Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
11 снежня 1998 г. № З-74/98
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі трэцяй артыкула 404 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці часткі трэцяй артыкула 404 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: Лукашова А.I. — начальніка аддзялення заканадаўства па пытаннях абароны і грамадскай бяспекі, праваахоўных і судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Свірыдавай С.А. — намесніка начальніка экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі часткі трэцяй артыкула 404 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Царэнка Я.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваненка П.I. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 7 ліпеня 1998 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягала частка трэцяя артыкула 404 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ЗЗ БССР, 1966 г., № 28, арт. 375; 1978 г., № 2, арт. 30; 1985 г., № 5, арт. 65).

 

Згодна з артыкулам 404 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КПК) суд, прызнаўшы паступіўшыя ад органа дазнання матэрыялы аб злачынствах, пералічаных у артыкуле 400 КПК, дастатковымі для разгляду, выносіць вызначэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы, адданні правапарушальніка пад суд, выбірае яму ў неабходных выпадках меру стрымання і разглядае справу ў судовым пасяджэнні ці вяртае матэрыялы для вядзення дазнання або папярэдняга следства, а пры адсутнасці падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы адмаўляе ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Суддзя аднаасобна можа вынесці пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы, адданні правапарушальніка пад суд і назначэнні справы да разгляду ў судовым пасяджэнні. У вызначэнні суда або пастанове суддзі выкладаецца фармулёўка абвінавачання з указаннем артыкула крымінальнага закона, па якому асоба аддадзена пад суд. Вызначэнне суда або пастанова суддзі ўручаюцца падсуднаму.

 

У сваёй прапанове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці часткі трэцяй артыкула 404 КПК, якая ўскладае на суд (суддзю) абавязак фармуляваць у вызначэнні (пастанове) аб узбуджэнні крымінальнай справы абвінавачанне, што, па меркаванню Прэзідэнта, супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і нормам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 

Заслухаўшы паведамленне суддзі-дакладчыка Падгрушы В.В., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншых міжнародна-прававых актаў, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Iнстытут пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў першапачаткова быў уведзены ў крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў мэтах спрашчэння працэдуры вядзення па справах аб хуліганстве. У далейшым гэты парадак быў распаўсюджаны на справы аб злачынствах, прадугледжаных артыкуламі 94, 96 часткай першай, 120, 153 часткай першай, 155 часткай першай, 156, 160 часткай першай, 161 часткай першай, 163 часткай першай, 165 часткай першай, 1943 , 201 часткай першай, 2072 часткай першай Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

У адпаведнасці з дзеючай рэдакцыяй раздзела восьмага КПК, які рэгулюе пытанні пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў, органы дазнання не пазней чым у дзесяцідзённы тэрмін устанаўліваюць акалічнасці ўчыненага злачынства і асобу правапарушальніка, атрымліваюць тлумачэнні ад правапарушальніка, сведкаў і іншых асоб, выпатрабуюць даведку аб наяўнасці або адсутнасці судзімасці ў правапарушальніка, характарыстыку з месца яго працы або вучобы і іншыя матэрыялы, што маюць значэнне для разгляду справы ў судзе. У правапарушальніка адбіраецца абавязацельства з’яўляцца па вызавах органаў дазнання і суда і паведамляць ім аб перамене месца жыхарства.

 

Аб акалічнасцях учыненага злачынства складаецца пратакол, у якім указваюцца фактычныя даныя, пацвярджаючыя наяўнасць злачынства і вінаватасць правапарушальніка, кваліфікацыя злачынства па артыкулу Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншыя істотныя акалічнасці па справе. Да пратакола далучаюцца ўсе матэрыялы, а таксама спіс асоб, падлягаючых вызаву ў суд. Прызнаўшы немагчымым прымяненне да правапарушальніка мер грамадскага ўздзеяння, начальнік органа дазнання зацвярджае пратакол, затым усе матэрыялы прад’яўляюцца правапарушальніку для азнаямлення, пасля чаго пратакол разам з матэрыяламі з санкцыі пракурора накіроўваецца ў суд.

 

У адпаведнасці з артыкулам 404 КПК на суд (суддзю) ускладзены абавязак разгледзець паступіўшыя матэрыялы і, калі яны будуць прызнаны дастатковымі для разгляду ў судовым пасяджэнні, вынесці вызначэнне (пастанову) аб узбуджэнні крымінальнай справы, выкласці ў ім фармулёўку абвінавачання, аддаць правапарушальніка пад суд, выбраць яму ў неабходных выпадках меру стрымання і разгледзець справу ў судовым пасяджэнні.

 

Ацаніўшы норму часткі трэцяй артыкула 404 КПК, якая ўскладае на суд абавязак фармуляваць абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай на падставе матэрыялаў, атрыманых у парадку пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб яе неканстытуцыйнасці па наступных падставах.

 

Згодна з артыкулам 6 Канстытуцыі дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове раздзялення яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Дадзеная канстытуцыйная норма мае на ўвазе, такім чынам, самастойнае выкананне кожнай галіной улады прыналежных толькі ёй функцый і паўнамоцтваў. Да выключнай кампетэнцыі судовай улады ў адпаведнасці з главой 6 Канстытуцыі адносіцца ажыццяўленне правасуддзя.

 

Згодна з крымінальна-працэсуальным законам дазнанне і папярэдняе следства ажыццяўляюцца спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое органамі. Падтрыманне дзяржаўнага абвінавачання ў судах ускладзена артыкулам 125 Канстытуцыі на пракуратуру.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ніякі іншы орган, акрамя суда, не надзелены паўнамоцтвамі па ажыццяўленню правасуддзя, а суд не павінен выконваць не ўласцівую яму функцыю абвінаваўцы. Фармуляванне судом абвінавачання па ўзбуджаемай крымінальнай справе не стасуецца з прынцыпамі яго незалежнасці, аб’ектыўнасці і непрадузятасці пры ажыццяўленні правасуддзя.

 

Артыкулам 10 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвяшчаецца, што кожны чалавек, для вызначэння яго правоў і абавязкаў і для ўстанаўлення абгрунтаванасці прад’яўленага яму крымінальнага абвінавачання, мае права, на аснове поўнай роўнасці, на тое, каб яго справа была разгледжана галосна і з захаваннем усіх патрабаванняў справядлівасці незалежным і непрадузятым судом.

 

У артыкуле 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абвяшчаецца роўнасць усіх асоб перад судамі і трыбуналамі. Кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, прад’яўляемага яму, на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным ­і непрадузятым судом, створаным на падставе закона.

 

Згодна з Працэдурамі эфектыўнага ажыццяўлення Асноўных прынцыпаў незалежнасці судовых органаў, зацверджанымі рэзалюцыяй Эканамічнага і Сацыяльнага Савета Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, ні ад аднаго суддзі не патрабуецца выкананне функцый, не сумяшчальных з прынцыпамі незалежнасці судовых органаў (працэдура 2).

 

Такое разуменне статуса суда знайшло сваё замацаванне ў артыкуле 60 Канстытуцыі, згодна з якім кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

 

Незалежнасць і непрадузятасць правасуддзя грунтуецца на праве суда прымаць рашэнне ў якасці органа правасуддзя ў сувязі з ужо прад’яўленым крымінальным абвінавачаннем. Між тым дзеючае крымінальна-працэсуальнае заканадаўства не выключае магчымасці фармулявання абвінавачання па канкрэтнай справе, вядзенне па якой ажыццяўлялася ў парадку пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў, і вынясення па ёй прыгавору тым жа складам суда (суддзёй), якім было сфармулявана абвінавачанне.

 

Фамулюючы абвінавачанне супраць канкрэтнай асобы і разглядаючы гэтую ж крымінальную справу, суд выконвае адначасова дзве не сумяшчальныя па свайму прадназначэнню функцыі: абвінавачання і вырашэння справы па сутнасці, што супярэчыць таксама агульным пачаткам крымінальнага судаводства, якія вызначаюць патрабаванні да правасуддзя і з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх форм працэсу, у тым ліку і для пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў. Так, недапушчальнасць спалучэння розных працэсуальных функцый — абвінавачання і правасуддзя — замацавана ў артыкуле 27 КПК, дзе сярод акалічнасцей, устараняючых суддзю ад удзелу ў разглядзе крымінальнай справы, названы, у прыватнасці, удзел суддзі ў дадзенай справе ў якасці асобы, якая праводзіла дазнанне, следчага, пракурора, грамадскага абвінаваўцы. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, ускладанне на суд насуперак палажэнням Канстытуцыі і прынцыпам крымінальнага судаводства абавязку фармуляваць абвінавачанне па крымінальных справах можа быць расцэнена як прадвырашэнне ім пытання аб вінаватасці асобы і вынясенні абвінаваўчага прыгавору, паколькі, сфармуляваўшы абвінавачанне, суддзя можа аказацца звязаным сваім рашэннем.

 

Палажэнне артыкула 404 КПК, якое ўскладае на суд абавязак фармуляваць абвінавачанне, супярэчыць замацаванаму ў артыкуле 115 Канстытуцыі прынцыпу ажыццяўлення правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе. Гэты канстытуцыйны прынцып мае на ўвазе такое ажыццяўленне судаводства, калі функцыі суда па адпраўленню правасуддзя строга адмежаваны ад функцый бакоў у працэсе: суд абавязаны забяспечыць справядлівы і непрадузяты разгляд справы, прадастаўляючы бакам роўныя магчымасці для ажыццяўлення імі сваіх функцый абвінавачання і абароны.

 

У адпаведнасці з артыкулам 62 Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.

 

Згодна з пунктам трэцім артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны мае права пры разглядзе любога прад’яўляемага яму крымінальнага абвінавачання як мінімум на пэўныя гарантыі на аснове поўнай роўнасці, у тым ліку на тое, каб мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і зносіцца з выбраным ім самім абаронцам (падпункт “b”). Артыкулам 5 указанага Пакта прадугледжана, што нішто ў дадзеным Пакце не можа тлумачыцца як азначаючае, што якая-небудзь дзяржава, якая-небудзь група або якая-небудзь асоба мае права займацца якой бы там ні было дзейнасцю або ўчыняць якія б там ні было дзеянні, накіраваныя на знішчэнне любых правоў або свабод, прызнаных у дадзеным Пакце, ці на абмежаванне іх у большай меры, чым прадугледжваецца ў Пакце.

 

Паколькі пры пратакольнай форме дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў па справах аб злачынствах, прадугледжаных артыкулам 400 КПК, з вядзення па крымінальнай справе выключана працэдура прыцягнення асобы ў якасці абвінавачваемага да накіравання матэрыялаў у суд, то асоба, прыцягваемая да адказнасці, абмяжоўваецца ў магчымасці абараняць свае правы і законныя інтарэсы як асабіста, так і з дапамогай абаронцы, што супярэчыць палажэнням артыкула 62 Канстытуцыі і міжнародным нормам. Між тым і пры выкарыстанні пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў асобе, у адносінах да якой ажыццяўляецца крымінальнае праследаванне, павінна быць у поўнай меры забяспечана права на абарону.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што прызнанне не адпавядаючай Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам часткі трэцяй артыкула 404 КПК, якая ўскладае на суд абавязак фармуляваць абвінавачанне, не выключае магчымасці выкарыстання інстытута пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў у крымінальным судаводстве пры захаванні ўсіх патрабаванняў па належнаму забеспячэнню правоў і законных інтарэсаў усіх удзельнікаў працэсу. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд мае на ўвазе, што прызнанне не адпавядаючай Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам часткі трэцяй артыкула 404 КПК, якая абавязвае суд (суддзю) фармуляваць абвінавачанне, фактычна выключае права суда (суддзі) на ўзбуджэнне крымінальнай справы на падставе прадстаўленага ў суд пратакола ў сувязі з тым, што ўказаныя працэсуальныя дзеянні ўзаемаабумоўлены. Паколькі фармуляванне абвінавачання ў гэтым выпадку можа мець месца пры ўмове ўзбуджэння крымінальнай справы, то і рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы павінна быць прынята спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое органамі да накіравання справы ў суд.

 

З улікам магчымасці падрыхтоўкі і прыняцця адпаведнага законапраекта і ў мэтах выключэння прабелаў у прававым рэгуляванні, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся артыкулам 9 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, лічыць неабходным вызначыць тэрмін, на працягу якога частка трэцяя артыкула 404 КПК, прызнаная неканстытуцыйнай, працягвала б дзейнічаць да прыняцця заканадаўцам ва ўстаноўлены тэрмін мер, забяспечваючых прывядзенне норм крымінальна-працэсуальнага заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Заключэннем.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць частку трэцюю артыкула 404 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь не адпавядаючай Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам і не маючай юрыдычнай сілы з 1 ліпеня 1999 года.

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь не пазней 30 чэрвеня 1999 года ўнесці змяненні і дапаўненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ў адпаведнасці з гэтым Заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч