Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
31 кастрычніка 1997 г. № З-59/97
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункта 12.4.11 Метадычных указанняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі «Аб парадку прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання» ад 1 ліпеня 1994 года № 110, а таксама растлумачэнняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі ад 21 чэрвеня 1994 года № 03/104 і ад 7 лютага 1995 года № 03/22 у частцы ўказання на абавязковасць спагнання з парушальнікаў падатковага заканадаўства даналічанай сумы падатку і пені за пратэрміноўку яго ўнясення

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у cкладзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Keнік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікaвeнкі А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б.

 

з удзелам:

 

прадстаўнікоў Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, які ўнёс прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў:

 

Ждановіча I.М. — намесніка Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Ягорава А.П. — суддзі Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікоў Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь, прыняўшага нарматыўныя акты, якія падлягаюць праверцы:

 

Дзегцярова М.М. — начальніка ўпраўлення ўнутрыведамаснага кантролю Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь;

 

Жука У.А. — намесніка Старшыні Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь;

 

Змачынскай Г.Н. — начальніка аддзела прававой работы Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункта 12.4.11 Метадычных указанняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі «Аб парадку прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання» ад 1 ліпеня 1994 года № 110, а таксама растлумачэнняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі ад 21 ліпеня 1994 года № 03/104 і ад 7 лютага 1995 года № 03/22 у частцы ўказання на абавязковасць спагнання з парушальнікаў падатковага заканадаўства даналічанай сумы падатку і пені за пратэрміноўку яго ўнясення».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Снягір М.В. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана 3 кастрычніка 1997 года па прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь на падставе артыкулаў 112 і 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягалі пункт 12.4.11 Метадычных указанняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі (цяпер - Дзяржаўны падатковы камітэт Рэспублікі Беларусь) «Аб парадку прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання» ад 1 ліпеня 1994 года № 110, зарэгістраваных у Дзяржаўным рэестры ведамасных нарматыўных актаў 22 ліпеня 1994 года № 484/12 (Нарматыўныя дакументы па фінансах, падатках і бухгалтарскаму ўліку. 1994, № 9), растлумачэнні Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі ад 21 чэрвеня 1994 года № 03/104, зарэгістраваныя ў Дзяржаўным рэестры ведамасных нарматыўных актаў 29 чэрвеня 1994 года № 436/12 (Нарматыўныя дакументы па фінансах, падатках і бухгалтарскаму ўліку. 1994, № 10), і растлумачэнні ад 7 лютага 1995 года № 03/22, зарэгістраваныя ў Дзяржаўным рэестры ведамасных нарматыўных актаў 16 лютага 1995 года № 753/12 (Нарматыўныя дакументы па фінансах, падатках і бухгалтарскаму ўліку. 1995, № 5), у частцы ўказання на абавязковасць спагнання з парушальнікаў падатковага заканадаўства даналічанай сумы падатку і пені за пратэрміноўку яго ўнясення.

 

Ва ўказаным пункце Метадычных указанняў ад 1 ліпеня 1994 года і растлумачэннях ад 21 чэрвеня 1994 года і ад 7 лютага 1995 года растлумачваюцца прымяненне мер адказнасці да прадпрымальніка без утварэння юрыдычнай асобы — парушальніка падатковага заканадаўства, а таксама парадак вылічэння і спагнання падаткаў і пені, якія налічваюцца падатковымі органамі па выніках праверкі падаткаплацельшчыкаў. Са зместу пункта 12.4.11 Метадычных указанняў, а таксама растлумачэнняў вынікае, што калі ў дэкларацыі аб даходах прадпрымальнік утаіў (занізіў) даход для падаткаабкладання, то ў даход бюджэту падлягае спагнанню сума фінансавай санкцыі ў размеры ўтоенага (заніжанага) даходу, сума фінансавай санкцыі ў размеры 10 працэнтаў належнай (даналічанай) сумы падатку за парушэнне ўстаноўленага парадку вядзення ўліку і непрадстаўленне ва ўстанову банка плацёжнага даручэння на пералічэнне належнай сумы падатку, а таксама налічаецца і спаганяецца пеня за кожны дзень пратэрміноўкі выплаты падатку і выпплачваецца даналічаная сума падатку. Калі прадпрымальнік у дэкларацыі ўтаіў (занізіў) іншы аб’ект падаткаабкладання (акрамя прыбытку або даходу), з яго ў даход бюджэту спаганяецца сума фінансавай санкцыі ў размеры даналічаных падаткаў, штраф у падвоеным размеры даналічаных падаткаў, сума фінансавай санкцыі ў размеры 10 працэнтаў належных падаткаў за вядзенне бухгалтарскага ўліку з парушэннем устаноўленага парадку і налічаецца пеня ў размеры ўліковай стаўкі Нацыянальнага банка за кожны дзень пратэрміноўкі выплаты ў бюджэт даналічаных падаткаў.

 

У сваей прапанове Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 12.4.11 Метадычных указанняў ад 1 ліпеня 1994 года, а таксама растлумачэнняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі ад 21 чэрвеня 1994 года і ад 7 лютага 1995 года ў частцы ўказання на абавязковасць спагнання з парушальнікаў падатковага заканадаўства даналічанай сумы падатку і пені за пратэрміноўку яго ўнясення акрамя мер адказнасці, устаноўленых артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь».

 

У рашэнні Вышэйшага Гаспадарчага Суда па справе № 25-1/97 ад 27 чэрвеня 1997 года, у якім прызнана неабходным звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд, у прыватнасці, было ўказана, што пры адабранні ўсёй сумы ўтоенага даходу адбіраецца сам аб’ект падаткаабкладання, у сувязі з чым падаходны падатак спагнаны быць не можа ў адрозненне ад іншых аб’ектаў падаткаабкладання. Прадугледзеўшы неабходнасць спагнання з парушальнікаў даналічаных сум падатку і пені, Галоўная дзяржаўная падатковая інспекцыя выйшла за межы мер адказнасці, устаноўленыя артыкулам 9 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь», што, на думку Вышэйшага Гаспадарчага Суда, супярэчыць артыкулу 58 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Заслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, сведку, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў і іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

У адпаведнасці з артыкулам 56 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Артыкулам 58 Канстытуцыі прадугледжана, што ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

 

Згодна з Законам “Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь» падаткі з’яўляюцца асноўнай крыніцай фарміравання даходнай часткі бюджэту.

 

Невыкананне абавязку па выплаце падаткаў парушае не толькі інтарэсы дзяржавы, але таксама правы і інтарэсы грамадзян, якія ахоўваюцца законам, паколькі за кошт падаткаў, што паступаюць у бюджэт, дзяржава забяспечвае выкананне сваіх задач і функцый, фінансуе такія сацыяльна-значныя сферы, як ахова здароўя, адукацыя, культура і іншыя.

 

У артыкуле 1 Закона «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» прадугледжана, што да плацельшчыкаў падаткаў і збораў належаць юрыдычныя асобы (уключаючы прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі і замежных юрыдычных асоб), іx філіялы, прадстаўніцтвы і іншыя адасобленыя падраздзяленні незалежна ад падпарадкаванасці і форм уласнасці, а таксама фізічныя асобы, якія абавязаны уносіць у бюджэт падаткі і зборы ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Адным з асноўных абавязкаў падаткаплацельшчыкаў, пералічаных у артыкуле 8 гэтага Закона, з’яўляецца абавязак своечасова і ў поўным размеры выплачваць належныя сумы падаткаў. Даходы прадпрымальнікаў без утварэння юрыдычнай асобы абкладаюцца падаходным падаткам у адпаведнасці з Законам «Аб падаходным падатку з грамадзян». Згодна з артыкулам 20 дадзенага Закона да абавязкаў грамадзян належыць своечасовая і ў поўным размеры выплата ў бюджэт падаткаў.

 

У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іx рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.

 

Дзяржава мае права і абавязана прымаць меры па рэгуляванню падатковых адносін у мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў як падаткаплацельшчыкаў, так і іншых грамадзян. Да мер, якія забяспечваюць выкананне падатковага абавязацельства, належыць, у прыватнасці, устанаўленне юрыдычнай адказнасці за парушэнне падатковага заканадаўства. Артыкулам 9 Закона «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» прадугледжваецца, што плацельшчыкі падаткаў нясуць устаноўленую заканадаўствам Рэспублікі Беларусь адказнасць за правільнасць вылічэння, своечасовасць выплаты падаткаў у бюджэт і выкананне дзеючага заканадаўства аб падаткаабкладанні. У артыкуле 10 Закона «Аб дзяржаўнай падатковай інспекцыі Рэспублікі Беларусь» устаноўлена, што дзяржаўныя падатковыя інспекцыі ў межах сваей кампетэнцыі прымяняюць да парушальнікаў заканадаўства аб падатках і прадпрымальніцтве меры адміністрацыйнай, фінансавай і іншай адказнасці, прадугледжаныя заканадаўствам.

 

У пункце 12.4.11 Метадычных указанняў ад 1 ліпеня 1994 года, які растлумачвае прымяненне мер адказнасці да грамадзян, якія парушылі падатковае заканадаўства, указваецца, што ў выпадку ўключэння ў дэкларацыю аб даходах дакументальна не пацверджаных матэрыяльных затрат ці ўтойвання (заніжэння) валавога даходу (выручкі) ад падаткаабкладання фінансавыя санкцыі, штрафы, пеня і меры адміністрацыйнай адказнасці прымяняюцца ў адпаведнасці з Законам «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь», Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Аналагічны падыход утрымліваецца і ў растлумачэннях Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі ад 21 чэрвеня 1994 года і ад 7 лютага 1995 года.

 

У правяраемых палажэннях нарматыўных актаў таксама растлумачваецца парадак вылічэння, выплаты і спагнання даналічаных па выніках праверак падаткаў і пені.

 

Выданне метадычных указанняў і растлумачэнняў аб парадку вылічэння, уліку і спагнання падаткаў і іншых плацяжоў знаходзіцца ў кампетэнцыі дзяржаўных падатковых органаў. Гэта замацавана ў артыкуле 2 Закона «Аб дзяржаўнай падатковай інспекцыі Рэспублікі Беларусь», а таксама ў Палажэнні «Аб Дзяржаўным падатковым камітэце Рэспублікі Беларусь», зацверджаным пастановай Савета Mіністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 красавіка 1997 года № 333.

 

На думку Суда, прыцягненне асобы да адказнасці не вызваляе яе ад выканання абавязкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі. У адпаведнасці з артыкулам 2 Закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» аб’ектам падаткаабкладання з’яўляюцца атрыманыя даходы. Таму Суд лічыць, што налічэнне і выплата падаткаў з сум утоенага (заніжанага) даходу ці ўтоенага (заніжанага) іншага аб’екта падаткаабкладання стасуюцца з палажэннямі артыкула 8 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь», артыкулаў 2 і 20 Закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» і не супярэчаць артыкулу 9 Закона «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь». Акрамя таго, у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 10 Закона «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» сумы падаткаў, непадатковых плацяжоў у бюджэт і фінансавых санкцый, не ўнесеныя ва ўстаноўленыя тэрміны, а таксама сумы ўтоеных (заніжаных) прыбытку (даходу) і падаткаў за іншы ўтоены аб’ект падаткаабкладання, пені за несвоечасовае ўнясенне плацяжоў спаганяюцца за ўвесь час ухілення ад выплаты па распараджэнню падатковых органаў у бясспрэчным парадку з юрыдычных асоб і ў судовым парадку — з фізічных асоб. У пункце 11 артыкула 8 Закона «Аб дзяржаўнай падатковай інспекцыі Рэспублікі Беларусь» замацоўваецца права дзяржаўнай падатковай інспекцыі і яе службовых асоб спаганяць у бюджэт і ў дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды нядоімкі па падатках, фінансавыя санкцыі з прадпрыемстваў — у бясспрэчным парадку, а з грамадзян — у судовым. Згодна з часткай трэцяй артыкула 21 Закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» сумы падатку, не спагнаныя ў выніку ўхілення плацельшчыка ад падаткаабкладання, бяруцца за ўвесь час ухілення.

 

Разглядаючы гэту справу, Канстытуцыйны Суд у адпаведнасці з артыкулам 11 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» адзначае неадназначную практыку прымянення норм падатковага заканадаўства гаспадарчымі судамі пры вырашэнні спрэчак аб спагнанні фінансавых санкцый, даналічаных сум падаткаў і пені.

 

Канстытуцыйны Суд не можа пагадзіцца з довадамі аб тым, што пры адабранні сумы ўтоенага (заніжанага) прыбытку ці даходу адбіраецца сам аб’ект падаткаабкладання, у сувязі з чым падаходны падатак спагнаны быць не можа. Суд лічыць, што ў гэтым выпадку адбываецца не адабранне аб’екта падаткаабкладання, а прымяненне фінансавай адказнасці да парушальніка падатковага заканадаўства, які дапусціў утойванне (заніжэнне) прыбытку або даходу па справаздачы (балансу).

 

Меры адказнасці, прадугледжаныя артыкулам 9 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь», з’яўляюцца, на думку Суда, пакараннем, што прымяняецца да плацельшчыкаў — парушальнікаў падатковага заканадаўства. Даналічэнне падатку і налічэнне пені за несвоечасовую яго выплату і іх спагнанне належаць да мер аднаўленчага характару, якія павінны прымяняцца самастойна, незалежна ад прымянення мер адказнасці за ўчыненае падатковае правапарушэнне. Гэта выснова пацвярджаецца пунктам 2 артыкула 10 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь», згодна з якім своечасова не выплачаныя ў бюджэт сумы падаткаў спаганяюцца з плацельшчыкаў з налічэннем за кожны дзень пратэрміноўкі (уключаючы дзень выплаты) пені ў размеры ўліковай стаўкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, дзеючай на момант спагнання сродкаў. Такі падыход замацаваны і ў Палажэнні аб спагнанні падаткаў і непадатковых плацяжоў, не ўнесеных у тэрмін у бюджэт Рэспублікі Беларусь і ў пазабюджэтныя фонды, зацверджаным пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 1995 года № 255 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі. У пункце 4 дадзенага Палажэння прадугледжана, што не ўнесеныя ў бюджэт Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленыя тэрміны сумы падаткаў, непадатковых плацяжоў, падатковага крэдыту і працэнтаў за карыстанне гэтым крэдытам лічацца нядоімкай і спаганяюцца з налічэннем пені за кожны дзень пратэрміноўкі плацяжу ў размеры, устаноўленым заканадаўствам.

 

Аналагічная думка выказана і ў водзывах палат Парламента, Вярхоўнага Суда, Пракуратуры, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.

 

Даследуючы пытанне аб апублікаванні Метадычных указанняў ад 1 ліпеня 1994 года, растлумачэнняў ад 21 чэрвеня 1994 года і ад 7 лютага 1995 года, Суд устанавіў, што названыя акты былі даведзены да ўсеагульнага ведама шляхам іx апублікавання ў штомесячным часопісе «Нарматыўныя дакументы па фінансах, падатках і бухгалтарскаму ўліку», у Нацыянальнай эканамічнай газеце, выданнем асобных брашур. Правяраемыя нормы пункта 12.4.11 Метадычных указанняў, а таксама растлумачэнняў не ўтрымліваюць новых палажэнняў, якія ўстанаўліваюць дадатковыя ў параўнанні з законамі аб падаткаабкладанні абавязкі грамадзян і не выходзяць за рамкі гэтых законаў, якія былі апублікаваны ў афіцыйных выданнях. Таму Суд дапускае магчымасць прымянення пункта 12.4.11 Метадычных указанняў і названых растлумачэнняў.

 

Канстытуцыйны Суд на падставе выкладзенага прыйшоў да высновы, што пункт 12.4.11 Метадычных указанняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі «Аб парадку прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання» ад 1 ліпеня 1994 года № 110 і растлумачэнні Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі ад 21 чэрвеня 1994 года № 03/104 і ад 7 лютага 1995 года № 03/22 адпавядаюць Канстытуцыі і падатковаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

 

Кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 36, 38, 40 і 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць адпаведнымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункт 12.4.11 Метадычных указанняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі «Аб парадку прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання» ад 1 ліпеня 1994 года № 110 і растлумачэнні Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі ад 21 чэрвеня 1994 года № 03/104 і ад 7 лютага 1995 года № 03/22 у частцы ўказання на абавязковасць спагнання з парушальнікаў падатковага заканадаўства даналічанай сумы падатку і пені за пратэрміноўку яго ўнясення.

 

2. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Народнай газеце» і «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

 

3. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч