Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
9 ліпеня 1997 г. № З-57/97
Аб адпаведнасці пункта 3 раздзела III «Заключныя палажэнні» Закона ад 17 мая 1997 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага - Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Bapaб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Capкіcaвай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенка А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б.

 

з удзелам:

 

прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці Закона ад 17 мая 1997 года:

 

Пташніка У.М. - нaмecнікa Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Чубкаўца Ф.I. - суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікоў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прыняўшага Закон:

 

Хадневіч Т.М. - намесніка старшыні Kaміcіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Мароза У.У. - начальніка кафедры крымінальнага права і крыміналогіі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь;

 

Сянюты Л.Я. - галоўнага спецыяліста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

экспертаў:

 

Баркова А.У. - загадчыка кафедры крымінальнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта;

 

Лукашова А.I. - начальніка кафедры раскрыцця і расследавання злачынстваў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці пункта 3 раздзела III «Заключныя палажэнні» Закона ад 17 мая 1997 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Сукала В.А. - Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Кісялёў А.I. - намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Iваноўскі А.У. - нaмecнік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Варанцоў Г.М. - Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вытворчасць па справе ўзбуджана 11 чэрвеня 1997 года па прапанове Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 44 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягаў пункт 3 раздзела III «Заключныя палажэнні» Закона ад 17 мая 1997 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь» (Звязда, 29 мая 1997 года).

 

Згодна з указаным пунктам, ycтyпіўшыя ў законную сілу прыгаворы ў дачыненні да асоб, асуджаных да ўвядзення ў дзеянне Закона ад 17 мая 1997 года за ўчыненне злачынстваў, пералічаных у артыкуле 72, а таксама прадугледжаных часткамі першай, другой і трэцяй артыкула 87, часткамі першай, другой і трэцяй артыкула 88, часткай першай артыкула 89, часткамі першай і другой артыкула 90, часткамі першай і другой артыкула 91, артыкулам 911, часткамі першай і другой артыкула 93, артыкулам 94 і часткай першай артыкула 96 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у сувязі з увядзеннем у дзеянне гэтага Закона перагляду не падлягаюць, за выключэннем выпадкаў, калі пакаранне назначана вышэй за максімальную мяжу, прадугледжаную санкцыямі артыкулаў 87, 88 і 90 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі гэтага Закона. У такіх выпадках перагляд спраў робіцца судамі ў парадку нагляду па прадстаўленню органаў, якія наглядаюць за выкананнем пакаранняў.

 

Закон ад 17 мая 1997 года уведзены ў дзеянне з дня яго апублікавання.

 

У сваёй прапанове аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 3 раздзела III “Заключныя палажэнні” Закона ад 17 мая 1997 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь» Вярхоўны Суд указаў, у прыватнасці, на наступныя акалічнасці.

 

Прымяненне артыкула 72 Крымінальнага кодэкса ў рэдакцыі названага Закона цягне ўстараненне крымінальнай адказнасці за шэраг дзеянняў ці змяненне юрыдычнай кваліфікацыіі на артыкулы ці часткі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць больш мяккае пакаранне. Такі закон у сілу артыкула 104 Канстытуцыі, пункта 1 артыкула 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкула 6 Крымінальнага кодэкса мае зваротную сілу, г. зн. распаўсюджваецца на дзеянні, учыненыя да яго выдання.

 

На думку Вярхоўнага Суда, пункт 3 указаных Заключных палажэнняў як абмяжоўваючы прымяненне закона, які ўстараняе каральнасць дзеяння ці змякчае пакаранне па ўступіўшых у законную сілу прыгаворах у дачыненні да асоб, асуджаных да ўвядзення ў дзеянне гэтага Закона, супярэчыць артыкулу 104 Канстытуцыі і пункту 1 артыкула 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 

Заслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, экспертаў, сведак, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, іншыx актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 1997 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь», у прыватнасці, зменены крытэрыі кваліфікацыі некаторых злачынстваў у залежнасці ад памеру выкрадзенага ці нанесенага ўрону.

 

Так, дробным крадзяжом маёмасці згодна з артыкулам 72 Крымінальнага кодэкса ў рэдакцыі гатага Закона прызнаецца крадзеж на суму, якая не перавышае дзесяцікратнага памеру ўстаноўленага мінімyмy заработнай платы на момант учынення злачынства. Да прыняцця гатага Закона дробным крадзяжом маёмасці прызнаваўся крадзеж на суму, якая не перавышае ўстаноўленага мінімуму заработнай платы на момант учынення злачынства.

 

Буйным памерам ці буйным уронам (буйным маёмасным уронам) пры ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных часткай другой артыкула 731, артыкуламі 75, 842, часткай другой артыкула 85, часткай трэцяй артыкула 87, часткай трэцяй артыкула 88, часткай другой артыкула 89, часткай трэцяй артыкула 90, часткай трэцяй артыкула 91, часткай трэцяй артыкула 93, артыкулам 95, часткай другой артыкула 96, артыкуламі 98, 1504, 1505, часткай другой артыкула 1506, часткай першай артыкула 151, часткай другой артыкула 153, часткай другой артыкула 1561, часткай другой артыкула 1562, часткай першай артыкула 160, часткай першай артыкула 1601, часткай другой артыкула 161, часткай другой артыкула 163, артыкулам 164, часткай другой артыкула 165, часткай першай артыкула 166, артыкулам 1661, часткай першай артыкула 167, часткай другой артыкула 169, часткай другой артыкула 203 Крымінальнага кодэкса, лічыцца памер ці ўрон, які ў дзвесце пяцьдзесят і больш разоў перавышае ўстаноўленую мінімальную заработную плату на момант учынення злачынства.

 

Асабліва буйным памерам ці асабліва буйным yрoнaм пры ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных часткай трэцяй артыкула 85, часткай чацвёртай артыкула 87, часткай чацвёртай артыкула 88, часткай трэцяй артыкула 89, часткай чацвёртай артыкула 90, часткай чацвёртай артыкула 91, часткай трэцяй артыкула 96, артыкулам 149, часткай другой 1503, часткай другой артыкула 151, часткай другой артыкула 160, часткай другой артыкула 1601, артыкулам 168, часткай трэцяй артыкула 169 Крымінальнага кодэкса, лічыцца памер, які ў тысячу і больш разоў перавышае ўстаноўленую мінімальную заработную плату на момант учынення злачынства.

 

Да прыняцця названага Закона буйным і асабліва буйным пaмepaмі прызнаваліся адпаведна памеры, якія ў сорак разоў і больш і сто разоў і больш перавышаюць устаноўленую мінімальную заработную плату на момант учынення злачынства.

 

Законам ад 17 мая 1997 года выключаны таксама з Крымінальнага кодэкса артыкул 911 аб адказнасці за крадзеж маёмасці ў асабліва буйных памерах, у сувязі з чым у частках чацвёртых артыкулаў 87, 88, 90, 91 і ў частках трэціх артыкулаў 89 і 96 Крымінальнага кодэкса асабліва буйны памер прадугледжаны ў якасці кваліфікуючай прыметы.

 

У адпаведнасці з часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыі закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае ці адмяняе адказнасць грамадзян.

 

Пунктам 1 артыкула 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжваецца, што калі пасля ўчынення злачынства законам устанаўліваецца больш лёгкае пакаранне, дзеянне гэтага закона распаўсюджваецца на гэтага злачынцу.

 

Згодна з артыкулам 6 Крымінальнага кодэкса злачыннасць і каральнасць дзеяння вызначаюцца законам, які дзейнічае ў час учынення гэтага дзеяння. Закон, які ўстараняе каральнасць дзеяння ці змякчае пакаранне, мае зваротную сілу, г. зн. распаўсюджваецца таксама на дзеянні, учыненыя да яго выдання. Закон, які ўстанаўлівае каральнасць дзеяння ці ўзмацняе пакаранне, зваротнай сілы не мае.

 

Суд разгледзеў довады прадстаўнікоў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у тым, што змяненне крытэрыяў кваліфікацыі злачынстваў, пералічаных у артыкуле 72 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, было абумоўлена інфляцыйнымі працэсамі і што Закон ад 17 мая 1997 года не змякчае і не адмяняе адказнасць грамадзян.

 

На думку Суда, змяненне указаных крытэрыяў абумоўлена не толькі інфляцыяй, але і тым, што ў апошнія гады мела месца завышэнне ступені грамадскай небяспекі некаторых карыслівых дзеянняў без уліку рэальнага кошту выкрадзенай маёмасці ці нанесенага злачынствам урону. Акрамя таго, пры вызначэнні памераў кратнасці мінімальнай заработнай платы, устаноўленых Законам ад 17 мая 1997 года, выкарыстаны розныя падыходы, якія не адпавядаюць росту індэкса спажывецкіх цэн да росту мінімальнай заработнай платы (кратнасць для дробнага крадзяжу, буйнога ці асабліва буйнога памеру ці ўронy павялічана адпаведна ў 10, 6 і больш, 10 і больш разоў).

 

Суд прыходзіць да высновы, што Законам ад 17 мая 1997 года, накіраваным у цэлым на ўзмацненне крымінальнай адказнасці, зменены падыход да ацэнкі ступені грамадскай небяспекі некаторых дзеянняў шляхам устанаўлення новых крытэрыяў кваліфікацыі злачынстваў у залежнасці ад памеру выкрадзенага ці нанесенага ўрону, у выніку чаго ўстараняецца каральнасць за шэраг дзеянняў, якія прызнаваліся да прыняцця гэтага Закона злачынствамі, а таксама змякчаецца пакаранне за некаторыя злачынствы.

 

Так, учынены ўпершыню крадзеж маёмасці прадпрыемства, установы, арганізацыі на суму да дзесяці мінімальных заработных плат у адпаведнасці з Законам ад 17 мая 1997 года не з’яўляецца злачынствам, а кваліфікуецца як адміністрацыйнае правапарушэнне. Крадзеж маёмасці шляхам крадзяжу ў буйных памерах можа быць перакваліфікаваны з часткі чацвёртай артыкула 87 Крымінальнага кодэкса на іншыя часткі гэтага артыкула, якія прадугледжваюць менш строгія пакаранні.

 

Суд лічыць, што Закон ад 17 мая 1997 года павінен мець зваротную сілу, паколькі ім ліквідавана каральнасць за некаторыя дзеянні, якія да прыняцця гэтага Закона прызнаваліся злачынствамі, а таксама змякчана пакаранне за асобныя злачынствы.

 

Гэта выснова пацвярджаецца і нормай Закона ад 17 мая 1997 года, сфармуляванай у пункце 2 Заключных палажэнняў, згодна з якой дзеянні асоб, якія ўчынілі да ўвядзення ў дзеянне гэтага Закона злачынствы, пералічаныя ў артыкуле 72, а таксама прадугледжаныя часткамі першай, другой і трэцяй артыкула 87, часткамі першай, другой і трэцяй артыкула 88, часткай першай артыкула 89, часткамі першай і другой артыкула 90, часткамі першай і другой артыкула 91, артыкулам 911, часткамі першай і другой артыкула 93, артыкулам 94 і часткай першай артыкула 96 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама па прыгаворах, не ўcтyпіўшыx у законную сілу на дзень увядзення ў дзеянне Закона, падлягаюць кваліфікацыі ў адпаведнасці з правіламі артыкула 6 Крымінальнага кодэкса.

 

Разам з тым, побач з прызнаннем магчымасці прымянення палажэнняў артыкула 6 Крымінальнага кодэкса ў выніку змянення крытэрыяў кваліфікацыі некаторых злачынстваў у залежнасці ад памеру выкрадзенай маёмасці ці прычыненага злачынствам урону, Законам ад 17 мая 1997 года ў адпаведнасці з пунктам 3 Заключных палажэнняў выключана прымяненне правіла зваротнай сілы закона да асоб, якія адбываюць пакаранне за тыя ж злачынствы, якія ўказаны ў пункце 2 Заключных палажэнняў.

 

Taкім чынам, дзеянне правіла зваротнай сілы крымінальнага закона пастаўлена ў залежнасць ад таго, уступіў ці не ўступіў вынесены прыгавор у законную сілу.

 

Суд таксама адзначае, што ў выніку выключэння Законам ад 17 мая 1997 года з Крымінальнага кодэкса артыкула 911 і ўвядзення ў часткі чацвёртыя артыкулаў 87, 88, 90, 91 і ў частку трэцюю артыкула 89 Крымінальнага кодэкса асабліва буйнога памеру ў якасці кваліфікуючай прыметы змякчана пакаранне за крадзеж у асабліва буйных памерах, учынены шляхам крадзяжу, грабяжу і іншымі спосабамі, нягледзячы на змяненне Законам крытэрыяў кваліфікацыі крадзяжу, паколькі ніжняя мяжа пазбаўлення волі зніжана з 10 да 7 гадоў за крадзеж у асабліва буйных памерах шляхам крадзяжу, грабяжу і махлярства і з 10 да 8 гадоў - за крадзеж у асабліва буйных памерах шляхам прысваення, растраты ці злоўжывання службовым становішчам, а таксама за разбой, накіраваны на завалоданне маёмасцю ў асабліва буйных памерах.

 

Змякчэнне адказнасці за крадзеж маёмасці ў асабліва буйных памерах можа мець месца і пры перакваліфікацыі ўчыненага з артыкула 911 на адпаведныя часткі артыкулаў 87, 88, 89, 90 і 91 Крымінальнага кодэкса, таму што памеры выкрадзенай маёмасці, напрыклад, шляхам крадзяжу і грабяжу, не будуць адпавядаць памерам, вылічаным раней пры кваліфікацыі ўcіx учыненых дзеянняў незалежна ад спосабу крадзяжу па артыкулу 911 Крымінальнага кодэкса як за адзінае злачынства.

 

Taкім чынам, Закон ад 17 мая 1997 года змякчае адказнасць не толькі ў сувязі са змяненнем крытэрыяў кваліфікацыі крадзяжу маёмасці ў асабліва буйных памерах, але і па выкладзеных падставах.

 

Ні Канстытуцыя, ні Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, ні Крымінальны кодэкс не прадугледжваюць магчымасці выключэння з правіла зваротнай сілы закона, які змякчае ці адмяняе адказнасць грамадзян.

 

Суд, грунтуючыся на аналізе палажэння часткі шостай артыкула 104 Канстытуцыі, лічыць, што канстытуцыйная норма аб зваротнай сіле закона, які змякчае ці адмяняе адказнасць грамадзян, распаўсюджваецца і на асоб, якія адбываюць пакаранне за ўчыненыя злачынствы.

 

Такое разуменне правіла зваротнай сілы закона замацавана і ў артыкуле 43 Рэкамендацыйнага заканадаўчага акта «Аб нарматыўных прававых актах дзяржаў-удзельніц СНД», адобранага Міжпарламенцкай асамблеяй дзяржаў-удзельніц СНД 13 мая 1995 года, а таксама ў артыкуле 12 Мадэльнага крымінальнага кодэкса для дзяржаў-удзельніц СНД, прынятага Міжпарламенцкай асамблеяй дзяржаў-удзельніц СНД 17 лютага 1996 года, у якім, у прыватнасці, указваецца, што закон, які ўстараняе злачыннасць дзеяння, змякчае пакаранне ці іншым чынам паляпшае становішча асобы, учыніўшай злачынства, мае зваротную сілу, г. зн. распаўсюджваецца на асоб, учыніўшых адпаведнае дзеянне да ўступлення такога закона ў сілу, у тым ліку на асоб, якія адбываюць пакаранне.

 

У пункце 2 артыкула 4 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах указана, што нават надзвычайнае становішча ў дзяржаве, пры якім жыццё нацыі знаходзіцца пад пагрозай і аб наяўнасці якога афіцыйна абвяшчаецца, не можа служыць падставай для якіх-небудзь адступленняў ад шэрага артыкулаў Пакта, у тым ліку і ад артыкула 15, замацаваўшага правіла зваротнай сілы крымінальнага закона, які ўстанаўлівае больш лёгкае пакаранне.

 

Пунктам 1 артыкула 2 названага Пакта прадугледжана, што кожная дзяржава, якая удзельнічае ў гэтым Пакце, абавязуецца паважаць і забяспечваць ycім асобам, што знаходзяцца ў межах яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй, правы, што прызнаюцца ў гэтым Пакце, без якога-небудзь адрознення ў адносінах да расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншых акалічнасцей.

 

Згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. У адпаведнасці з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

 

З улікам выкладзенага Суд прыходзіць да высновы, што пункт 3 раздзела III «Заключныя палажэнні» Закона ад 17 мая 1997 года ў частцы абмежавання дзеяння зваротнай сілы крымінальнага закона ў дачыненні да асоб, асуджаных за злачынствы, пералічаныя ў гэтым пункце, і прыгаворы ў дачыненні да якіх уступілі ў законную сілу, не адпавядае артыкулам 8, 21, 104 Канстытуцыі, артыкулам 2, 4 і 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, і не стасуецца з артыкулам 6 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Суд таксама звяртае ўвагу, што ў Заключных палажэннях Закона трэба было б вырашыць пытанні, што датычацца парадку перагляду спраў у адпаведнасці з артыкулам 6 Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і аб коле суб’ектаў, правамоцных ініцыіраваць перагляд такіх спраў у парадку нагляду на падставе артыкула 6 Крымінальнага кодэкса.

 

Вывучэнне нарматворчай практыкі ў Рэспубліцы Беларусь сведчьць, што парадак перагляду крымінальных спраў вызначаўся ў пастановах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб увядзенні ў дзеянне прымаемых законаў (пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 1992 года «Аб увядзенні ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь», пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 1994 года «Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і некаторыя іншыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь»).

 

Даследаванне матэрыялаў справы ў судовым пасяджэнні сведчыць таксама аб неадназначным разуменні Закона ў частцы, што датычыцца надання яму зваротнай сілы, зыходзячы з розных падыходаў да ацэнкі выкрадзенай маёмасці, прычыненага ўрону і іx уплыву на кваліфікацыю злачынства.

 

Суд адначасова адзначае, што пытанне аб прымяненні артыкула 6 Крымінальнага кодэкса павінна вырашацца ва ўстаноўленым парадку агульнымі судамі ў адпаведнасці з іx кампетэнцыяй пры пераглядзе канкрэтных спраў з улікам ycіx абставінаў.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 36, 38, 40 і 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неадпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пункт 3 раздзела III «Заключныя палажэнні» Закона ад 17 мая 1997 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь» у частцы недапушчэння перагляду ўcтyпіўшыx у законную сілу прыгавораў у дачыненні да асоб, асуджаных да ўвядзення ў дзеянне гэтага Закона за ўчыненне злачынстваў, пералічаных у артыкуле 72, а таксама прадугледжаных часткамі першай, другой і трэцяй артыкула 87, часткамі першай, другой і трэцяй артыкула 88, часткай першай артыкула 89, часткамі першай і другой артыкула 90, часткамі першай і другой артыкула 91, артыкулам 911, часткамі першай і другой артыкула 93, артыкулам 94 і часткай першай артыкула 96 Крымінальнага кодэкса, у адпаведнасці з правіламі артыкула 6 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Лічыць яго ў гэтай частцы не маючым юрыдычнай сілы з 30 кастрычніка 1997 года.

 

2. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь да 30 кастрычніка 1997 года прывесці пункт 3 раздзела III «Заключныя палажэнні» Закона ад 17 мая 1997 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь» у адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, вырашыўшы пытанні, што датычацца перагляду спраў у адпаведнасці з артыкулам 6 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

3. Апублікаваць гэтае Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», «Народнай газеце» і «Звяздзе», а таксама ў тых выданнях, дзе апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 1997 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь».

 

4. Гэтае Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч