Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
1 снежня 1998 г. № З-73/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі пятай артыкула 92 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці часткі пятай артыкула 92 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: Лукашова А.I. — начальніка аддзялення заканадаўства па пытаннях абароны і грамадскай бяспекі, праваахоўных і судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыяліста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі пятай артыкула 92 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Царэнка Я.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Ждановіч I.М. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Бажэлка А.А. — Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 7 ліпеня 1998 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

У прапанове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці часткі пятай артыкула 92 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якой час азнаямлення абвінавачваемага і яго абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы пры вылічэнні тэрміну ўтрымання пад вартай у якасці меры стрымання не ўлічваецца (ЗЗ БССР, 1990 г., № 2, арт.16).

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Філіпчык Р.I., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і іншых нарматыўных актаў, а таксама міжнародна-прававых актаў, даследаваўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

У артыкуле 92 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым КПК) прадугледжана наступнае.

 

Утрыманне пад вартай пры расследаванні злачынстваў па крымінальных справах не можа працягвацца больш двух месяцаў. Гэты тэрмін можа быць прадоўжаны раённым, гарадскім пракурорам, ваенным пракурорам гарнізона і прыраўнаваным да іх пракурорам у выпадку немагчымасці закончыць расследаванне і пры адсутнасці падстаў для змянення меры стрымання — да трох месяцаў. Далейшае прадаўжэнне тэрміну можа быць ажыццёўлена толькі з прычыны асобай складанасці справы пракурорам вобласці, горада Мінска і прыраўнаваным да іх пракурорам — да шасці месяцаў з дня ўзяцця пад варту.

 

Прадаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай звыш шасці месяцаў дапускаецца ў выключных выпадках і толькі ў адносінах да асоб, якія абвінавачваюцца ва ўчыненні цяжкіх злачынстваў. Такое прадаўжэнне ажыццяўляецца намеснікам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь — да аднаго года і Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь — да паўтара гадоў. Пытанне аб утрыманні абвінавачваемага пад вартай на тэрмін звыш аднаго года папярэдне разглядаецца на калегіі Пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

 

Далейшае прадаўжэнне тэрміну не дазваляецца, абвінавачваемы, які ўтрымліваецца пад вартай, падлягае неадкладнаму вызваленню.

 

Матэрыялы закончанай расследаваннем крымінальнай справы павінны быць прад’яўлены для азнаямлення абвінавачваемаму і яго абаронцу не пазней чым за месяц да заканчэння максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, устаноўленага часткай другой указанага артыкула.

 

Час азнаямлення абвінавачваемага і яго абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы пры вылічэнні тэрміну ўтрымання пад вартай у якасці меры стрымання не ўлічваецца.

 

Пры вяртанні судом на новае расследаванне справы, па якой тэрмін утрымання абвінавачваемага пад вартай закончыўся, а па акалічнасцях справы мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай зменена быць не можа, прадаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай праводзіцца пракурорам, які ажыццяўляе нагляд за следствам, у межах аднаго месяца з моманту паступлення да яго справы. Далейшае прадаўжэнне ўказанага тэрміну праводзіцца з улікам часу знаходжання абвінавачваемага пад вартай да накіравання справы ў суд у парадку і межах, устаноўленых часткамі першай, другой і пятай указанага артыкула.

 

Пастанова аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай можа быць абскарджана ў суд.

 

Пры паўторным узяцці пад варту той жа асобы і па той жа справе пасля адмены суддзёй арышту тэрміны ўтрымання пад вартай, устаноўленыя ўказаным артыкулам, вылічваюцца з улікам часу знаходжання дадзенай асобы пад вартай да адмены арышту суддзёй.

 

Такім чынам, у адпаведнасці з артыкулам 92 КПК утрыманне пад вартай пры расследаванні злачынстваў па крымінальных справах не можа працягвацца больш за два месяцы; пры асобай скаладанасці справы і ў іншых выключных выпадках па рашэнню адпаведнага пракурора тэрмін утрымання пад вартай можа быць прадоўжаны да паўтара гадоў. Далейшае прадаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 92 КПК не дапускаецца, і абвінавачваемы, які ўтрымліваецца пад вартай, падлягае неадкладнаму вызваленню. Разам з тым часткай пятай артыкула 92 КПК устаноўлена, што час азнаямлення абвінавачваемага і яго абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы пры вылічэнні тэрміну ўтрымання абвінавачваемага пад вартай у якасці меры стрымання не ўлічваецца.

 

Канстытуцыйны Суд, правяраючы канстытуцыйнасць указанай нормы, прыйшоў да наступных вывадаў.

 

Згодна з артыкуламі 21 і 23 Канстытуцыі дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

У адпаведнасці з артыкулам 25 Канстытуцыі дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам. Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту.

 

Указаныя нормы Канстытуцыі сведчаць аб тым, што ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманню пад вартай і пазбаўлены волі інакш як у адпаведнасці з законам. Канстытуцыя таксама абвяшчае права абвінавачваемага на абарону і гарантуе гэта права працэсуальнымі сродкамі, абавязваючы дзяржаўныя органы забяспечваць яго рэалізацыю.

 

У адпаведнасці з патрабаваннямі норм главы першай КПК “Асноўныя палажэнні” ніхто не можа быць падвергнуты арышту інакш як на падставе судовага рашэння або з санкцыі пракурора (артыкул 7). У частцы першай артыкула 91 КПК прадугледжана, што ўзяцце пад варту ў якасці меры стрымання прымяняецца з захаваннем патрабаванняў Палажэння аб папярэднім узяцці пад варту ў Рэспубліцы Беларусь і артыкула 7 КПК па справах аб злачынствах, за якія законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін звыш аднаго года. У выключных выпадках гэта мера стрымання можа быць прыменена па справах аб злачынствах, за якія законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі і на тэрмін не вышэй аднаго года.

 

У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 200 КПК матэрыялы закончанай расследаваннем крымінальнай справы павінны быць прад’яўлены для азнаямлення абвінавачваемаму і яго абаронцу не пазней чым за месяц да заканчэння максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, устаноўленага часткай другой артыкула 92 КПК. Азнаямленне з усімі матэрыяламі справы пасля заканчэння следства з’яўляецца правам абвінавачваемага, прадугледжаным нормамі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Абвінавачваемы ў гэтым выпадку аказваецца перад выбарам паміж больш глыбокай падрыхтоўкай да працэсу і хуткай судовай працэдурай. Да нейкай ступені ён вымушаны браць на сябе вынікі такога выбару.

 

Згодна з часткай сёмай артыкула 200 КПК абвінавачваемы і яго абаронца не могуць абмяжоўвацца ў часе, неабходным ім для азнаямлення з усімі матэрыяламі справы. Аднак калі абвінавачваемы і яго абаронца відавочна зацягваюць азнаямленне з матэрыяламі справы, то следчы мае права сваёй матываванай пастановай, зацверджанай пракурорам, устанавіць пэўны тэрмін для азнаямлення з матэрыяламі справы.

 

У час азнаямлення з матэрыяламі справы як самога абвінавачваемага, так і яго абаронцы, абвінавачваемы, які ўтрымліваецца пад вартай, знаходзіцца ў тых жа ўмовах ізаляцыі і да яго прымяняецца той жа рэжым утрымання, якія мелі месца на працягу прымянення да яго мер стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

 

Ўзяцце пад варту з’яўляецца самай строгай мерай стрымання, якая істотна абмяжоўвае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Таму выпадкі, парадак і тэрміны прымянення такой меры стрымання павінны быць дэталёва рэгламентаваны законам.

 

Правяраемая норма часткі пятай артыкула 92 КПК дае магчымасць фактычна абмяжоўваць свабоду абвінавачваемага ў перыяд азнаямлення яго і абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы па заканчэнні максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай без вынясення адпаведнага рашэння кампетэнтнымі органамі, прадугледжанымі ў артыкуле 7 КПК.

 

У адпаведнасці з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

 

Згодна са Зводам прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або зняволенню ў якой бы то ні было форме, зацверджанаму рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 снежня 1988 года, ніхто не можа быць затрыманы на перыяд правядзення следства або судовага разбору без пісьмовай пастановы судовага або іншага органа, вызначанага законам (прынцып 37); затрыманая асоба або яе адвакат маюць права ў любы час узбудзіць разбор перад судовым або іншым органам для аспрэчвання законнасці затрымання гэтай асобы з мэтай дасягнення неаднакладнага яе вызвалення, калі такое затрыманне з’яўляецца незаконным (прынцып 32); асоба, затрыманая па крымінальнаму абвінавачванню, мае права на судовы разбор у разумныя тэрміны або на вызваленне да суда (прынцып 38).

 

У артыкуле 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманню пад вартай. Ніхто не павінен быць пазбаўлены волі інакш, як на такіх падставах і ў адпаведнасці з такой працэдурай, што ўстаноўлены законам.

 

У адпаведнасці з артыкулам 14 названага Пакта кожны мае права пры разглядзе любого прад’яўленага яму крымінальнага абвінавачвання на дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і зносіцца з выбраным ім самім абаронцам, быць судзімым без неапраўданай затрымкі.

 

У сувязі з гэтым Констытуцыйны Суд лічыць, што ўтрыманне пад вартай абвінавачваемага ў час азнаямлення яго і абаронцы з матэрыяламі справы павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з законам на падставе рашэння суда або іншага кампетэнтнага органа.

 

Аналіз дзеючых норм КПК і практыкі іх прымянення паказвае, што абвінавачваемы і яго абаронца ў некаторых выпадках, па незалежных ад іх акалічнасцях, вымушаны знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы працяглы час, што прыводзіць да перавышэння тэрміну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК. Гэта можа быць абумоўлена не толькі вялікім аб’ёмам крымінальнай справы, але і колькасцю асоб, якія ў адпаведнасці з нормамі КПК маюць права на азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адной з магчымых гарантый права абвінавачваемага на своечасовае і поўнае азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы, а таксама хуткі судовы разбор можа быць больш дасканалае заканадаўчае рэгуляванне гэтых пытанняў (напрыклад, прадастаўленне абвінавачваемаму і яго абаронцу копій матэрыялаў справы, перш за ўсё копій дакументаў аб працэсуальных дзеяннях, удзельнікам якіх з’яўляўся абвінавачваемы і інш.). Такі падыход прадугледжаны ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве многіх еўрапейскіх дзяржаў.

 

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што ў адпаведнасці з артыкуламі 45 і 451 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкулам 317 КПК папярэдняе зняволенне залічваецца судом у тэрмін пакарання пры вынясенні прыгавору. Аналіз заканадаўства і практыкі яго прымянення сведчыць аб тым, што і час знаходжання абвінавачваемага пад вартай у перыяд азнаямлення яго і абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы залічваецца судом у тэрмін пакарання.

 

Адной з канстытуцыйных гарантый абароны правоў і свабод з’яўляецца судовая абарона.

 

Згодна з артыкулам 2201 КПК скаргі на прымяненне меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, а таксама на прадаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай прыносяцца ў суд асобай, якая ўтрымліваецца пад вартай, яе абаронцам або законным прадстаўніком праз асобу, якая праводзіць дазнанне, або следчага. Утрыманне пад вартай па заканчэнні максімальнага тэрміну, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК, толькі для азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы без санкцыі вызначаных законам органаў або службовых асоб абмяжоўвае і права абвінавачваемага на судовую абарону.

 

Ацэньваючы літаральны сэнс крымінальна-працэсуальных норм і практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд адзначае, што абвінавачваемы, які ўтрымліваецца пад вартай, у перыяд азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы звыш максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК, фармальна абмежаваны ў магчымасці абскардзіць у суд утрыманне пад вартай, паколькі ў гэтым выпадку не прадугледжваецца вынясенне рашэння судом або адпаведным пракурорам аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай.

 

Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. У адпаведнасці з артыкулам 137 Канстытуцыі законы выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, валодаючай вышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Артыкулам 142 Канстытуцыі ўстаноўлена, што законы, указы і іншыя акты, якія дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, не супярэчнай Канстытуцыі. Таму Канстытуцыйны Суд лічыць, што права на судовую абарону павінна быць забяспечана абвінавачваемаму, які ўтрымліваецца пад вартай і ў перыяд азнаямлення яго і абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы па заканчэнні максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК.

 

З мэтай забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў абвінавачваемага, ажыццяўлення належнага правасуддзя і з улікам рэальных тэрмінаў, неабходных для падрыхтоўкі і прыняцця адпаведнага закона, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся артыкулам 9 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, лічыць неабходным вызначыць тэрмін, на працягу якога норма часткі пятай артыкула 92 КПК павінна быць прыведзена ў адпаведнасць з Канстытуцыяй.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць частку пятую артыкула 92 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь не адпавядаючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам у той меры, у якой у ёй адсутнічае правіла аб утрыманні абвінавачваемага пад вартай на падставе пісьмовай пастановы суда або іншага органа, вызначанага законам, у перыяд азнаямлення абвінавачваемага і яго абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы па заканчэнні максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

 

2. Да ўнясення змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс павінна згодна з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якой абвінавачваемы, яго абаронца або законны прадстаўнік маюць права абскардзіць у суд законнасць і абгрунтаванасць утрымання пад вартай у час азнаямлення яго і абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы па заканчэнні максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

 

3. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь не пазней 30 чэрвеня 1999 г. унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь неабходныя змяненні і дапаўненні ў адпаведнасці з гэтым Заключэннем.

 

4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч