Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 ліпеня 1998 г. № 3-70/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 3 часткі другой артыкула 66 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні — Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 3 часткі другой артыкула 66 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: Лукашова А.I. — начальніка аддзялення заканадаўства па пытаннях абароны і грамадскай бяспекі, праваахоўных і судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыяліста аддзела дзяржаўнага, крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 3 часткі другой артыкула 66 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Пташнік У.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ягораў А.П. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваненка П.I. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 7 ліпеня 1998 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягаў пункт 3 часткі другой артыкула 66 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з часткай першай артыкула 66 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым КПК) у якасці сведкі для дачы паказанняў можа быць выклікана любая асоба, якой могуць быць вядомы якія-небудзь акалічнасці, што падлягаюць ўстанаўленню па дадзенай справе.

 

У адпаведнасці з часткай другой гэтага артыкула не могуць дапытвацца ў якасці сведкі:

 

1) адвакат, прадстаўнік прафесійнага саюза і іншай грамадскай арганізацыі — аб акалічнасцях, якія сталі ім вядомы ў сувязі з выкананнем імі абавязкаў абаронцы або прадстаўніка;

 

2) асоба, якая ў сілу сваіх фізічных або псіхічных недахопаў няздольна правільна ўспрымаць акалічнасці, якія маюць значэнне для справы, і даваць аб іх правільныя паказанні;

 

3) блізкія сваякі, пералічаныя ў пункце 9 артыкула 22 КПК, і члены сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства;

 

4) свяшчэннаслужыцель — аб акалічнасцях, якія сталі яму вядомы ў сувязі з выкананнем рэлігійных абрадаў.

 

У сваёй прапанове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 3 часткі другой артыкула 66 КПК, указаўшы, што дадзены пункт супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркісаву Э.А., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародна-прававых актаў, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Пункт 3 часткі другой артыкула 66 КПК быў уключаны ў гэты артыкул Законам Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 1996 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 23, арт. 416). Згодна з дадзеным пунктам не могуць дапытвацца ў якасці сведкі блізкія сваякі, пералічаныя ў пункце 9 артыкула 22 КПК, і члены сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства.

 

У абгрунтаванне прыняцця закона, які дапоўніў артыкул 66 КПК пунктам 3, указвалася на неабходнасць прывядзення норм Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў у адпаведнасць з Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 19 снежня 1994 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі заўвагі да артыкула 177 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (Бюлетэнь першай сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання, № 57, с. 22). Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, унесены ў частку другую артыкула 66 КПК пункт 3 не грунтаваўся на дадзеным Заключэнні і нормах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

У адпаведнасці з артыкулам 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніхто не павінен прымушацца да дачы паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў.

 

У пункце «g» часткі трэцяй артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах указваецца, што кожны мае права пры разглядзе любога прад`яўляемага яму крымінальнага абвінавачання не быць прымушаным да дачы паказанняў супраць самога сябе або да прызнання сябе вінаватым.

 

Аналізуючы ўказаныя палажэнні Канстытуцыі і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што блізкія сваякі і члены сям’і асобы, якая падазраецца або абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства ці падсудная, маюць права не даваць паказанняў і тлумачэнняў супраць саміх сябе і гэтай асобы, а органы, якія праводзяць дазнанне або папярэдняе следства, і суды не маюць права патрабаваць іх сведчання супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і і блізкіх сваякоў. Палажэнні артыкула 27 Канстытуцыі і артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах не ўтрымліваюць абмежаванняў права сведак пры наяўнасці іх згоды даваць паказанні адносна саміх сябе, блізкіх сваякоў і членаў сям’і падазронага або абвінавачанага ці падсуднага, а таксама не з’яўляюцца падставай для вызвалення іх ад выканання абавязкаў сведкі, прадугледжаных крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.

 

У артыкуле 22 Канстытуцыі замацаваны роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Прадугледжанае пунктам 3 часткі другой артыкула 66 КПК абмежаванне права на дачу паказанняў сведак супярэчыць артыкулу 23 Канстытуцыі, які дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы толькі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. У артыкуле 58 Канстытуцыі замацавана палажэнне, што ніхто не можа быць прымушаны да адмаўлення ад сваіх правоў.

 

Згодна з артыкулам 15 КПК суд (суддзя), пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны прыняць усе прадугледжаныя законам меры да ўсебаковага, поўнага і аб’eктыўнага даследавання акалічнасцей справы, выявіць як выкрываючыя, так і апраўдваючыя абвінавачанага, а таксама змякчаючыя і абцяжваючыя яго адказнасць акалічнасці. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 66 КПК у якасці сведкі для дачы паказанняў можа быць выклікана любая асоба, якой могуць быць вядомы якія-небудзь акалічнасці, што падлягаюць устанаўленню па дадзенай справе. Такія акалічнасці, устанаўленне якіх заклікана садзейнічаць усебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследаванню і вырашэнню справы, могуць быць вядомы і блізкім сваякам або членам сям’і асобы, якая падазраецца або абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства ці падсудная. Пры гэтым прадмет паказанняў па справе можа не вычэрпвацца толькі сведчаннем падзеі злачынства або вінаватасці ўказанай асобы ў яго ўчыненні.

 

Артыкул 151 КПК абавязвае орган дазнання, следчага, пракурора і суд (суддзю) пры вядзенні дазнання, папярэдняга следства і судовага разбору крымінальнай справы выяўляць прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства. Згодна з артыкулам 68 КПК сведка можа быць дапытаны аб любых акалічнасцях, што падлягаюць устанаўленню па дадзенай справе, у тым ліку аб асобе абвінавачанага, пацярпеўшага і аб сваіх узаемаадносінах з імі. У адпаведнасці з артыкулам 151 КПК для выяўлення пэўных акалічнасцей пры вядзенні папярэдняга следства па справах аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі, у ліку іншых сведак павінны быць дапытаны і бацькі непаўналетняга. Аднак у сілу таго, што згодна з пунктам 3 часткі другой артыкула 66 КПК блізкія сваякі і члены сям’і асобы, якая падазраецца або абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства ці падсудная, не могуць дапытвацца ў якасці сведак, іх права давесці вядомыя ім акалічнасці да ведама ўпаўнаважаных органаў абмежавана. Такое абмежаванне значна звужае кола найбольш важных доказаў па крымінальнай справе, якімі з’яўляюцца паказанні сведак, і з гэтай прычыны абцяжарвае ўстанаўленне ісціны, а таксама іншых акалічнасцей, якія маюць істотнае значэнне па справе.

 

У адпаведнасці з пунктам «е» часткі трэцяй артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны мае права пры разглядзе любога прад’яўляемага яму крымінальнага абвінавачання дапытваць паказваючых супраць яго сведак або мець права на тое, каб гэтыя сведкі былі дапытаны, і мець права на выклік і допыт яго сведак на тых жа ўмовах, якія існуюць для сведак, паказваючых супраць яго. У артыкуле 14 КПК Рэспублікі Беларусь указваецца, што падазроны, абвінавачаны і падсудны маюць права на абарону. Асоба, якая праводзіць дазнанне, следчы, пракурор і суд (суддзя) абавязаны забяспечыць ім магчымасць абараняцца ўстанаўленымі законам сродкамі і спосабамі, а таксама ахову іх асабістых і маёмасных правоў.

 

Устаноўленая пунктам 3 часткі другой артыкула 66 КПК забарона дапытваць у якасці сведкі членаў сям’і і блізкіх сваякоў асобы, якая ўчыніла злачынства, цягне і абмежаванне права падазронага або абвінавачанага ва ўчыненні злачынства ці падсуднага на абарону, паколькі блізкім сваякам або членам яго сям’і могуць быць вядомы істотныя акалічнасці па справе, у тым ліку і апраўдваючыя гэтую асобу або змякчаючыя яго адказнасць. Указаная забарона абмяжоўвае таксама права і саміх блізкіх сваякоў або членаў сям’і такой асобы на абарону сваіх асабістых інтарэсаў, якія могуць быць парушаны ў працэсе крымінальнага судаводства.

 

Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на некарэктнасць рэдакцыі пункта 3 часткі другой артыкула 66 КПК, у якой выкарыстоўваецца выраз «асоба, якая ўчыніла злачынства», таму што згодна з артыкулам 26 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена ўступіўшым у законную сілу прыгаворам суда.

 

У адпаведнасці з артыкулам 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. У сувязі з гэтым прыярытэт павінна мець канстытуцыйная норма. У сілу таго, што ў адпаведнасці з артыкулам 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сведкі не могуць прымушацца да дачы паказанняў супраць саміх сябе, блізкіх сваякоў і членаў сям’і асобы, якая падазраецца або абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, ці падсудная, следчы або суддзя абавязаны растлумачыць ім аб іх праве не сведчыць супраць сябе, указаных асоб і што адмова ад дачы імі паказанняў у такіх выпадках не цягне крымінальнай адказнасці. Разам з гэтым сведкам павінна быць паведамлена аб іх абавязку даваць іншыя паказанні па справе, не звязаныя са сведчаннем супраць сябе, блізкіх сваякоў і членаў сям’і падазронага, абвінавачанага або падсуднага.

 

Згодна з артыкулам 112 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным. Артыкулам 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» прадугледжваецца права дзяржаўных органаў і іншых суб’ектаў выступаць з адпаведнай ініцыятывай перад органамі і асобамі, упаўнаважанымі на ўнясенне ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта. Аднак пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 3 часткі другой артыкула 66 КПК, які значна абцяжарвае ажыццяўленне крымінальнага судаводства, правапрымяняльнымі органамі, за выключэннем Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, не ставілася.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што палажэнне пункта 3 часткі другой артыкула 66 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь як абмяжоўваючае правы і абавязкі сведак, перашкаджаючае ажыццяўленню права падазронага, абвінавачанага і падсуднага на абарону, супярэчыць артыкулам 22, 23, 26, 27, 58 Канстытуцыі, пунктам «е» і «g» часткі трэцяй артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 34, 38, 40 і 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць пункт 3 часткі другой артыкула 66 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь не адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 

Лічыць гэту норму не маючай юрыдычнай сілы з дня ўступлення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 1996 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь».

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь неабходныя змяненні і дапаўненні ў адпаведнасці з гэтым Заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў «Народнай газеце» і «Звяздзе», а таксама ў «Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

 

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч