Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
24 верасня 1998 г. № З-71/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункта 25 Пераліку відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, зацверджанага Міністэрствам сацыяльнай абароны і Міністэрствам працы 19 чэрвеня 1996 г., падпунктаў 5.2, 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Праўленнем Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь 12 красавіка 1994 г., раздзелаў 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы, зацверджанай Міністэрствам статыстыкі і аналізу 19 снежня 1994 г.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў: Козыравай Л.Р. — суддзі Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Лунёва С.У. — начальніка аддзела заканадаўства ўпраўлення заканадаўства і міжнародных адносін Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь: Бачыла Л.Ц. — намесніка Міністра — кіраўніка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь; Мурашкевіч Н.У. — намесніка начальніка ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь: Паўлава В.I. — першага намесніка Міністра працы Рэспублікі Беларусь;

 

Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь: Сілуцінай Л.А. — начальніка аддзела арганізацыі персаніфікаванага ўліку Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь; Саладоўчанкі А.С. — начальніка аддзела арганізацыйна-прававой работы і кадраў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь; Далідовіч Т.I. — галоўнага юрысконсульта аддзела арганізацыйна-прававой работы і кадраў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь: Нічыпаровіча У.М. — Міністра статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь; Гасюк Г.I. — намесніка Міністра статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь; Кісялёвай К.Я. — намесніка начальніка ўпраўлення статыстыкі працы Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь; Мельнікавай С.Г. — намесніка начальніка ўпраўлення статыстыкі працы Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункта 25 Пераліку відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, зацверджанага Міністэрствам сацыяльнай абароны і Міністэрствам працы 19 чэрвеня 1996 г., падпунктаў 5.2, 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Праўленнем Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь 12 красавіка 1994 г., раздзелаў 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы, зацверджанай Міністэрствам статыстыкі і аналізу 19 снежня 1994 г.”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ждановіч I.Н. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Валюшка В.М. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 24 ліпеня 1998 г. па прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягалі падпункты 5.2, 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Праўленнем Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь 12 красавіка 1994 г., зарэгістраванай у Рэестры дзяржаўнай рэгістрацыі нарматыўных актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і Нацыянальнага банка 29 красавіка 1994 г., рэгістрацыйны № 341/12 (Бюлетэнь нарматыўна-прававой інфармацыі, 1994, № 7); пункт 25 Пераліку відаў выплат, на якія на налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, зацверджанага Міністэрствам сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам працы Рэспублікі Беларусь 19 чэрвеня 1996 г., зарэгістраванага ў Рэестры дзяржаўнай рэгістрацыі нарматыўных актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і Нацыянальнага банка 26 чэрвеня 1996 г., рэгістрацыйны № 1485/12 (Бюлетэнь нарматыўна-прававой інфармацыі, 1996, № 8); раздзелы 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы, зацверджанай Міністэрствам статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь 19 снежня 1994 г. па ўзгадненню з Міністэрствам працы, Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам фінансаў, Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.

 

У прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда ўказваецца, што ў падпунктах 5.2, 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь ёсць супярэчнасці, аналагічныя тым, што ўтрымліваюцца і ў некаторых законах. У Законе “Аб пенсіённым забеспячэнні” ў якасці аб’екту абкладання страхавымі ўзносамі ўказаны фонд аплаты працы, а ў Законе “Аб памерах абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь” — фонд заработнай платы. Па меркаванню Вышэйшага Гаспадарчага Суда, гэтыя паняцці адрозніваюцца.

 

Вышэйшы Гаспадарчы Суд указаў таксама, што Iнструкцыя па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы не зарэгістравана ў Рэестры дзяржаўнай рэгістрацыі Рэспублікі Беларусь, як гэта было прадугледжана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 1993 г. № 316, зацвердзіўшай Палажэнне аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі нарматыўных актаў міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і ведамстваў, якое дзейнічала на момант прыняцця ўказанай Iнструкцыі. У сувязі з гэтым Вышэйшы Гаспадарчы Суд лічыць, што Iнструкцыя па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы не мае юрыдычнай сілы і таму перанясенне палажэнняў дадзенай Iнструкцыі ў Пералік відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню (пункт 25), не заснавана на нарматыўнай базе.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Бойка Т.С., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў і іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.

 

1. Згодна з артыкулам 1 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай дзяржавай. У артыкуле 47 Канстытуцыі, у прыватнасці, устаноўлена, што грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.

 

Для забеспячэння сацыяльных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, замацаваных і гарантаваных Канстытуцыяй, у рэспубліцы ў адпаведнасці з пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 10 чэрвеня 1993 г. на базе Пенсіённага фонду і Фонду сацыяльнага страхавання быў створаны Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (у цяперашні час — Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь). Гэтай жа пастановай быў зацверджаны Парадак выплаты страхавых узносаў наймальнікамі, асобамі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, і грамадзянамі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (у далейшым — Парадак выплаты страхавых узносаў), які дзейнічае і ў цяперашні час.

 

Грашовыя сродкі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (у далейшым — Фонд сацыяльнай абароны) фарміруюцца ў асноўным за кошт абавязковых страхавых узносаў. Абавязковыя страхавыя ўзносы, таксама як падаткі і зборы, з’яўляюцца абавязковымі адлічэннямі грашовых сродкаў ад плацельшчыкаў у вызначаных законам памерах. У цяперашні час памеры гэтых узносаў устаноўлены Законам “Аб памерах абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь”.

 

Аналіз зместу норм парадку рэгістрацыі плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў, парадку і тэрмінаў іх выплаты, адказнасці, якая прымяняецца да плацельшчыкаў узносаў, сведчыць аб падабенстве страхавых узносаў з падатковымі плацяжамі, а іх мэтавы характар — са зборамі.

 

Грашовыя сродкі Фонду сацыяльнай абароны з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю і ўключаюцца ў фінансава-крэдытную сістэму Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з часткай другой артыкула 132 Канстытуцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры ўстанаўленні абавязковых страхавых узносаў заканадаўцам павінен забяспечвацца такі ж падыход, як і пры рэгуляванні падатковых адносін. Таму вызначэнне такіх важнейшых элементаў абавязковых страхавых узносаў, як кола плацельшчыкаў, аб’ект, склад аб’екту, памеры плацяжоў, ільготы, павінна ажыццяўляцца на заканадаўчым узроўні.

 

2. Iнструкцыя аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (у далейшым — Iнструкцыя аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў) зацверджана Праўленнем Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Права на зацвярджэнне дадзенай Iнструкцыі па ўзгадненню з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі было прадастаўлена Праўленню Фонду пунктам 8 Парадку выплаты страхавых узносаў.

 

У правяраемым падпункце 5.2 Iнструкцыі аб парадку збірання і уліку страхавых узносаў устаноўлена, што страхавыя ўзносы налічваюцца на ўсе віды аплаты працы, з якіх у адпаведнасці з Законам “Аб пенсіённым забеспячэнні” вылічваецца пенсія, а таксама на сумы аўтарскага ганарару, выплачваемага членам творчых саюзаў і іншым творчым работнікам, якія не з’яўляюцца членамі творчых саюзаў, і ўзнагароджанні за выкананне работы па дагаворах падраду і даручэння. У дадзеным падпункце Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў фактычна ўзнаўляюцца палажэнні пункта 3 Парадку выплаты страхавых узносаў, дзе таксама прадугледжваецца налічэнне страхавых узносаў на ўсе віды аплаты працы, з якіх у адпаведнасці з Законам “Аб пенсіённым забеспячэнні” вылічваецца пенсія, а таксама на сумы аўтарскага ганарару і ўзнагароджанні за выкананне работы па дагаворах падраду і даручэння.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае увагу на разыходжанне тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў падпункце 5.2 Iнструкцыі аб парадку збіранння і ўліку страхавых узносаў і ў заканадаўстве аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні для вызначэнння аб’ектаў абкладання абавязковымі страхавымі ўзносамі. У правяраемым падпункце 5.2 указанай Iнструкцыі ўжываецца тэрмін “усе віды аплаты працы”. У заканадаўчых жа актах нараўне з “відамі аплаты працы” прымяняліся тэрміны “фонд аплаты працы”, “заработная плата”, а ў цяперашні час — “фонд заработнай платы”, “заработак”. Выкарыстанне ў заканадаўстве розных тэрмінаў для вызначэння фактычна адных і тых жа аб’ектаў прыводзіць на практыцы да неадназначнага тлумачэння зместу адпаведных палажэнняў нарматыўных актаў. Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў нарматыўных актах, рэгулюючых пытанні ўстанаўлення абавязковых страхавых узносаў, іх памеры, парадак збірання, вылічэння і выплаты, павінна ўжывацца адзіная тэрміналогія.

 

Згодна з часткай другой артыкула 7 Закона “Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання” пры ўмове выплаты страхавых узносаў дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне распаўсюджваецца на прадпрымальнікаў, работнікаў, якія працуюць па дагаворах падраду, членаў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, творчых работнікаў, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь. Гэта значыць пасля прыняцця дадзенай нормы выплата страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны для ўказанай катэгорыі плацельшчыкаў стала добраахвотнай.

 

Кіруючыся артыкуламі 7 і 137 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што правяраемы падпункт 5.2 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у дачыненні да абавязковага налічэння страхавых узносаў на сумы аўтарскага ганарару, выплачваемага членам творчых саюзаў і іншым творчым работнікам, якія не з’яўляюцца членамі творчых саюзаў, і ўзнагароджанні за выкананне работы па дагаворах падраду і даручэння не стасуецца з нормамі Закона “Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання”, паколькі ў цяперашні час дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне распаўсюджваецца на гэту катэгорыю плацельшчыкаў толькі пры ўмове выплаты імі страхавых узносаў.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такое палажэнне стала магчымым у сілу таго, што дзеючыя нарматыўныя акты своечасова не пераглядаюцца ў сувязі з прыняццем акта, валодаючага больш высокай юрыдычнай сілай, і не прыводзяцца ў адпаведнасць з ім. Нягледзячы на адпаведныя даручэнні, якія ўтрымліваюцца ў пераходных палажэннях Закона “Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання”, Парадак выплаты страхавых узносаў, Iнструкцыя аб парадку збірання і выплаты страхавых узносаў не былі прыведзены ў адпаведнасць з гэтым Законам.

 

Канстытуцыйны Суд таксама звяртае увагу, што правяраемы падпункт 5.2 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў для вызначэння ўсіх відаў аплаты працы, на якія налічваюцца страхавыя ўзносы, адсылае да Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні”. Аналагічная адсылачная норма ўтрымліваецца і ў пункце 3 Парадку выплаты страхавых узносаў. У сваю чаргу, частка першая артыкула 58 Закона “Аб пенсіённым забеспячэнні” для вызначэння відаў выплат, уключаемых у заработак, адсылае да дзеючых правілаў налічэння страхавых узносаў. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, наяўнасць такіх узаемных адсылачных палажэнняў у заканадаўстве недапушчальна.

 

У правяраемым падпункце 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў устаноўлена, што страхавыя ўзносы налічваюцца на ўсе віды заработку (даходу), вызначанага дадзеным наймальнікам у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, без выліку з яго ўтрыманняў і падаткаў. Пры гэтым не маюць значэння крыніцы фінансавання ўказаных выплат, артыкулы і віды плацёжных дакументаў (разлікова-плацёжныя ведамасці, асабовыя рахункі і т.п.), дакументы, па якіх былі зроблены разлікі па заработку (даходу) і формы выплат (грашовая, натуральная, у выглядзе каштоўных папер і інш.).

 

Паколькі прымяненне палажэнняў, якія ўтрымліваюцца ў падпункце 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў, павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, Канстытуцыйны Суд лічыць, што падстаў для прызнання гэтага падпункта неканстытуцыйным няма.

 

3. У правяраемых раздзелах 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы (у далейшым — Iнструкцыі па статыстыцы) вызначаюцца адпаведна склад фонду заработнай платы, заработная плата ў грашовай і натуральнай формах.

 

У Законе “Аб памерах абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь” у якасці аб’ектаў абавязковых страхавых узносаў названы фонд заработнай платы і заработак, аднак не вызначаны склад гэтых аб’ектаў, а таксама не ўрэгулявана пытанне аб ільготах па дадзеных аб’ектах, не ўстаноўлена, якія выплаты трэба, а якія не трэба ўключаць у фонд заработнай платы або ў заработак, на якія не павінны налічвацца страхавыя ўзносы. Не ўтрымлівае ўказаны Закон і даручэння адпаведным дзяржаўным органам урэгуляваць дадзеныя пытанні ў падзаконных актах, як, напрыклад, гэта зроблена ў законах аб бюджэце на 1997, 1998 гг. адносна аб’екту абкладання надзвычайным падаткам.

 

Iнструкцыя па статыстыцы прызначана для кіраўніцтва пры складанні справаздачнасці па працы прадпрыемствамі, аб’яднаннямі, установамі, калгасамі і іншымі арганізацыямі незалежна ад формы ўласнасці. Указаная Iнструкцыя была апублікавана ў “Нацыянальнай эканамічнай газеце” (1995, № 3).

 

Iнструкцыю па статыстыцы сталі прымяняць для вызначэння складу фонду заработнай платы, заработнай платы ў грашовай і натуральнай формах пры налічэнні абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны і пры вызначэнні складу фонду заработнай платы для мэтаў падаткаабкладання. Так, пастановай Урада Рэспублікі Беларусь ад 11 чэрвеня 1996 г. № 384 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 1996 год” было ўстаноўлена, што ў 1996 годзе надзвычайны падатак вылічаецца ад фонду заработнай платы, які вызначаецца ў адпаведнасці з Iнструкцыяй па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы. Аналагічныя адсылкі на ўказаную Iнструкцыю ўтрымліваюцца таксама ў іншых пастановах Урада — ад 26 мая 1997 г. № 580 і ад 27 лютага 1998 г. № 310, якія былі прыняты ў адпаведнасці з даручэннем заканадаўчага органа.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што склад аб’ектаў для налічэння абавязковых страхавых узносаў (склад фонду заработнай платы, склад заработку) таксама павінен быць устаноўлены самім заканадаўцам або ў вызначаемым ім парадку.

 

Адначасова Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што Iнструкцыя па статыстыцы не зарэгістравана ў Рэестры дзяржаўнай рэгістрацыі нарматыўных актаў рэспубліканскіх органаў Дзяржаўнага кіравання і Нацыянальнага банка, хаця валодае ўсімі прыметамі нарматыўнага акта, які носіць міжведамасны характар.

 

У артыкуле 14 Закона “Аб Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь” было ўстаноўлена, што нарматыўныя акты міністэрстваў і іншых цэнтральных органаў кіравання Рэспублікі Беларусь, прынятыя ў межах іх кампетэнцыі, якія датычацца прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў іншай формы ўласнасці ці іншага падпарадкавання або грамадзян, з’яўляюцца абавязковымі для выканання пры ўмове, калі гэтыя акты зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Аналагічныя палажэнні ўтрымліваюцца і ў артыкуле 12 дзеючага Закона “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваных яму дзяржаўных органах”.

 

Міністэрства статыстыкі і аналізу ў межах сваёй кампетэнцыі і ў адпаведнасці з заканадаўствам выдае ва ўстаноўленым парадку загады і інструкцыі па пытаннях статыстыкі, абавязковыя да выканання ўсімі міністэрствамі, іншымі цэнтральнымі органамі кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама суб’ектамі гаспадарання, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (падпункт 7.2 Палажэння аб Міністэрстве статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Урада Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1996 г. № 46).

 

На момант зацвярджэння Iнструкцыі па статыстыцы дзейнічала Палажэнне аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі нарматыўных актаў міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і ведамстваў, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 1993 г. № 316, згодна з якім нарматыўныя акты міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і ведамстваў, якія датычацца правоў, свабод і абавязкаў грамадзян або носяць міжведамасны характар, незалежна ад тэрміну іх дзеяння (пастаянныя або часовыя) і характару звестак, што ў іх утрымліваюцца, падлягалі дзяржаўнай рэгістрацыі. Акрамя таго, у адпаведнасці з пунктам 10 указанага Палажэння нарматыўныя акты міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і ведамстваў уступалі ў сілу з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі, калі ў самім акце не ўстаноўлены іншы тэрмін.

 

Аналагічныя патрабаванні ўтрымліваюцца і ў дзеючай пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 красавіка 1998 г. № 512 “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нарматыўных актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і Нацыянальнага банка”.

 

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Iнструкцыя па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі.

 

4. У правяраемым пункце 25 Пераліку відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню (у далейшым — Пералік), вызначана, што ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню не налічваюцца на сумы матэрыяльнай дапамогі работнікам, выплачваемыя з сродкаў наймальніка, на вартасць бясплатных або льготных пуцёвак (курсовак) і на іншыя выплаты ў мэтах сацыяльнай абароны работнікаў па месцы асноўнай работы ў межах, не перавышаючых у сукупнасці 15 мінімальных заработных плат у год (кожнаму работніку, на момант налічэння).

 

Указаны Пералік быў зацверджаны 24 чэрвеня 1994 г. пастановай Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час Пералік дзейнічае ў новай рэдакцыі ад 19 чэрвеня 1996 г. Органы, якія прымалі ўдзел ў зацвярджэнні Пераліку, абгрунтоўваюць сваё права на яго прыняцце спасылкамі на пункт 8 Парадку выплаты страхавых узносаў, які прадаставіў Фонду сацыяльнай абароны права на зацвярджэнне Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў, і на падпункт 5.4 указанай Iнструкцыі, які устанавіў, што Пералік відаў выплат, на якія не налічваюцца страхавыя ўзносы, зацвярджаецца Дзяржкампрацай Рэспублікі Беларусь.

 

Прааналізаваўшы нормы Парадку выплаты страхавых узносаў, законаў “Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання”, “Аб памерах абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь” і іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што Праўленню Фонду сацыяльнай абароны не прадастаўлялася права вызначаць віды выплат, на якія не налічваюцца страхавыя ўзносы, а таксама на дэлегаванне такіх паўнамоцтваў Дзяржкампрацы Рэспублікі Беларусь.

 

Зыходзячы з вынікаў праверкі канстытуцыйнасці падпунктаў 5.2, 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, пункта 25 Пераліку відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, раздзелаў 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы, Канстытуцыйны Суд лічыць, што паколькі пытанні складу аб’ектаў абавязковых страхавых узносаў, устанаўлення відаў выплат, на якія не налічваюцца страхавыя ўзносы (ільготы па аб’екту), закранаюць такія канстытуцыйныя правы грамадзян, як права ўласнасці (артыкулы 13 і 44 Канстытуцыі), права на сацыяльнае забеспячэнне (артыкул 47 Канстытуцыі) і канстытуцыйны абавязак грамадзян прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў (артыкул 56 Канстытуцыі), то рэгуляванне гэтых пытанняў павінна ажыццяўляцца на аснове заканадаўчых актаў, а не актаў міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

 

З улікам рэальных магчымасцей падрыхтоўкі і прыняцця адпаведных нарматыўных актаў і ў мэтах выключэння прабелаў у прававым рэгуляванні Канстытуцыйны Суд у адпаведнасці з артыкулам 9 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” лічыць неабходным вызначыць тэрмін, на працягу якога правераныя нормы, прызнаныя неканстытуцыйнымі, захоўваюць сваю сілу, з тым каб заканадавец і іншыя органы дзяржаўнай улады ў межах іх кампетэнцыі змаглі прывесці гэтыя нормы ў адпаведнасць з гэтым Заключэннем.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць падпункт 5.2 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь не адпавядаючым Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь у дачыненні да абавязковага налічэння страхавых узносаў на сумы аўтарскага ганарару, выплачваемага членам творчых саюзаў і іншым творчым работнікам, якія не з’яўляюцца членамі творчых саюзаў, і ўзнагароджанні за выкананне работы па дагаворах падраду і даручэння, паколькі ў гэтай частцы падпункта прадугледжваецца абавязковасць налічэння страхавых узносаў для творчых работнікаў і асоб, якія працуюць па дагаворах падраду і даручэння, тады як у адпаведнасці з часткай другой артыкула 7 Закона “Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання” дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне распаўсюджваецца на гэту катэгорыю плацельшчыкаў толькі пры ўмове выплаты імі страхавых узносаў.

 

Лічыць падпункт 5.2 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь ва ўказанай частцы страціўшым сілу з дня ўвядзення ў дзеянне Закона “Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання”, гэта значыць з 1 красавіка 1995 г.

 

2. Прызнаць падпункт 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь адпавядаючым Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.

 

3. Прызнаць пункт 25 Пераліку відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, не адпавядаючым Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з таго, што рэгуляванне пытанняў, якія ў ім утрымліваюцца, не аднесена ва ўстаноўленым парадку да кампетэнцыі міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

 

Улічваючы, што бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь на чарговы каляндарны год, як правіла, у канцы бягучага года, лічыць пункт 25 Пераліку відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, страціўшым сілу з 1 студзеня 1999 г.

 

4. Прызнаць раздзелы 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы не адпавядаючымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь, паколькі Iнструкцыя не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю і тым самым быў парушаны ўстаноўлены ў заканадаўстве парадак уступлення ў сілу нарматыўных актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

 

Раздзелы 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы для вызначэння складу фонду заработнай платы, заработнай платы ў грашовай і натуральнай формах пры налічэнні абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь не падлягаюць прымяненню з 1 студзеня 1999 г.

 

5. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь да 31 снежня 1998 г. упарадкаваць заканадаўства, рэгулюючае дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, з улікам гэтага Заключэння.

 

6. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

7. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч