Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
26 чэрвеня 1998 г. № 3-68/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі другой артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям'і Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствую-чага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шышко Г.Б., Шукліна В.З.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Дубовіка М.М. — члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фізічнай культуры і спорту; Жышкевіча У.I. — начальніка ўпраўлення законапраектнай работы, намесніка начальніка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Бурага У.В. — загадчыка аддзела грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі другой артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Царэнка Я.М.— намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ждановіч І.М. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Іваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 19 мая 1998 года па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягала частка другая артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь (ЗЗ БССР, 1969 г., № 17, арт.278; 1990 г., № 22, арт. 451), якая прадугледжвае, што ўсынаўленне можа быць праведзена без згоды бацькоў, калі яны больш за шэсць месяцаў не пражываюць сумесна з дзіцем і без уважлівых прычын, нягледзячы на папярэджанне органаў апекі і папячыцельства, не прымаюць удзелу ў яго выхаванні і ўтрыманні, не праяўляюць у адносінах да дзіцяці бацькоўскай увагі і клопату.

 

У сваёй прапанове ў Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці часткі другой артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КаШС) Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь указаў, што ў адпаведнасці з артыкулам 113 КаШС усынаўленне праводзіцца рашэннем выканаўчага камітэта раённага, гарадскога, раённага ў горадзе Савета дэпутатаў па просьбе асобы, якая жадае ўсынавіць дзіця. У прапанове адзначана, што згодна з часткай чацвёртай артыкула 32 Канстытуцыі дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, Канвенцыі аб правах дзіцяці і іншых міжнародна-прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

У адпаведнасці з артыкулам 112 КаШС усынаўленне дапускаецца толькі ў адносінах да непаўналетніх дзяцей і ў іх інтарэсах.

 

Згодна з артыкулам 113 КаШС усынаўленне праводзіцца рашэннем выканаўчага камітэта раённага, гарадскога або раённага ў горадзе Савета дэпутатаў (у цяперашні час — выканаўчыя і распарадчыя органы раёнаў, гарадоў, раёнаў у гарадах) па просьбе асобы, якая жадае ўсынавіць дзіця. Прадугледжаны дадзеным артыкулам парадак прымяняецца як у выпадках, калі ўсынаўленне ажыццяўляецца са згоды бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, так і ў выпадках, калі такой згоды няма.

 

Для ўсынаўлення патрэбна згода бацькоў дзіцяці, не пазбаўленых бацькоўскіх правоў (частка першая артыкула 115 КаШС). З гэтага правіла ёсць некалькі выключэнняў, якія дапускаюць усынаўленне без згоды бацькоў.

 

Часткай першай артыкула 116 КаШС прадугледжана, што для ўсынаўлення не патрабуецца згоды бацькоў, калі яны пазбаўлены бацькоўскіх правоў або прызнаны ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымі або адсутнымі без вестак.

 

Частка другая ўказанага артыкула вызначае ўмовы, калі ўсынаўленне можа быць праведзена без згоды бацькоў, не пазбаўленых бацькоўскіх правоў, дзеяздольных, гэта значыць здольных разумець значэнне сваіх дзеянняў, кіраваць імі і прадбачыць вынікі іх учынення, і не прызнаных адсутнымі без вестак. У ёй прадугледжана, што ўсынаўленне можа быць праведзена без згоды бацькоў, калі яны больш за шэсць месяцаў не пражываюць сумесна з дзіцем і без уважлівых прычын, нягледзячы на папярэджанне органаў апекі і папячыцельства, не прымаюць удзелу ў яго выхаванні і ўтрыманні, не праяўляюць у адносінах да дзіцяці бацькоўскай увагі і клопату.

 

У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 32 Канстытуцыі бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Асноўны Закон вызначае, што выхаванне, клопат аб здароўі дзяцей, іх развіцці і навучанні з’яўляецца не толькі правам, але і абавязкам бацькоў або асоб, якія іх замяняюць.

 

Згодна з часткай чацвёртай указанага артыкула Канстытуцыі дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.

 

Судовы парадак аддзялення дзяцей супраць волі бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, устаноўлены ў Рэспубліцы Беларусь з прыняццем Канстытуцыі 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі на рэспубліканскім 1996 года рэферэндуме.

 

Зыходзячы са зместу ўказаных норм Канстытуцыі вынікае, што аддзяленне дзіцяці ад сваёй сям’і без згоды бацькоў магчыма ў выпадках, калі бацькі не выконваюць сваіх абавязкаў па выхаванню дзяцей, не клапоцяцца аб іх здароўі, развіцці, навучанні, і прычым такое аддзяленне магчыма толькі на падставе рашэння суда.

 

Усынаўленне ў выпадках, прадугледжаных часткай другой артыкула 116 КаШС, прыводзіць да аддзялення дзяцей ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў або асоб, якія іх замяняюць. Паколькі часткай чацвёртай артыкула 32 Канстытуцыі прадугледжаны толькі судовы парадак такога аддзялення, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы аб неадпаведнасці пазасудовага парадку ўсынаўлення, калі яно ажыццяўляецца супраць волі бацькоў, парадку, устаноўленаму Канстытуцыяй.

 

Парадак усынаўлення дзяцей у выпадках, прадугледжаных часткай другой артыкула 116 КаШС, вызначаны ў артыкуле 113 дадзенага Кодэкса. У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ўказаныя нормы Кодэкса аб шлюбе і сям’і дапускаюць магчымасць усынаўлення дзяцей супраць волі бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, у пазасудовым парадку, што не адпавядае артыкулу 32 Канстытуцыі.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў таксама да высновы аб неадпаведнасці правяраемых палажэнняў Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

 

Згодна з артыкулам 23 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах сям’я з’яўляецца натуральнай і асноўнай ячэйкай грамадства і мае права на абарону з боку грамадства і дзяржавы. Артыкулам 24 Пакта прадугледжана, што кожнае дзіця без усякай дыскрымінацыі мае права на такія меры абароны, якія патрабуюцца ў яго палажэнні як малалетняга з боку яго сям’і, грамадства і дзяржавы. Кожная дзяржава, якая ўдзельнічае ў гэтым Пакце, узяла на сябе абавязацельства развіваць магчымасці судовай абароны (артыкул 2).

 

У адпаведнасці з артыкулам 9 Канвенцыі аб правах дзіцяці дзяржавы-удзельніцы забяспечваюць, каб дзіця не разлучалася са сваімі бацькамі насуперак іх жаданню, за выключэннем выпадкаў, калі кампетэнтныя органы, згодна з судовым рашэннем, вызначаюць у адпаведнасці з прымянімым законам і працэдурамі, што такое разлучэнне неабходна ў найлепшых інтарэсах дзіцяці.

 

У адпаведнасці з артыкулам 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.

 

Згодна з артыкулам 142 Канстытуцыі законы, указы і іншыя акты, якія дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі, павінны прымяняцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 34, 38, 40 і 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць частку другую артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь у той меры, у якой яна дапускае ўсынаўленне дзяцей без згоды бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, у пазасудовым парадку, прадугледжаным артыкулам 113 дадзенага Кодэкса, не адпавядаючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Канвенцыі аб правах дзіцяці. Лічыць гэту норму не маючай юрыдычнай сілы з моманту прыняцця гэтага Заключэння.

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь неабходныя змяненні і дапаўненні ў адпаведнасці з гэтым Заключэннем.

 

3. Да ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь павінна ў адпаведнасці з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі непасрэдна прымяняцца норма часткі чацвёртай артыкула 32 Канстытуцыі, якая вызначае судовы парадак аддзялення дзяцей ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў або асоб, якія іх замяняюць.

 

4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Народнай газеце» і «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч