Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
25 сакавіка 1997 г. № Р-55/97
Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 27 чэрвеня 1996 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пастановы Вярхоўнага Савета ад 11 чэрвеня 1993 года “Аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Рэспубліцы Беларусь” і Часовага палажэння аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў), зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 31 жніўня 1993 года № 589”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенка А.Г, Шабайлава В.I., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Матусевіча А.У. - дырэктара Беларускага інстытута дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Свірыдавай С. А. - намесніка начальніка экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі;

 

Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Галаванава В.Р. - намесніка Міністра юстыцыі і Дабравольскага Г.Г. - намесніка Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі;

 

эксперта Чыгіра В.Ф. - прафесара кафедры грамадзянскага права Беларускага дзяржаўнага універсітэта, доктара юрыдычных навук

 

разгледзеў у адкрытым пасяджэнні пытанне аб дачы тлумачэння Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 27 чэрвеня 1996 года «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пастановы Вярхоўнага Савета ад 11 чэрвеня 1993 года «Аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Рэспубліцы Беларусь» і Часовага палажэння аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў), зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 31 жніўня 1993 года № 589».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Пташнік У.М. - намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Кісялёў А.I. - намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Iваноўскі А. У. - намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

 

Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 27 чэрвеня 1996 года прызнаны неадпаведнымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункт 1 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 1993 года «Аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Рэспубліцы Беларусь» і пункты 7, 8 і 16 Часовага палажэння аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў), зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 1993 года № 589" у частцы, якая прадугледжвае, што:

 

права на набыццё кватэры ва ўласнасць шляхам куплі маюць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на яе тэрыторыі;

 

кватэры могуць быць прададзены толькі грамадзянам, якія пастаянна пражываюць у дадзеным населеным пункце;

 

у выпадках продажу кватэр на аўкцыёнах у горадзе Мінску пакупнікамі іх могуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у горадзе Мінску.

 

Вярхоўны Савет трынаццатага склікання і Савет Міністраў не прывялі нарматыўныя акты, якія з’явіліся прадметам разгляду ў Канстытуцыйным Судзе, у адпаведнасць з Заключэннем Суда.

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь звярнулася ў Канстытуцыйны Суд з просьбай даць тлумачэнне Заключэння, паколькі яго неадназначнае разуменне стварае пэўныя цяжкасці ў правапрымяняльнай практыцы.

 

Заслухаўшы прадстаўнікоў палат Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў, эксперта, даследаваўшы матэрыялы справы, а таксама вывучыўшы пытанні, якія ўзнікаюць у практыцы прымянення названых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы аб неабходнасці тлумачэння Заключэння Суда ад 27 чэрвеня 1996 года.

 

Кіруючыся артыкулам 41 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкулам 78 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда, Суд

 

РАСТЛУМАЧВАЕ:

 

Прызнаючы неканстытуцыйнасць асобных нормаў, якія змяшчаюцца ў пастанове Вярхоўнага Савета і Часовым палажэнні аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў), што абмяжоўваюць права грамадзян на набыццё кватэр (дамоў), Суд меў на ўвазе наступнае.

 

Згодна з артыкулам 10 Канстытуцыі грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

 

У адпаведнасці з артыкулам 30 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.

 

Артыкулам 44 Канстытуцыі прадугледжваецца, што дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю. Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і разам з іншымі асобамі. Ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю, гісторыка - культурным каштоўнасцям, ушчамляць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб.

 

У артыкуле 6 Закона «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» указана, што ўласнік па свайму меркаванню валодае, карыстаецца і распараджаецца маёмасцю, якая яму належыць, і ён мае права ажыццяўляць з гэтай маёмасцю любыя дзеянні, што не супярэчаць закону.

 

Артыкул 23 Канстытуцыі дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, якія прадугледжаны законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

На думку Суда, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, не маючы магчымасці свабодна прадаць сваю кватэру (дом) ці купіць кватэру (дом) у іншым населеным пункце, у пэўнай меры абмяжоўваецца ў праве свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах рэспублікі, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.

 

З улікам сказанага Суд лічыць, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тыя, хто пастаянна пражывае за яе межамі, маюць права набываць кватэры (дамы) па дагавору куплі-продажу ў любых населеных пунктах Рэспублікі Беларусь незалежна ад пастаяннага месца жыхарства. Разам з тым, на думку Суда, законам могуць быць вызначаны асаблівасці куплі-продажу кватэр (дамоў) у горадзе Мінску ў сувязі з тым, што Мінск як сталіца Рэспублікі Беларусь згодна з Канстытуцыяй мае асаблівы статус.

 

У адпаведнасці з артыкулам 11 Канстытуцыі замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі.

 

Артыкулам 12 Закона «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» прадугледжана, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і займаюцца на законных падставах працоўнай, гаспадарчай або іншай дзейнасцю, маюць усе сацыяльна-эканамічныя правы, якімі карыстаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з артыкуламі 557, 558 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства карыстаюцца ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянскай праваздольнасцю нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Асобныя выключэнні могуць быць устаноўлены заканадаўчымі актамі.

 

Суд лічыць, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і маюць законную крыніцу існавання, карыстаюцца нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь правам набыцця ў парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Беларусі. Пры гэтым не выключаецца магчымасць устанаўлення міжнароднымі дагаворамі і законамі Рэспублікі Беларусь асаблівасцей набыцця імі кватэр (дамоў) па дагаворах куплі-продажу.

 

Згодна з дзеючым нацыянальным заканадаўствам гэтым правам не валодаюць замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія не маюць пастаяннага месца жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Разам з тым Суд тлумачыць, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія не пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маюць права набываць кватэры (дамы) у Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі і ўстаноўленай працэдурай рэалізацыі нормаў міжнарадных дагавораў.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч