Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
15 красавіка 1997 г. № 3-56/97
Аб пераглядзе Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1996 года «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствую-чага - Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К .I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенка А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў боку:

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юркевіч Г.I. - памочніка намесніка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Свірыдавай С.А. - намесніка начальніка экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

эксперта Гаўрыленкі Д.А. - прафесара кафедры адміністрацыйнага і канстытуцыйнага права Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, доктара юрыдычных навук

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні матэрыялы справы «Аб пераглядзе Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1996 года «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Сукала В.А. - Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Iваноўскі А.У. - намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Варанцоў Г.М. - Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вытворчасць па справе «Аб пераглядзе Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1996 года «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 26 сакавіка 1997 года на падставе артыкула 42 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 77 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда. Падставай для ўзбуджэння вытворчасці па справе з’явіўся зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 1997 года.

 

Як вынікае з матэрыялаў справы, 4 лістапада 1996 года ў адкрытым судовым пасяджэнні Канстытуцыйны Суд разгледзеў справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню». Вытворчасць па гэтай справе была ўзбуджана Канстытуцыйным Судом па свайму меркаванню 20 верасня 1996 года. Падставай для ўзбуджэння вытворчасці па справе з’явілася просьба Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання аб праверцы адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2 і 2.5 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню». Па рашэнню Суда праверцы падлягалі як пункты 2.2, 2.5, так і пункт 3 указанай пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

 

Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 4 лістапада 1996 года «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2,5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» (Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, 1996, № 4) прызнаны неадпаведным Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункт 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» ў частцы вынясення праектаў змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі на абавязковы рэферэндум. Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь было прапанавана прывесці гэтую пастанову ў адпаведнасць з Заключэннем Суда.

 

У матывіровачнай частцы Заключэння Канстытуцыйнага Суда ад 4 лістапада 1996 года было, у прыватнасці, указана, што:

 

Канстытуцыяй і Законам «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) ў Рэспубліцы Беларусь» не вызначана працэдура ўнясення змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі праз рэферэндум;

 

практыка канстытуцыйнага будаўніцтва многіх замежных дзяржаў сведчыць аб тым, што вынясенню на рэферэндум канстытуцыйных праектаў папярэднічае адабрэнне або прыняцце такіх праектаў парламентам; рэферэндум можа таксама папярэднічаць прыняццю парламентам канчатковых рашэнняў па Канстытуцыі;

 

пры назначэнні рэферэндуму на 24 лістапада 1996 года Вярхоўны Савет як вышэйшы прадстаўнічы і адзіны заканадаўчы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь аказаўся фактычна выключаным з канстытуцыйнага працэсу.

 

У Заключэнні было таксама адзначана, што фармулёўкі пытанняў, якія змешчаны ў пунктах 2.2 і 2.5 правяраемай пастановы Вярхоўнага Савета, не адпавядаюць прад’яўляемым артыкулам 3 Закона аб рэферэндуме патрабаванням, а таксама сэнсу вынесеных на рэферэндум праектаў рашэнняў, паколькі ў адпаведнасці з законам у бюлетэнь для галасавання павінны ўключацца фармулёўкі пытанняў, а не фармулёўкі сцвярджэнняў.

 

Заслухаўшы прадстаўнікоў боку па справе, эксперта, даследаваўшы наяўныя ў матэрыялах справы дакументы, прааналізаваўшы адпаведныя артыкулы Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, вывучыўшы практыку назначэння і правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 4 лістапада 1996 года «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» падлягае адмене зыходзячы з наступнага.

 

У артыкуле 74 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года было прадугледжана, што рэспубліканскія рэферэндумы назначаюцца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або не менш як 450 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам. Вярхоўны Савет не пазней як праз 30 дзён пасля ўнясення на яго разгляд у адпаведнасці з законам прапаноў Прэзідэнта або грамадзян аб правядзенні рэферэндуму абавязаны назначыць дату правядзення рэспубліканскага рэферэндуму. Пытанне аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму можа быць разгледжана Вярхоўным Саветам таксама па ініцыятыве не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

 

Такім чынам, са зместу артыкула 74 Канстытуцыі 1994 года вынікае, што Вярхоўнаму Савету было дадзена права вызначаць від рэферэндуму толькі ў адносінах да пытанняў, ініцыіраваных не менш чым 70 дэпутатамі Вярхоўнага Савета. Калі прапанова аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ўносілася Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або грамадзянамі ў колькасці не менш як 450 тысяч чалавек, то Вярхоўны Савет не меў права змяняць від рэспубліканскага рэферэндуму, прапанаванага ўказанымі суб’ектамі.

 

У адпаведнасці з артыкулам 15 Закона «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» у пастанове Вярхоўнага Савета аб назначэнні рэферэндуму ўказваюцца дата правядзення рэферэндуму, фармулёўка пастаўленага на рэферэндум пытання для наступнага ўключэння яго ў бюлетэнь, вызначаецца парадак фінансавання і вырашаюцца іншыя пытанні, звязаныя з правядзеннем рэферэндуму.

 

На падставе аналізу нормаў Канстытуцыі і законаў Суд прыходзіць да высновы, што Прэзідэнт пры ўнясенні ва ўстаноўленым парадку прапановы аб правядзенні рэферэндуму самастойна вызначае яго від; Вярхоўны Савет абавязаны пры гэтым назначыць дату рэферэндуму і прыняць меры па яго забеспячэнню. Гэта выснова пацвярджаецца таксама і практыкай правядзення рэферэндуму 14 мая 1995 года, які быў ініцыіраваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны Савет у гэтым выпадку назначыў толькі дату правядзення рэферэндуму і прыняў меры па яго забеспячэнню, зыходзячы з таго, што від рэферэндуму вызначыў Прэзідэнт. Менавіта такое разуменне Канстытуцыі і Закона «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» знайшло сваё пацвярджэнне ў пунктах 1 і 2 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 13 красавіка 1995 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і мерах па яго забеспячэнню».

 

Згодна з артыкуламі 83 і 149 Канстытуцыі 1994 года змяненні і дапаўненні Канстытуцыі маглі быць ажыццёўлены як Вярхоўным Саветам, так і шляхам правядзення рэспубліканскага рэферэндуму. У тым выпадку, калі Вярхоўны Савет назначыў рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенню змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, то рашэнне, прынятае шляхам народнага галасавання, з’яўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» канчатковым. На падставе артыкула 77 Канстытуцыі яно можа быць адменена або зменена толькі шляхам рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана рэферэндумам. Такая выснова грунтуецца таксама на нормах артыкула 3 Канстытуцыі, згодна з якім адзінай крыніцай дзяржаўнай улады з’ўляецца народ, і артыкула 149 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім рашэнне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі шляхам рэферэндуму лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Такім чынам рэферэндум, які праводзіцца па змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі, з’ўляецца абавязковым, а яго рашэнне - канчатковым і чыйго-небудзь зацвярджэння не патрабуе.

 

3 матэрыялаў бачна, што пры разглядзе справы па сутнасці і вынясенні Заключэння 4 лістапада 1996 года Судом не даследавалася пытанне аб тым, хто мае права вызначаць від рэферэндуму, і не вывучалася практыка назначэння і правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў.

 

У адпаведнасці з артыкулам 6 Канстытуцыі 1994 года дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўладаў: заканадаўчай, выканаўчай і судовой. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Артыкулам 7 Канстытуцыі 1994 года прадугледжвалася, што дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы звязаны правам, дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю законаў.

 

Судом пры прыняцці Заключэння ад 4 лістапада 1996 года не было ўлічана, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, уносячы ў Вярхоўны Савет прапанову аб правядзенні абавязковага рэспубліканскага рэферэндуму па прыняццю змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года, дзейнічаў у межах сваіх паўнамоцтваў і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь.

 

Суд таксама не браў пад увагу, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, прыняўшы 6 верасня 1996 года пастанову «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню», якой назначыў рэспубліканскі раферэндум па пытаннях, ініцыіраваных і Прэзідэнтам, і дэпутатамі Вярхоўнага Савета, таксама дзейнічаў у межах сваіх паўнамоцтваў і ў рамках Канстытуцыі і законаў.

 

Нягледзячы на прыняцце ў далейшым Вярхоўным Саветам рашэнняў аб унясенні змяненняў у пастанову ад 6 верасня 1996 года № 578, яна захавала сілу ў поўным аб’ёме, таму што не былі выкананы патрабаванні Закона «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь».

 

Пастановай Вярхоўнага Савета ад 5 лістапада 1996 г. № 761 «Аб унясенні змянення ў пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» пункт 3 выкладзены ў новай рэдакцыі. Аднак дата ўвядзення ў дзеянне гэтай пастановы не была вызначана, хаця згодна з артыкулам 54 Закона «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь» пастановы маюць абавязковую сілу з моманту, які вызначаецца Вярхоўным Саветам. 6 лістапада 1996 года Вярхоўны Савет прыняў пастанову № 762 «Аб увядзенні ў дзеянне пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змянення ў пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню», дзе ўказаў, што пастанова № 761 уводзіцца ў дзеянне з моманту яе прыняцця, аднак дата ўвядзення ў дзеянне пастановы ад 6 лістапада 1996 г. № 762 таксама не была вызначана і, такім чынам, гэтыя пастановы не былі ўведзены ў дзеянне.

 

У заключэнні Суда ад 4 лістапада 1996 года зроблена спасылка на адсутнасць у заканадаўстве працэдуры ўнясення змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі праз рэферэндум. Такая выснова не абгрунтаваная, таму што артыкуламі 3, 37, 73, 74, 77, 78, 149 Канстытуцыі 1994 года і Законам «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» працэдура прыняцця змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі вызначана.

 

У заключэнні ад 4 лістапада 1996 года ў якасці доказу неабходнасці наяўнасці асобай працэдуры прыняцця Канстытуцыі пры вынясенні яе на рэферэндум прыводзіўся замежны вопыт, калі вынясенню на рэферэндум канстытуцыйных праектаў папярэднічае адабрэнне або прыняцце такіх праектаў парламентам, а таксама, што рэферэндум можа папярэднічаць прыняццю парламентам канчатковых рашэнняў па Канстытуцыі. Такі падыход Суда насіў выбіральны характар, паколькі практыка канстытуцыйнага будаўніцтва шэрага замежных дзяржаў (Расіі, Францыі, Казахстана і інш.) сведчыць аб прыняцці Канстытуцыі непасрэдна на рэферэндуме.

 

Не адпавядае рэчаіснасці і сцвярджэнне, якое ўтрымліваецца ў Заключэнні Суда, што пры назначэнні рэферэндуму на 24 лістапада 1996 года Вярхоўны Савет як вышэйшы прадстаўнічы і адзіны заканадаўчы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь аказаўся фактычна выключаным з канстытуцыйнага працэсу. Большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета ўносіла на адрас Прэзідэнта прапановы па ініцыіраванаму ім праекту змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. У камісію па дапрацоўцы праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, створаную Прэзідэнтам, накіроўваліся папраўкі пастаяннымі камісіямі Вярхоўнага Савета, у яе рабоце прымалі ўдзел дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Дэпутатамі фракцый камуністаў і аграрыяў быў падрыхтаваны самастойны праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Указаныя праекты змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі абмяркоўваліся на сесіі Вярхоўнага Савета, і ў выніку гэтага на рэферэндум былі вынесены два праекты Канстытуцыі 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі.

 

Суд адзначае, што Заключэнне ад 4 лістапада 1996 года носіць супярэчлівы характар, рэзалюцыйная частка не стасуецца з матывіровачнай часткай і не грунтуецца на патрабаваннях Канстытуцыі і законаў. Даследаванне матэрыялаў справы было зведзена фактычна да высвятлення пытання аб тым, ці з’яўляюцца змяненні і дапаўненні Канстытуцыі, якія прапануюцца, праектамі новай Канстытуцыі і ці магчыма вынясенне іх на рэспубліканскі рэферэндум.

 

Прызнаўшы правамернасць вынясення змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі незалежна ад іх аб’ёму на рэспубліканскі рэферэндум, Суд у той жа час у сваім Заключэнні няправільна растлумачыў асобныя нормы артыкулаў Канстытуцыі 1994 года, перш за ўсё артыкулаў 74 і 149, а таксама адпаведныя нормы Закона «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь», указаўшы, што праекты змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі не могуць выносіцца на абавязковы рэспубліканскі рэферэндум.

 

Акрамя таго, Суд лічыць, што пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» носіць правапрымяняльны характар і не з’яўляецца нарматыўым актам. У ёй непасрэдна не ўстанаўліваліся агульнаабавязковыя правілы агульнага характару, разлічаныя на працяглае дзеянне і шматразовае прымяненне. Указаная выснова пацвярджаецца і Рэкамендацыйным заканадаўчым актам «Аб нарматыўных прававых актах дзяржаў - удзельніц СНД», які адобраны пастановай Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў 13 мая 1995 года. Згодна з артыкулам 2 указанага акта пад нарматыўным прававым актам падразумяваецца пісьмовы афіцыйны дакумент устаноўленай формы, прыняты праватворчым органам у межах яго кампетэнцыі і накіраваны на ўстанаўленне, змяненне або адмену прававых нормаў, гэта значыць агульнаабавязковых прадпісанняў пастаяннага або часовага характару, разлічаных на шматразовае прымяненне. Такі ж падыход да вызначэння нарматыўнага акта праяўлены пры абмеркаванні Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь праекта Закона «Аб тлумачэнні артыкулаў 125 і 127 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», прынятага ў першым чытанні Вярхоўным Саветам 4 верасня 1996 года. На ненарматыўны характар пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года звярталі ўвагу ў сваіх пісьмовых водгуках Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Пракуратура, Міністэрства юстыцыі пры падрыхтоўцы да разгляду справы 4 лістапада 1996 года. Гэтая ж выснова пацверджана і заключэннямі экспертаў па гэтай справе.

 

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, прымаючы пастанову ад 6 верасня 1996 года, ажыццяўляў у адпаведнасці з артыкулам 116 Часовага рэгламента Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь не нарматворчую, а распарадчую функцыю.

 

У адпаведнасці з артыкуламі 125 і 127 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь меў права ажыццяўляць кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве. Канстытуцыйны Суд выйшаў за межы сваей кампетэнцыі, узбудзіўшы вытворчасць па справе «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» і разгледзеўшы пытанне аб канстытуцыйнасці акта, які не носіць нарматыўнага характару.

 

Частка першая артыкула 146 Канстытуцыі 1994 года ўстанаўлівала, што законы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. На падставе артыкула 7 Канстытуцыі 1994 года дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы звязаны правам, дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю законаў.

 

У сувязі з тым, што разгляд пытання аб канстытуцыйнасці пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» не ўваходзіў у кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда і не грунтаваўся на Канстытуцыі і законах Рэспублікі Беларусь, то ў адпаведнасці з артыкулам 7 Канстытуцыі, артыкулам 49 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 4 лістапада 1996 года не мае юрыдычнай сілы і падлягае адмене, а вытворчасць па справе - спыненню.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме, артыкуламі 21, 11, 36, 38, 42, 49 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», артыкуламі 22, 77 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Адмяніць Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 1996 года «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню» і лічыць яго не маючым юрыдычнай сілы з 4 лістапада 1996 года.

 

2. Спыніць вытворчасць па справе «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню».

 

3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», «Народнай газеце», «Звяздзе», а таксама ў тых выданнях, дзе было апублікавана Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 4 лістапада 1996 года.

 

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч