Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
19 чэрвеня 1998 г. № З-66/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях: Гапонцавай А.А. — намесніка дырэктара Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

 

Аляксандрава В.М. — намесніка старшыні Камісіі па заканадаўству Палаты прадстаўнікоў;

 

Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства Упраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

 

Бурага У.В. — загадчыка аддзела грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

Пташнік У.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Ждановіч І.М. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Іваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 19 мая 1998 года па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягаў артыкул 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (ЗЗ БССР, 1984 г., № 35, арт.505). Згодна з указаным артыкулам адміністрацыйнае затрыманне, асабісты надгляд, надгляд рэчаў і адабранне рэчаў і дакументаў могуць быць абскарджаны зацікаўленай асобай у вышэйстаячы орган (службовай асобе) або пракурору.

 

У сваёй прапанове ў Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь указаў, у прыватнасці, што немагчымасць абскарджання затрымання ў судовым парадку ўваходзіць у супярэчнасць з артыкулам 25 Канстытуцыі, які прадугледжвае права асобы на судовую праверку законнасці яе затрымання, а таксама артыкулам 60 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (у далейшым — КаАП), другіх законаў, а таксама міжнародна-прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Згодна з артыкулам 239 КаАП у выпадках, прама прадугледжаных заканадаўчымі актамі, у мэтах спынення адміністрацыйных правапарушэнняў, калі вычарпаны іншыя меры ўздзеяння, устанаўлення асобы, складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні пры немагчымасці складання яго на месцы, калі складанне пратакола з’яўляецца абавязковым, забеспячэння своечасовага і правільнага разгляду спраў і выканання пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях дапускаюцца адміністрацыйнае затрыманне асобы, асабісты надгляд, надгляд рэчаў і адабранне рэчаў і дакументаў.

 

Артыкулам 241 КаАП прадугледжана, што адміністрацыйнае затрыманне асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, можа праводзіцца ўпаўнаважанымі органамі (службовымі асобамі) у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй (органамі ўнутраных спраў (міліцыі), пагранічнымі войскамі, старшай у месцы знаходжання ахоўваемага аб’екта службовай асобай ваенізаванай аховы, службовымі асобамі ваеннай аўтамабільнай інспекцыі, службовымі асобамі таможных органаў).

 

Згодна з артыкулам 242 КаАП адміністрацыйнае затрыманне асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, можа працягвацца не больш трох гадзін. У выключных выпадках, у сувязі з асаблівай неабходнасцю заканадаўчымі актамі могуць быць устаноўлены больш працяглыя тэрміны адміністрацыйнага затрымання.

 

У адпаведнасці з заканадаўствам адміністрацыйнае затрыманне з’яўляецца мерай адміністрацыйнага ўздзеяння, якая забяспечвае вядзенне па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Па свайму характару адміністрацыйнае затрыманне, якое заключаецца ў прымусовым абмежаванні свабоды асобы на вызначаны тэрмін, закранае яе права на недатыкальнасць і годнасць.

 

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае, што кожны чалавек мае права на свабоду і на асабістую недатыкальнасць (артыкул 3); ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або затрыманню (артыкул 9); кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадку парушэння яго асноўных правоў, якія прадастаўлены яму канстытуцыяй або законам (артыкул 8).

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах таксама прадугледжваецца, што кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць і ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманню пад вартай; кожнаму, хто пазбаўлены свабоды з прычыны арышту або ўтрымання пад вартай, належыць права на разбор яго справы ў судзе, каб гэты суд мог неадкладна вынесці пастанову адносна законнасці яго затрымання і распарадзіцца аб яго вызваленні, калі затрыманне незаконнае (артыкул 9); кожная дзяржава, якая ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, абавязуецца развіваць магчымасці судовай абароны (артыкул 2). Права на судовы разгляд законнасці затрымання гарантуецца артыкулам 9 Пакта незалежна ад характару затрымання.

 

Права кожнага чалавека на свабоду і асабістую недатыкальнасць, а таксама на судовую абарону ў выпадку затрымання адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.

 

Згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Артыкулам 21 Канстытуцыі прадугледжваецца, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязкамі дзяржавы.

 

У адпаведнасці з артыкулам 25 Канстытуцыі дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам. Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту.

 

Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што прадугледжаны артыкулам 246 КаАП парадак абскарджання мер адміністрацыйнага ўздзеяння ў вышэйстаячы орган (службовай асобе) або пракурору сам па сабе не супярэчыць абвешчаным у Канстытуцыі гарантыям правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: ён закліканы забяспечыць аператыўнае ўстараненне парушэнняў закона, якія дапускаюцца ў правапрымяняльнай практыцы. Аднак устаноўлены ў артыкуле 246 КаАП парадак абскарджання фактычна выключыў магчымасць падачы зацікаўленымі асобамі скаргі ў суд.

 

Пытанні абскарджання ў суд арышту або працягнення ўтрымання пад вартай у крымінальна-працэсуальным судаводстве былі вырашаны ў Законе ад 3 сакавіка 1994 года, г.зн. да прыняцця Канстытуцыі 1994 года. Што датычыць вядзення па справах аб адміністрацыйных  правапарушэннях, то артыкул 246 КаАП не прыведзены ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, у сувязі з чым насуперак артыкулу 60 Канстытуцыі рашэнні ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў (службовых асоб) па пытаннях прымянення мер адміністрацыйнага ўздзеяння, устаноўленых у артыкуле 246 КаАП, застаюцца па-за судовым кантролем.

 

Ацэньваючы довады прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб тым, што палажэнні артыкула 246 КаАП не супярэчаць артыкулу 25 Канстытуцыі, паколькі, па яго меркаванню, указаны артыкул Канстытуцыі вырашае пытанні затрымання толькі як крымінальна-працэсуальнай меры, Канстытуцыйны Суд адзначае, што падобнае тлумачэнне абмяжоўвае сферу  дзейнасці артыкула 25 Канстытуцыі і не стасуецца з нормамі міжнароднага права. Пад затрыманай асобай разумеецца любая асоба, пазбаўленая асабістай свабоды не ў выніку асуджэння за ўчыненне правапарушэння (Звод прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або зняволенню ў якой бы то ні было форме. Зацверджаны рэзалюцыяй 43/173 Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 снежня 1988 года); адміністрацыйнае затрыманне азначае ўзяцце пад варту асобы дзяржавай без прад’яўлення гэтай асобе абвінавачвання ва ўчыненні злачынства і без судовага разгляду затрымання (Правы чалавека і папярэдняе зняволенне. // Зборнік міжнародных стандартаў, якія датычаць папярэдняга зняволення. ООН. Нью-Йорк і Жэнева, 1994).

 

У артыкуле 246 КаАП апрача абскарджання адміністрацыйнага затрымання рэгулююцца таксама пытанні абскарджання асабістага надгляду, надгляду рэчаў і адабрання рэчаў і дакументаў. Як і затрыманне, указаныя дзеянні могуць быць абскарджаны зацікаўленай асобай у вышэйстаячы  орган (службовай асобе) або пракурору.

 

У адпаведнасці з артыкулам 243 КаАП асабісты надгляд і надгляд рэчаў  могуць праводзіцца  ўпаўнаважанымі  на тое службовымі асобамі адпаведных дзяржаўных органаў. Аб асабістым надглядзе і надглядзе рэчаў складаецца пратакол ці робіцца адпаведны запіс у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні або ў пратаколе аб адміністрацыйным затрыманні.

 

Артыкулам 244 КаАП устаноўлена, што рэчы і дакументы, якія з’яўляюцца сродкам або непасрэдным аб’ектам правапарушэння, выяўленыя пры затрыманні, асабістым  надглядзе або надглядзе рэчаў, адбіраюцца службовымі асобамі органаў, прадугледжаных у артыкуле 241 і 243 КаАП. У выпадку адабрання рэчаў і дакументаў аб гэтым складаецца пратакол ці робіцца адпаведны запіс у пратаколах аб адміністрацыйным правапарушэнні, аб надглядзе рэчаў або аб адміністрацыйным затрыманні.

 

Аналіз зместу прыведзеных артыкулаў КаАП паказвае, што асабісты надгляд і надгляд рэчаў, адабранне рэчаў і дакументаў могуць мець месца як пры адміністрацыйным затрыманні асобы, так і не ў сувязі з затрыманнем. З улікам характару ўказаных мер  Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры іх прымяненні таксама могуць быць парушаны ахоўваемыя Канстытуцыяй правы і свабоды грамадзян, перш за ўсё, недатыкальнасць і годнасць асобы (артыкул 25 Канстытуцыі), неўмяшанне ў асабістае жыццё (артыкул 28 Канстытуцыі), недатыкальнасць уласнасці (артыкул 44 Канстытуцыі).

 

У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд прыходзіць да высновы, што асабісты надгляд і надгляд рэчаў, адабранне рэчаў і дакументаў таксама могуць быць  абскарджаны зацікаўленай асобай не толькі ў вышэйстаячы орган (службовай асобе) або пракурору, але і ў адпаведнасці з артыкулам 60 Канстытуцыі — у суд.

 

Артыкулам 7 Канстытуцыі прадугледжана, што дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства.

 

Згодна з артыкулам 137 Канстытуцыі законы выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, якая валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.

 

Артыкулам 142 Канстутыцыі ўстаноўлена, што законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.

 

Канстытуцыйны Суд прыходзіць да высновы, што палажэнні артыкула 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях як абмяжоўваючыя права грамадзяніна на доступ да правасуддзя, перашкаджаючыя рэалізацыі права кожнага на гарантаваную Канстытуцыяй абарону яго правоў і свабод незалежным і непрадузятым судом, супярэчаць артыкулам 25, 28, 44 і 60 Канстытуцыі, а таксама Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванаму Рэспублікай Беларусь.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць артыкул 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб  адміністрацыйных правапарушэннях не адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах у той меры, у якой ён не прадугледжвае судовае абскарджанне адміністрацыйнага затрымання, асабістага надгляду, надгляду рэчаў і адабрання рэчаў і дакументаў.

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, другія законы змяненні і дапаўненні, якія забяспечваюць рэалізацыю права грамадзян на абскарджанне ў суд адміністрацыйнага затрымання, асабістага надгляду, надгляду рэчаў, адабрання рэчаў і дакументаў у адпаведнасці з гэтым Заключэннем.

 

3. Да ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і іншыя нарматыўныя акты па пытаннях судовага абскарджання адміністрацыйнага затрымання, асабістага надгляду, надгляду рэчаў, адабрання рэчаў і дакументаў у адпаведнасці з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі павінна непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыі.

 

4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч