Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
11 лютага 1998 г. № P-62/98
Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1997 годзе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б., разгледзеўшы пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 80 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда,

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1997 годзе” (тэкст дадаецца).

 

2. Апублікаваць Пасланне “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1997 годзе” у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч

 

 

 

 

Прэзідэнту

Рэспублікі Беларусь

 

Палатам Парламента

Рэспублікі Беларусь

  

ПАСЛАННЕ

КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

 

АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦI

Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 1997 ГОДЗЕ

 

Вопыт развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы паказаў, што галоўным у пераходны перыяд з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці, нацыянальнай згоды і грамадзянскага міру ў краіне. 1997 год стаў прыметнаю вяхою на гэтым шляху. Для Канстытуцыйнага Суда ён быў адзначаны далейшым удасканальваннем заканадаўства аб канстытуцыйным кантролі і практыкі яго прымянення. У Канстытуцыі прадугледжаны прынцып фарміравання Канстытуцыйнага Суда, характэрны для сусветнай практыкі, калі ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць розныя органы дзяржаўнай улады, што забяспечвае незалежнасць Канстытуцыйнага Суда. Згодна з устаноўленым парадкам шэсць суддзяў назначаны Прэзідэнтам, пяць суддзяў выбраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Дакладней вызначана кампетэнцыя Канстытуцыйнага Суда. Цяпер у Законе “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” прама ўказана, што Суд мае права даваць заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, якія прымаюцца не толькі вышэйшымі дзяржаўнымі органамі, але і міністэрствамі, дзяржаўнымі камітэтамі, іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі. Гэта будзе садзейнічаць узмацненню канстытуцыйнага кантролю.

 

Канстытуцыйны Суд пры ажыццяўленні сваіх функцый стаіць па-за палітыкай. Ён прызваны ўмацоўваць канстытуцыйную законнасць, якая заключаецца ў забеспячэнні вяршэнства і стабільнасці Канстытуцыі, абароне прадугледжаных ёю правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, рэалізацыі прынцыпу падзелу ўлад, захаванні іерархіі прававых норм. У адпаведнасці з артыкуламі 8 і 116 Канстытуцыі ў сваёй дзейнасці Канстытуцыйны Суд кіруецца таксама агульнапрызнанымі прынцыпамі міжнароднага права, нормамі міжнародна-прававых актаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь.

 

I

 

У 1997 годзе Канстытуцыйным Судом вынесена 13 рашэнняў, у тым ліку некаторыя з іх у форме заключэнняў. Яны маюць важнае значэнне для забеспячэння канстытуцыйнай законнасці, абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

 

У сувязі з неадназначным разуменнем і цяжкасцямі, якія ўзнікаюць у правапрымяняльнай практыцы, 25 сакавіка 1997 г. Канстытуцыйным Судом дадзена тлумачэнне Заключэння ад 27 чэрвеня 1996 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пастановы Вярхоўнага Савета ад 11 чэрвеня 1993 года “Аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Рэспубліцы Беларусь” і Часовага палажэння аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў), зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 31 жніўня 1993 года № 589”. Зыходзячы з канстытуцыйных гарантый на свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, права ўласнасці і права грамадзян на жыллё, а таксама норм міжнароднага права, Суд растлумачыў, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і пастаянна пражываючыя за межамі рэспублікі, маюць права набываць кватэры (дамы) па дагавору куплі-продажу ў любых населеных пунктах Рэспублікі Беларусь незалежна ад пастаяннага месца жыхарства. Разам з тым, на думку Суда, законам могуць быць вызначаны асаблівасці куплі-продажу кватэр (дамоў) у горадзе Мінску, паколькі Мінск як сталіца Рэспублікі Беларусь згодна з Канстытуцыяй мае асаблівы статус. Што датычыць замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і маюць законную крыніцу існавання, то яны павінны карыстацца нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь правам набыцця ў парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Беларусі. Пры гэтым не выключаецца магчымасць устанаўлення міжнароднымі дагаворамі і законамі Рэспублікі Беларусь асаблівасцей набыцця імі кватэр (дамоў) па дагаворах куплі-продажу. Згодна з дзеючым нацыянальным заканадаўствам гэтым правам не валодаюць замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія не маюць пастаяннага месца жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Суд таксама растлумачыў, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія не пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маюць права набываць кватэры (дамы) у Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі і ўстаноўленай працэдурай рэалізацыі норм міжнародных дагавораў.

 

У адпаведнасці з рашэннем Суда аб тлумачэнні ўказанага Заключэння Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь Законам ад 12 лістапада 1997 г. прызнаў Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 1993 года “Аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў) у Рэспубліцы Беларусь” страціўшай сілу. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай ад 22 снежня 1997 г. № 1701 таксама ўнёс адпаведныя змяненні ў Часовае палажэнне аб парадку куплі-продажу кватэр (дамоў), зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 31 жніўня 1993 г. № 589. Па прадстаўленню пракурора горада Мінска, у аснову якога пакладзена тлумачэнне Заключэння Канстытуцыйнага Суда, Мінгарвыканком адмяніў сваё рашэнне ад 12 чэрвеня 1997 г. № 531 “Аб куплі-продажу кватэр (дамоў) у г.Мінску” і прыняў 30 кастрычніка 1997 г. новае рашэнне па дадзенаму пытанню.

 

15 красавіка 1997 г. Канстытуцыйны Суд, кіруючыся артыкулам 42 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, перагледзеў Заключэнне Суда ад 4 лістапада 1996 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пунктаў 2.2, 2.5 і 3 Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1996 года “Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнню”. (Перагляд раней прынятых рашэнняў не з’яўляецца чымсьці выключным у сусветнай практыцы ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю. Такі факт меў месца і ў практыцы работы Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, які ў лістападзе 1995 года шляхам тлумачэння фактычна перагледзеў сваё Заключэнне ад 30 кастрычніка 1995 года).

 

Пры вынясенні рашэння ад 15 красавіка 1997 г. Суд зыходзіў з таго, што Заключэнне ад 4 лістапада 1996 г. насіла супярэчны, выбарчы характар. Рэзалюцыйная частка не вынікала з прыведзеных у матывіровачнай частцы довадаў. Высновы Суда пры прыняцці Заключэння не грунтаваліся на Канстытуцыі і дзеючым заканадаўстве. Суд не мог правяраць канстытуцыйнасць пастановы Вярхоўнага Савета ад 6 верасня 1996 г., як акта, не меўшага нарматыўнага характару. Гэта пастанова ў сапраўднасці была правапрымяняльным актам. Пры вызначэнні сваёй пазіцыі адносна таго, што ўказаная пастанова Вярхоўнага Савета не мела нарматыўнага характару, Канстытуцыйны Суд пры вынясенні рашэння 15 красавіка 1997 г. улічваў у тым ліку і Рэкамендацыйны заканадаўчы акт “Аб нарматыўных прававых актах дзяржаў - удзельніц СНД”, адобраны яшчэ 13 мая 1995 г. пастановай Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД, які ўтрымлівае азначэнне паняцця нарматыўнага акта.

 

Пры прыняцці 4 лістапада 1996 г. Заключэння не было ўлічана, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, уносячы ў Вярхоўны Савет прапанову аб правядзенні абавязковага рэспубліканскага рэферэндуму, дзейнічаў у межах сваіх паўнамоцтваў і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Пастанова ад 6 верасня 1996 г. таксама Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь была прынята ў межах яго кампетэнцыі, грунтавалася на Канстытуцыі і законах. У той жа час, Канстытуцыйны Суд не быў надзелены паўнамоцтвамі праверкі канстытуцыйнасці правядзення рэферэндумаў.

 

Канстытуцыйным Судом па прапанове Вярхоўнага Суда праверана канстытуцыйнасць пункта 3 раздзела III “Заключныя палажэнні” Закона ад 17 мая 1997 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь”.

 

Законам ад 17 мая 1997 г. зменены падыход да ацэнкі ступені грамадскай небяспекі асобных злачынстваў шляхам павелічэння памераў кратнасці мінімальнай заработнай платы пры кваліфікацыі раскрадання маёмасці і іншых злачынстваў, звязаных з прычыненнем урону.

 

Так, дробным раскраданнем маёмасці згодна з арт.72 Крымінальнага кодэкса стала прызнавацца раскраданне на суму, якая не перавышае дзесяцікратнага памеру ўстаноўленага мінімуму заработнай платы на момант учынення злачынства (раней — адной мінімальнай заработнай платы). Калі раней буйным памерам (уронам), асабліва буйным памерам (уронам) пры ўчыненні злачынстваў прызнаваліся памеры, якія ў сорак разоў і больш і ў сто разоў і больш перавышалі ўстаноўленую мінімальную заработную плату на момант учынення злачынства, то ў выніку ўнесеных змяненняў — адпаведна якія ў дзвесце пяцьдзесят і ў тысячу разоў перавышаюць устаноўленую мінімальную заработную плату. З Крымінальнага кодэкса быў выключаны артыкул 911 аб адказнасці за раскраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах, а ў адпаведныя часткі артыкулаў 87, 88, 89, 90 і 91 Крымінальнага кодэкса асабліва буйны памер уведзены ў якасці кваліфікуючай прыметы. Мінімальныя межы пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за раскраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах зніжаны з 10 гадоў да 7 і 8 гадоў. Усё гэта азначае змякчэнне адказнасці за ўказанае злачынства.

 

Ужо толькі па той прычыне, што з Крымінальнага кодэкса выключаны артыкул 911, павінен быць ажыццёўлены перагляд крымінальных спраў асуджаных па гэтаму артыкулу, таму што яны не могуць адбываць пакаранне за злачынствы, не прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што Закон ад 17 мая 1997 г. змякчае адказнасць у выніку як змянення крытэрыяў кваліфікацыі шэрага злачынстваў, так і змякчэння пакарання за раскраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах. Фактычна гэта прызнаў у пункце 2 раздзела III “Заключныя палажэнні” Закона ад 17 мая 1997 г. і сам заканадавец, дапусціўшы прымяненне норм артыкула 6 Крымінальнага кодэкса ў адносінах да асоб, учыніўшых злачынствы, па якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу. Згодна з указаным артыкулам закон, які ўстараняе каральнасць дзеяння або змякчае пакаранне, мае зваротную сілу, гэта значыць распаўсюджваецца на дзеянні, учыненыя да яго выдання. У той жа час Парламент абмежаваў дзеянне зваротнай сілы крымінальнага закона, не прадугледзеўшы магчымасць перагляду прыгавораў, вынесеных за такія ж злачынствы, калі яны ўступілі ў законную сілу. Такім чынам, дзеянне зваротнай сілы закона было пастаўлена ў залежнасць ад таго, уступіў ці не ўступіў вынесены прыгавор у законную сілу. Высновы Канстытуцыйнага Суда грунтаваліся на дзеючай Канстытуцыі, нормах міжнароднага права і іншых актах.

 

У адпаведнасці з часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыі закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.

 

Пунктам 1 артыкула 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжваецца, што, калі пасля ўчынення злачынства законам устанаўліваецца больш лёгкае пакаранне, дзеянне гэтага закона распаўсюджваецца на дадзенага злачынца.

 

Аналагічны падыход да разумення правіла зваротнай сілы закона замацаваны і ў артыкуле 43 Рэкамендацыйнага заканадаўчага акта “Аб нарматыўных прававых актах дзяржаў - удзельніц СНД”, адобранага Міжпарламенцкай Асамблеяй дзяржаў - удзельніц СНД 13 мая 1995 г., а таксама ў артыкуле 12 Мадэльнага крымінальнага кодэкса для дзяржаў - удзельніц СНД, прынятага Міжпарламенцкай Асамблеяй дзяржаў - удзельніц СНД 17 лютага 1996 г., дзе, у прыватнасці, указваецца, што закон, які ўстараняе злачыннасць дзеяння, змякчае пакаранне або іншым чынам паляпшае становішча асобы, учыніўшай злачынства, мае зваротную сілу, гэта значыць распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі адпаведнае дзеянне да ўступлення такога закона ў сілу, у тым ліку на асоб, якія адбываюць пакаранне.

 

Канстытуцыйны Суд прызнаў пункт 3 раздзела III “Заключныя палажэнні” указанага Закона неканстытуцыйным у частцы недапушчэння перагляду ўступіўшых у законную сілу прыгавораў аб злачынствах, па якіх зменены кваліфікуючыя прыметы ў залежнасці ад памеру выкрадзенага ці прычыненага ўрону.

 

Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці неабходныя змяненні ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь. Такі закон Парламентам быў прыняты.

 

Разгледзеўшы справу аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункта 12.4.11 Метадычных указанняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі “Аб парадку прымянення Закона Рэспублікі Беларусь “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” і Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання” ад 1 ліпеня 1994 года № 110, а таксама растлумачэнняў Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі ад 21 чэрвеня 1994 года № 03/104 і ад 7 лютага 1995 года № 03/22 у частцы ўказання на абавязковасць спагнання з парушальнікаў падатковага заканадаўства даналічанай сумы падатку і пені за пратэрміноўку яго ўнясення, Суд у сваім Заключэнні ад 31 кастрычніка 1997 г. прызнаў указаныя нарматыўныя акты не супярэчнымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.

 

Суд указаў, што дзяржава мае права і абавязана прымаць меры па рэгуляванню падатковых адносін у мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў. Да мер, якія забяспечваюць выкананне падатковага абавязацельства, адносіцца, у прыватнасці, устанаўленне юрыдычнай адказнасці за парушэнне падатковага заканадаўства.

 

Рашэнне па гэтай справе, узбуджанай па ініцыятыве Вышэйшага Гаспадарчага Суда, мела прынцыповае значэнне для фарміравання адзінай судовай практыкі пры разглядзе спраў дадзенай катэгорыі гаспадарчымі судамі рэспублікі.

 

Складанасці ў выкананні рашэння Канстытуцыйнага Суда ад 28 мая 1996 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 88 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” і артыкула 56 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў” з’явіліся прычынай разгляду справы аб тлумачэнні названага Заключэння.

 

Суд растлумачыў, што пры вырашэнні пытанняў аб выплаце працоўных пенсій, назначаных у адпаведнасці з Законам “Аб пенсіённым забеспячэнні”, асобам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, не выключаецца права заканадаўчага органа, іншых дзяржаўных органаў у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прадугледзець парадак кампенсавання за кошт гэтых пенсій расходаў на ўтрыманне ўказаных асоб у папраўча-працоўных установах, пакрыцця ўрону, прычыненага іх злачынствам, а таксама выплат па іншых абавязацельствах. Аналагічным чынам могуць вырашацца пытанні ў адносінах да асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, пры выплаце пенсій, якія назначаюцца ў адпаведнасці з Законам “Аб пенсіённым забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў”. Пры гэтым, калі расходы на ўтрыманне пенсіянера ў месцах пазбаўлення волі перавышаюць памеры назначанай пенсіі, заканадаўствам можа быць вызначана мінімальная сума пенсіі, якая захоўваецца за пенсіянерам. Канстытуцыйны Суд растлумачыў, што пытанні выплаты сацыяльных пенсій асобам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, могуць быць вырашаны з улікам мэтавага назначэння гэтых пенсій і магчымасцей дзяржавы.

 

Разгляд указанай справы аб тлумачэнні раней прынятага Канстытуцыйным Судом Заключэння паказаў неабходнасць удасканальвання пенсіённага заканадаўства, якое датычыць, у прыватнасці, пенсіянераў, як тых, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, так і тых, якія атрымліваюць ад дзяржавы дадатковыя сацыяльныя паслугі (напрыклад, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах). Рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 27 лістапада 1997 г. аб тлумачэнні Заключэння прызвана таксама садзейнічаць абароне маёмасных і іншых правоў пацярпелых ад злачынных замахаў у сувязі з прычыненай шкодай.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што адпаведныя карэктывы ў сувязі з яго рашэннямі ў бліжэйшы час неабходна ўнесці ў пенсіённае заканадаўства.

 

II

 

Згодна з артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы, якія ў сваю чаргу павінны іх разгледзець і даць адказ па сутнасці. У Канстытуцыйны Суд у мінулым годзе паступіла каля 500 зваротаў. Паколькі Канстытуцыйны Суд не валодае правам узбуджэння спраў па прапановах грамадзян, ён выкарыстаў іншыя формы іх вырашэння ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Звароты грамадзян разгледжаны і па іх дадзены адпаведныя растлумачэнні Судом. У неабходных выпадках звароты накіроўваліся ў кампетэнтныя органы з просьбай разабрацца па сутнасці ў тых праблемах, якія ўзнікаюць у канкрэтных асоб, аказаць ім магчымую дапамогу ў іх вырашэнні. У большасці выпадкаў дзяржаўныя органы (парламенцкія камісіі, Савет Міністраў, Пракуратура рэспублікі, міністэрствы сацыяльнай абароны, працы, юстыцыі, адукацыі, унутраных спраў, абароны і інш.) з разуменнем адносяцца да разгляду накіраваных Судом матэрыялаў.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што значная частка зваротаў грамадзян па свайму зместу выходзіць за рамкі асабіcтых інтарэсаў, мае сацыяльную значнасць і дазваляе рабіць пэўныя высновы аб ступені прававой абароненасці асобных катэгорый грамадзян. У многіх зваротах утрымліваюцца не толькі крытычныя выказванні на адрас канкрэтных дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ігнаруюць, на думку заяўнікаў, іх правы і законныя інтарэсы, але і выказваюцца ацэнкі дзеючага заканадаўства, якое недастаткова, на іх думку, забяспечвае канстытуцыйныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, ставяцца пытанні аб неабходнасці яго ўдасканальвання.

 

Грамадзяне, юрыдычныя асобы, правапрымяняльныя органы рэспублікі зведваюць, у прыватнасці, цяжкасці ў сувязі з неналежным прававым урэгуляваннем пытанняў апублікавання нарматыўных актаў і іх дзеяння ў часе. Дзеючае заканадаўства па гэтых пытаннях не адпавядае ў патрэбнай меры палажэнням артыкула 7 Канстытуцыі. Парадак прыняцця і ўступлення ў сілу нарматыўных актаў вызначаецца рознымі актамі, якія не рэгулююць дастаткова поўна і дакладна адпаведныя адносіны. Некаторыя міністэрствы і іншыя дзяржаўныя органы не прадстаўляюць своечасова свае нарматыўныя акты, у тым ліку тыя, якія датычаць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, для дзяржаўнай рэгістрацыі. Не заўсёды забяспечваецца публікацыя ўсіх зарэгістраваных актаў. Не можа быць прызнана здавальняючым становішча з апублікаваннем нарматыўных актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканаўча-распарадчых органаў. У гэтай сувязі неабходна забяспечыць няўхільнае выкананне правіла аб тым, што нарматыўныя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, уступаюць ў сілу толькі пасля іх афіцыйнага апублікавання.

 

Пераадоленню праблем такога роду садзейнічала б, на думку Суда, прыняцце закона, які б аднастайна і комплексна рэгуляваў усе бакі праватворчай дзейнасці: працэдуру падрыхтоўкі праектаў нарматыўна-прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, іх прыняцця, уступлення ў сілу, спынення дзеяння; парадак пераадолення супярэчнасцей (калізій) паміж нарматыўнымі актамі; пытанні зваротнай сілы нарматыўна-прававых актаў, умоў дзеяння некаторых норм пасля адмены актаў і інш.

 

Ад асобных грамадзян і юрыдычных асоб у Канстытуцыйны Суд паступаюць скаргі, у якіх адзначаецца невыкананне ў шэрагу выпадкаў палажэння артыкула 60 Канстытуцыі аб тым, што кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Прыводзяцца факты, калі людзі працяглы час дабіваюцца права адстаяць свае інтарэсы ў судовым парадку, аднак ім у гэтым адказваюць. Так, напрыклад, у выпадках спынення крымінальнай справы на стадыі дасудовага расследавання рашэнні адпаведных органаў выводзяцца з-пад судовага кантролю. Пры гэтым робяцца спасылкі на частку шостую артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая ўтрымлівае норму, згодна з якой пастанова аб спыненні справы можа быть абскарджана пракурору. Гэта палажэнне ўспрымаецца судамі, органамі дазнання і папярэдняга следства як выключаючае магчымасць падачы аналагічнай скаргі ў суд.

 

У мэтах захоўвання канстытуцыйнай законнасці ў гэтым пытанні неабходна забяспечыць непасрэднае дзеянне норм артыкула 60 Канстытуцыі, а таксама ўнесці змяненні ў артыкул 209 КПК, якія дапускаюць магчымасць звяртання ў суд асоб, чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца спыненнем вядзення па крымінальнай справе.

 

Прапанова Канстытуцыйнага Суда па ўдасканальванню заканадаўства ў гэтай частцы была накіравана ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь яшчэ 27 снежня 1996 года.

 

Нямалая частка скаргаў грамадзян звязана з наяўнасцю іншых абмежаванняў іх магчымасцей звяртацца за абаронай сваіх правоў у агульныя суды. Так, увядзенне дзяржаўнай пошліны пры звяртанні ў суд з іскамі па працоўных спрэчках Законам “Аб дзяржаўнай пошліне”, рост платы за паслугі адвакатаў паставілі істотныя перашкоды перад маламаёмаснымі грамадзянамі, якія маюць патрэбу ў судовай абароне. Гарантыі права на судовую абарону зніжаюцца ў сувязі з патрабаваннямі аб выплаце дзяржаўнай пошліны пры звяртанні ў суды і органы пракуратуры з надзорнымі скаргамі на вынесеныя судовыя пастановы. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што дзеючае заканадаўства аб дзяржаўнай пошліне, спаганяемай пры звяртанні грамадзян за абаронай сваіх правоў у суд і органы пракуратуры, мае патрэбу ў пераглядзе, асабліва ў адносінах да маламаёмасных асоб, якія не маюць магчымасці заплаціць дзяржаўную пошліну. У той жа час Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць своечасовага перагляду ставак дзяржаўнай пошліны па асобных катэгорыях спраў немаёмаснага характару.

 

Пісьмы, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, сведчаць аб нярэдкіх фактах перавышэння ўстаноўленага артыкулам 92 КПК Рэспублікі Беларусь максімальнага (паўтарагадовага) тэрміну ўтрымання пад вартай асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні цяжкіх злачынстваў. Тым самым парушаюцца не толькі нормы нацыянальнага заканадаўства, але і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У мэтах устаранення такога роду парушэнняў патрабуецца ўзмацненне адпаведных прававых гарантый на заканадаўчым узроўні, а таксама нагляду і судовага кантролю.

 

Значная колькасць скаргаў грамадзян прысвечана праблемам, якія звязаны з пакрыццём урону, прычыненага інфляцыйным абясцэненнем грашовых зберажэнняў грамадзян, змешчаных раней ва ўклады ў Ашчадным банку, а таксама невыкананнем Урадам Рэспублікі Беларусь пазыковых абавязацельстваў па каштоўных паперах былога СССР. Грамадзяне выказваюць занепакоенасць з прычыны таго, што ва ўмовах інфляцыі, якая пакуль захоўваецца, пытанні пакрыцця ўрону вырашаюцца надзвычай марудна і без уліку жыццёвага ўзроўню насельніцтва, асабліва пажылых людзей. У сувязі з гэтым неабходна паскорыць прыняцце нарматыўнага акта аб пакрыцці грамадзянам Рэспублікі Беларусь страт ад абясцэнення ўкладаў у Ашчадным банку і аблігацый мэтавай беспрацэнтнай пазыкі 1990 года на набыццё тавараў працяглага карыстання. Значнасць рашэння гэтага пытання прадвызначаецца нормай часткі чацвёртай артыкула 44 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якой дзяржава заахвочвае і ахоўвае зберажэнні грамадзян, стварае гарантыі вяртання ўкладаў. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што прынятае 21 чэрвеня 1995 г. Заключэнне Суда не перашкаджае знаходжанню кампетэнтнымі органамі рэспублікі аптымальнага рашэння па пытанню выплаты кампенсацый уладальнікам аблігацый мэтавай беспрацэнтнай пазыкі 1990 года.

 

У пісьмах ветэранаў працы адзначаюцца недахопы ў пенсіённым заканадаўстве. Указваецца, у прыватнасці, што існуючы парадак вылічэння пенсіі прыводзіць да ўраўняльнага пенсіённага забеспячэння, да фактычнай недаацэнкі кваліфікацыі работніка, стажа работы, рэальнага працоўнага ўкладу.

 

Значная колькасць зваротаў у Канстытуцыйны Суд звязана з існуючымі ў дзеючым заканадаўстве супярэчнасцямі адносна льгот, якія прадастаўляюцца розным катэгорыям грамадзян. Законам ад 3 мая 1996 г. былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў законы, якія рэгулююць прадастаўленне льгот розным катэгорыям грамадзян. Аднак поўнае ўпарадкаванне заканадаўства аб ільготах не ажыццёўлена. У сувязі з гэтым неабходна ўстараніць супярэчнасці, што ёсць у заканадаўстве аб ільготах, якія цягнуць істотныя разыходжанні ў правапрымяняльнай практыцы і шматлікія скаргі грамадзян.

 

Нямала нараканняў у сваіх зваротах ў Канстытуцыйны Суд грамадзяне выказвалі на адрас падатковых органаў, якія, на іх думку, пры ажыццяўленні нарматворчасці выходзяць за межы сваіх паўнамоцтваў. Вывучыўшы ўказаныя пытанні, у тым ліку і пры разглядзе канкрэтных спраў, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што адной з прычын такіх зваротаў у 1997 годзе з’яўляецца недасканаласць і супярэчнасць заканадаўства аб падаткаабкладанні і практыкі яго прымянення. На думку Суда, неабходна, не чакаючы набліжэння канфліктных сітуацый, загадзя вывучаць законнасць прынятых ведамасных нарматыўных актаў, у тым ліку і шляхам унясення прапаноў у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы іх адпаведнасці Канстытуцыі і законам. Упарадкаванню падатковых праваадносін садзейнічала б хутчэйшае прыняцце Падатковага кодэкса, які б ўлічваў пазітыўны вопыт развіцця падатковага заканадаўства.

 

Аналіз зваротаў грамадзян сведчыць аб неабходнасці пашырэння прававых магчымасцей Канстытуцыйнага Суда ў адносінах абароны іх канстытуцыйных правоў і свабод. Гэта поўнасцю адпавядала б сэнсу артыкула 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якім кожны грамадзянін мае права паводле міжнародна-прававых актаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны. Згодна з артыкулам 116 Канстытуцыі кампетэнцыя Канстытуцыйнага Суда вызначаецца законам. Такім чынам, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дазваляе прадугледзець у законе права Канстытуцыйнага Суда ўзбуджаць вядзенне па справах аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, калі прапановы аб гэтым зыходзяць ад грамадзян. Устанаўленне такога парадку адпавядала б не толькі інтарэсам абароны правоў чалавека і грамадзяніна, міжнароднай практыцы, але і мэтам функцыянавання дзяржавы.

 

Вопыт ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю паказвае, што яго эфектыўнасць можа быць павышана шляхам пашырэння кола суб’ектаў, якія маюць права ініцыіраваць праверку Канстытуцыйным Судом адпаведнасці нарматыўных актаў Канстытуцыі. Згодна Канстытуцыі Генеральны пракурор і падпарадкаваныя яму пракуроры ажыццяўляюць нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем у рэспубліцы законаў, дэкрэтаў, указаў. Iмі ўносяцца пратэсты на супярэчныя законам акты ў органы, якія выдалі такія акты, або ў вышэйшыя органы. Аднак у многіх выпадках абгрунтаваныя пратэсты застаюцца без задавальнення. У сувязі з гэтым было б мэтазгодна ўнесці дапаўненні ў законы аб пракуратуры і Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь, згодна з якімі Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь меў бы права звяртацца з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці тых нарматыўных актаў, выкананнем якіх, на яго думку, парушаюцца або ўшчамляюцца замацаваныя ў Канстытуцыі правы чалавека і грамадзяніна або ствараюцца перашкоды іх рэалізацыі.

 

III

 

Канстытуцыйны Суд у 1997 годзе выкарыстаў сваё права ўносіць у органы дзяржаўнай улады прапановы, накіраваныя на ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці, удасканальванне дзеючага заканадаўства з мэтай больш поўнага забеспячэння рэалізацыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Такая форма работы Суда паказала сваю эфектыўнасць.

 

У 1997 годзе на адрас Прэзідэнта, Парламента і Урада, іншых дзяржаўных органаў Канстытуцыйным Судом накіраваны шэраг прапаноў, большасць з якіх знайшла разуменне і падтрымку. У прыватнасці, падтрыманы ініцыіраваныя Канстытуцыйным Судом прапановы аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, якімі вызначаны механізм рэалізацыі палажэнняў артыкула 112 Канстытуцыі. Артыкулам 6 Закона аб Канстытуцыйным Судзе ўстаноўлена, што, калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд (агульны або гаспадарчы) прыйдзе да высновы аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і пасля ўступлення ў законную сілу судовай пастановы ставіць адпаведна перад Вярхоўным Судом або Вышэйшым Гаспадарчым Судом Рэспублікі Беларусь пытанне аб унясенні імі прапановы ў Канстытуцыйны Суд аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным. Пленум Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь у сваёй пастанове ад 29 кастрычніка 1997 г. растлумачыў, што суды маюць права прыпыніць вядзенне па справе і звярнуцца да старшыні суда з мэтай ініцыіравання хадайніцтва перад Прэзідыумам Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь аб унясенні ім прапановы ў Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага акта. Аналагічны парадак трэба было б устанавіць і ў адносінах да агульных судоў, таму што накіраванае Вярхоўным Судом растлумачэнне не ў поўнай меры дае адказы на пытанні, якія ўзнікаюць на практыцы.

 

Практыка сведчыць аб тым, што пры разглядзе канкрэтных спраў суды нярэдка выяўляюць супярэчнасці паміж нарматыўнымі актамі і Канстытуцыяй, аднак адпаведных прапаноў ва ўстаноўленым парадку ў Канстытуцыйны Суд не ўносяць. Тым самым не выконваецца патрабаванне артыкула 112 Канстытуцыі, не забяспечваецца непасрэднае дзеянне канстытуцыйных норм і сваечасовае ўдасканальванне дзеючага заканадаўства.

 

Падтрымана ініцыятыва Канстытуцыйнага Суда аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон “Аб гаспадарчым судзе ў Рэспубліцы Беларусь” і Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія датычаць пытанняў прызнання несапраўднымі актаў дзяржаўных і іншых органаў, не адпавядаючых заканадаўству і закранаючых інтарэсы суб’ектаў гаспадарання. У цяперашні час гэтыя пытанні, як гэта і прадугледжана Канстытуцыяй, уваходзяць у кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда. У гэтай сувязі лічым, што пры звяртанні суб’ектаў гаспадарання ў Вышэйшы Гаспадарчы Суд яму патрэбна б не абмяжоўвацца растлумачэннем кола суб’ектаў, якія валодаюць правам унясення прапановы ў Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, але і пры абгрунтаванасці ўносіць у Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, асабліва ў тых выпадках, калі пастаўленыя пытанні маюць важнае грамадскае значэнне.

 

Па прапанове Канстытуцыйнага Суда ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разглядаюцца папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія прадугледжваюць магчымасць матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды пацярпеламу ад злачынства. Аднак гэтым не вычэрпваюцца праблемы, звязаныя з неабходнасцю пакрыцця маральнай шкоды, якая прычыняецца грамадзянам. Частка другая артыкула 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае права грамадзян спаганяць у адпаведнасці з законам у судовым парадку як прычыненую ім маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды. У дзеючым заканадаўстве паняцце маральнай шкоды адсутнічае, а магчымасці яе матэрыяльнага пакрыцця вызначаюцца вузкім колам заканадаўчых актаў, прычым у вельмі абмежаваных выпадках. На думку Канстытуцыйнага Суда, матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды павінна быць забяспечана пры парушэнні не толькі асабістых немаёмасных, але і іншых правоў і свабод, у тым ліку ў выніку злачынных замахаў. Таму прадстаўляецца мэтазгодным разам з замацаваннем у Грамадзянскім кодэксе паняцця маральнай шкоды і агульных умоў яе матэрыяльнага пакрыцця ўключыць нормы, якія прадугледжваюць магчымасць матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды, у адміністрацыйнае, працоўнае, жыллёвае, працэсуальнае і іншае галіновае заканадаўства.

 

У сувязі з калектыўным зваротам грамадзян і ў адпаведнасці з артыкуламі 40 і 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд прапанаваў Ураду ўнесці змяненні ў нарматыўныя акты аб пашпартах грамадзян. Па ініцыятыве Суда прадугледжана магчымасць па жаданню грамадзяніна рабіць адзнаку аб яго нацыянальнай прыналежнасці ў пашпарце новага ўзору. Такія змяненні былі ўнесены пастановай Савета Міністраў ад 24 красавіка 1997 г. № 394 ў Палажэнне аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і не пацягнулі за сабой змяненне зацверджаных узораў пашпартоў і істотных затрат.

 

Па ініцыятыве Суда Урад унёс таксама змяненне і ў сваю пастанову ад 9 красавіка 1997 г. № 309, якое дазваляе ў больш поўнай меры забяспечыць дзейнасць дзіцячых і маладзёжных лагераў, у якіх прапаведуюцца рэлігійныя веравучэнні.

 

Трэба прызнаць, што ёсць нямала падстаў для ўдасканальвання дзеючага заканадаўства. Галоўным чынам яны звязаны з неабходнасцю паслядоўнай рэалізацыі задач па далейшаму развіццю прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.

 

У 1997 годзе Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам былі прыняты меры па прывядзенню заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з Канстытуцыяй, прыняццю шэрага заканадаўчых актаў, накіраваных на рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, удакладненне прававога статусу і парадку дзейнасці асобных дзяржаўных органаў. Разам з тым, многія пытанні дзяржаўнага будаўніцтва ў рэспубліцы яшчэ маюць патрэбу ў заканадаўчым урэгуляванні. Неабходна паскорыць прыняцце законаў аб Савеце Міністраў, адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні; заканадаўча вызначыць прававы статус дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, парадак і працэдуру іх выбараў і адклікання; унесці змяненні ў законы аб рэферэндуме, мясцовым кіраванні і самакіраванні, судаўладкаванні і статусе суддзяў; вызначыць парадак рэалізацыі грамадзянамі права заканадаўчай ініцыятывы і інш.

 

Адначасова з распрацоўкай адпаведных законапраектаў у якасці прыярытэтнай застаецца задача па сістэматызацыі і кадыфікацыі заканадаўства і прыняццю новых Грамадзянскага, Грамадзянскага працэсуальнага, Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага, Зямельнага, Працоўнага і іншых кодэксаў. Заслугоўвае падтрымкі рашэнне Прэзідэнта аб неадкладнай падрыхтоўцы і прадстаўленні шэрага кадыфікаваных актаў Нацыянальнаму сходу.

 

Да прыярытэтных накірункаў удасканальвання заканадаўства трэба аднесці і падрыхтоўку заканадаўчых актаў, накіраваных на прамую рэалізацыю палажэнняў Канстытуцыі, асабліва ў галіне забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Значнасць указанага пытання ў 1998 годзе звязана таксама і з 50-годдзем прыняцця Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая вызначыла міжнародна-прававыя стандарты ў гэтай галіне.

 

Артыкулам 142 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што законы, указы і іншыя акты, якія дзейнічалі на тэрыторыі рэспублікі да ўвядзення яе ў дзеянне, прымяняюцца ў частцы, не супярэчнай Канстытуцыі. У гэтай сувязі дзяржаўныя органы павінны правесці ўлік і аналіз прынятых імі або падведамаснымі ім органамі нарматыўных актаў з мэтай сваечасовага выяўлення супярэчнасцей гэтых актаў Канстытуцыі, іх змянення або адмены.

 

IV

 

У мэтах удасканальвання практыкі канстытуцыйнага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь Канстытуцыйны Суд развівае міжнароднае супрацоўніцтва. Устанавіліся дзелавыя адносіны з замежнымі органамі канстытуцыйнага кантролю, у тым ліку краін СНД. Ажыццяўляецца абмен афіцыйнымі выданнямі і матэрыяламі ў галіне канстытуцыйнага права з органамі канстытуцыйнага кантролю іншых дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі.

 

Суддзі Канстытуцыйнага Суда прымалі ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, сімпозіумах па пытаннях удасканальвання канстытуцыйнага кантролю, якія праводзіліся ў рэспубліцы і за мяжой.

 

24 кастрычніка 1997 года Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь і органы канстытуцыйнага кантролю пяці іншых дзяржаў - удзельніц СНД стварылі ў якасці дарадчага органа Канферэнцыю канстытуцыйных судоў дзяржаў маладой дэмакратыі. Асноўныя мэты дадзенага органа — абмен вопытам работы, правядзенне тэматычных абмеркаванняў актуальных пытанняў канстытуцыйнага правасуддзя, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс. Канферэнцыя адкрыта для ўступлення ў яе органаў канстытуцыйнага кантролю іншых дзяржаў маладой дэмакратыі.

 

* * *

 

Надаючы важнае значэнне ўмацаванню канстытуцыйнай законнасці, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь бачыць у якасці асноўнага накірунку сваёй дзейнасці абарону правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, разлічвае ў гэтым на разуменне і падтрымку з боку Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, іншых органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд спадзяецца, што выказаныя ў гэтым Пасланні ідэі і прапановы будуць пазітыўна ўспрыняты ўсімі дзяржаўнымі органамі і рэалізаваны ў заканадаўстве і практыцы яго прымянення.

 

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 11 лютага 1998 года.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч