Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
14 ліпеня 1998 г. № 3-69/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь частак трэцяй і чацвёртай артыкула 123 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавен-кі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Хадневіч Т.М. — намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы; Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Бурага У.В. — загадчыка аддзела грамадзянскага, сацыяльнага і гаспадарчага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыяліста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

эксперта Кукрэш Л.I. — дацэнта кафедры крымінальнага працэсу Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, кандыдата юрыдычных навук

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь частак трэцяй і чацвёртай артыкула 123 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Пташнік У.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ягораў А.П. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Бажэлка А.А. — Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 25 мая 1998 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягалі часткі трэцяя і чацвёртая артыкула 123 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з часткай трэцяй артыкула 123 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым КПК) па справах аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламі 68, 71, 74, 741, 77—79, 82, 100—105, 114—118, 122, 1221, 124—127, 128, 130—140, 149, 1492, 158, 159, 166—176, 1844, 1862, 1863, 187—1891, 1942, 198, 2082, 209—211, 216—218, 2194 часткай другой, 222, 227—247, 248 пунктамі «г» і «д», 249—258 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, папярэдняе следства праводзіцца следчымі органаў пракуратуры, а па справах аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламі 61—67, 69, 72, 73, 731, 75, 76, 80, 81, 248 пунктамі «а», «б» і «в» Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — таксама следчымі органаў дзяржаўнай бяспекі.

 

У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 123 КПК па справах аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламі 83, 84, 841, 842, 851, 852, 87—90, 92, 922, 93, 96 часткай другой, 97, 98, 106—109, 111, 112, 1121, 113 часткамі другой, трэцяй і чацвёртай, 1131, 119, 123, 1501—1506, 151 часткай другой, 1513—1524, 153 часткай другой, 154, 157, 160 часткай другой, 162, 811, 184, 1841, 1843, 190—192, 1971, 201 часткай трэцяй, 202, 203 часткай другой, 205—206, 2062, 2063, 2072 часткамі другой і трэцяй, 208, 2081, 2111—2115, 212—215, 219—2193, 2194 часткай першай, 2195—2197, 220—221, 223—225 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па ўсіх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, папярэдняе следства праводзіцца таксама следчымі органаў унутраных спраў.

 

З просьбай аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці ўказаных частак артыкула 123 КПК звярнуўся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь. У сваім звароце ён, у прыватнасці, указаў, што часткай чацвёртай артыкула 123 КПК устаноўлена, што па ўсіх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, папярэдняе следства праводзіцца таксама следчымі органаў унутраных спраў. У гэтай частцы артыкула падследнасць вызначана не ў залежнасці ад санкцыі артыкула, а ў залежнасці ад асобы, якая ўчыніла злачынства. З гэтага вынікае, што закон па ўсіх катэгорыях крымінальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, прадугледжвае іх расследаванне і следчымі органаў унутраных спраў, што пацвярджаецца шматгадовай судовай практыкай. Разам з тым Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, выносячы пастанову па канкрэтнай справе аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламі 74 і 100 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, ва ўчыненні якіх сумесна з асобамі, дасягнуўшымі 18-гадовага ўзросту, удзельнічалі і трое непаўналетніх, указаў, што правядзенне следства па дадзенай справе следчым органаў унутраных спраў з’яўляецца істотным парушэннем крымінальна-працэсуальнага закона. Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь указаў, у прыватнасці, што справы аб злачынствах, кваліфікаваных артыкуламі 74 і 100 Крымінальнага кодэкса, санкцыямі якіх прадугледжана выключная мера пакарання, падследныя толькі органам пракуратуры.

 

Такое тлумачэнне артыкула 123 КПК, па меркаванню Генеральнага пракурора, ставіць пад сумненне канстытуцыйнасць гэтай нормы, з’яўляецца памылковым па сутнасці, супярэчыць сэнсу трэцяй і чацвёртай частак артыкула 123 КПК і, акрамя таго, дадзена ў парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркісаву Э.А., прадстаўнікоў боку, эксперта, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і іншых законаў Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, вывучыўшы матэрыялы справы, следчую і судовую практыку, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

У адпаведнасці з артыкулам 122 КПК папярэдняе следства па крымінальных справах праводзіцца следчымі пракуратуры, а таксама следчымі органаў унутраных спраў і следчымі органаў дзяржаўнай бяспекі.

 

У артыкуле 123 КПК рэгламентуецца абавязковасць папярэдняга следства і падследнасць. Пры вызначэнні падследнасці ў частках трэцяй і чацвёртай артыкула 123 КПК выкарыстаны 2 крытэрыі: від злачынства (прадметная падследнасць) і прыкметы суб’екта злачынства (персанальная падследнасць).

 

Вызначыўшы канкрэтныя катэгорыі злачынстваў, крымінальныя справы аб якіх падследныя органам пракуратуры, органам дзяржаўнай бяспекі або органам унутраных спраў, закон прадаставіў права следчым органаў унутраных спраў таксама праводзіць папярэдняе следства па ўсіх крымінальных справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі.

 

Прааналізаваўшы развіццё крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, якое прадугледжвае падследнасць крымінальных спраў, Канстытуцыйны Суд устанавіў, што да 1978 года вядзенне папярэдняга следства па ўсіх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, было аднесена да кампетэнцыі следчых органаў пракуратуры. Аднак указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі ад 11 мая 1978 г. (ЗЗ БССР, 1978, № 14, арт. 269), унёсшым змяненні ў часткі трэцюю і чацвёртую артыкула 123 КПК, права вядзення папярэдняга следства па ўсіх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, было прадастаўлена таксама следчым органаў унутраных спраў. Такое пашырэнне падследнасці органаў унутраных спраў тлумачылася тым, што гэтыя органы, маючы ў сваім складзе інспекцыі па справах непаўналетніх, а таксама валодаючы магчымасцямі забеспячэння комплекснага падыходу да прафілактыкі злачыннасці сярод непаўналетніх, маглі на якасным узроўні праводзіць і расследаванне дадзенай катэгорыі крымінальных спраў. Разам з тым указаная падследнасць органаў унутраных спраў крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не прызнавалася выключнай. Такія справы мелі права расследаваць і органы пракуратуры, а таксама органы дзяржаўнай бяспекі.

 

Ацаніўшы змест артыкула 123 КПК у дзеючай рэдакцыі, Кастытуцыйны Суд адзначае, што органы ўнутраных спраў і пракуратуры як органы дзяржавы закліканы пры ажыццяўленні сваіх функцый ахоўваць правы і свабоды асобы, што непасрэдна замацавана ў Канстытуцыі і законах, якія рэгулююць дзейнасць гэтых органаў.

 

Артыкулам 7 Канстытуцыі прадугледжана, што дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць ў межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.

 

Згодна з артыкулам 59 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы.

 

У адпаведнасці з артыкулам 2 Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» органы пракуратуры поруч з іншымі функцыямі ажыццяўляюць таксама расследаванне злачынстваў. У артыкуле 5 дадзенага Закона ўказваецца, што пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці пракурорскія работнікі забяспечваюць захаванне гарантаваных дзяржавай правоў і свабод асобы незалежна ад грамадзянства, сацыяльнага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, мовы, полу, узросту, адукацыі, адносін да рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў.

 

Палажэннем аб Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на органы ўнутраных спраў ускладзена вядзенне папярэдняга следства ў межах іх кампетэнцыі. Згодна з артыкулам 6 Закона «Аб міліцыі» міліцыя абараняе кожнага чалавека незалежна ад яго грамадзянства, сацыяльнага, маёмаснага і іншага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, мовы, полу, узросту, адукацыі, адносін да рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў.

 

Законам Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці» і Канвенцыяй «Аб правах дзіцяці», ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь 28 ліпеня 1990 г., на органы дзяржавы ўскладаецца абавязак абароны правоў і інтарэсаў непаўналетніх. Такая абарона павінна забяспечвацца і ў працэсе расследавання крымінальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, як следчымі органаў пракуратуры, так і следчымі органаў унутраных спраў. Прававой гарантыяй роўнай абароны правоў непаўналетніх, якія абвінавачваюцца ва ўчыненні злачынстваў, забеспячэння аб`ектыўнага і ўсебаковага даследавання і вырашэння справы, незалежна ад органа, які яе расследаваў, з`яўляецца прадугледжаная артыкулам 49 КПК магчымасць допуску абаронцы да ўдзелу ў справе ўжо з моманту прад`яўлення абвінавачання.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадастаўленне органам унутраных спраў права праводзіць папярэдняе следства па ўсіх справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, не супярэчыць Канстытуцыі і не парушае правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

 

У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» пры праверцы акта Канстытуцыйны Суд мае на ўвазе як літаральны яго сэнс, так і сэнс, які надаецца яму практыкай прымянення.

 

Канстытуцыйны Суд, вывучыўшы практыку прымянення частак трэцяй і чацвёртай артыкула 123 КПК, адзначае, што на працягу доўгага часу як следчая, так і судовая практыка Рэспублікі Беларусь фарміравалася зыходзячы з разумення таго, што органы ўнутраных спраў маглі праводзіць папярэдняе следства як па крымінальных справах аб усіх злачынствах, ўчыненых толькі непаўналетнімі, так і па справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі ў саўдзеле з асобамі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Папярэдняе следства па крымінальных справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, у тым ліку і ў саўдзеле з асобамі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, на практыцы праводзілася і следчымі органаў пракуратуры, паколькі закон не выключае права расследавання такіх спраў гэтымі органамі. Суды на працягу многіх гадоў разглядалі крымінальня справы аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі або з іх удзелам, расследаваныя следчымі органаў унутраных спраў, не вяртаючы іх у сувязі з гэтым на дадатковае расследаванне па матывах істотнага парушэння крымінальна-працэсуальнага закона. Аднак Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь сваёй пастановай ад 19 чэрвеня 1997 г. па канкрэтнай справе поруч з іншымі падставамі для накіравання справы на дадатковае расследаванне ўказаў, у прыватнасці, што «папярэдняе расследаванне па справе ў парушэнне патрабаванняў ч.3 арт.123 КПК было праведзена не следчым пракуратуры, а следчым органаў унутраных спраў, што з’яўляецца істотным парушэннем норм крымінальна-працэсуальнага закона, таму што справы аб злачынствах, кваліфікаваных па арт.арт. 74, 100 КК, санкцыямі якіх прадугледжана выключная мера пакарання, падследныя толькі органам пракуратуры» (Судовы веснік, 1997, № 3, с.25).

 

Канстытуцыйны Суд у сувязі з гэтым адзначае, што спрэчка аб падследнасці крымінальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі ў саўдзеле з асобамі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, магла ўзнікнуць з прычыны неадназначнага разумення ў тэорыі і на практыцы зместу частак трэцяй і чацвёртай артыкула 123 КПК, выкарыстоўваючых розныя крытэрыі вызначэння падследнасці, іх супярэчнасці і недастаткова дакладнай рэдакцыі. Пленум Вярхоўнага Суда ў сваёй пастанове ад 19 чэрвеня 1997 г., вынесенай па канкрэтнай справе, пры абгрунтаванні істотнага парушэння норм крымінальна-працэсуальнага закона, дапушчанага пры расследаванні гэтай справы, фактычна даў такое тлумачэнне закона, якое змяніла падыход да разумення сэнсу частак трэцяй і чацвёртай артыкула 123 КПК. У прыватнасці, ва ўказаным артыкуле адсутнічае такі крытэрый аднясення крымінальных спраў да выключнай падследнасці органаў пракуратуры, як санкцыя крымінальнага закона ў выглядзе пакарання смерцю, паколькі ў частцы трэцяй гэтага артыкула прадугледжана падследнасць крымінальных спраў органам пракуратуры ў залежнасці ад віду злачынства (прадметная падследнасць). Не адпавядае сэнсу ўказаных норм і растлумачэнне Пленума Вярхоўнага Суда аб тым, што справы аб злачынствах, кваліфікаваных па артыкулах 74, 100 КК, падследныя толькі органам пракуратуры. Зыходзячы з аналізу часткі чацвёртай артыкула 123 КПК можна зрабіць адназначны вывад, што справы аб такіх злачынствах могуць быць падследныя і органам унутраных спраў у выпадках, калі яны ўчыняюцца толькі непаўналетнімі.

 

Згодна з артыкулам 125 Канстытуцыі пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў. Ажыццяўляючы наглядную функцыю, пракурор у адпаведнасці з пунктам 9 артыкула 211 КПК у мэтах забеспячэння найбольш поўнага і аб“ектыўнага расследавання мае права перадаць справу ад аднаго органа папярэдняга следства другому. Згодна з артыкулам 212 КПК указанні пракурора органам дазнання і папярэдняга следства ў сувязі з узбуджэннем і расследаваннем імі крымінальных спраў, дадзеныя ў парадку, прадугледжаным Крымінальна-працэсуальным кодэксам, з’яўляюцца для гэтых органаў абавязковымі. З указаных норм КПК вынікае, што пракурору належыць і права прыняцця рашэння аб падследнасці крымінальнай справы аб злачынствах, падследных розным органам. Такі падыход замацаваны ў частцы сёмай артыкула 234 Мадэльнага крымінальна-працэсуальнага кодэкса, прынятага Міжпарламенцкай Асамблеяй дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў 17 лютага 1996 г.

 

У перыяд вядзення па гэтай справе з мэтай заканадаўчага замацавання парадку і падстаў размежавання падследнасці па складаных, шматэпізодных справах аб злачынствах, падследных розным органам папярэдняга следства, Законам ад 9 ліпеня 1998 г. «Аб унясенні дапаўнення і змянення ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» артыкул 123 КПК дапоўнены новай часткай наступнага зместу: «Пры злучэнні ў адным вядзенні спраў, падследных розным органам папярэдняга следства або дазнання, а таксама калі ў ходзе расследавання будуць выяўлены злачынствы, справы аб якіх адносяцца да падследнасці іншых органаў папярэдняга следства або дазнання, падследнасць вызначаецца пракурорам».

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што права на прыняцце рашэнняў аб падследнасці крымінальных спраў належыць органам пракуратуры ў межах іх кампетэнцыі і што прымаемыя органамі пракуратуры рашэнні аб перадачы органам унутраных спраў для расследавання крымінальных спраў аб злачынствах, указаных у частцы трэцяй артыкула 123 КПК, учыненых у саўдзеле з непаўналетнімі, не супярэчаць сэнсу закона.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 34, 38, 40 і 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі трэцюю і чацвёртую артыкула 123 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, маючы на ўвазе, што органы ўнутраных спраў, як і органы пракуратуры, маюць права праводзіць папярэдняе следства па крымінальных справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, а таксама, што крымінальна-працэсуальны закон не выключае магчымасці прыняцця органамі пракуратуры ў межах іх кампетэнцыі рашэнняў аб перадачы для расследавання следчым органаў унутраных спраў крымінальных спраў аб злачынствах, прадугледжаных у частцы трэцяй артыкула 123 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, учыненых непаўналетнімі або ў саўдзеле з імі.

 

2. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Народнай газеце» і «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

 

3. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч