Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
27 лістапада 1997 г. № 3-60/97
Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 мая 1996 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 88 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” і артыкула 56 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Катэнкі М.Ф. — галоўнага спецыяліста аддзела па забеспячэнню дзейнасці Камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Лапкоўскага А.М. — намесніка старшыні Камісіі па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фізічнай культуры і спорту Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Пабяржына З.I. — намесніка старшыні Камісіі па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фізічнай культуры і спорту Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Шпакава С.Р. — намесніка старшыні Камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Бурага У.В. — загадчыка аддзела грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

спецыялістаў: Бажко Н.У. — начальніка нарматыўна-прававой службы ўпраўлення прававога забеспячэння і міжнароднага супрацоўніцтва Апарату Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Марчанкі Л.I. — намесніка начальніка ўпраўлення пенсій і дапамог Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Чыслова Э.Г. — старшага афіцэра аддзялення ваеннага заканадаўства юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым пасяджэнні справу “Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 мая 1996 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 88 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” і артыкула 56 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Ждановіч I.М. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

 

Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 28 мая 1996 г. прызнаны не адпавядаючымі Канстытуцыі артыкул 88 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” і артыкул 56 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў” у частцы прыпынення выплаты працоўнай пенсіі на час пазбаўлення пенсіянера волі.

 

Вярхоўнаму Савету і органам выканаўчай улады было прапанавана прывесці законы і іншыя нарматыўныя акты ў адпаведнасць з гэтым Заключэннем.

 

У сувязі з неадназначным разуменнем Заключэння Суда ад 28 мая 1996 г., Канстытуцыйны Суд 13 кастрычніка 1997 г. узбудзіў вядзенне па справе “Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 мая 1996 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 88 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” і артыкула 56 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”.

 

Заслухаўшы прадстаўнікоў палат Парламента Рэспублікі Беларусь, спецыялістаў, даследаваўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.

 

У Заключэнні Канстытуцыйнага Суда ад 28 мая 1996 г., у прыватнасці, указана, што згодна з артыкулам 47 Канстытуцыі грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Артыкул 22 Канстытуцыі ўстанаўлівае, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Суд таксама адзначыў, што згодна з артыкулам 22 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек, як член грамадства, мае права на сацыяльнае забеспячэнне і на ажыццяўленне неабходных для падтрымання яго годнасці і для свабоднага развіцця яго асобы правоў у эканамічнай, сацыяльнай і культурнай галінах пры дапамозе нацыянальных намаганняў і міжнароднага супрацоўніцтва і ў адпаведнасці са структурай і рэсурсамі кожнай дзяржавы. У адпаведнасці з артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у дадзеным Пакце, прызнаюць права кожнага чалавека на сацыяльнае забеспячэнне, уключаючы сацыяльнае страхаванне.

 

У гэтай сувязі Суд адзначае, што важнейшым элементам сацыяльнага забеспячэння з’яўляецца ўстаноўленае заканадаўствам права грамадзян на атрыманне пенсій, якое знаходзіцца ў залежнасці ад іх працоўнай і іншай грамадска карыснай дзейнасці, яе зместу, працягласці і другіх фактараў, якія ўплываюць на ўмовы і нормы пенсіённага забеспячэння.

 

Артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” прадугледжаны працоўныя (па ўзросту, па інваліднасці, у выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай) і сацыяльныя пенсіі.

 

Віды пенсіённага забеспячэння ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў вызначаюцца артыкулам 1 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”.

 

Права на розныя віды пенсій азначае і розны характар абавязкаў дзяржавы перад тымі, хто прэтэндуе на іх атрыманне.

 

Папраўча-працоўным кодэксам Рэспублікі Белаурсь, Iнструкцыяй аб аплаце працы асуджаных, якія ўтрымліваюцца ў папраўча-працоўных установах Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, прадугледжаны парадак утрыманняў з заработнай платы працуючых асуджаных для пакрыцця расходаў па іх утрыманню, а таксама выплат па выканаўчых лістах і іншых выканаўчых дакументах.

 

Аднак у адносінах да пенсіянераў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і не занятыя працай, пытанні кампенсацыі сродкаў па іх утрыманню, а таксама ажыццяўлення іншых выплат заканадаўствам не ўрэгуляваны. У цяперашні час сродкі, прызначаныя на выплату пенсій указаным асобам, застаюцца ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, а іх утрыманне ў месцах пазбаўлення волі ажыццяўляецца за кошт бюджэтных сродкаў.

 

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што сацыяльныя пенсіі непасрэдна не звязаны з працоўнай або іншай грамадска карыснай дзейнасцю, назначаюцца грамадзянам, якія не маюць права на працоўную пенсію, і таму выплата сацыяльнай пенсіі можа мець свае асаблівасці.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 41 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 77 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда, Суд

 

РАСТЛУМАЧВАЕ:

 

Пры вырашэнні пытання аб выплаце працоўных пенсій, што назначаюцца ў адпаведнасці з Законам “Аб пенсіённым забеспячэнні”, асобам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, не выключаецца права заканадаўчага органа, іншых дзяржаўных органаў у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прадугледзець парадак, пры якім за кошт гэтых пенсій могуць кампенсавацца расходы, звязаныя з утрыманнем указаных асоб у папраўча-працоўных установах, а таксама пакрывацца ўрон, прычынены злачынствам, і праводзіцца выплаты па іншых абавязацельствах. Аналагічна можа быць вырашана пытанне і пры выплаце асобам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, пенсій, што назначаюцца ў адпаведнасці з Законам “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”. У выпадку, калі расходы па ўтрыманню пенсіянера ў месцах пазбаўлення волі перавышаюць размеры назначанай яму пенсіі, заканадаўствам можа быць вызначана мінімальная сума пенсіі, якая захоўваецца за пенсіянерам.

 

Пытанні выплаты сацыяльных пенсій асобам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, могуць быць вырашаны з улікам мэтавага назначэння гэтых пенсій і магчымасцей дзяржавы.

 

Гэта Заключэнне падлягае апублікаванню ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч