Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 студзеня 1998 г. № 3-61/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 года “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 18 студзеня 1994 года “Аб унясенні змяненняў у Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі”, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 1993 года № 20 “Аб арганізацыі ў г. Мінску ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 5 сакавіка 1994 года № 126 “Аб арганізацыі ў рэспубліцы ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі”, а таксама Парадку выдачы, выкарыстання ліцэнзіі і заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю на перыяд правядзення эксперыменту ў горадзе Мінску, зацверджанага Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 21 снежня 1992 года № 01-15/3733 і Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь 22 снежня 1992 года № 13-10-5/3940, і Палажэння аб парадку выдачы ліцэнзіі на права заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю і правядзення эксперыменту гэтага віду дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 25 студзеня 1994 года

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, які ўнёс прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў: Ждановіча I.М. - намесніка Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Аляксандрава В.М. - намесніка старшыні Камісіі па заканадаўству Палаты прадстаўнікоў; Жышкевіча У.I. - намесніка начальніка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Свірыдавай С.А. - намесніка начальніка экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі;

Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь: Варанцова Г.М. - Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь: Галаванава В.Р. - намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь: Вішнявецкай С.А. - кансультанта ўпраўлення фінансавання дзяржаўнага апарату Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 г. “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 18 студзеня 1994 г. “Аб унясенні змяненняў у Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі”, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 1993 г. № 20 “Аб арганізацыі ў г.Мінску ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 5 сакавіка 1994 г. № 126 “Аб арганізацыі ў рэспубліцы ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі”, а таксама Парадку выдачы, выкарыстання ліцэнзіі і заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю на перыяд правядзення эксперыменту ў горадзе Мінску, зацверджанага Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 21 снежня 1992 г. № 01-15/3733 і Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь 22 снежня 1992 г. № 13-10-5/3940, і Палажэння аб парадку выдачы ліцэнзіі на права заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю і правядзення эксперыменту гэтага віду дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 25 студзеня 1994 г.”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Міранічэнка I.А. - намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Снягір М.В. - намеснік Генеральнага прокурора Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана 26 лістапада 1997 года па прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь на падставе артыкулаў 112 і 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягалі пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 г. “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992, № 34, ст.544) і ад 18 студзеня 1994 г. “Аб унясенні змяненняў у Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1994, № 5, ст.44), пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 1993 г. № 20 “Аб арганізацыі ў г.Мінску ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі” (Збор пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1993, № 1, ст.17) і ад 5 сакавіка 1994 г. № 126 “Аб арганізацыі ў рэспубліцы ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі” (Збор пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1994, № 7, ст.104), Парадак выдачы, выкарыстання ліцэнзіі і заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю на перыяд правядзення эксперыменту ў горадзе Мінску, зацверджаны Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 21 снежня 1992 г. № 01-15/3733 і Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь 22 снежня 1992 г. № 13-10-5/3940, Палажэнне аб парадку выдачы ліцэнзіі на права заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю і правядзення эксперыменту гэтага віду дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанае Міністэрствам юстыцыі 25 студзеня 1994 г., зарэгістраванае ў Дзяржаўным рэестры ведамасных нарматыўных актаў 27 студзеня 1994 г., № 188/12 (Бюлетэнь нарматыўна-прававой інфармацыі, 1994, № 4).

 

Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь па прапанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 26 лістапада 1992 года была прынята пастанова аб арганізацыі ў горадзе Мінску з 1 лютага 1993 г. па 1 лютага 1994 г. у парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі. Савету Міністраў было даручана вызначыць колькасць натарыяльных кантор для правядзення эксперыменту, а таксама парадак іх адкрыцця і дзейнасці. Пастановай было таксама устаноўлена, што натарыусы, якія займаюцца прыватнай натарыяльнай практыкай у перыяд эксперыменту, у сваёй дзейнасці павінны кіравацца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўным натарыяце” і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, якія выдаюцца ў адпаведнасці з ім; валодаюць роўнымі з дзяржаўнымі натарыусамі правамі і абавязкамі і выкананыя імі натарыяльныя дзеянні маюць аднолькавую юрыдычную сілу.

 

Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1994 г. у пастанову Вярхоўнага Савета ад 26 лістапада 1992 г. былі ўнесены змяненні, згодна з якімі правядзенне эксперыменту было распаўсюджана ў цэлым на ўсю рэспубліку, а тэрмін правядзення эксперыменту вызначаны па дзень увядзення ў дзеянне новага закона аб натарыяце.

 

З мэтай выканання пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 1993 г. № 20 з дапаўненнем, унесеным у яго пастановай ад 5 сакавіка 1993 г. № 126, Міністэрству юстыцыі даручалася забяспечыць ажыццяўленне ў горадзе Мінску з 1 лютага 1993 г. па 1 лютага 1994 г. у парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі, а таксама дазвалялася выдаць 15 ліцэнзій на заняцце прыватнай натарыяльнай практыкай. Гэтай жа пастановай Міністэрству юстыцыі было даручана сумесна з Міністэрствам фінансаў зацвердзіць парадак выдачы і выкарыстання ліцэнзій на заняцце прыватнай натарыяльнай практыкай на перыяд правядзення эксперыменту, а па заканчэнні эксперыменту падвесці яго вынікі і ўнесці адпаведныя прапановы ў Савет Міністраў.

 

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 1994 года № 126 Міністэрству юстыцыі даручалася забяспечыць ажыццяўленне ў рэспубліцы з 1 лютага 1994 г. па дзень увядзення ў дзеянне Закона “Аб натарыяце” ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі. Міністэрства юстыцыі па ўзгадненню з Міністэрствам фінансаў і выканкомамі мясцовых Саветаў дэпутатаў павінна было вызначыць месцы правядзення эксперыменту, колькасць натарыяльных кантор і ліцэнзій на заняцце прыватнай натарыяльнай практыкай. Пастановай былі таксама ўстаноўлены памеры платы, якая спаганяецца за выдачу ліцэнзіі на заняцце прыватнай натарыяльнай практыкай.

 

У зацверджаным Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам фінансаў Парадку выдачы, выкарыстання ліцэнзіі і заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю на перыяд правядзення эксперыменту ў горадзе Мінску (у далейшым - Парадак) былі вызначаны суб’екты, якія маюць права займацца прыватнай натарыяльнай практыкай, парадак выдачы ліцэнзій, правы і абавязкі натарыусаў, якія займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, пералік натарыяльных дзеянняў, якія не мог учыніць прыватны натарыус, абавязак натарыуса заключыць дагавор страхавання сваёй дзейнасці і іншыя пытанні арганізацыі і правядзення эксперыменту.

 

У абзацы восьмым Парадку было ўстаноўлена, што на натарыусаў, якія займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю з утварэннем юрыдычнай асобы, у частцы падаткаабкладання распаўсюджваюцца законы Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць падаткаабкладанне прадпрыемстваў, аб’яднанняў, арганізацый, устаноў. Даходы натарыуса, які займаецца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю без утварэння юрыдычнай асобы, падлягалі абкладанню як даходы ад заняцця прадпрымальніцкай дзейнасцю ў адпаведнасці з Законам “Аб падаходным падатку з грамадзян”.

 

У абзацы дзевятым Парадку устанаўлівалася, што за ўчыненне натарыяльных дзеянняў, складанне праектаў дакументаў натарыус, які займаецца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, спаганяе з грамадзян і юрыдычных асоб натарыяльны збор, які адпавядае памерам дзяржаўнай пошліны і тарыфам за аказанне дадатковых платных прававых паслуг, прадугледжаным за ўчыненне аналагічных дзеянняў у дзяржаўнай натарыяльнай канторы.

 

У Палажэнні аб парадку выдачы ліцэнзіі на права заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю і правядзення эксперыменту гэтага віду дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным Міністэрствам юстыцыі 25 студзеня 1994 года і ўзгодненым з Міністэрствам фінансаў, Дзяржаўным камітэтам па прамысловасці і міжгаліновых вытворчасцях, Дзяржаўным камітэтам па эканоміцы і планаванню, са змяненнямі і дапаўненнямі, ад 30 кастрычніка 1994 г., 3 студзеня 1996 г., 5 чэрвеня 1996 г., 24 чэрвеня 1996 г., 9 верасня 1996 г., 16 ліпеня 1997 г., 6 кастрычніка 1997 г. (у далейшым - Палажэнне) вырашаны, у прыватнасці, пытанні выдачы ліцэнзіі на права заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, парадку ўтварэння і дзейнасці камісіі па пытаннях выдачы ліцэнзій, страхавання прыватнай натарыяльнай дзейнасці, арганізацыі работы прыватнага натарыуса, вызначаны правы і абавязкі прыватнага натарыуса, віды натарыяльных дзеянняў, якія не можа ўчыніць прыватны натарыус.

 

У падпункце 9.1 Палажэння (у рэдакцыі ад 25 студзеня 1994 г.), як і ў Парадку, прадугледжвалася, што за ўчыненне натарыяльных дзеянняў, складанне праектаў дакументаў прыватны натарыус спаганяе з грамадзян і юрыдычных асоб натарыяльны збор, які адпавядае памерам дзяржаўнай пошліны і тарыфам за аказанне дадатковых платных прававых паслуг, устаноўленым за ўчыненне аналагічных дзеянняў у дзяржаўнай натарыяльнай канторы.

 

У абзацах першым і другім падпункта 10.2 Палажэння прадугледжана, што прыватны натарыус, які працуе індывідуальна, павінен выплачваць падатак з сум перавышэння даходаў, атрыманых ад натарыяльнай дзейнасці, над расходамі па стаўках, якія прадугледжаны Законам “Аб падаходным падатку з грамадзян”. Прыватныя натарыусы, якія стварылі натарыяльнае бюро, выплачваюць падаткі ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое рэгламентуе падаткаабкладанне прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

 

У падпункце 10.3 Палажэння ўстаноўлена, што даход прыватнага натарыуса пасля выплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў застаецца ў яго распараджэнні.

 

Вышэйшы Гаспадарчы Суд звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці вышэйназваных пастаноў Вярхоўнага Савета, пастаноў Савета Міністраў, Парадку, а таксама Палажэння з улікам змяненняў і дапаўненняў, якія ўнесены ў яго да выдання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 мая 1997 г. № 12, у тым ліку правамернасці ўвядзення паняцця “натарыяльны збор”. Вышэйшы Гаспадарчы Суд указаў, што норма, якая ўтрымліваецца ў актах Міністэрства юстыцыі і Міністэрства фінансаў аб спагнанні прыватнымі натарыусамі натарыяльнага збору, які адпавядае памерам дзяржаўнай пошліны і тарыфам за аказанне дадатковых платных прававых паслуг, прадугледжаным за ўчыненне аналагічных дзеянняў у дзяржаўнай натарыяльнай канторы, уступае ў супярэчнасць з законамі “Аб дзяржаўным натарыяце”, “Аб дзяржаўнай пошліне”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”. Згодна з гэтымі законамі, на думку Вышэйшага Гаспадарчага Суда, дзяржаўная пошліна павінна паступаць ў даход бюджэту, а не ў даход прыватнага натарыуса, як гэта прадугледжана ў нарматыўных актах Міністэрства юстыцыі і Міністэрства фінансаў.

 

Заслухаўшы прадстаўнікоў бакоў, сведак, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года, дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў і іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

У адпаведнасці з часткай другой артыкула 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года, якая дзейнічала ў перыяд прыняцця правяраемых пастаноў, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь як вышэйшы орган дзяржаўнай улады быў правамоцны прыняць да свайго разгляду і вырашыць любое пытанне, якое знаходзілася ў вядзенні Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з часткамі пятай і шостай артыкула 97 Канстытуцыі 1978 года Вярхоўны Савет меў права прымаць законы і пастановы. Законы і пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь прымаліся большасцю галасоў ад агульнага чысла народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з артыкулам 108 Канстытуцыі як законы, так і іншыя акты, прынятыя Вярхоўным Саветам, падпісваліся Старшынёю Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд прыходзіць да высновы, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы пытанні арганізацыі прыватнай натарыяльнай практыкі і прыняўшы маючыя ў дадзеным выпадку нарматыўны характар пастановы ад 26 лістапада 1992 г. “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 18 студзеня 1994 г. “Аб унясенні змяненняў у Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі”, дзейнічаў у межах сваёй кампетэнцыі.

 

Згодна з артыкуламі 115 і 118 Канстытуцыі 1978 года Савет Міністраў як вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган быў правамоцны вырашаць усе пытанні дзяржаўнага ўпраўлення, якія аднесены да вядзення Рэспублікі Беларусь, паколькі яны не ўваходзілі, згодна з Канстытуцыяй, у кампетэнцыю Вярхоўнага Савета і яго Прэзідыума, Старшыні Вярхоўнага Савета. У адпаведнасці з артыкулам 120 Канстытуцыі 1978 года Савет Міністраў на аснове і з мэтай выканання законаў Рэспублікі Беларусь, іншых рашэнняў Вярхоўнага Савета меў права выдаваць пастановы і распараджэнні, арганізоўваць і правяраць іх выкананне.

 

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да высновы, што пастановы Савета Міністраў ад 15 студзеня 1993 года № 20 “Аб арганізацыі ў г. Мінску ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 5 сакавіка 1994 г. № 126 “Аб арганізацыі ў рэспубліцы ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі”, якімі Савет Міністраў даручыў Міністэрству юстыцыі забяспечыць ажыццяўленне ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі, сумесна з Міністэрствам фінансаў зацвердзіць парадак выдачы і выкарыстання ліцэнзій на заняцце прыватнай натарыяльнай практыкай на перыяд правядзення эксперыменту ў горадзе Мінску, а таксама пры правядзенні эксперыменту ў рэспубліцы вызначыць па ўзгадненню з Міністэрствам фінансаў і выканкомамі мясцовых Саветаў месцы яго правядзення, колькасць натарыяльных кантор і ліцэнзій на заняцце прыватнай натарыяльнай практыкай, прыняты ў межах кампетэнцыі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што Саветам Міністраў не ў поўнай меры выкананы даручэнні Вярхоўнага Савета аб вызначэнні парадку дзейнасці натарыяльных кантор, што займаюцца прыватнай натарыяльнай практыкай, якія ўтрымліваліся ў правяраемых пастановах. На думку Суда, менавіта Савету Міністраў, зыходзячы з дадзеных даручэнняў, належала ўрэгуляваць ва ўстаноўленым парадку, у тым ліку пры неабходнасці і шляхам унясення адпаведных законапраектаў у Вярхоўны Савет, адносіны па залічэнню абавязковых плацяжоў у бюджэт, вызначыць парадак аплаты працы прыватных натарыусаў, вырашыць пытанні пакрыцця іх матэрыяльных затрат (арэнда памяшканняў, набыццё, абслугоўванне і рамонт аргтэхнікі, мэблі, канцылярскіх тавараў) і інш.

 

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года міністэрствы і дзяржаўныя камітэты Рэспублікі Беларусь у межах сваей кампетэнцыі мелі права выдаваць акты на аснове і з мэтай выканання законаў Рэспублікі Беларусь, іншых рашэнняў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, арганізоўваць і правяраць іх выкананне.

 

Згодна з пунктам 5.7 Палажэння аб Міністэрстве юстыцыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 1992 года № 408, якое дзейнічала на дзень прыняцця правяраемых нарматыўных актаў, у кампетэнцыю Міністэрства юстыцыі ўваходзіла кіраўніцтва работай органаў натарыята, праверка, аналіз і абагульненне іх дзейнасці, прыняцце мер па яе паляпшэнню. У адпаведнасці з пунктам 9.2 указанага Палажэння Міністэрства юстыцыі ў межах сваёй кампетэнцыі і на падставе дзеючага заканадаўства мела права выдаваць акты па пытаннях учынення натарыяльных дзеянняў, абавязковыя для выканання дзяржаўнымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі, усімі грамадзянамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

У адпаведнасці з пунктам 8.6 Палажэння аб Міністэрстве фінансаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 7 жніўня 1972 г. № 243, якое дзейнічала на дзень прыняцця правяраемых нарматыўных актаў, у кампетэнцыю Міністэрства фінансаў уваходзіла арганізацыя работы па вылічэнню і спагнанню дзяржаўных і мясцовых падаткаў і збораў з устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва, плацяжоў з прыбытку дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, падатку з абароту і іншых плацяжоў у бюджэт, а таксама кіраўніцтва гэтай работай. Згодна з пунктам 15 гэтага Палажэння Міністр фінансаў у межах кампетэнцыі міністэрства меў права выдаваць на падставе і з мэтай выканання дзеючых законаў Рэспублікі Беларусь, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў загады і інструкцыі і даваць указанні, абавязковыя для выканання мясцовымі фінансавымі і іншымі ўстановамі і арганізацыямі сістэмы міністэрства, і правяраць іх выкананне.

 

На падставе пункта 9.3 Палажэння аб Міністэрстве юстыцыі і пункта 15 Палажэння аб Міністэрстве фінансаў кіраўнікі гэтых міністэрстваў у неабходных выпадках мелі права выдаваць сумесныя загады і інструкцыі.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што на аснове і з мэтай выканання пастаноў Вярхоўнага Савета ад 26 лістапада 1992 г. і 18 студзеня 1994 г., пастаноў Савета Міністраў ад 15 студзеня 1993 г. № 20 і 5 сакавіка 1994 г. № 126 Міністэрства юстыцыі і Міністэрства фінансаў былі правамоцныя рэгуляваць пытанні арганізацыі і ажыццяўлення прыватнай натарыяльнай дзейнасці на перыяд правядзення эсперыменту толькі ў межах прадастаўленай ім кампетэнцыі.

 

Аднак у Парадку, а затым і ў Палажэнні было прадугледжана, што за ўчыненне натарыяльных дзеянняў, складанне праектаў дакументаў натарыус, які займаецца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, спаганяе з грамадзян і юрыдычных асоб натараыяльны збор, які адпавядае памерам дзяржаўнай пошліны і тарыфам за аказанне дадатковых платных прававых паслуг, якія прадугледжаны за ўчыненне аналагічных дзеянняў у дзяржаўнай натарыяльнай канторы. У Палажэнні, акрамя таго, указвалася, што даход прыватнага натарыуса пасля выплаты падаткаў і іншых абавязковых выплат застаецца ў яго распараджэнні. Канстытуцыйны Суд прыходзіць да высновы, што указаныя нормы не адпавядалі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года, не адпавядаюць дзеючай Канстытуцыі і законам “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб дзяржаўным натарыяце”, “Аб дзяржаўнай пошліне”.

 

У адпаведнасці з пунктам 14 артыкула 97 Канстытуцыі 1978 года ажыццяўленне заканадаўчага рэгулявання бюджэтна-фінансавай сістэмы, налогаабкладання адносілася да выключнага вядзення Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

 

Аналагічны парадак вырашэння гэтых пытанняў быў прадугледжаны і ў прынятай 15 сакавіка 1994 года Канстытуцыі. Згодна з пунктам 11 артыкула 83 Канстытуцыі правам устанаўліваць рэспубліканскія падаткі і зборы валодаў Вярхоўны Савет. Згодна з артыкулам 5 Закона ад 15 сакавіка 1994 года “Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” законы і іншыя нарматыўныя акты да прывядзення іх у адпаведнасць з Канстытуцыяй павінны былі дзейнічаць толькі ў той частцы, у якой яны не супярэчылі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 13 красавіка 1994 г. “Аб першачарговых мерах, накіраваных на рэалізацыю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” Савет Міністраў павінен быў забяспечыць перагляд і адмену міністэрствамі і ведамствамі нарматыўных актаў, якія супярэчылі новай Канстытуцыі. Міністэрствы і ведамствы таксама абавязаны былі самастойна прыняць меры па забеспячэнню вяршэнства Канстытуцыі і прывядзенню ў адпаведнасць з ёй раней прынятых імі нарматыўных актаў. Аднак ні Урад, ні Міністэрства юстыцыі не прынялі неабходных мер па належнаму выкананню гэтых патрабаванняў, у тым ліку па прывядзенню ў адпаведнасць з прынятай 15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыяй нарматыўных актаў, якія рэгулююць прыватную натарыяльную дзейнасць.

 

Прынцыпы і парадак прававога рэгулявання падаткаабкладання не змяніліся і ў прынятай на рэспубліканскім рэферэндуме Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі. У адпаведнасці з пунктам другім артыкула 97 дзеючай Канстытуцыі ўстанаўленне рэспубліканскіх падаткаў і збораў ажыццяўляецца шляхам прыняцця законаў.

 

Законам “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” дзяржаўная пошліна аднесена да агульнадзяржаўных падаткаў і збораў, якія ўстанаўліваюцца законам, і ў адпаведнасці з артыкулам 2 названага закона ўсе сумы падаткаў і збораў залічваюцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь. Аб тым, што даходы бюджэту фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў, указана і ў артыкуле 133 Канстытуцыі.

 

Згодна з пунктам 2 пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 г. натарыусы, якія займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, кіруюцца ў сваёй дзейнасці Законам “Аб дзяржаўным натарыяце” і іншымі заканадаўчымі актамі, якія выдаюцца ў адпаведнасці з ім, валодаюць роўнымі з дзяржаўнымі натарыусамі правамі і абавязкамі. У пастанове ад 26 лістапада 1992 г., іншых заканадаўчых актах якіх-небудзь выключэнняў з дзеючага парадку спагнання дзяржаўнай пошліны і яе паступлення ў бюджэт за ўчыненне натарыяльных дзеянняў, магчымасць яе замены натарыяльным зборам пры ажыццяўленні прыватнай натарыяльнай дзейнасці Вярхоўны Савет не ўстанавіў. Пры разглядзе Вярхоўным Саветам 26 лістапада 1992 года пытання аб правядзенні эксперыменту ў абгрунтаванне прыняцця пастановы ўказвалася, што дзяржаўная пошліна будзе спаганяцца прыватнымі натарыусамі і будзе паступаць у бюджэт. У сувязі з гэтым аплата за натарыяльныя дзеянні, якія ўчыняюцца прыватнымі натарыусамі, меркавалася быць больш высокай, чым за аналагічныя дзеянні натарыусаў дзяржаўных натарыяльных кантор (Бюлетэнь дзесятай сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання, 1992, № 37, с.41). Пры прыняцці Вярхоўным Саветам пастановы 18 студзеня 1994 года аб распаўсюджванні эксперыменту на ўсю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, указвалася, што пры ажыццяўленні прыватнай натарыяльнай дзейнасці ў даход дзяржавы паступалі не толькі падаткі, але і пошліны (Бюлетэнь трынаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання, 1994, № 45, с.3).

 

Артыкулам 34 Закона “Аб дзяржаўным натарыяце” устаноўлена, што за ўчыненне натарыяльных дзеянняў дзяржаўнымі натарыяльнымі канторамі і выканаўчымі камітэтамі гарадскіх, пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў, а таксама за складанне праектаў здзелак, заяў, падрыхтоўку копій дакументаў, выпісак з іх, выдачу дублікатаў дакументаў з зацікаўленых асоб спаганяецца дзяржаўная пошліна ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

 

Згодна з артыкулам 2 Закона “Аб дзяржаўнай пошліне” аб’ектамі абкладання пошлінай з’яўляюцца натарыяльныя дзеянні, якія ўчыняюцца дзяржаўнымі натарыяльнымі канторамі і мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама выдача дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, складанне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі праектаў здзелак і заяў, падрыхтоўка копій дакументаў і выпісак з іх. У адпаведнасці з артыкулам 6 гэтага закона дзяржаўная пошліна паступае ў мясцовы бюджэт, акрамя дзяржаўнай пошліны за выдачу пасведчанняў аб праве ўласнасці на аб’екты рэспубліканскай уласнасці, якая залічваецца ў даход рэспубліканскага бюджэту.

 

У абзацы восьмым Парадку і ў падпункце 10.2 Палажэння ўстаноўлены парадак падаткаабкладання прыватных натарыусаў, згодна з якім прыватны натарыус, які працуе ідывідуальна, павінен выплачваць падатак з сум перавышэння даходаў, атрыманых ад натарыяльнай дзейнасці, над расходамі па стаўках, якія прадугледжаны Законам “Аб падаходным падатку з грамадзян”, а прыватныя натарыусы, якія стварылі свае натарыяльныя бюро, выплачваюць падаткі ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое рэгламентуе падаткаабкладанне прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

 

На думку Канстытуцыйнага Суда, аднясенне прыватнай натарыяльнай дзейнасці ў пытаннях падаткаабкладання да прадпрымальніцкай дзейнасці не заснавана на пастановах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 г. і ад 18 студзеня 1994 г., другіх заканадаўчых актах.

 

У адпаведнасці з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь” прадпрымальніцтва (прадпрымальніцкая дзейнасць) - самастойная, ініцыятыўная дзейнасць грамадзян, якая накіравана на атрыманне прыбытку або асабістага даходу і ажыццяўляецца ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць або ад імя і пад маёмасную адказнасць юрыдычнай асобы (прадпрыемства).

 

Суд лічыць, што натарыяльная дзейнасць з’яўляецца публічна-прававой, натарыус дзейнічае ад імя дзяржавы, мае пячатку з адбіткам Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Дзеянні, якія ўчыняюцца натарыусам, гарантуюцца і абараняюцца дзяржавай. Прыватны натарыус не мае права ўчыняць натарыяльныя дзеянні на свае імя і ад свайго імя, на імя і ад імя сваіх сваякоў, а таксама на імя і ад імя работнікаў свайго натарыяльнага бюро.

 

Такім чынам, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства фінансаў, устанавіўшы парадак падаткаабкладання даходаў ад прыватнай натарыяльнай дзейнасці як ад прадпрымальніцкай дзейнасці і фактычна замяніўшы спагнанне дзяржаўнай пошліны ў бюджэт за ўчыненне натарыяльных дзеянняў на спагнанне натарыяльнага збору ў даход прыватнага натарыуса, выйшлі за межы сваёй кампетэнцыі.

 

Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу, што Міністэрства юстыцыі і Міністэрства фінансаў зацвердзілі Парадак і Палажэнне яшчэ да прыняцця Саветам Міністраў адпаведных пастаноў ад 15 студзеня 1993 года і ад 5 сакавіка 1994 года.

 

З улікам вышэйпададзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да высновы, што нормы, якія ўтрымліваюцца ў абзацах 8, 9 Парадку выдачы, выкарыстання ліцэнзіі і заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю на перыяд правядзення эксперыменту ў горадзе Мінску, а таксама ў падпункце 9.1, абзацах першым і другім падпункта 10.2 і падпункце 10.3 Палажэння аб парадку выдачы ліцэнзіі на права заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю і правядзення эксперыменту гэтага віду дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь у рэдакцыі ад 25 студзеня 1994 г., не адпавядалі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года і не адпавядаюць дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і законам Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што Вярхоўны Савет і Савет Міністраў не ажыццяўлялі належнага кантролю за выкананнем прынятых імі рашэнняў аб правядзенні эксперыменту ў горадзе Мінску, а затым і на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, а таксама за законнасцю прынятых Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам фінансаў нарматыўных актаў. Пытанні спагнання натарыяльнага збору ўзамен дзяржаўнай пошліны, законнасці падаткаабкладання прыватных натарыусаў не былі прадметам адпаведнага кантролю з боку падатковых органаў.

 

Органы, маючыя дачыненне да правядзення эксперыменту, сваечасова не ставілі ва ўстаноўленым парадку перад правамоцнымі органамі, у тым ліку перад Канстытуцыйным Судом, пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, якія рэгулююць прыватную натарыяльную дзейнасць.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 36, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 г. “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 18 студзеня 1994 г. “Аб унясенні змяненняў у Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі” адпавядаючымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.

 

2. Прызнаць пастановы Савета Міністраў ад 15 студзеня 1993 г. № 20 “Аб арганізацыі ў г. Мінску ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 5 сакавіка 1994 г. № 126 “Аб арганізацыі ў рэспубліцы ў парадку эксперыменту прыватнай натарыяльнай практыкі” ў частцы неналежнага выканання даручэнняў Вярхоўнага Савета аб вызначэнні парадку дзейнасці натарыяльных кантор, якія ажыццяўляюць прыватную натарыяльную дзейнасць, не адпавядаючымі пастановам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 г. “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі” і ад 18 студзеня 1994 г. “Аб унясенні змяненняў у Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі ў горадзе Мінску прыватнай натарыяльнай практыкі”.

 

3. Прызнаць не адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года, дзеючай Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь:

 

абзац восьмы Парадку выдачы, выкарыстання ліцэнзіі і заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю на перыяд правядзення эксперыменту ў горадзе Мінску, зацверджанага Міністэрствам юстыцыі 21 снежня 1992 года № 01-15/3733 і Міністэрствам фінансаў 22 снежня 1992 года № 13-10-5/3940 у частцы ўстаноўленага парадку падаткаабкладання натарыусаў, якія займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, а таксама абзац дзевяты ўказанага Парадку;

 

падпункты 9.1, абзацы першы і другі падпункта 10.2 і падпункт 10.3 Палажэння аб парадку выдачы ліцэнзіі на права заняцця прыватнай натарыяльнай дзейнасцю і правядзення эксперыменту гэтага віду дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі ад 25 студзеня 1994 года.

 

Прызнаць гэтыя нормы не маючымі юрыдычнай сілы з дня іх прыняцця.

 

4. Прапанаваць:

 

Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь паскорыць прыняцце Закона “Аб натарыяце”;

 

кампетэнтным органам дзяржаўнай улады вырашыць пытанні, звязаныя з падаткаабкладаннем прыватных натарыусаў, пераразмеркаваннем дзяржаўнай пошліны з дня пачатку правядзення эксперыменту, з улікам гэтага Заключэння, у тым ліку і зыходзячы з адказнасці дзяржаўных органаў, маючых дачыненне да яго правядзення, за незабеспячэнне належнага прававога рэгулявання парадку арганізацыі эксперыменту і дзейнасці прыватных натарыусаў.

 

5. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце”, “Звяздзе”, і ў тых выданнях, дзе былі апублікаваны правяраемыя нарматыўныя акты, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

6. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч