Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
28 студзеня 1999 г. № P-75/99
Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1998 годзе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б., Шукліна В.З., разгледзеўшы пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 80 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда,

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1998 годзе” (тэкст дадаецца).

 

2. Апублікаваць Пасланне “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1998 годзе” у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь” у дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч

 

 

Прэзідэнту

Рэспублікі Беларусь

 

Палаце прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу

Рэспублікі Беларусь

 

Савету Рэспублікі

Нацыянальнага сходу

Рэспублікі Беларусь

  

ПАСЛАННЕ

КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

 

АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦI

У РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 1998 ГОДЗЕ

 

Канстытуцыя абвяшчае Рэспубліку Беларусь унітарнай, дэмакратычнай, сацыяльнай і прававой дзяржавай. Важнейшай задачай прававой дзяржавы з’яўляецца забеспячэнне і абарона правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Вырашэнне гэтай задачы патрабуе намаганняў усіх дзяржаўных органаў, службовых і іншых асоб, якім даверана ажыццяўленне дзяржаўных функцый, і якія нясуць адказнасць за дзеянні, што парушаюць правы і свабоды асобы.

 

Частка трэцяя артыкула 21 Канстытуцыі ўстанавіла, што дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы. З’яўляючыся састаўной часткай дзяржаўнага механізма рэалізацыі гэтых гарантый, Канстытуцыйны Суд у межах сваёй кампетэнцыі прымаў усе даступныя яму меры, неабходныя для забеспячэння правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, умацавання канстытуцыйнай законнасці. Яго дзейнасць у гэтым кірунку ў 1998 годзе мела асаблівую значнасць у сувязі з 50-годдзем Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

 

I

 

У 1998 годзе Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь вынесена 11 заключэнняў. (У 1996 годзе Канстытуцыйны Суд вынес 12 заключэнняў, з іх 6 — па справах, узбуджаных па ўласнай ініцыятыве).

 

Правераны 8 законаў, 2 пастановы Вярхоўнага Савета, 2 пастановы Урада, 3 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і 5 ведамасных нарматыўных актаў. Па выніках разгляду 15 нарматыўных актаў прызнаны неканстытуцыйнымі часткова, у тым ліку 7 правераных законаў. Прадметам праверкі з’яўляліся нарматыўныя акты, рэгулюючыя розныя праваадносіны і з прычыны актуальнасці і значнасці іх для грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з адсутнасцю аднастайнай практыкі прымянення запатрабаваўшыя разгляду іх у Канстытуцыйным Судзе. Пры разглядзе спраў Канстытуцыйны Суд удзяляў асаблівую ўвагу пытанням праверкі адпаведнасці норм галіновага заканадаўства міжнародным стандартам у сферы захавання правоў чалавека і асноўных свабод.

 

Значную частку спраў, разгледжаных у 1998 годзе, склалі справы аб канстытуцыйнасці нормаў адміністрацыйнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Усе яны тычыліся пытанняў забеспячэння гарантый правоў асоб, прыцягваемых да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Вырашэнне гэтых пытанняў набыло асаблівую актуальнасць у сувязі з тым, што працэс рэфармавання крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і адміністрацыйнага заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь яшчэ не завершаны, а прымяненне шэрага нормаў дзеючых кодэксаў, якія супярэчаць Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, прыводзіла да парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян.

 

Зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі, а таксама патрабаванняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канстытуцыйны Суд прызнаў неканстытуцыйным артыкул 246 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы немагчымасці абскарджання асобай у судовым парадку адміністрацыйнага затрымання, асабістага вобыску, надгляду рэчаў і адабрання рэчаў і дакументаў.

 

Канстытуцыйны Суд прызнаў таксама неканстытуцыйнымі і супярэчнымі названаму Пакту пункты 1, 2, 3 артыкула 267 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і абзац другі пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 “Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скаргаў на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў” у частцы непрызнання за грамадзянінам права на абскарджанне ў суд пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку абскарджання пастановы вышэйстаячай службовай асобе, а пункты 4 і 5 гэтага ж артыкула — у частцы замацавання правіла аб абскарджанні пастановы толькі ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе) і пазбаўлення грамадзяніна права на абскарджанне ў суд пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання, зафіксаванага на месцы ўчынення правапарушэння без складання пратакола.

 

У заключэннях па гэтых справах Канстытуцыйны Суд адназначна ўказаў на непасрэднае дзеянне артыкула 60 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што прымяненне дадзенай канстытуцыйнай нормы не можа быць абмежавана як заканадаўчымі актамі, так і правапрымяняльнай практыкай, у тым ліку і ў выпадку прабелаў у заканадаўстве. Такая выснова набывае асаблівую значнасць у сувязі з тым, што на практыцы асобныя дзяржаўныя органы і службовыя асобы няправільна трактуюць дадзенае канстытуцыйнае прадпісанне і адмаўляюць грамадзянам у праве на судовую абарону.

 

Канстытуцыйны Суд прызнаў не адпавядаючым Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пункт 3 часткі другой артыкула 66 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (КПК), паколькі замацаваная ў гэтай норме забарона дапытваць у якасці сведкаў блізкіх сваякоў і членаў сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства, абмяжоўвала права сведкаў пры наяўнасці іх згоды даваць паказанні па справе. Акрамя таго, указаная норма абмяжоўвала і правы падазронага, абвінавачванага або падсуднага на абарону, паколькі іх блізкім сваякам або членам сям’і маглі быць вядомы істотныя акалічнасці па справе, у тым ліку і апраўдваючыя гэтую асобу або змякчаючыя яе адказнасць.

 

У ходзе разгляду дадзенай справы было ўстаноўлена, што, нягледзячы на яўную неканстытуцыйнасць указанай нормы, якая дзейнічала на працягу амаль двух гадоў і прымяненне якой значна ўскладняла ажыццяўленне крымінальнага судаводства і парушала канстытуцыйныя правы грамадзян, правапрымяняльныя органы, за выключэннем Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, не ставілі ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні гэтай нормы неканстытуцыйнай.

 

Па справе аб адпаведнасці Канстытуцыі часткі пятай артыкула 92 КПК была праверана норма, якая прадугледжвае, што час азнаямлення абвінавачванага і яго абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы пры вылічэнні тэрміну ўтрымання пад вартай у якасці меры стрымання не ўлічваецца. Канстытуцыйны Суд прызнаў указаную норму не адпавядаючай Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам у той частцы, у якой у ёй адсутнічае правіла аб утрыманні абвінавачванага пад вартай на падставе пісьмовай пастановы суда або іншага органа, вызначанага законам, у перыяд азнаямлення абвінавачванага і яго абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы па заканчэнні максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК. Канстытуцыйны Суд указаў, што правяраемая норма дае магчымасць фактычна абмяжоўваць свабоду абвінавачванага ў перыяд азнаямлення яго і абаронцы з матэрыяламі крымінальнай справы па заканчэнні максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК, без вынясення адпаведнага рашэння кампетэнтнымі органамі, прадугледжанымі ў артыкуле 7 КПК. Заключэнне пад варту з’яўляецца самай строгай мерай стрымання, якая істотна абмяжоўвае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Таму выпадкі, парадак і тэрміны прымянення такой меры стрымання павінны быць дэталёва рэгламентаваны законам. Канстытуцыйны Суд таксама адзначыў, што абвінавачваны, які ўтрымліваецца пад вартай, у перыяд азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы звыш максімальнага тэрміну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК, фармальна абмежаваны ў магчымасці абскардзіць у суд утрыманне пад вартай, паколькі ў гэтым выпадку не прадугледжваецца вынясенне судом або адпаведным пракурорам рашэння аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай.

 

Па справе аб адпаведнасці Канстытуцыі часткі трэцяй артыкула 404 КПК Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што ўскладанне на суд (суддзю) абавязку фармуляваць у вызначэнні (пастанове) аб узбуджэнні крымінальнай справы абвінавачанне, пры разглядзе крымінальных спраў у парадку пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў, супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму абарону яго правоў кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Выкананне функцый следства і адпраўлення правасуддзя адным і тым жа судом парушае замацаваны ў Канстытуцыі прынцып спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе, іншыя прынцыпы крымінальнага судаводства і абмяжоўвае права на юрыдычную дапамогу.

 

Канстытуцыйны Суд зрабіў выснову, што прызнанне не адпавядаючай Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам часткі трэцяй артыкула 404 КПК, якая ўскладае на суд абавязак фармуляваць абвінавачанне, не выключае магчымасці выкарыстання ў крымінальным судаводстве інстытута пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкі матэрыялаў пры ўмове, што будуць захаваны ўсе патрабаванні па належнаму забеспячэнню правоў і законных інтарэсаў усіх удзельнікаў працэсу.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў мэтах больш поўнага забеспячэння спаборнасці і роўнасці бакоў, непрадузятасці суда дапушчальна, да ўнясення змяненняў у КПК у адпаведнасці з заключэннем Канстытуцыйнага Суда, устанаўленне практыкі, у адпаведнасці з якой фармуляванне абвінавачання і разгляд спраў будзе праводзіцца рознымі складамі суда (суддзямі).

 

Па справе аб адпаведнасці Канстытуцыі частак трэцяй і чацвёртай артыкула 123 КПК, узбуджанай у сувязі з узнікшай спрэчкай аб падследнасці крымінальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі ў саўдзеле з асобамі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, Канстытуцыйны Суд прызнаў правяраемыя нормы адпавядаючымі Канстытуцыі. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што права на прыняцце рашэнняў аб падследнасці крымінальных спраў належыць органам пракуратуры ў межах іх кампетэнцыі.

 

Прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда былі таксама нормы сямейнага, працоўнага заканадаўства, пытанні сацыяльнага забеспячэння. Iх аналіз сведчыць аб тым, што заканадаўства ў дадзенай сферы і практыка яго прымянення патрабуюць удасканалення.

 

Канстытуцыйным Судом праверана адпаведнасць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь пункта 38 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства пры вырашэнні працоўных спрэчак” са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі пастановамі Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 1994 г. № 12 і ад 28 чэрвеня 1996 г. № 8. Канстытуцыйны Суд прызнаў правяраемую норму не адпавядаючай Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь у частцы растлумачэння аб праве наймальніка на скасаванне працоўнага дагавора з работнікам па пункту 1 артыкула 33 Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь у выпадку адмаўлення работніка ад заключэння дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасці па ўважлівых прычынах, у тым ліку, калі раней выконваемая работа не патрабавала заключэння такога дагавора і адсутнічала магчымасць перавесці работніка з яго згоды на іншую работу. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу, што нормы, якія абмяжоўваюць правы і свабоды, устанаўліваюць абавязкі грамадзян, павінны ўступаць у сілу толькі пасля іх афіцыйнага апублікавання.

 

З праблемамі сацыяльнага страхавання звязана справа, узбуджаная па ініцыятыве Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, аб канстытуцыйнасці пункта 25 Пераліку відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, зацверджанага Міністэрствам сацыяльнай абароны і Міністэрствам працы, падпунктаў 5.2, 5.3 Iнструкцыі аб парадку збірання і ўліку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Праўленнем Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, раздзелаў 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы, зацверджанай Міністэрствам статыстыкі і аналізу.

 

Пры вынясенні заключэння Канстытуцыйны Суд улічваў, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Канстытуцыйны Суд таксама зыходзіў з таго, што асноўнай крыніцай фарміравання даходнай часткі бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва з’яўляюцца абавязковыя страхавыя ўзносы, якія выплачваюцца юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі.

 

Ацаніўшы пастаўленыя пытанні ў сукупнасці з канкрэтнай правапрымяняльнай практыкай, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што рэгуляванне адносін у сувязі з выплатай абавязковых страхавых узносаў, у тым ліку вызначэнне складу аб’екта абкладання, устанаўленне льгот па аб’екту, павінна ажыццяўляцца на ўзроўні заканадаўчых актаў, а не актаў міністэрстваў і ведамстваў.

 

У сваім заключэнні Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прызнаў неканстытуцыйнымі пункт 25 Пераліку відаў выплат, на якія не налічваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, зыходзячы з таго, што рэгуляванне змешчаных у ім пытанняў не аднесена ва ўстаноўленым парадку да кампетэнцыі міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама раздзелы 9, 10, 11 Iнструкцыі па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы.

 

Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што Iнструкцыя па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы прызначалася для кіраўніцтва пры складанні справаздачнасці па працы юрыдычнымі асобамі, аднак на практыцы яе сталі прымяняць для вызначэння складу аб’ектаў (фонду заработнай платы, заработнай платы ў грашовай і натуральнай формах) пры налічэнні абавязковых страхавых узносаў. Такое становішча стала магчымым у сілу таго, што пытанні аб складзе аб’ектаў абкладання абавязковымі страхавымі ўзносамі не атрымалі свайго належнага вырашэння правамоцнымі органамі. Таму для ўстаранення недахопаў у рэгуляванні парадку фарміравання бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь упарадкаваць заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў галіне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб памерах абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь” былі ўнесены Нацыянальным сходам.

 

Разгледзеўшы справу аб канстытуцыйнасці часткі другой артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд прызнаў неканстытуцыйным пазасудовы парадак усынаўлення дзяцей без згоды бацькоў або асоб, якія іх замяняюць. Высновы Суда грунтаваліся як на патрабаваннях Канстытуцыі, так і на нормах міжнародных дагавораў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, якія прадугледжваюць толькі судовы парадак аддзялення дзяцей ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў або іншых асоб, якія іх замяняюць.

 

Па справе, якая была ўзбуджана па ініцыятыве Вышэйшага Гаспадарчага Суда і тычылася дзейнасці прыватных натарыусаў у Рэспубліцы Беларусь у перыяд праводзімага эксперыменту, Канстытуцыйны Суд прызнаў канстытуцыйнымі пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, што былі прыняты ў 1992 і 1994 гадах і паклалі пачатак прыватнай натарыяльнай дзейнасці. Тым самым Канстытуцыйны Суд пацвердзіў магчымасць існавання поруч з дзяржаўным прыватнага натарыята. Разам з тым Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што Урад, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, якія павінны былі ў межах сваёй кампетэнцыі пасля прыняцця Вярхоўным Саветам адпаведных пастаноў своечасова вырашыць пытанні арганізацыі праводзімага эксперыменту па ажыццяўленню прыватнай натарыяльнай дзейнасці, неналежна выканалі даручэнні заканадаўчага органа, што і прывяло да сур’ёзных парушэнняў у сферы падаткаабкладання атрымліваемых даходаў, неправамернай замене дзяржаўнай пошліны за ўчыняемыя натарыяльныя дзеянні натарыяльным зборам, які не залічваўся ў бюджэт, а складаў даход прыватных натарыусаў. У заключэнні Канстытуцыйны Суд асабліва падкрэсліў, што пытанні, звязаныя з аднаўленнем законнасці ў дзейнасці прыватных натарыусаў і пакрыццём дзяржаве прычыненай страты, павінны вырашацца кампетэнтнымі органамі зыходзячы з адказнасці дзяржаўных органаў, якія маюць дачыненне да правядзення эксперыменту, за незабеспячэнне належнага прававога рэгулявання парадку арганізацыі і дзейнасці прыватных натарыусаў.

 

У заключэнні па справе “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь” Канстытуцыйны Суд указаў, што Канстытуцыя 1994 года, замацаваўшы прынцыпы народнага суверэнітэту і падзелу ўлад, вызначыла іншыя, чым Канстытуцыя 1978 года, падыходы да арганізацыі і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, таму нормы закона, якія ўстанаўліваюць іншую ў параўнанні з Канстытуцыяй кампетэнцыю дзяржаўных органаў, з’яўляюцца некастытуцыйнымі. Канстытуцыйны Суд у заключэнні таксама ўказаў, што шэраг нормаў гэтага закона фактычна страцілі або змянілі сваё значэнне ў сувязі з распадам Саюза ССР і прыняццем новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначыў, што на падставе пастановы Вярхоўнага Савета ад 16 студзеня 1992 г. “Аб агаворцы да Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў” заканадаўства былога Саюза ССР можа прымяняцца ва ўстаноўленым гэтым законам парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд таксама прыйшоў да высновы аб неканстытуцыйнасці палажэння дадзенага закона, што дапускала магчымасць для суддзяў, пракурорскіх работнікаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачых у перыяд выканання імі сваіх абавязкаў быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт.

 

Аналіз разгледжаных у 1998 годзе спраў сведчыць аб тым, што, нягледзячы на наяўнасць у актах заканадаўства нормаў, якія супярэчаць Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, і прымяненне іх на практыцы, не ўсе суб’екты, надзеленыя правам звяртання ў Канстытуцыйны Суд, уносілі прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў. Ні разу не выкарысталі свае паўнамоцтвы па ўзбуджэнню канстытуцыйнага судаводства палаты Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў. Iніцыятарамі зваротаў у Канстытуцыйны Суд у 1998 годзе з’яўляліся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь.

 

Вырашэнне спраў у Канстытуцыйным Судзе з боку некаторых асоб нярэдка ўспрымаецца як нешта надзвычайнае, тады як у дзяржавах са сталымі дэмакратычнымі традыцыямі канстытуцыйны кантроль разглядаецца як адна з найбольш эфектыўных формаў рэагавання на парушэнні канстытуцыйнай законнасці і аб’ектыўнага, непрадузятага вырашэння спрэчак аб канстытуцыйнасці прававых актаў.

 

Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на тое, што суды практычна не выконваюць абавязковых патрабаванняў артыкула 112 Канстытуцыі і артыкула 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні нарматыўнага акта неканстытуцыйным, калі пры разглядзе канкрэтных спраў яны прыходзяць да высновы аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі. Невыкананне судамі дадзенага патрабавання прыводзіць да прымянення на працягу доўгага часу нарматыўных актаў, якія супярэчаць Канстытуцыі, перашкаджае хутчэйшаму фарміраванню аднастайнай практыкі, што адмоўна адбіваецца на стане канстытуцыйнай законнасці. Разгледжаныя Канстытуцыйным Судом у 1998 годзе справы сведчаць пра безыніцыятыўнасць і адвакатуры ў гэтым кірунку. Канстытуцыйны Суд не мае даных, што па грамадзянскіх, крымінальных справах заяўляліся хадайніцтвы адвакатаў перад судамі аб праверцы ва ўстаноўленым парадку канстытуцыйнасці актаў, якія падлягаюць прымяненню ў канкрэтнай справе.

 

Канстытуцыйны Суд станоўча ацэньвае дзейнасць дзяржаўных органаў і службовых асоб па выкананню заключэнняў Канстытуцыйнага Суда, прынятых ім у 1997 і 1998 гадах. Нацыянальны сход, Урад, міністэрствы і іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, чые акты былі прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда, своечасова ўносяць у іх неабходныя змяненні, адпаведным чынам карэкціруецца правапрымяняльная практыка. Высновы Канстытуцыйнага Суда ўлічваюцца таксама пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных актаў.

 

II

 

Адной з важнейшых крыніц інфармацыі аб стане канстытуцыйнай законнасці ў краіне з’яўляюцца звароты грамадзян у кампетэнтныя дзяржаўныя органы ў сувязі з парушэннем іх правоў, свабод і законных інтарэсаў.

 

Згодна з артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы, якія абавязаны іх разгледзець і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін.

 

У Канстытуцыйны Суд у мінулым годзе паступіла каля 800 асабістых і калектыўных зваротаў грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў. Значная частка зваротаў грамадзян па свайму зместу выходзіць за межы чыста асабістых інтарэсаў, мае грамадскую значнасць і дазваляе рабіць пэўныя высновы аб ступені прававой абароненасці розных катэгорый грамадзян. У многіх з іх утрымліваюцца не толькі крытычныя выказванні на адрас канкрэтных дзяржаўных органаў і службовых асоб, ігнаруючых, па меркаванню заяўнікаў, іх правы, свабоды і законныя інтарэсы, але і выказваюцца ацэнкі дзеючага заканадаўства, недастаткова, з іх пункту гледжання, гарантуючага канстытуцыйны статус чалавека і грамадзяніна, ставяцца пытанні аб неабходнасці змянення заканадаўства і практыкі яго прымянення.

 

17 сакавіка 1998 г. Канстытуцыйны Суд разгледзеў пытанне аб рабоце са зваротамі грамадзян і прыняў рашэнне, у якім указаў, што работа са зваротамі садзейнічае больш поўнаму ажыццяўленню грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў і свабод, выяўленню актаў, якія патрабуюць праверкі на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі, удасканаленню заканадаўства, умацаванню законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні.

 

Паколькі Канстытуцыйны Суд не валодае правам даваць заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў па прапановах грамадзян, ён выкарыстоўвае іншыя формы вырашэння іх зваротаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй, законамі “Аб зваротах грамадзян” і “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”. Па зваротах даваліся адпаведныя растлумачэнні, у неабходных выпадках скаргі накіроўваліся ў органы, да кампетэнцыі якіх адносіцца іх разгляд, з просьбай вырашыць узнікаючыя ў канкрэтных асоб пытанні. У большасці выпадкаў гэтыя дзяржаўныя органы (Савет Міністраў, Пракуратура рэспублікі, міністэрствы юстыцыі, сацыяльнай абароны, працы, адукацыі, унутраных спраў, абароны, органы мясцовага кіравання і самакіравання) пазітыўна і своечасова рэагавалі на звароты Канстытуцыйнага Суда.

 

У студзені 1998 г. у Канстытуцыйны Суд паступілі калектыўны зварот грамадзян-прадпрымальнікаў (каля 5 тысяч), звароты Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, прафсаюзаў прадпрымальнікаў, Беларускага саюза падаткаплацельшчыкаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў па пытанню законнасці ўстанаўлення парадку падаткаабкладання зыходзячы з сукупнага гадавога даходу, прадугледжанага Метадычнымі ўказаннямі Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у цяперашні час — Дзяржаўны падатковы камітэт Рэспублікі Беларусь) аб парадку прымянення Закона “Аб падаходным падатку з грамадзян” ад 12 красавіка 1996 г. № 5 (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў іх Дзяржаўным падатковым камітэтам у 1997 годзе). Па выніках разгляду гэтых зваротаў Канстытуцыйны Суд, устанавіўшы неадпаведнасць гэтага парадку Канстытуцыі і законам і прыняўшы адпаведнае рашэнне, накіраваў 29 студзеня 1998 г. Ураду Рэспублікі Беларусь прапановы аб адмене нормаў, якія супярэчаць заканадаўству (Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, 1998, № 2). Дзяржаўны падатковы камітэт загадам ад 4 лютага 1998 г. № 20 адмяніў не адпавядаючыя заканадаўству палажэнні Метадычных указанняў.

 

У сувязі са зваротамі грамадзян аб істотным абмежаванні права ўладальнікаў перамешчаных цераз мяжу транспартных сродкаў выдаваць даверанасці блізкім сваякам, якія не пражываюць сумесна з імі, на права карыстання гэтымі транспартнымі сродкамі Канстытуцыйным Судом 7 мая 1998 г. у Савет Міністраў накіравана пісьмо, у якім абгрунтоўвалася мэтазгоднасць унясення ў Палажэнне аб парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі асабістай маёмасці цераз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь змяненняў, што дапускаюць магчымасць карыстання па даверанасці транспартным сродкам блізкімі сваякамі ўладальніка гэтага транспартнага сродку незалежна ад месца іх пражывання. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 1998 г. № 1457 “Аб унясенні змянення у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 1997 г. № 315” указаныя абмежаванні былі адменены.

 

У 1998 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступалі скаргі ад асуджаных, якім было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні ад пакарання ў сувязі з тым, што Законам ад 31 снежня 1997 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Папраўча-працоўны кодэксы Рэспублікі Беларусь” былі павышаны мінімальныя і максімальныя тэрміны пазбаўлення волі за некаторыя цяжкія злачынствы. Канстытуцыйны Суд, прызнаўшы такія скаргі абгрунтаванымі, у пісьме Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь выклаў сваё меркаванне аб тым, што пры прымяненні да асоб, асуджаных да ўступлення ў сілу ўказанага закона, умоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання і замены пакарання больш мяккім, а таксама ўмоўнага вызвалення з месцаў пазбаўлення волі з абавязковым прыцягненнем да працы тэрміны адбытага пакарання вылічваюцца на падставе санкцый артыкулаў Крымінальнага кодэкса, па якіх яны былі асуджаны, гэта значыць павінен прымяняцца больш мяккі закон. Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь у выніку прапанаваў Камітэту па выкананню пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў і ніжэйстаячым органам пракуратуры ўстараніць дапушчаныя парушэнні закона.

 

Шэраг абгрунтаваных скаргаў грамадзян тычыліся рашэнняў мясцовых органаў улады. Пасля вывучэння іх у Канстытуцыйным Судзе і накіравання адпаведных прапаноў скаргі былі пазітыўна вырашаны органамі, якія прынялі такія рашэнні.

 

У Канстытуцыйны Суд працягваюць паступаць звароты грамадзян па пытаннях прыватызацыі пакояў у камунальных кватэрах. У іх адзначаецца, што дзеючы Закон “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” абмяжоўвае магчымасць такой прыватызацыі і ставіць іх у няроўнае становішча з іншымі наймальнікамі жылых памяшканняў.

 

Асобныя скаргі тычацца рашэнняў аблвыканкомаў, якія прадугледжваюць магчымасць рэалізацыі права на пастаноўку на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у залежнасці ад тэрмінаў пражывання (прапіскі) у дадзеным населеным пункце.

 

Улічваючы грамадскую значнасць гэтых пытанняў, іх неадназначнае вырашэнне і ацэнкі, існуючыя спрэчкі, Канстытуцыйны Суд адзначае, што шэраг дзеючых нарматыўных актаў мясцовых Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў маюць патрэбу ў праверцы на прадмет адпаведнасці іх Канстытуцыі. Свой уклад у вырашэнне гэтых пытанняў мог бы ўнесці Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, які з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва.

 

У многіх зваротах грамадзян указваецца на неабходнасць удасканалення заканадаўства аб ветэранах. Ставіцца, у прыватнасці, пытанне аб пенсіённым забеспячэнні асоб, аднесеных Законам “Аб ветэранах” да ліку ветэранаў вайны (грамадзяне, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторыі пасля вызвалення яе ад нямецкай акупацыі ў 1943—1945 гадах, а таксама работнікі спецыяльных фарміраванняў, пераведзеныя у перыяд Вялікай Айчыннай вайны на становішча асоб, якія знаходзіліся ў радах Чырвонай Арміі і выконвалі задачы ў інтарэсах арміі і флоту у межах тылавых граніц дзеючых франтоў або аператыўных зон дзеючых флатоў). У адносінах да ўказаных асоб, у адрозненне ад іншых ветэранаў вайны, Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні” павышэння пенсій не прадугледжвае. Такое вырашэнне пытання ацэньваецца грамадзянамі як сацыяльна несправядлівае, паколькі асобы, прызнаныя ветэранамі вайны, аказваюцца ў няроўным прававым становішчы. У сувязі з гэтым было б мэтазгодна вырашыць указаную праблему ў новай рэдакцыі Закона “Аб ветэранах”, што распрацоўваецца ў цяперашні час.

 

Мелі месца скаргі на парушэнні заканадаўства аб мовах, у прыватнасці, на парушэнне раўнапраўя моў. У сувязі з гэтым Канстытуцыйным Судом з мэтай устаранення прабелу ў дзеючым заканадаўстве 12 лістапада 1998 г. была накіравана ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прапанова аб устанаўленні адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб мовах. Для забеспячэння канстытуцыйнасці ў такой важнай сферы грамадскіх адносін рашэнне гэтага пытання не павінна зацягвацца.

 

Значная колькасць зваротаў грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў па-ранейшаму звязана з праблемамі пакрыцця страт, панесеных у выніку інфляцыйнага абясцэньвання грашовых зберажэнняў, змешчаных ва ўклады ў Ашчадным банку, а таксама няпоўнага выканання дзяржавай пазыковых абавязацельстваў па каштоўных паперах былога Саюза ССР. Па меркаванню грамадзян, існуе неабходнасць удасканалення заканадаўства аб больш поўных гарантыях пакрыцця грамадзянам Рэспублікі Беларусь страт ад абясцэньвання ўкладаў і каштоўных папер з улікам інфляцыйных працэсаў.

 

Вялікая колькасць зваротаў грамадзян і іх аб’яднанняў тычыцца пытання прымянення нормаў заканадаўства, якія прадугледжваюць прадастаўленне розных ільгот. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў сувязі з супярэчлівасцю нормаў заканадаўства розныя правапрымяняльныя органы, у тым ліку і суды, прымаюць рашэнні, якія не адпавядаюць адно аднаму, што выклікае крытыку і незадавальненне. Указаная праблема, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, таксама патрабуе хутчэйшага прававога вырашэння.

 

Ажыццяўляючы кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд асаблівую ўвагу ўдзяляў пытанням прывядзення нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з нормамі міжнародных пактаў аб правах чалавека і фарміравання нарматыўнай базы, якая адпавядае сусветным стандартам. У гэтых мэтах Канстытуцыйны Суд актыўна выкарыстоўваў сваё права на ўнясенне ў дзяржаўныя органы прапаноў па ўдасканаленню дзеючага заканадаўства.

 

Канстытуцыйны Суд не надзелены правам узбуджэння вядзення аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў паводле ўласнага меркавання. Таму, валодаючы аб’ектыўнай і дакладнай інфармацыяй аб яўнай неканстытуцыйнасці асобных нарматыўных актаў, пры адсутнасці зваротаў ад суб’ектаў, якія маюць такое права, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся Канстытуцыяй і законам аб Канстытуцыйным Судзе, накіроўваў на адрас паўнамоцных органаў дзяржаўнай улады рашэнні, што маюць рэкамендацыйны характар. Як сведчыць практыка, гэта дазваляла аператыўна ўстараняць недахопы ў норматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці асобных дзяржаўных органаў.

 

III

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што эфектыўная дзейнасць па ўмацаванню канстытуцыйнай законнасці ў многім залежыць ад узроўню прававой інфармаванасці, вывучэння міжнароднай практыкі.

 

У мэтах выкарыстання замежнага вопыту па забеспячэнню канстытуцыйнай законнасці Канстытуцыйны Суд у мінулым годзе працягваў развіваць супрацоўніцтва з органамі канстытуцыйнага кантролю іншых краін, а таксама рознымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. З’яўляючыся адным з заснавальнікаў Канферэнцыі канстытуцыйных судоў дзяржаў маладой дэмакратыі, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці гэтага органа. Канстытуцыйны Суд выступіў у рамках дадзенай Канферэнцыі таксама сазаснавальнікам часопіса “Канстытуцыйнае правасуддзе”, выданне якога прызвана садзейнічаць больш актыўнаму абмену вопытам у галіне канстытуцыйнага кантролю.

 

3—5 чэрвеня 1998 г. у г. Мінску адбылася арганізаваная Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Роля органаў канстытуцыйнага кантролю ў абароне сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-культурных правоў і свабод грамадзян”. У рабоце дадзенага форуму ўдзельнічалі прадстаўнікі 11 дзяржаў. На канферэнцыі адбыўся карысны і змястоўны абмен думкамі па важнейшых пытаннях станаўлення судовага канстытуцыйнага кантролю ў забеспячэнні эканамічных, сацыяльных і культурных правоў і свабод грамадзян, інстытута канстытуцыйнай скаргі, значэння і ролі прынцыпаў і нормаў міжнароднага права ў ажыццяўленні канстытуцыйнага кантролю, іншых формаў канстытуцыйнага правасуддзя ў забеспячэнні правоў і свабод грамадзян. На канферэнцыі адзначалася, што ажыццяўленне канстытуцыйнага кантролю з’яўляецца неабходнай умовай развіцця дзяржаў па дэмакратычнаму шляху. Выносячы канчатковыя і абавязковыя для выканання акты, канстытуцыйныя суды садзейнічаюць устойліваму развіццю і ўдасканаленню прававых сістэм, рэальнаму забеспячэнню прынцыпу падзелу ўлад, абароне правоў і свабод грамадзян.

 

Канстытуцыйны Суд быў таксама адным з арганізатараў навукова-практычнай канферэнцыі “Забеспячэнне непасрэднага дзеяння канстытуцыйных нормаў аб правах і свабодах грамадзян: вопыт, праблемы, перспектывы”, якая праводзілася ў г. Мінску 17 лістапада 1998 г. Яна была прысвечана важнейшым аспектам канстытуцыйнага будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, выпрацоўцы механізмаў прамога дзеяння канстытуцыйных нормаў, забеспячэння іх прыярытэту ў правапрымяняльнай дзейнасці. Гэта мае асобае значэнне ў сувязі з тым, што на практыцы яшчэ не ўсюды ёсць разуменне неабходнасці забеспячэння непасрэднага дзеяння канстытуцыйных нормаў. Матэрыялы канферэнцыі былі апублікаваны і накіраваны для выкарыстання высноў і ідэй, выказаных удзельнікамі канферэнцыі, рэспубліканскім дзяржаўным органам, навуковым, навучальным і іншым установам.

 

Суддзі Канстытуцыйнага Суда прымалі ўдзел у іншых навукова-практычных канферэнцыях і семінарах па пытаннях удасканалення заканадаўства, абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, якія праводзіліся як у рэспубліцы, так і за мяжой.

 

У верасні 1998 г. Канстытуцыйны Суд прадставіў у Савет канстытуцыйных судоў Еўропы нацыянальны даклад, які датычыць становішча спраў са свабодай сумлення і веравызнанняў у Рэспубліцы Беларусь і іншых звязаных з гэтым пытанняў, для падрыхтоўкі агульнага даклада па гэтай жа тэме на 11-ю Канферэнцыю еўрапейскіх канстытуцыйных судоў, у якім у цэлым станоўча ацаніў дзеючае заканадаўства аб свабодзе сумлення і веравызнанняў і практыку яго прымянення ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд удзяляе вялікую ўвагу пытанням узаемнага абмену інфармацыяй у галіне канстытуцыйнага кантролю з адпаведнымі органамі іншых краін. У гэтых мэтах Канстытуцыйны Суд абменьваецца з імі сваімі рашэннямі, падтрымліваюцца і іншыя кантакты з органамі канстытуцыйнага кантролю іншых дзяржаў.

 

IV

 

Канстытуцыйны Суд, ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, адзначае, што яшчэ не прыняты ўсе дастатковыя меры для забеспячэння вяршэнства права, прамога дзеяння канстытуцыйных нормаў, поўнага ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Вопыт ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю паказвае, што паўнацэнная абарона правоў і свабод чалавека і грамадзяніна забяспечваецца пры ўмове належнай імплементацыі нормаў міжнароднага права ў заканадаўства краіны. Гэта тлумачыцца тым, што на міжнародным узроўні выпрацоўваюцца канцэпцыі аднастайнага разумення і прымянення тых або іншых механізмаў абароны правоў чалавека. У сувязі з гэтым уяўляецца вельмі важным стварэнне ўсіх неабходных умоў для эфектыўнага прымянення нормаў міжнароднага права ў праватворчай і правапрымяняльнай дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў.

 

Неабходнай умовай фарміравання прававой дзяржавы з’яўляецца ўдасканаленне і развіццё нацыянальнага заканадаўства, забеспячэнне рэальных гарантый правоў, свабод грамадзян і іх абароны. Гэта магчыма ў поўнай меры толькі пры наяўнасці належнай прававой асновы, на што звярталася ўвага і на парламенцкіх слуханнях па праблемах правоў чалавека (чэрвень 1998 г.). Важная роля ў гэтым належыць Прэзідэнту, Нацыянальнаму сходу, Савету Міністраў.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што Прэзідэнтам, Парламентам, Урадам многае зроблена для ўдасканалення прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь. Прыняты Грамадзянскі, Грамадзянскі працэсуальны, Мытны, Водны, Гаспадарчы працэсуальны кодэксы, кодэксы аб зямлі, аб нетрах, шэраг іншых сістэмаўтвараючых законаў, набліжаецца да завяршэння работа над іншымі буйнымі кадыфікаванымі актамі — Крымінальным, Крымінальна-працэсуальным, Працоўным і некаторымі іншымі кодэксамі і законамі. Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што працэс прыняцця шэрага асноватворных законаў зацягнуўся. Да гэтага часу не прыняты законы, якія напрамую вынікаюць з Канстытуцыі (аб праве на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства, аб альтэрнатыўнай вайсковай службе, аб надзвычайным і ваенным становішчы, аб парадку рэалізацыі грамадзянамі права на заканадаўчую ініцыятыву, аб статусе горада Мінска і інш.).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным выключыць практыку рэгулявання значных грамадскіх адносін на ўзроўні падзаконных актаў, прыняцця дзяржаўнымі органамі актаў з перавышэннем паўнамоцтваў, прымянення неапублікаваных актаў, якія датычаць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, надання актам, што ўстанаўліваюць адказнасць або іншым чынам абцяжарваюць становішча ўдзельнікаў праваадносін, зваротнай сілы.

 

Канстытуцыйны Суд падтрымлівае выказаную ў рэкамендацыях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па выніках парламенцкіх слуханняў ідэю прадастаўлення грамадзянам права на звяртанне ў Канстытуцыйны Суд. Гэта абумоўлена тым, што найбольш распаўсюджанай формай абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян у практыцы многіх краін з’яўляецца інстытут канстытуцыйнай скаргі, калі зварот грамадзяніна з просьбай разгледзець канстытуцыйнасць закона, які неапраўдана ўшчамляе яго правы, свабоды, законныя інтарэсы, з’яўляецца непасрэднай падставай для разгляду такой справы органам канстытуцыйнага кантролю.

 

Заканадаўчае замацаванне права грамадзян звяртацца з канстытуцыйнай скаргай адпавядала б мэтам усямернай абароны правоў чалавека і грамадзяніна і належнай рэалізацыі палажэнняў артыкула 61 Канстытуцыі, які прадугледжвае магчымасць звяртання ў міжнародныя арганізацыі толькі пасля таго, як вычарпаны ўсе ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны, і не толькі адпавядала б міжнароднай практыцы, але і садзейнічала б вырашэнню задач, што стаяць перад прававой дзяржавай. У якасці альтэрнатывы на сучасным этапе можна было б у выпадку прыняцця закона аб Упаўнаважаным па правах чалавека надзяліць яго правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці законаў і іншых нарматыўных актаў.

 

*

 

Аналіз стану канстытуцыйнай законнасці сведчыць аб неабходнасці ўзмацнення дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў і службовых асоб па забеспячэнню канстытуцыйных правоў і свабод кожнага чалавека і грамадзяніна. Гэта з’яўляецца неад’емнай умовай зацвярджэння прынцыпу вяршэнства права, далейшага руху да дэмакратыі, свабоды, законнасці, станаўлення і ўстойлівага развіцця прававой дзяржавы.

 

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 28 студзеня 1999 г.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч