Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
2 чэрвеня 1999 г. № З-80/99
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі другой артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам:

 

прадстаўніка Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Свіціна У.У.,

 

прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Касякова М.Е., Мяшковай Н.М.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь часткі другой артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Царэнка Я.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Ягораў А.П. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Міклашэвіч П.П. — першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана 30 красавіка 1999 г. па прапанове Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягала частка другая артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 красавіка 1992 г. “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 15, арт. 247; Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 20, арт. 220), якая прадугледжвае, што кватэра, заселеная некалькімі наймальнікамі, можа быць прыватызавана адначасова ўсімі наймальнікамі ў агульную долевую ўласнасць.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прадстаўнікоў бакоў, эксперта — доктара юрыдычных навук, прафесара Чыгіра В.Ф., вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”, іншых нарматыўных актаў, звароты грамадзян па пытаннях прыватызацыі жыллёвых памяшканняў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Згодна з артыкулам 48 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на жыллё, і гэта права забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю (артыкул 44 Канстытуцыі). Прыватызацыя грамадзянамі займаемых імі жыллёвых памяшканняў з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных падстаў набыцця грамадзянамі права ўласнасці на жыллёвае памяшканне, спосабам рэалізацыі імі канстытуцыйнага права на жыллё.

 

Закон “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”, як адзначана ў яго прэамбуле, накіраваны на стварэнне ўмоў для ажыццяўлення права грамадзян на свабодны выбар спосабу задавальнення патрэбнасцей у жыллі, а таксама на забеспячэнне эфектыўнага выкарыстання і ўтрымання жыллёвага фонду, што адпавядае мэтам жыллёвай палітыкі дзяржавы.

 

У адпаведнасці з артыкулам 2 Закона аб прыватызацыі жыллёвага фонду асноўнымі прынцыпамі прыватызацыі жылля з’яўляюцца, у прыватнасці, бязвыплатная перадача грамадзянам Рэспублікі Беларусь дзяржаўнага і грамадскага жылля ў парадку, устаноўленым гэтым Законам; узаемасувязь прыватызацыі з рашэннем жыллёвай праблемы; добраахвотная аснова; спалучэнне платнага і бязвыплатнага характару; роўныя правы ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь на ўдзел у прыватызацыі жыллёвага фонду.

 

Аб’ектамі прыватызацыі згодна з артыкулам 4 Закона аб прыватызацыі жыллёвага фонду з’яўляюцца жылыя памяшканні ў дамах дзяржаўнага і грамадскага жыллёвага фонду (жылыя дамы і жылыя памяшканні, якія належаць дзяржаве, калгасам і іншым кааператыўным арганізацыям, іх аб’яднанням, прафсаюзным і іншым грамадскім арганізацыям).

 

Прааналізаваўшы палажэнні артыкула 5 указанага Закона, які вызначае жылыя памяшканні, што не падлягаюць прыватызацыі, а таксама асаблівасці прыватызацыі асобных відаў жылых памяшканняў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што забарона і абмежаванні на прыватызацыю жылых памяшканняў павінны быць абумоўлены толькі такімі акалічнасцямі, якія ў прынцыпе выключаюць магчымасць перадачы жылых памяшканняў у прыватную ўласнасць або аб’ектыўна патрабуюць устанаўлення асаблівага парадку іх прыватызацыі.

 

Жылыя памяшканні ў кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, і асобныя кватэры маюць па сутнасці аднолькавы прававы рэжым. Устанаўленне права ўласнасці на асобныя жылыя памяшканні ўнутры кватэры не змяняе мэтавага выкарыстання ні гэтых жылых памяшканняў, ні кватэры ў цэлым і, у канчатковым выніку, не ўплывае на прававы рэжым месцаў агульнага карыстання (калідораў, кухні, санвузла і інш.), паколькі яны застаюцца ў агульным карыстанні. У прымяненні да жылых памяшканняў у кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, адсутнічаюць аб’ектыўныя падставы для ўстанаўлення адрозненняў у іх прыватызацыі, у тым ліку шляхам дапушчэння толькі адначасовай прыватызацыі такіх кватэр у агульную долевую ўласнасць усімі наймальнікамі.

 

Правіла, якое ўтрымліваецца ў частцы другой артыкула 5 Закона аб прыватызацыі жыллёвага фонду, фактычна азначае заканадаўчае ўстанаўленне няроўнасці правоў грамадзян на прыватызацыю ў залежнасці ад умоў іх пражывання, што супярэчыць палажэнням артыкула 22 Канстытуцыі, які абвяшчае роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Замацоўваючы заканадаўча права на прыватызацыю займаемых жылых памяшканняў, дзяржава абавязана ў сілу патрабаванняў артыкулаў 21 і 59 Канстытуцыі забяспечыць магчымасць рэалізацыі гэтага права, гарантаваць дасягненне абвешчанага Канстытуцыяй прынцыпу, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2).

 

Закон аб прыватызацыі жыллёвага фонду ўстанавіў, што прыватызацыя жыллёвага фонду ажыццяўляецца на платнай, бязвыплатнай або змешанай аснове (артыкул 9). Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на аднаразовае атрыманне жыллёвай квоты. Пры гэтым ім прадастаўляецца магчымасць бязвыплатнай прыватызацыі жылля, калі велічыня жыллёвай квоты (сумы квот) роўная кошту займаемага жылля, заліку квоты (сумы квот) у кошт выкупу жылля або выкарыстання астатку велічыні жыллёвай квоты у адпаведнасці з артыкулам 16 гэтага Закона, калі велічыня квоты (сумы квот) перавысіла кошт жылля.

 

Устанаўленне залежнасці права наймальніка жылога памяшкання ў кватэры, заселенай некалькімі наймальнікамі, на яго прыватызацыю ад згоды іншых наймальнікаў на практыцы прывяло да выключэння многіх наймальнікаў з працэсу прыватызацыі насуперак палажэнням артыкулаў 21, 22, 44 і 48 Канстытуцыі, прынцыпам прыватызацыі жылля, абвешчаным у артыкуле 2 Закона аб прыватызацыі жыллёвага фонду, абмежаванню права такіх наймальнікаў на льготную прыватызацыю жылля ў адпаведнасці з указаным Законам.

 

Канстытуцыйны Суд не можа пагадзіцца з довадамі аб тым, што ўвядзеннем абмежавання на прыватызацыю жылых памяшканняў у кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, абараняюцца інтарэсы тых наймальнікаў, якія не жадаюць прыватызаваць займаемыя імі жылыя памяшканні. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на несуразмернасць уведзеных абмежаванняў, паколькі гарантаванае Канстытуцыяй і законамі права грамадзян Рэспублікі Беларусь на прыватызацыю займаемых імі жылых памяшканняў у кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, пастаўлена ў залежнасць ад суб’ектыўнага меркавання іншых наймальнікаў, іх жадання праватызаваць кватэру ў агульную долевую ўласнасць.

 

Артыкулам 23 Канстытуцыі дапускаецца абмежаванне правоў і свабод асобы, але толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што абмежаванне правоў і свабод адных асоб інтарэсамі абароны правоў і свабод іншых асоб можа мець месца толькі тады, калі абараняемыя правы і інтарэсы прадстаўляюць больш значную каштоўнасць. Заканадавец, замацоўваючы гарантыі правоў і свабод грамадзян, устанаўліваючы іх абмежаванні або вызначаючы якія-небудзь асаблівасці іх абароны, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, павінен зыходзіць з ацэнкі значнасці таго або іншага права ў агульнай сістэме канстытуцыйных правоў і свабод, прытрымліваючыся такога сбалансаванага падыходу, каб рэалізацыя якіх-небудзь правоў грамадзян не цягнула незваротныя вынікі і прычыненне істотнага ўрону іншым правам, асабліва тым, якім надаецца прыярытэтнае значэнне. Дадзеная прававая пазіцыя была выкладзена Канстытуцыйным Судом у Заключэнні ад 25 сакавіка 1999 г. па справе “Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 1994 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі заўвагі да артыкула 177 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадавец, устанавіўшы правілы прыватызацыі жылых памяшканняў у кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, у поўнай меры не забяспечыў права наймальнікаў, якія жадаюць рэалізаваць сваё права на прыватызацыю займаемых імі жылых памяшканняў у такіх кватэрах у адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі, яе асновапалагаючымі прынцыпамі, што датычацца рэальнага забеспячэння абвешчаных правоў. Грамадзяне, якія пражываюць у кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, павінны мець права на прыватызацыю займаемых імі жылых памяшканняў і пры адсутнасці згоды іншых наймальнікаў.

 

У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў пункце 4 Палажэння аб прыватызацыі жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага і грамадскага жыллёвага фонду, іх абслугоўванні і рамонце, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 1992 г. № 398 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1998 г. № 1236 — Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 22, арт. 596), поўнасцю ўзноўлена норма часткі другой артыкула 5 Закона аб прыватызацыі жыллёвага фонду, з удакладненнем, што кватэра можа быць прыватызавана ў агульную долевую ўласнасць адначасова ўсімі наймальнікамі (з іх згоды). Парадак прыватызацыі жылых памяшканняў у кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, вызначаны пунктам 28 гэтага Палажэння. Норма часткі другой артыкула 5 Закона аб прыватызацыі жыллёвага фонду ўзноўлена таксама ў абзацы другім пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 1998 г. № 9 “Аб прымяненні судамі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

У адпаведнасці з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Асноўны Закон валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі, павінны прымяняцца ў частцы , якая не супярэчыць Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць частку другую артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” не адпавядаючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Лічыць гэту норму не маючай юрыдычнай сілы з дня прыняцця гэтага Заключэння.

 

2. Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, іншым дзяржаўным органам забяспечыць прававое ўрэгуляванне пытанняў, якія датычацца магчымасці прыватызацыі асобнымі наймальнікамі займаемых імі жылых памяшканняў у кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, у адпаведнасці з гэтым Заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня яго прыняцця ў “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                       Р.А.Васілевіч