Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 чэрвеня 1999 г. № З-81/99
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі другой артыкула 207, часткі першай артыкула 268, часткі першай артыкула 269 і часткі першай артыкула 291 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні — Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З.

 

з удзелам:

 

прадстаўніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Галаванава В.Р.;

 

прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Аляксандрава В.М., Далінскага В.А.;

 

прадстаўніка Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Свірыдавай С.А.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі другой артыкула 207, часткі першай артыкула 268, часткі першай артыкула 269 і часткі першай артыкула 291 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Пташнік I.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 14 красавіка 1999 г. па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулаў 5, 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягалі нормы часткі другой артыкула 207, часткі першай артыкула 268, часткі першай артыкула 269 і часткі першай артыкула 291 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ЗЗ БССР, 1964 г., № 17, арт. 184; Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 28, арт. 460).

 

Частка другая артыкула 207 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — ГПК) прадугледжвае, што рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь уступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння.

 

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 268 ГПК рашэнні ўсіх судоў Рэспублікі Беларусь, акрамя рашэнняў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, могуць быць абскарджаны ў касацыйным парадку бакамі і іншымі асобамі, якія ўдзельнічаюць у справе, або апратэставаны пракурорам у дзесяцідзённы тэрмін з дня аб’яўлення рашэння.

 

У частцы першай артыкула 269 ГПК устаноўлена, што касацыйная скарга або касацыйны пратэст падаюцца на рашэнні раённых (гарадскіх), міжгарнізонных ваенных судоў у судовую калегію па грамадзянскіх справах адпаведнага абласнога, Мінскага гарадскога, Беларускага ваеннага судоў; на рашэнні па грамадзянскіх справах абласнога, Мінскага гарадскога судоў — у судовую калегію па грамадзянскіх справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; на рашэнні Беларускага ваеннага суда — у Ваенную калегію Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з часткай першай артыкула 291 ГПК вызначэнні суда першай інстанцыі, акрамя вызначэнняў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, могуць быць абскарджаны асобна ад рашэння суда бакамі і іншымі асобамі, якія ўдзельнічаюць у справе, і апратэставаны пракурорам у касацыйную інстанцыю ў выпадках, прадугледжаных указаным Кодэксам, а таксама ў тых выпадках, калі вызначэнне суда перапыняе магчымасць далейшага руху справы.

 

У прапанове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь паставіў пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці ўказаных норм ГПК, мяркуючы, што адсутнасць права касацыйнага абскарджання рашэнняў і вызначэнняў Вярхоўнага Суда па справах, разгледжаных ім па першай інстанцыі, не адпавядае Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Філіпчык Р.I., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, ГПК, Закона “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” і іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, а таксама вывучыўшы практыку касацыйнага абскарджання судовых пастаноў і іх перагляду ў парадку нагляду, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Згодна з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыяй абвешчаны прынцып роўнасці ўсіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22). Асноўны Закон гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом (артыкул 60). У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 115 Канстытуцыі бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.

 

У артыкуле 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прадугледжана, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам. У адпаведнасці з артыкулам 29 указанай Дэкларацыі пры ажыццяўленні сваіх правоў і свабод кожны чалавек павінен падвяргацца толькі такім абмежаванням, якія ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку і агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве. У артыкуле 2 (падпункт “а” пункта 3) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што кожная дзяржава абавязваецца забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны. Згодна з артыкулам 14 (пункт 1) указанага Міжнароднага пакта кожны мае права пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў у якім-небудзь грамадзянскім працэсе на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона. Артыкулам 26 гэтага ж Пакта прадугледжана, што ўсе людзі роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону закона.

 

Такім чынам, як палажэнні Канстытуцыі, так і агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права абавязваюць дзяржаву забяспечыць грамадзянам не толькі даступнасць правасуддзя, роўнасць усіх асоб перад законам, але і поўнае ажыццяўленне права на судовую абарону, якая павінна быць справядлівай, кампетэнтнай і эфектыўнай.

 

Адной з рэальных гарантый ажыццяўлення канстытуцыйнага права на судовую абарону і вынясення судамі законных і абгрунтаваных рашэнняў з’яўляецца права абскарджання і апратэставання судовых пастаноў.

 

Судовае рашэнне не можа лічыцца справядлівым і правасудным, а судовая абарона — поўнай і эфектыўнай, калі дапушчана судовая памылка. Дзяржава абавязана гарантаваць абарону правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ад судовай памылкі. Пры ўстанаўленні парадку ажыццяўлення правасуддзя ў заканадаўстве павінен быць прадугледжаны эфектыўны механізм (працэдура) выпраўлення такіх памылак.

 

Канстытуцыйным Судом даследавана пытанне аб рэалізацыі права на судовую абарону пры дапамозе прадугледжаных заканадаўствам працэдур касацыйнага і нагляднага абскарджання судовых пастаноў.

 

Прынясеннем скаргі або пратэсту ў дачыненні да судовых пастаноў, якія не ўступілі ў законную сілу, узбуджаецца вядзенне ў судзе другой інстанцыі (касацыйнае вядзенне).

 

У адпаведнасці з артыкулам 280 ГПК пры разглядзе справы ў касацыйным парадку суд другой інстанцыі па наяўных у справе і дадаткова прадстаўленых бакамі і іншымі асобамі, якія ўдзельнічаюць у справе, матэрыялах правярае законнасць і абгрунтаванасць рашэнняў суда першай інстанцыі як у абскарджанай, так і ў неабскарджанай частцы, а роўна ў дачыненні да асоб, не падаўшых скаргі. Суд абавязаны праверыць справу ў поўным аб’ёме.

 

У артыкуле 268 ГПК вызначана кола суб’ектаў, якія маюць права на абскарджанне і апратэставанне судовых пастаноў у касацыйным парадку, а таксама ўстаноўлена, што рашэнні ўсіх судоў Рэспублікі Беларусь, акрамя рашэнняў Вярхоўнага Суда, могуць быць абскарджаны і апратэставаны ў касацыйным парадку. Рашэнні Вярхоўнага Суда, вынесеныя па першай інстанцыі, могуць быць перагледжаны толькі ў парадку нагляду Прэзідыумам Вярхоўнага Суда, а затым Пленумам Вярхоўнага Суда.

 

Дзеючым заканадаўствам устаноўлена працэдура перагляду судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу ў парадку нагляду, у тым ліку і судовых пастаноў Вярхоўнага Суда, вынесеных ім па першай інстанцыі. На практыцы падставай для прынясення пратэсту ў парадку нагляду з’яўляюцца і скаргі бакоў і зацікаўленых асоб. Аднак падача скаргі ў парадку нагляду не цягне ў абавязковым парадку ўзбуджэнне вядзення аб пераглядзе справы.

 

Пералік службовых асоб, надзеленых правам прынясення пратэсту, вызначаны артыкулам 295 ГПК. У артыкуле 299 ГПК прадугледжана, што пры наяўнасці падстаў для прынясення пратэсту службовая асоба, якая мае права прынесці пратэст, складае і накіроўвае пратэст разам з справай у адпаведны суд для разгляду. Такім чынам, узбуджэнне вядзення аб пераглядзе справы залежыць не ад волевыяўлення асоб, якія ўдзельнічаюць у справе, а толькі ад службовай асобы, маючай права на прынясенне пратэсту пры наяўнасці, па яе меркаванню, да таго падстаў.

 

Прааналізаваўшы дзеючае працэсуальнае заканадаўства, якое датычыцца рэалізацыі грамадзянамі права на абскарджанне судовых пастаноў у касацыйным парадку і права на падачу скаргі ў парадку нагляду, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў найбольш поўным аб’ёме працэсуальныя правы бакоў і асоб, якія ўдзельнічаюць у працэсе, забяспечваюцца пры пераглядзе спраў у касацыйным парадку, паколькі падача касацыйнай скаргі ва ўстаноўленым парадку заўсёды цягне перагляд справы. Скарга ў парадку нагляду можа быць толькі падставай для ўнясення пратэсту на прадмет адмены судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу.

 

У дзеючым ГПК паняцце “наглядная скарга” не выкарыстоўваецца. У главе 26 ГПК аб пераглядзе ў парадку судовага нагляду ўступіўшых у законную сілу рашэнняў, вызначэнняў і пастаноў, нормы якой ацэнены Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” як звязаныя з правяраемымі нормамі, не вызначаны працэдуры падачы і разгляду нагляднай скаргі. У прыватнасці, не ўрэгуляваны пытанні аб тым, што наглядная скарга з’яўляецца падставай да выпатрабавання справы і прынясення пратэсту ўпаўнаважанай на тое службовай асобай, не вызначаны змест нагляднай скаргі, найменне органа або службовай асобы, якой можа адрасавацца скарга, тэрмін разгляду такой скаргі, падставы для адмовы ў яе задавальненні, а таксама іншыя пытанні, якія маюць істотнае значэнне для нагляднага абскарджання і апратэставання. Прымаючы пад увагу палажэнні артыкула 59 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што фармулёўкі норм, якія вызначаюць паўнамоцтвы службовых асоб на прынясенне пратэсту пры наяўнасці да таго дастатковых падстаў, павінны мець абавязваючы характар.

 

Такім чынам, палажэнні часткі другой артыкула 207, часткі першай артыкула 268, часткі першай артыкула 269 і часткі першай артыкула 291 ГПК, якія прадугледжваюць адпаведна ўступленне ў законную сілу рашэнняў Вярхоўнага Суда па першай інстанцыі неадкладна пасля абвяшчэння і не дапускаюць касацыйнае абскарджанне і апратэставанне рашэнняў і вызначэнняў Вярхоўнага Суда па справах, разгледжаных ім па першай інстанцыі, роўна як і палажэнні іншых норм ГПК, звязаных з правяраемымі нормамі, не ў поўнай меры адпавядаюць патрабаванням артыкулаў 21, 22, 60 і 115 Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, паколькі не забяспечваюць належным чынам канстытуцыйныя гарантыі роўнасці ўсіх асоб перад законам і працэсуальныя гарантыі рэалізацыі права на абскарджанне судовых пастаноў.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што Законам “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” прадугледжвалася ўвядзенне касацыйнага абскарджання судовых пастаноў, прынятых Вярхоўным Судом па справах, разгледжаных ім па першай інстанцыі. Паўнамоцтвы касацыйнай інстанцыі ў такіх выпадках ускладаліся на Прэзідыум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь (артыкул 53). Аднак у грамадзянскае працэсуальнае заканадаўства адпаведныя змяненні, як гэта меркавалася ў заключных палажэннях указанага Закона (раздзел VI), унесены не былі. Палажэнні Закона аб судаўладкаванні і статусе суддзяў адносна магчымасці касацыйнага абскарджання судовых пастаноў Вярхоўнага Суда, прынятых ім па першай інстанцыі, не былі ўспрыняты і ў новым ГПК, які ўступае ў сілу з 1 ліпеня 1999 г. (артыкулы 399, 400, 433 і інш.).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што рашэнне пытанняў аб формах забеспячэння права бакоў і асоб, якія ўдзельнічаюць у працэсе, на абскарджанне ўсіх судовых пастаноў з’яўляецца прэрагатывай заканадаўца, які вызначае механізмы (працэдуры) такога абскарджання. Зыходзячы з патрабаванняў артыкулаў 21, 22, 60 і 115 Канстытуцыі, гэтыя механізмы павінны максімальным чынам забяспечваць рэалізацыю канстытуцыйных правоў грамадзян на абскарджанне судовых пастаноў.

 

У гэтай сувязі з мэтай рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным рэкамендаваць кампетэнтным дзяржаўным органам разгледзець пытанні аб дадатковых гарантыях пры разглядзе скаргаў, пададзеных бакамі і асобамі, якія ўдзельнічаюць у працэсе, у дачыненні да пастаноў, вынесеных Вярхоўным Судом па справах, разгледжаных ім па першай інстанцыі.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць не адпавядаючымі Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам:

 

частку другую артыкула 207, частку першую артыкула 268, частку першую артыкула 269, частку першую артыкула 291 і палажэнні главы 26 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, звязаныя з правяраемымі нормамі, у той меры, у якой яны належным чынам не забяспечваюць працэсуальныя гарантыі рэалізацыі права бакоў і асоб, якія ўдзельнічаюць у працэсе, на абскарджанне судовых пастаноў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, вынесеных па справах, разгледжаных ім па першай інстанцыі.

 

2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб узмацненні працэсуальных гарантый на абскарджанне і апратэставанне судовых пастаноў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь па справах, разгледжаных Вярхоўным Судом па першай інстанцыі, у адпаведнасці з гэтым Заключэннем.

 

3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                       Р.А.Васілевіч