Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
24 чэрвеня 1998 г. № 3-67/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкула 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствую-чага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шышко Г.Б., Шукліна В.З.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў: Міклашэвіча П.П. — першага намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Аляксандрава В.М. — намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўству; Дзямідавай І.Я. — загадчыка аддзела гаспадарчага, працоўнага і сацыяльнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Бурага У.В. — загадчыка аддзела грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі;

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь: Мінца І.М. — суддзі, сакратара Пленума Вярхоўнага Суда

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкула 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Ждановіч І.М. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Іваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана 19 мая 1998 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягалі артыкул 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (ЗЗ БССР, 1984, № 35, арт. 505) і пункт 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў».

 

Артыкул 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (у далейшым — КаАП), які прадугледжвае парадак абскарджання пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, устанавіў, у прыватнасці, наступнае.

 

Пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні можа быць абскарджана:

 

1) пастанова адміністрацыйнай камісіі, камісіі па справах непаўналетніх — у выканаўчы камітэт адпаведнага Савета дэпутатаў або ў раённы (гарадскі) суд, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым;

 

2) рашэнне выканаўчага камітэта пасялковага, сельскага Савета дэпутатаў — у выканаўчы камітэт раённага, гарадскога, раённага ў горадзе Савета дэпутатаў або ў раённы (гарадскі) суд, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым;

 

3) пастанова іншага органа (службовай асобы) аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу — у вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе) або ў раённы (гарадскі) суд, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым; пастанова аб накладанні іншага адміністрацыйнага спагнання — у вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе), пасля чаго скарга можа быць пададзена ў раённы (гарадскі) суд, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым.

 

Пастанова аб накладанні адначасова асноўнага і дадатковага адміністрацыйнага спагнання можа быць па выбару асобы, якая абскарджвае пастанову, абскарджана ў парадку, устаноўленым для асноўнага або для дадатковага спагнання;

 

4) пастанова органа ўнутраных спраў (службовай асобы) аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання, зафіксаванага на месцы ўчынення правапарушэння без складання пратакола, — у вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе);

 

5) пастанова службовай асобы ваеннай аўтамабільнай інспекцыі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання, зафіксаванага на месцы ўчынення правапарушэння без складання пратакола, — вышэйстаячай службовай асобе, правамоцнай разглядаць скаргу.

 

У пункце 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў» растлумачана наступнае: «Пры вырашэнні пытання аб прыняцці да вядзення суда скаргі на пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні трэба мець на ўвазе, што згодна з артыкуламі 266 і 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях такая пастанова можа быць абскарджана асобай, у адносінах да якой яна вынесена, а таксама пацярпеўшым.

 

Пастанова адміністрацыйнай камісіі, камісіі па справах непаўналетніх, рашэнне выканкама пасялковага, сельскага Савета дэпутатаў аб накладанні любога віду адміністрацыйнага спагнання, а таксама пастанова іншага органа (службовай асобы) аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу можа быць абскарджана ў суд, калі яна не была абскарджана ў іншым прадугледжаным артыкулам 267 названага Кодэкса парадку, г.зн. пастанова камісіі — у выканкам адпаведнага Савета дэпутатаў, рашэнне выканкама пасялковага, сельскага Савета дэпутатаў — у вышэйстаячы выканкам Савета дэпутатаў, пастанова іншага органа (службовай асобы) — у вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе).

 

Скарга на пастанову іншага органа (службовай асобы) аб накладанні іншых відаў адміністрацыйных спагнанняў (акрамя штрафу) прымаецца да вядзення суда толькі пасля разгляду яе вышэйстаячым органам (вышэйстаячай службовай асобай).

 

Пастанова аб накладанні адначасова асноўнага і дадатковага адміністрацыйнага спагнання можа быць па выбару асобы, якая абскарджавае пастанову, абскарджана ў парадку, устаноўленым для асноўнага або дадатковага спагнання.»

 

У сваёй прапанове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 267 КаАП і пункта 2 названай пастановы Пленума і ўказаў, што палажэнні артыкула 267 КаАП і пастановы Пленума Вярхоўнага Суда аб тым, што калі зацікаўленая асоба выкарыстала прадастаўленае ёй законам права абскарджання пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў іншы орган (акрамя суда), то права на звяртанне ў суд са скаргай на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў яна не мае, уступаюць у супярэчнасць з артыкулам 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якім кожнаму грамадзяніну гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Кенік К.I., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародна-прававых актаў, судовую практыку, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Артыкул 267 КаАП, які правяраецца Канстытуцыйным Судом, вызначае парадак абскарджання пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пунктамі 1, 2 і 3 указанага артыкула, у прыватнасці, прадугледжана, што пастановы адміністрацыйнай камісіі, камісіі па справах непаўналетніх могуць быць абскарджаны ў выканаўчы камітэт адпаведнага Савета дэпутатаў або ў раённы (гарадскі) суд; рашэнне выканаўчага камітэта пасялковага, сельскага Савета дэпутатаў — у выканаўчы камітэт раённага, гарадскога Савета дэпутатаў або ў раённы (гарадскі) суд; пастановы іншага органа (службовай асобы) аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу — у вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе) або ў раённы (гарадскі) суд.

 

Канстытуцыйны Суд не можа пагадзіцца з довадамі аб тым, што артыкул 267 КаАП не ўтрымлівае абмежаванняў для звяртання грамадзяніна ў суд, паколькі зыходзячы з аналізу яго зместу можна зрабіць выснову аб альтэрнатыўнай падведамнасці абскарджання пастаноў па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні: або ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе), або ў суд.

 

У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» пры праверцы акта Канстытуцыйны Суд мае на ўвазе як літаральны яго сэнс, так і сэнс, які надаецца яму практыкай прымянення.

 

Вывучыўшы практыку прымянення артыкула 267 КаАП, Канстытуцыйны Суд устанавіў, што дадзеная норма закона прымяняецца такім чынам, што калі зацікаўленая асоба рэалізавала права на пазасудовы парадак абскарджання пастановы ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе), то скарга на пастанову аб накладанні адміністрацыйнага спагнання разгляду ў судзе не падлягае.

 

Такое растлумачэнне ўтрымліваецца ў абзацы другім пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў», згодна з якім пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання можа быць абскарджана ў суд, калі яна не была абскарджана ў іншым прадугледжаным артыкулам 267 КаАП парадку.

 

Судовая практыка не змянілася і пасля прыняцця 15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з артыкулам 61 якой кожнаму гарантавалася абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у пастанове ад 28 чэрвеня 1996 г. № 7 «Аб выкананні судамі пастановы № 7 Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. «Аб практыцы разгляду судамі скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў» указаў, што пры разглядзе такіх спраў належыць няўхільна выконваць патрабаванні артыкула 267 КаАП аб парадку абскарджання пастановы аб адміністрацыйным правапарушэнні (Судовы веснік, 1996, № 3).

 

Такім чынам, Вярхоўны Суд, накіроўваючы судовую практыку, не забяспечыў вяршэнства норм Канстытуцыі, якія гарантуюць права кожнаму на судовую абарону, не прывёў прынятыя Пленумам пастановы ў адпаведнасць з Канстытуцыяй.

 

Указанымі растлумачэннямі Пленума Вярхоўнага Суда агульныя суды Рэспублікі Беларусь кіруюцца пры разглядзе спраў дадзенай катэгорыі да цяперашняга часу. Так, вызначэннем суддзі суда Рэчыцкага раёна ад 7 красавіка 1997 г. адмоўлена ў прыняцці скаргі грамадзянкі К. на пастанову Дзяржаўнай падатковай інспекцыі па Рэчыцкаму раёну аб накладанні штрафу. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, пакінуўшы без змянення вызначэнне суддзі, указаў, што ў адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 267 КаАП Рэспублікі Беларусь пастанова іншага органа (службовай асобы) аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу можа быць абскарджана ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе) або ў раённы суд, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым. Па меркаванню Вярхоўнага Суда, «значыць, законам устаноўлены пазасудовы або судовы парадак абскарджання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу. Таму ў сілу закона рэалізацыя грамадзянскага права на пазасудовы парадак абскарджання спагнання з’яўляецца перашкодай для звяртання грамадзяніна па гэтаму ж пытанню ў суд» (Судовы веснік, 1997, № 4).

 

У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд лічыць, што абмежаванне права на судовую абарону пры рэалізацыі права на пазасудовы парадак абскарджання адміністрацыйнага спагнання супярэчыць артыкулу 60 Канстытуцыі, які гарантуе права кожнаму на абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

 

Прааналізаваўшы палажэнні пункта 3 артыкула 267 КаАП аб тым, што пастановы аб накладанні іншага адміністрацыйнага спагнання (акрамя штрафу) абскарджваюцца ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе), пасля чаго скарга можа быць пададзена ў раённы (гарадскі) суд, Канстытуцыйны Суд лічыць, што наяўнасць у дадзеным выпадку абавязковага папярэдняга дасудовага парадку вырашэння скаргі з правам далейшага абскарджання ў суд Канстытуцыі не супярэчыць.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што палажэнні пунктаў 4 і 5 артыкула 267 КаАП аб абскарджанні ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе) пастаноў аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў у выглядзе папярэджання, зафіксаванага на месцы ўчынення правапарушэння без складання пратакола, без прадастаўлення права абскардзіць гэтыя пастановы ў суд не адпавядаюць артыкулу 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паколькі і ў гэтых выпадках павінна быць права на звяртанне ў суд.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што не адпавядаючыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь нормы артыкула 267 КаАП і пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 супярэчаць таксама і міжнародна-прававым актам.

 

Усеагульная дэкларацыя праваў чалавека абвясціла, што кожны чалавек для вызначэння яго правоў і абавязкаў мае права на аснове поўнай роўнасці на тое, каб яго справа была разгледжана публічна і з захаваннем усіх патрабаванняў справядлівасці незалежным і непрадузятым судом (артыкул 10). Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што кожны мае права пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, які створаны на падставе закона (артыкул 14); кожная дзяржава, якая ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, абавязуецца развіваць магчымасці судовай абароны (артыкул 2).

 

Права на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права. У адпаведнасці з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

 

Згодна а артыкулам 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.

 

Артыкулам 142 Канстытуцыі ўстаноўлена, што законы, указы і іншыя акты, якія дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 34, 38, 40 і 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць не адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пункты 1, 2, 3 артыкула 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і абзац другі пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў» у частцы непрызнання за грамадзянінам права на абскарджанне ў суд пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку абскарджання яго ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе), а пункты 4 і 5 артыкула 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях — у частцы замацавання правіла аб абскарджанні пастановы толькі ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе) і адсутнасці ў грамадзяніна права на абскарджанне ў суд пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання, зафіксаванага на месцы ўчынення правапарушэння без складання пратакола.

 

Лічыць указаныя палажэнні не маючымі юрыдычнай сілы з дня прыняцця гэтага Заключэння.

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь прывесці адпаведна нормы артыкула 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і пункт 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь спраў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў» у адпаведнасць з гэтым Заключэннем.

 

3. Да ўнясення змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ў пастанову Пленума Вярхоўнага Суда ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў» у адпаведнасці з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі павінна непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Народнай газеце», «Звяздзе» і ў тых выданнях, дзе былі апублікаваны правяраемыя нарматыўныя акты, а таксама ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч