Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
24 чэрвеня 1999 г. № Р-82/99
Аб некаторых пытаннях, звязаных з рэгуляваннем парадку і ўмоў выплаты паявых узносаў у жыллёва-будаўнічых кааператывах
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., вывучыўшы звароты грамадзян, у якіх закранаюцца пытанні выплаты паявых узносаў выбыўшым членам жыллёва-будаўнічых кааператываў, а таксама наследнікам памёршага пайшчыка, устанавіў наступнае.
 
Пытанні выплаты паявых узносаў могуць узнікаць як у працэсе будаўніцтва жылога дома жыллёва-будаўнічым кааператывам (у далейшым — ЖБК), так і пасля яго завяршэння. У мэтах рэгулявання пытанняў, што ўзнікаюць пры выплаце паявых узносаў у выпадку добраахвотнага выхаду або выключэння з ЖБК у працэсе будаўніцтва жылых дамоў, Кабінетам Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай № 375 ад 6 чэрвеня 1996 г. было зацверджана Часовае палажэнне аб парадку індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў. На падставе ўказанага Часовага палажэння былі распрацаваны і зацверджаны загадам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь № 320 ад 17 верасня 1996 г. Метадычныя ўказанні па індэксацыі паявых узносаў, якія вяртаюцца грамадзянам у выпадку іх выхаду з жыллёва-будаўнічых кааператываў.
 
Пытанні аб выплаце паявых узносаў пасля завяршэння будаўніцтва не ўрэгуляваны належным чынам у дзеючым заканадаўстве. У той жа час нярэдка сустракаюцца выпадкі выхаду з ЖБК і смерці пайшчыка пасля завяршэння будаўніцтва, калі права ўласнасці на жылое памяшканне не аформлена ва ўстаноўленым парадку, у сувязі з чым узнікае неабходнасць выплаты паявых узносаў выбыўшым членам ЖБК, а таксама наследнікам памёршага пайшчыка. У мэтах вызначэння ў гэтым выпадку сумы выплачваемых паявых узносаў Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь 10 снежня 1998 г. за № 02-01-05/342, Міністэрствам статыстыкі і аналізу 10 снежня 1998 г. за № 01-21/97 і Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублкі Беларусь 11 снежня 1998 г. за № 03-2/03-9456 было прынята сумеснае Растлумачэнне аб вызначэнні сумы паявых узносаў, якія вяртаюцца выбыўшым членам жыллёва-будаўнічых кааператываў або наследнікам памёршага пайшчыка. Аднак дадзенае Растлумачэнне не зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку, хаця датычыцца правоў грамадзян, і мае, па меркаванню Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (пісьмо за № 02-01-05/1 ад 6 студзеня 1999 г.), рэкамендацыйны характар. У той жа час яно ўстанаўлівае толькі парадак вызначэння сумы вяртаемых паявых узносаў. Парадак жа і ўмовы іх выплаты нарматыўнымі актамі не ўрэгуляваныя. У сувязі з прабелам у нарматыўным рэгуляванні пытанняў выплаты паявых узносаў членам ЖБК, выбыўшым пасля завяршэння будаўніцтва, і наследнікам пайшчыка, памёршага пасля завяршэння будаўніцтва, на практыцы адсутнічае аднастайнасць ў вырашэнні дадзеных пытанняў з боку адпаведных органаў і службовых асоб.
 
Зыходзячы з вышэйвыкладзенага, уяўляецца мэтазгодным прыняць нарматыўны акт, які рэгулюе парадак і ўмовы выплаты паявых узносаў членам жыллёва-будаўнічых кааператываў, выбыўшым пасля завяршэння будаўніцтва, і наследнікам пайшчыка, памёршага пасля завяршэння будаўніцтва, а таксама парадак вызначэння выплачваемай сумы.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь вырашыць пытанне аб нарматыўным рэгуляванні парадку і ўмоў выплаты паявых узносаў членам жыллёва-будаўнічых кааператываў, выбыўшым пасля завяршэння будаўніцтва, і наследнікам пайшчыка, памёршага пасля завяршэння будаўніцтва.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч