Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
1 чэрвеня 1999 г. № З-79/99
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі першай артыкула 182 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам:

 

прадстаўніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Варанцова Г.М.;

 

прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Карповіч Н.А.;

 

прадстаўніка Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Сянюты Л.Я.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі першай артыкула 182 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Царэнка Я.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Смірноў Я.А. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 14 красавіка 1999 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5, 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягала частка першая артыкула 182 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (у далейшым — КаАП), згодна з якой прыём службовымі асобамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый на работу грамадзян без пашпартаў або з несапраўднымі пашпартамі, а таксама грамадзян, якія пражываюць без прапіскі, цягне накладанне штрафу да пяці мінімальных заработных плат (ЗЗ БССР, 1984 г., № 35, арт. 505; Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 18, арт. 194).

 

У прапанове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці ўказанай нормы КаАП, што прадугледжвае накладанне штрафу на службовых асоб прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый за прыём на работу грамадзян, якія пражываюць без прапіскі. Па меркаванню Прэзідэнта, дадзеная норма супярэчыць Канстытуцыі і заканадаўству аб працы Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававым актам.

 

Заслухаўшы паведамленне суддзі-дакладчыка Шукліна В.З., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і іншых міжнародна-прававых актаў, вывучыўшы практыку прымянення правяраемай нормы КаАП і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей (артыкул 41), і прадастаўляе грамадзянам у адпаведнасці з іх здольнасцямі, прафесійнай падрыхтоўкай права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах (артыкул 39). Канстытуцыя таксама прадугледжвае права грамадзян Рэспублікі Беларусь свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь (артыкул 30).

 

У Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян абвяшчаецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21). Яна замацоўвае роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22). Гэта азначае, што ўсе грамадзяне, незалежна ад сацыяльнага становішча, полу, нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання і іншых адрозненняў, маюць аднолькавыя магчымасці для ажыццяўлення канстытуцыйных правоў, у тым ліку права на працу.

 

Вызначаючы механізм забеспячэння правоў і свабод грамадзян, Канстытуцыя ўскладае на дзяржаву абавязак прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (артыкул 59).

 

Канстытуцыйныя гарантыі забеспячэння права грамадзян на працу, на свабодны выбар прафесіі, роду заняткаў і работы, а таксама прынцып роўнасці пры рэалізацыі гэтых правоў знайшлі сваё замацаванне ў працоўным заканадаўстве. Кодэксам законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, іншымі нарматыўнымі актамі забараняецца дыскрымінацыя пры прыёме на работу. У працоўным заканадаўстве абгрунтавана не прадугледжваецца такая падстава адмовы ў прыёме на работу, як адсутнасць прапіскі. Прад’яўленне наймальніку пашпарта або іншага замяняючага яго дакумента, устаноўленага заканадаўствам, патрабуецца пры прыёме на работу для засведчання асобы, а не для ўстанаўлення факта наяўнасці або адсутнасці прапіскі.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне адміністрацыйнай адказнасці за прыём на работу грамадзян без прапіскі абмяжоўвае іх права на працу, парушае прынцып роўнасці грамадзян перад законам, ставіць у няроўныя ўмовы асоб, якія маюць прапіску, і тых, у каго яна адсутнічае; перашкаджае грамадзянам рэалізаваць права на свабоднае заключэнне працоўнага дагавора, а наймальнікам прымаць работнікаў з улікам іх здольнасцей, адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі.

 

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што частка першая артыкула 182 КаАП, якая ўстанаўлівае адказнасць наймальніка за прыём на работу грамадзян без прапіскі, супярэчыць Канстытуцыі і агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, прыярытэт якіх замацаваны ў артыкуле 8 Канстытуцыі. Згодна з артыкулам 15 Закона “Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь” агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права і нормы міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, уступіўшых ў сілу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь права.

 

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае, што ўсе людзі роўныя перад законам і маюць права, без усякага адрознення, на роўную абарону закона (артыкул 7). Кожны чалавек мае права на працу, на свабодны выбар работы. Кожны чалавек, без якой-небудзь дыскрымінацыі, мае права на роўную аплату за роўную працу (артыкул 23).

 

Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах прызнае права кожнага чалавека на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна згаджаецца (артыкул 6).

 

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжвае роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону закона (артыкул 26).

 

У Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 111 “Аб дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў” пад дыскрымінацыяй разумеецца ўсякае адрозненне, недапушчэнне або перавага, якая прыводзіць да знішчэння або парушэння роўнасці магчымасцей або абыходжання ў галіне працы і заняткаў (пункт 1 артыкула 1). Канвенцыя Міжнароднай арганізацыі працы № 122 “Аб палітыцы ў галіне занятасці” прадугледжвае свабоду выбару занятасці і самыя шырокія магчымасці для кожнага працоўнага атрымаць падрыхтоўку і выкарыстаць свае навыкі і здольнасці для выканання работы, да якой ён прыгодны (пункт 2 артыкула 1). Дзяржавы, удзельнікі ўказаных канвенцый, абавязаны праводзіць сацыяльна-эканамічную палітыку, якая гарантуе рэалізацыю кожным чалавекам права на працу без якіх-небудзь абмежаванняў і дыскрымінацыі.

 

У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” пры праверцы акта Канстытуцыйны Суд мае на ўвазе як літаральны яго сэнс, так і сэнс, які надаецца яму практыкай прымянення.

 

Пры вывучэнні правапрымяняльнай практыкі ўстаноўлена, што службовыя асобы адмаўляюць грамадзянам у заключэнні працоўнага дагавора ў сувязі з адсутнасцю прапіскі па месцы знаходжання прадпрыемства, установы, арганізацыі, а ў выпадку прыёму такіх асоб на работу нясуць адміністрацыйную адказнасць. Па даных Міністэрства ўнутраных спраў, у 1998 годзе за прыём на работу без пашпарта або без прапіскі ў рэспубліцы складзена 611 пратаколаў аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ўказаных службовых асоб.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы прымаюць рашэнні, прадастаўляючыя наймальніку права прымаць на работу асоб, якія не маюць прапіскі па месцы знаходжання прадпрыемства, установы, арганізацыі, пры наяўнасці пэўных ўмоў (напрыклад, магчымасці штодзённага вяртання да свайго пастаяннага месца жыхарства).

 

Зыходзячы з прадмета праверкі, Канстытуцыйны Суд, зрабіўшы выснову, што частка першая артыкула 182 КаАП, прадугледжваючая адказнасць службовых асоб за прыём на работу грамадзян, якія пражываюць без прапіскі, супярэчыць Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, лічыць, што гэтыя службовыя асобы не могуць прыцягвацца да адказнасці таксама ў адпаведнасці з часткай другой дадзенага артыкула за тое ж парушэнне пасля прымянення да іх меры адміністрацыйнага спагнання за такія дзеянні на працягу года.

 

У адпаведнасці з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Асноўны Закон валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі, павінны прымяняцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць нормы артыкула 182 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, што прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць службовых асоб прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый за прыём на работу грамадзян, якія пражываюць без прапіскі, не адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам. Лічыць гэтыя нормы не маючымі юрыдычнай сілы з дня ўзбуджэння вядзення па справе, гэта значыць з 14 красавіка 1999 г.

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці неабходныя змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у адпаведнасці з гэтым Заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч