Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
13 мая 1999 г. № З-78/99
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі шостай артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, унёсшага прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага акта: Лукашова А.I. — начальніка аддзялення заканадаўства па пытаннях нацыянальнай бяспекі, праваахоўных і судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства ўпраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыяліста аддзела дзяржаўнага, крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі шостай артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваненка П.I. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана 14 красавіка 1999 года па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягала частка шостая артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КПК), якая прадугледжвае, што пастанова аб спыненні справы можа быць абскарджана пракурору (ЗЗ БССР, 1961 г., № 1, арт. 5).

 

У сваёй прапанове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці часткі шостай артыкула 209 КПК, указаўшы, што дадзеная норма супярэчыць артыкулам 22 і 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнаным нормам міжнароднага права.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Кенік К.I., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, іншых законаў Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, а таксама правапрымяняльную практыку, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Артыкулам 209 КПК Рэспублікі Беларусь устаноўлены парадак спынення крымінальнай справы на стадыі папярэдняга расследавання. У прыватнасці, гэтым артыкулам прадугледжана, што аб спыненні справы следчы складае матываваную пастанову, у якой выкладае сутнасць справы і падставы спынення. Копію пастановы аб спыненні справы следчы накіроўвае пракурору. Адначасова следчы пісьмова паведамляе аб спыненні і падставах спынення крымінальнай справы асобе, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачванага, пацярпеўшага, а таксама асобе або ўстанове, па заявах якіх справа была ўзбуджана, і растлумачвае парадак абскарджання.

 

У адпаведнасці з часткай шостай гэтага артыкула пастанова аб спыненні справы можа быць абскарджана пракурору.

 

Заканадаўчае замацаванне права зацікаўленых асоб абскардзіць пастанову аб спыненні справы пракурору дазваляе забяспечыць аператыўнае ўстараненне памылак і парушэнняў закона, калі яны былі дапушчаны ў ходзе дазнання і папярэдняга следства. Аднак указанае ў законе права на зварот да пракурора для абскарджання пастановы органаў дазнання і папярэдняга следства аб спыненні справы на практыцы ўспрымаецца як адзіны шлях абскарджання рашэнняў гэтых органаў аб спыненні справы, які выключае магчымасць падачы скаргі ў суд для праверкі законнасці і абгрунтаванасці гэтай пастановы. Аб гэтым сведчаць і звароты грамадзян, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з артыкулам 208 КПК Рэспублікі Беларусь крымінальная справа спыняецца:

 

1) пры наяўнасці падстаў, указаных у артыкулах 5, 51, 54, 55 КПК;

 

2) пры недаказанасці ўдзелу абвінавачванага ва ўчыненні злачынства, калі вычарпаны ўсе магчымасці для збірання дадатковых доказаў;

 

3) пры наяўнасці падстаў для вызвалення ад крымінальнай адказнасці, указаных у артыкулах 61, 611, 651, 742, 1526, 170, 213, 2132, 2191 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

У адпаведнасці з палажэннямі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства крымінальная справа можа быць спынена як пры наяўнасці падстаў, якія рэабілітуюць грамадзяніна (адсутнасць падзеі злачынства, адсутнасць у дзеянні складу злачынства і іншыя падставы, якія апраўдваюць грамадзяніна), так і ў выпадках, калі па меркаванню органаў папярэдняга следства ў дзеяннях падазронага або абвінавачванага ўтрымліваюцца прыметы складу злачынства, аднак маюцца прадугледжаныя законам падставы вызвалення яго ад крымінальнай адказнасці (сканчэнне тэрмінаў даўнасці, акт амністыі і іншыя).

 

Пры спыненні крымінальнай справы па нерэабілітуючых падставах у пастанове аб спыненні справы ўказваецца аб наяўнасці ў дзеянні асобы прымет складу злачынства, што фактычна ўказвае на яе вінаватасць ва ўчыненні злачынства.

 

Згодна з артыкулам 26 Канстытуцыі ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу.

 

У выпадку, калі крымінальная справа спыняецца па нерэабілітуючых падставах, гэта значыць з прызнаннем наяўнасці ў дзеянні асобы прымет складу злачынства, зацікаўленай асобе не забяспечваецца права на праверку ў судовым парадку фактаў, пакладзеных ў аснову пастановы аб спыненні справы.

 

Адсутнасць у частцы шостай артыкула 209 КПК нормы аб праве на судовую абарону істотна абмяжоўвае канстытуцыйныя правы пацярпеўшых ад злачынстваў і іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, чые правы і законныя інтарэсы былі парушаны спыненнем справы ў стадыі папярэдняга расследавання.

 

Гэта абумоўлена тым, што частка шостая артыкула 209 КПК прызнаецца правапрымяняльнымі органамі адзінай заканадаўчай нормай, якая вызначае парадак абскарджання пастановы аб спыненні крымінальнай справы. У той жа час у дадзеным выпадку не ўлічваюцца патрабаванні артыкулаў 137 і 142 Канстытуцыі, якія замацоўваюць прынцып вяршэнства Асноўнага Закона, згодна з артыкулам 60 якога кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. Прадугледжанае ў артыкуле 60 Канстытуцыі палажэнне з’яўляецца важнай гарантыяй абароны правоў і свабод грамадзян ад любых дзеянняў і рашэнняў, якія іх парушаюць.

 

У адпаведнасці з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму Канстытуцыяй або законам. Артыкул 10 Усеагульнай дэкларацыі прадугледжвае, што кожны чалавек для вызначэння яго правоў і абавязкаў і для ўстанаўлення абгрунтаванасці прад’яўленага яму крымінальнага абвінавачання мае права, на аснове поўнай роўнасці, на тое, каб яго справа была разгледжана галосна і з захаваннем усіх патрабаванняў справядлівасці незалежным і непрадузятым судом. Артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абвешчана, што кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, якое яму прад’яўляецца, або пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў у якім-небудзь грамадзянскім працэсе на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона.

 

Права на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

 

Гэта права адносіцца да такіх правоў, якія не могуць быць абмежаваны. Практыка прымянення часткі шостай артыкула 209 КПК прыводзіць да таго, што падазроныя, абвінавачваныя, пацярпеўшыя і іншыя зацікаўленыя ў вырашэнні крымінальнай справы асобы пазбаўляюцца права на зварот ў суд, а рашэнні органаў дазнання і папярэдняга следства, якія закранаюць іх правы і законныя інтарэсы, аказваюцца па-за судовым кантролем. Тым самым не забяспечваюцца патрабаванні артыкула 22 Канстытуцыі, згодна з якім усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што частка шостая артыкула 209 КПК Рэспублікі Беларусь, у якой не прадугледжана права грамадзяніна на судовае абскарджанне пастановы аб спыненні справы, перашкаджае рэалізацыі права кожнага на гарантаваную Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі актамі судовую абарону яго правоў і свабод і не адпавядае Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць частку шостую артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь не адпавядаючай Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах у той меры, у якой яна не прадугледжвае права на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненні крымінальнай справы.

 

2. Да ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс па пытаннях судовага абскарджання пастановы аб спыненні крымінальнай справы павінна ў адпаведнасці з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыі.

 

3. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненні і дапаўненні, якія забяспечваюць рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на абскарджанне пастановы аб спыненні крымінальнай справы ў суд.

 

4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч