Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
25 сакавіка 1999 г. № 3-77/99
Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 1994 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі заўвагі да артыкула 177 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні — Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Карповіч Н.А. — намесніка начальніка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыяліста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 1994 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі заўвагі да артыкула 177 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 19 снежня 1994 г. прызнаны не адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь асобныя палажэнні заўвагі да артыкула 177 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

У сувязі з неадназначнай ацэнкай у заканатворчай і правапрымяняльнай практыцы Заключэння Канстытуцыйнага Суда ад 19 снежня 1994 г. у частцы, што датычыцца пытанняў адказнасці блізкіх родных і членаў сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства, за неданясенне і загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва, а таксама ўлічваючы просьбу Пракуратуры Рэспублікі Беларусь аб растлумачэнні ўказанага Заключэння, Канстытуцыйны Суд 4 сакавіка 1999 г. узбудзіў вядзенне па справе “Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 1994 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі заўвагі да артыкула 177 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

 

Заслухаўшы прадстаўнікоў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прааналізаваўшы нормы дзеючага Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, праекта новага Крымінальнага кодэкса, прынятага ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мадэльнага Крымінальнага кодэкса для дзяржаў-удзельніц СНД, следчую і судовую практыку, а таксама нормы канстытуцыйнага і крымінальнага заканадаўства іншых дзяржаў, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.

 

Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.

 

Артыкул 27 Канстытуцыі фактычна замацоўвае права блізкіх родных і членаў сям’і асобы, якая падазраецца або абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, ці падсуднага не сведчыць супраць саміх сябе і гэтай асобы. Гарантыяй гэтага права з’яўляецца замацаванне ў заканадаўстве палажэння, згодна з якім асоба не падлягае крымінальнай адказнасці за адмову даваць паказанні, калі яны накіраваны супраць яе блізкіх родных або членаў яе сям’і. З артыкула 27 Канстытуцыі вынікае і права блізкіх родных і членаў сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства, не паведамляць у дзяржаўныя органы звесткі, якія непасрэдна накіраваны супраць гэтай асобы, што дапускае выключэнне крымінальнай адказнасці ўказаных у гэтым артыкуле асоб за неданясенне аб суб’екце злачынства.

 

Растлумачваючы Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 19 снежня 1994 г. у частцы, якая датычыцца неданясення аб злачынстве, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што неданясенне аб злачынстве згодна з крымінальным заканадаўствам можа выяўляцца як у неданясенні аб рыхтуемым злачынстве, так і ў неданясенні аб дакладна вядомым ужо ўчыненым злачынстве. Пры гэтым ступень грамадскай небяспекі неданясення залежыць не толькі ад цяжару злачынства, аб якім не паведамлена ў адпаведныя органы, але і ад характару ўчыняемага неданасіцелем бяздзеяння.

 

Паколькі пры паведамленні аб рыхтуемым злачынстве ёсць рэальная магчымасць прадухіліць яго ўчыненне, папярэдзіўшы тым самым прычыненне шкоды ахоўваемым законам аб’ектам, а неданясенне аб падрыхтоўцы злачынства перашкаджае фарміраванню парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод чалавека, мае значэнне захаванне дыферэнцыраванага падыходу да ўстанаўлення адказнасці за ўказанае неданясенне і неданясенне аб учыненым злачынстве, калі шкодныя вынікі ўжо наступілі.

 

З улікам указанага адрознення форм неданясення сфармулявана і норма артыкула 406 праекта Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якой мяркуецца ўстанавіць больш строгую адказнасць за неданясенне аб дакладна вядомым рыхтуемым цяжкім або асабліва цяжкім злачынстве ў параўнанні з неданясеннем аб дакладна вядомым учыненым асабліва цяжкім злачынстве і неданясеннем аб дакладна вядомай асобе, якая ўчыніла гэта злачынства, або аб месцы знаходжання такой асобы.

 

У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што яшчэ большай грамадскай небяспекай характарызуецца неданясенне аб рыхтуемым асабліва цяжкім злачынстве, якое ўяўляе пагрозу для жыцця людзей.

 

Згодна з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. У сістэме чалавечых каштоўнасцей Канстытуцыя і міжнародна-прававыя акты асабліва вылучаюць жыццё чалавека. Абвешчанае Канстытуцыяй права кожнага на жыццё як неад’емнае натуральнае права ў сілу сваёй вышэйшай каштоўнасці мае прыярытэтнае значэнне ў сістэме ўсіх іншых канстытуцыйных правоў грамадзян. Згодна з артыкулам 24 Канстытуцыі дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. У мэтах абароны жыцця як асабліва ахоўваемага Канстытуцыяй аб’екта заканадаўствам прадугледжваецца строгая крымінальная адказнасць за наўмыснае забойства, асабліва калі яно ўчыняецца агульнанебяспечным спосабам або спалучана з іншымі абцяжарваючымі акалічнасцямі, а таксама іншыя асабліва цяжкія злачынствы, якія з’яўляюцца небяспечнымі для жыцця людзей. Папярэджанне злачынстваў з’яўляецца важнай задачай дзяржавы, якая згодна з артыкулам 59 Канстытуцыі абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Задача папярэджання злачынстваў ставіцца і перад крымінальным заканадаўствам, для забеспячэння якой выкарыстоўваюцца розныя крымінальна-прававыя інстытуты, у тым ліку і інстытут датыкальнасці да злачынства. Устанаўленне крымінальнай адказнасці за неданясенне аб рыхтуемых злачынствах, якія ўяўляюць павышаную грамадскую небяспеку, мае сваёй мэтай прадухіленне такіх злачынстваў, што з’яўляецца гарантыяй абароны найбольш важных, ахоўваемых законам каштоўнасцей, у ліку якіх прыярытэтнае месца займае жыццё чалавека.

 

Прадугледжанае артыкулам 27 Канстытуцыі права грамадзяніна не быць прымушаемым даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй cям’і, блізкіх родных грунтуецца на маральна-этычных прынцыпах, у адпаведнасці з якімі сваяцкія пачуцці разглядаюцца як значныя чалавечыя каштоўнасці, ахоўваемыя законам. З улікам гэтай акалічнасці крымінальны закон не прадугледжвае адказнасці за неданясенне аб злачынстве блізкіх родных і членаў сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства. Разам з тым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, заканадавец, замацоўваючы гарантыі правоў і свабод грамадзян, устанаўліваючы іх абмежаванні або вызначаючы якія-небудзь асаблівасці іх абароны, павінен зыходзіць з ацэнкі значнасці таго або іншага права ў агульнай сістэме канстытуцыйных правоў і свабод, прытрымліваючыся такога сбалансаванага падыходу, каб рэалізацыя якіх-небудзь правоў грамадзян не цягнула незваротныя вынікі і прычыненне істотнага ўрону іншым правам, асабліва тым, якім надаецца прыярытэтнае значэнне.

 

У артыкуле 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь устаноўлены прынцып вяршэнства права, які ўяўляе сабой нарматыўна замацаваную справядлівасць, што азначае, перш за ўсё, прызнанне вяршэнства правоў і свабод чалавека ў якасці галоўнага цэнаснага арыенціра як у праватворчай, так і правапрымяняльнай практыцы, абмежавальніка правоў і свабод, паводзін іншых асоб.

 

Згодна з часткай другой артыкула 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека пры ажыццяўленні сваіх правоў і свабод кожны чалавек павінен падвяргацца толькі такім абмежаванням, якія ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку і агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве.

 

Канстытуцыйны Суд прымае таксама да ўвагі агульнапрызнаныя ў міжнародным праве палажэнні, згодна з якімі правы і свабоды асобы павінны разглядацца ў спалучэнні з правамі іншых асоб; абмежаванні правоў асобы лічацца апраўданымі, калі яны прымяняюцца ў інтарэсах абароны правоў і свабод іншых грамадзян; увядзенне абмежаванняў на правы чалавека не павінна перашкаджаць ажыццяўленню асноўных правоў і свабод асобы, замацаваных міжнароднымі актамі і канстытуцыямі дзяржаў; ступень любога абмежавання права павінна быць строга суразмернай патрэбнасці або вышэйшаму інтарэсу, дзеля якіх уводзіцца дадзенае абмежаванне.

 

У гэтай сувязі, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, не выключаецца магчымасць пошуку заканадаўцам такога вырашэння пытання аб адказнасці за неданясенне, згодна з якім блізкія родныя або члены сям’і асобы, якая рыхтуецца ўчыніць асабліва цяжкае, небяспечнае для жыцця людзей злачынства, не падлягалі б адказнасці за неданясенне аб факце падрыхтоўкі такога злачынства толькі ў тых выпадках, калі паведамленне аб гэтым факце не магло быць ажыццёўлена інакш як шляхам дачы тлумачэнняў і паказанняў, накіраваных непасрэдна супраць асобы, якая рыхтуецца ўчыніць злачынства.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць таксама, што заканадавец мае права вызначыць дыферэнцыраваны падыход да вырашэння пытання аб адказнасці блізкіх родных або членаў сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства, за загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва злачынства.

 

Прызнаючы забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь вышэйшай мэтай дзяржавы, Канстытуцыя ў артыкуле 23 прадугледжвае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Канстытуцыя, прадастаўляючы заканадаўцу ў некаторых выпадках магчымасць ўстанаўліваць аб’ём і граніцы абмежавання правоў і свабод грамадзян, арыентуе яго на замацаванне мінімальна магчымых такіх абмежаванняў. У той жа час Канстытуцыяй не выключаецца права заканадаўца ўстанаўліваць асаблівасці, якія датычацца адказнасці некаторых катэгорый асоб. Гэта права рэалізуецца, напрыклад, у крымінальным заканадаўстве, якім прадугледжваюцца, у прыватнасці, акалічнасці, змякчаючыя адказнасць, для некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынства. Гэтым крытэрыем кіруецца заканадавец пры прыняцці законаў аб амністыі. Такі ж падыход, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, можа быць вызначаны заканадаўцам і пры ўстанаўленні адказнасці блізкіх родных і членаў сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства, за загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва.

 

У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва злачынства можа выяўляцца ва ўкрывальніцтве як самой асобы, якая ўчыніла злачынства, так і прылад і сродкаў учынення злачынства, слядоў злачынства ці прадметаў, здабытых злачынным шляхам. Канстытуцыйны Суд, прымаючы Заключэнне ад 19 снежня 1994 г., меў на ўвазе найбольш злосныя формы ўкрывальніцтва, яўна перашкаджаючыя дзейнасці праваахоўных органаў па раскрыццю злачынстваў.

 

Разам з тым, растлумачваючы змест указанага Заключэння адносна загадзя не абяцанага ўкрывальніцтва, Канстытуцыйны Суд адзначае, што адказнасць за гэта дзеянне блізкіх родных або членаў сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства, можа быць пастаўлена ў залежнасць не толькі ад ступені грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, але і ад формы ўчыняемых дзеянняў, а таксама ад матываў іх учынення. Нярэдка ўказаныя асобы могуць апынуцца ў такіх сітуацыях, калі страх перад пагрозай пакарання, якому будзе падвергнута блізкая ім асоба, з’явіцца найбольш значным матывам, прадвызначыўшым характар іх паводзін. Неабходна таксама ўлічваць і розную ступень небяспекі загадзя не абяцанага ўкрывальніцтва злачынства, учыняемага з карыслівых або іншых ганебных памкненняў, і ўкрывальніцтва, матывы якога абумоўлены толькі сваяцкімі пачуццямі.

 

З улікам вышэйвыкладзенага Канстытуцыйны Суд не выключае права заканадаўца прадугледзець магчымасць непрыцягнення да адказнасці блізкіх родных і членаў сям’і асобы, якая ўчыніла злачынства, за загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва гэтай асобы або месца яе знаходжання. Такая норма, што вынікае з маральна-этычных інтарэсаў і грунтуецца на ўліку памкненняў, выкліканых сваяцкімі пачуццямі, не супярэчыла б Канстытуцыі.

 

Гэты падыход да крымінальна-прававой ацэнкі ўказанага дзеяння, не супярэчны канстытуцыйным палажэнням і нормам міжнароднага права, знайшоў адлюстраванне ў заканадаўстве іншых дзяржаў. Канстытуцыйны Суд адзначае, што Мадэльным Крымінальным кодэксам дзяржаў-удзельніц СНД наогул выключана адказнасць за загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва мужа (або жонкі) і блізкіх родных асобы, якая ўчыніла злачынства. Крымінальнае заканадаўства многіх іншых дзяржаў таксама выключае крымінальную адказнасць указаных асоб за такое дзеянне.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 41 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 77 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд

 

РАСТЛУМАЧВАЕ:

 

1. Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 1994 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі заўвагі да артыкула 177 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь” не перашкаджае магчымасці пошуку такога заканадаўчага рашэння, згодна з якім:

 

- не выключалася б адказнасць за неданясенне блізкага роднага або члена сям’і асобы, якая рыхтуецца ўчыніць асабліва цяжкае злачынства, небяспечнае для жыцця людзей, калі ў яго была магчымасць паведаміць аб факце рыхтуемага злачынства з мэтай яго прадухілення і пры гэтым не было б непасрэднага сведчання супраць гэтай асобы;

 

- выключалася б у пэўных выпадках адказнасць блізкага роднага або члена сям’і асобы, якая ўжо ўчыніла злачынства, за загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва гэтай асобы або месца яе знаходжання.

 

2. Гэта Заключэнне падлягае апублікаванню ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч