такіх змяненняў і дапаўненняў павінен быць заканадаўча ўрэгуляваны, як гэта зроблена, напрыклад, у адносінах да прыняцця Вярхоўным Саветам змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Устанаўленне і выкананне асобай працэдуры правядзення канстытуцыйных рэферэндумаў з’яўляецца гарантыяй стабільнасці Канстытуцыі - Асноўнага Закона дзяржавы.

 

Як сведчыць практыка канстытуцыйнага будаўніцтва многіх замежных дзяржаў, вынясенню на рэферэндум канстытуцыйных праектаў папярэднічае адабрэнне або прыняцце такіх праектаў парламентам. Рэферэндум можа таксама папярэднічаць прыняццю парламентам канчатковых рашэнняў па Канстытуцыі.

 

Пры назначэнні рэферэндума на 24 лістапада 1996 года Вярхоўны Савет як вышэйшы прадстаўнічы і адзіны заканадаўчы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь аказаўся фактычна выключаны з канстытуцыйнага працэсу.

 

З улікам патрабаванняў артыкула 11 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае, што пры праверцы акта Канстытуцыйны суд мае на ўвазе як літаральны яго сэнс, так і сэнс, які прыдаецца яму практыкай прымянення, Суд адзначае наступнае. Наступныя змяненні і дапаўненні, унесеныя ініцыятарамі ў першапачатковыя праекты, выключаюць, па меркаванню Суда, магчымасць правядзення рэферэндуму па зацверджаных 6 верасня 1996 года праектах рашэнняў. Таму Вярхоўнаму Савету трэба вярнуцца да перагляду сваёй пастановы ў частцы вынясення на рэферэндум тэкстаў змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі.

 

Фармулёўкі пытанняў, якія ўтрымліваюцца ў п.п. 2.2 і 2.5 правяраемай пастановы Вярхоўнага Савета, не адпавядаюць прад’яўленым артыкулам 3 закона аб рэферэндуме патрабаванням, а таксама сэнсу вынесеных на рэферэндум праектаў рашэнняў. У адпаведнасці з законам у бюлетэнь для галасавання павінны ўключацца фармулёўкі пытанняў, а не фармулёўкі сцвярджэнняў.

 

Акрамя таго, нельга прызнаць юрыдычна бездакорнай фармулёўку пытання аб прыняцці Канстытуцыі 1994 года цалкам, бо на рэферэндум выносяцца змяненні і дапаўненні Канстытуцыі.

 

Прымаючы да ўвагі ўказаныя абставіны, Суд лічыць, што вынясенне пытанняў, прадугледжаных п.п.2.2 і 2.5 правяраемай пастановы Вярхоўнага Савета, на абавязковы рэферэндум, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым і не патрабуе зацвярджэння, неправамерна.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 127, 128, 129 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 36, 40, 43 Закона “Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведнымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункт 3 Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года “Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню” у частцы вынясення праектаў змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі на абавязковы рэферэндум.

 

Лічыць гэтую норму не маючай юрыдычнай сілы з дня прыняцця.

 

2. Прапанаваць Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь прывесці Пастанову ад 6 верасня 1996 года “Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню” у адпаведнасць з гэтым заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь”, “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў тых выданнях, дзе была апублікавана правяраемая пастанова.

 

4. Гэта заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы -

Старшыня Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                     В.Г. Ціхіня

 

 

 

АСОБНАЯ ДУМКА

суддзяў Канстытуцыйнага суда Васілевіча Р.А., Кенік К.I. і Філіпчык Р.I. па справе “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года “Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню”

 

Заключэннем Канстытуцыйнага суда ад 4 лістапада 1996 года па гэтай справе прызнаны неадпаведным Канстытуцыі пункт 3 пастановы Вярхоўнага Савета ў частцы вынясення пытанняў, прадугледжаных п.п. 2.2 і 2.5 на абавязковы рэферэндум.

 

Пагаджаючыся з вывадамі Суда аб канстытуцыйнасці п.п. 2.2 і 2.5 пастановы, лічым неабгрунтаваным вывад аб тым, што п.3 пастановы Вярхоўнага Савета ад 6 верасня 1996 года не адпавядае Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь па наступных падставах.

 

Згодна з часткай другой артыкула 149 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Такім чынам, і новая Канстытуцыя можа быць прынята на рэферэндуме.

 

Артыкул 74 Канстытуцыі прадугледжвае, што рэспубліканскія рэферэндумы назначаюцца Вярхоўным Саветам па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны Савет не пазней 30 дзён пасля ўнясення на яго разгляд у адпаведнасці з законам прапаноў Прэзідэнта аб правядзенні рэферэндуму абавязаны назначыць дату правядзення рэспубліканскага рэферэндуму.

 

У артыкуле 78 Канстытуцыі ўказана, што парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў, а таксама пералік пытанняў, якія не могуць быць вынесены на рэферэндум, вызначаюцца законам Рэспублікі Беларусь.

 

Законам “Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь” вызначаны парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў, а таксама пералік пытанняў, якія не могуць быць вынесены на рэспубліканскі рэферэндум. Указаным законам дапускаецца прыняцце і змяненне Канстытуцыі шляхам рэферэндуму (артыкул 36).

 

Законам урэгуляваны парадак прыняцця пастановы Вярхоўнага Савета па прапанове аб правядзенні рэферэндуму па пытаннях прыняцця і змянення Канстытуцыі. Разам з тым заўважаем, што ў законе не ўрэгулявана пытанне аб парадку ўнясення прапаноў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на рэферэндум і разгляду іх Вярхоўным Саветам, так як гэты закон прымаўся у 1991 годзе.

 

Аднак адсутнасць у законе такіх нормаў не з’яўляецца падставай для прызнання неканстытуцыйнай пастановы Вярхоўнага Савета.

 

У адпаведнасці з артыкуламі 14 і 15 закона аб народным галасаванні (рэферэндуме) Вярхоўны Савет па атрыманні аформленай у належным парадку прапановы аб правядзенні рэферэндуму разглядае пытанне аб назначэнні даты абавязковага або кансультатыўнага рэферэндуму і мерах па яго забяспячэнню.

 

У пастанове Вярхоўнага Савета аб назначэнні рэферэндуму ўказваюцца дата правядзення рэферэндуму, фармулёўка пастаўленага на рэферэндум пытання для далейшага ўключэння ў бюлетэнь.

 

Судом устаноўлена, што 7 жніўня 1996 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь звярнуўся ў Вярхоўны Савет з прапановай назначыць рэспубліканскі рэферэндум, а 30 жніўня 1996 года ўнёс праект Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь”, а таксама праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).

 

5 верасня 1996 года дэпутаты фракцыі камуністаў і аграрыяў унеслі ў Вярхоўны Савет прапанову аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанню прыняцця змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.

 

Якіх-небудзь парушэнняў у прапановах ініцыятараў не бачым.

 

Вярхоўны Савет разгледзеў прапановы ініцыятараў і прыняў 6 верасня 1996 г. у межах сваей кампетэнцыі пастанову, якой назначыў дату правядзення рэферэндуму на 24 лістапада 1996 г., уключыўшы пытанні, якія прапаноўваюцца на рэферэндум.

 

Вывады ў заключэнні Канстытуцыйнага суда аб тым, што пытанні, указаныя ў пунктах 2.2 і 2.5 пастановы павінны быць вынесены на кансультатыўны, а не абавязковы рэферэндум, паколькі не ўстаноўлена працэдура прыняцця Канстытуцыі на рэферэндуме, не заснаваны на Канстытуцыі і законе. Абавязковасць наяўнасці працэдуры прыняцця Канстытуцыі на рэферэндуме не прадугледжана ні Канстытуцыяй, ні законамі. Працэдура прыняцця законаў рэферэндумам можа адрознівацца ад працэдуры, прадугледжанай для прыняцця законаў Вярхоўным Саветам.

 

З улікам выкладзенага, лічым, што Канстытуцыйны суд выйшаў за межы сваіх паўнамоцтваў, вырашаючы пытанне аб тым, які від рэферэндуму - абавязковы або кансультатыўны павінен праводзіцца.

 

Суддзі

Канстытуцыйнага суда

Рэспублікі Беларусь:

Р.А. Васілевіч,

К.I. Кенік,

Р.I. Філіпчык