Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
8 кастрычніка 1998 г. № З-72/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”: Андрэева I.С. — дырэктара Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Лазавіка М.I. — намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраванню і рэгламенту; Жышкевіча У.I. — начальніка ўпраўлення законапраектнай работы — намесніка начальніка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыяліста аддзела дзяржаўнага, крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Царэнка Я.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ждановіч I.М. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана 19 мая 1998 года па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягаў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991, № 12, арт. 129; Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1991, № 30, арт. 494; № 33, арт. 603).

 

У сваёй прапанове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”, указаўшы, што асобныя палажэнні дадзенага Закона супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Марыскіна А.У., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы адпаведныя артыкулы Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1978 года (артыкулы 2, 78, 80, 97 і іншыя) замацоўвала поўнаўладдзе і вяршэнства Вярхоўнага Савета як вышэйшага пастаянна дзеючага органа дзяржаўнай улады. Выключнае права Вярхоўнага Савета выступаць ад імя ўсяго народа Рэспублікі Беларусь, замацаванае ў частцы трэцяй артыкула 1 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”, грунтавалася на нормах указанай Канстытуцыі.

 

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 года, замацаваўшы прынцыпы народнага суверэнітэту і падзелу ўладаў, вызначыла іншыя падыходы да арганізацыі і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, а таксама істотна змяніла кампетэнцыю Вярхоўнага Савета і яго месца ў сістэме дзяржаўных органаў. У артыкуле 3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь было прадугледжана, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы ў формах і межах, устаноўленых Канстытуцыяй.

 

Артыкулам 3 Канстытуцыі 1994 года ў дзеючай рэдакцыі таксама прадугледжана, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ва ўстаноўленых формах і межах. У адпаведнасці з артыкулам 6 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

 

Зыходзячы з канстытуцыйных прынцыпаў народнага суверэнітэту і падзелу ўладаў, нормаў Канстытуцыі, замацоўваючых кампетэнцыю вышэйшых дзяржаўных органаў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Канстытуцыя, прынятая 15 сакавіка 1994 года, не прадастаўляла Вярхоўнаму Савету выключнае права выступаць ад імя ўсяго народа Рэспублікі Беларусь.

 

У частках першай і другой артыкула 3 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжана, што дзяржаўная ўлада ажыццяўляецца на падставе Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца вяршэнства Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. У артыкуле 7 Канстытуцыі ў дзеючай рэдакцыі ўстанаўліваецца прынцып вяршэнства права і замацоўваецца, што дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Такім чынам, ёсць неадпаведнасць паміж гэтымі нормамі правяраемага Закона і нормамі Канстытуцыі.

 

Пагадненнем аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 8 снежня 1991 года, ратыфікаваным 10 снежня таго ж года Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь, было ўстаноўлена, што Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права спыняе сваё існаванне. Згодна з артыкулам 14 Пагаднення дзейнасць органаў былога Саюза ССР на тэрыторыі дзяржаў — членаў Садружнасці спыняецца. Разам з тым Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 1992 года “Аб агаворцы да Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў”, у прыватнасці, прадугледжана, што ў мэтах стварэння неабходных умоў для рэалізацыі артыкула 11 вышэйназванага Пагаднення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць правілы аб прымяненні заканадаўства Рэспублікі Беларусь і былога Саюза ССР, замацаваныя ў артыкуле 3 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

Часткай другой артыкула 1 Канстытуцыі вызначана, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

 

У артыкулах 4, 5 і 6 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” устаноўлена, што, калі актамі З’езда народных дэпутатаў СССР, Вярхоўнага Савета СССР, Прэзідэнта СССР, Кабінета Міністраў СССР, саюзных і саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў і ведамстваў абмяжоўваюцца суверэнныя правы Рэспублікі Беларусь, правы і законныя інтарэсы яе грамадзян, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, яго Прэзідыум, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь мае права звярнуцца да З’езда народных дэпутатаў СССР, Вярхоўнага Савета СССР, Прэзідэнта СССР, Кабінета Міністраў СССР аб пераглядзе гэтых актаў, прыпыніўшы іх дзеянне. Пры пакіданні звароту Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, яго Прэзідыума, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь без задавальнення яны маюць права прыняць пастанову аб поўным або частковым нераспаўсюджванні дзеяння актаў СССР на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь або адмяніць сваё рашэнне аб прыпыненні дзеяння ўказаных актаў.

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб неадпаведнасці артыкулаў 4, 5 і 6 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Частка трэцяя артыкула 7 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжвае, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь мае права прыняць пастанову аб роспуску мясцовага Савета народных дэпутатаў і назначэнні новых выбараў пры невыкананні мясцовым Саветам законаў або пастаноў, прынятых вышэйшым органам дзяржаўнай улады рэспублікі. У Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года, прадугледжвалася права Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь распусціць мясцовы Савет дэпутатаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння ім заканадаўства і па іншых падставах, прадугледжаных законам (пункт 17 часткі першай артыкула 83, артыкул 123).

 

Канстытуцыя ў дзеючай рэдакцыі прадастаўляе права роспуску мясцовага Савета па ўказаных падставах Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (пункт 6 артыкула 98, артыкул 123 Канстытуцыі). Выбары ў мясцовы Савет у гэтым выпадку назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь (пункт 2 артыкула 84 Канстытуцыі).

 

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб неадпаведнасці часткі трэцяй артыкула 7 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года, у частцы падстаў да роспуску мясцовага Савета дэпутатаў і Канстытуцыі 1994 года ў дзеючай рэдакцыі ў частцы вызначэння суб’ектаў, валодаючых правам роспуску мясцовага Савета і назначэння ў гэтым выпадку новых выбараў.

 

Частка другая артыкула 12 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжвае, што ўдзел або няўдзел грамадзяніна ў дзейнасці грамадскага аб’яднання не можа служыць падставай для абмежавання яго правоў і свабод, у тым ліку ўмовай заняцця пасады ў дзяржаўнай арганізацыі, або падставай для невыканання абавязкаў, прадугледжаных законам.

 

Часткай другой артыкула 36 Канстытуцыі ўстаноўлена, што суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю (Кантрольнай палаты — па Канстытуцыі ў рэдакцыі ад 15 сакавіка 1994 года), органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што частка другая артыкула 12 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” не ў поўнай меры адпавядае частцы другой артыкула 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, таму што па сэнсу ўказанай нормы Закона асобы, пералічаныя ў частцы другой артыкула 36 Канстытуцыі, могуць у перыяд выканання імі сваіх абавязкаў быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт.

 

У частцы першай артыкула 14 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” устаноўлена, што органы дзяржаўнай бяспекі і аховы правапарадку на тэрыторыі рэспублікі падпарадкоўваюцца Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь і дзяржаўным структурам, якія ён вызначае.

 

Згодна з часткай другой артыкула 97 Канстытуцыі 1978 года Вярхоўны Савет быў правамоцны прыняць да свайго разгляду і вырашыць любое пытанне, якое адносіцца да вядзення Рэспублікі Беларусь. Артыкулам 70 Канстытуцыі 1978 года было вызначана, што да вядзення Рэспублікі Беларусь у асобе яе вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і ўпраўлення адносяцца, у прыватнасці, пытанні ўстанаўлення парадку арганізацыі і дзейнасці рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнай улады і ўпраўлення (пункт 3 артыкула 70). На падставе ўказаных артыкулаў Канстытуцыі 1978 года Вярхоўны Савет меў права падпарадкаваць сабе і дзяржаўным структурам, якія ён вызначаў, органы дзяржаўнай бяспекі і аховы правапарадку.

 

Аналіз артыкулаў 6, 79, 83, 95, 100, 106 і 107 Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года, і артыкулаў 6, 84, 90, 97, 98, 106 і 107 Канстытуцыі 1994 года ў дзеючай рэдакцыі, замацоўваючых паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады, сведчыць аб тым, што яны не прадастаўлялі Вярхоўнаму Савету і не прадастаўляюць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь права падпарадкоўваць сабе органы дзяржаўнай бяспекі і аховы правапарадку, прадугледжанае часткай першай артыкула 14 Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на неабходнасць прывядзення тэрміналогіі Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” у адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць не адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і не маючымі юрыдычнай сілы наступныя нормы Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”:

 

частку трэцюю артыкула 1; часткі першую і другую артыкула 3; частку трэцюю артыкула 7 у дачыненні да падстаў роспуску мясцовага Савета дэпутатаў; частку другую артыкула 12 у той меры, у якой яна дапускае магчымасць асобам, пералічаным у частцы другой артыкула 36 Канстытуцыі, у перыяд выканання імі сваіх абавязкаў быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт; частку першую артыкула 14 — з 30 сакавіка 1994 года;

 

артыкулы 4, 5, 6 — з 10 снежня 1991 года;

 

частку трэцюю артыкула 7 у дачыненні да суб’ектаў, прымаючых рашэнне аб роспуску мясцовага Савета і назначэнні новых выбараў у гэты Савет, — з 27 лістапада 1996 года.

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь прывесці Закон “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” у адпаведнасць з Канстытуцыяй і гэтым Заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч