Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
24 чэрвеня 1999 г. № Р-83/99
Аб прапанове па ўнясенню дапаўнення ў частку першую артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ветэранах"
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда — Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы ў адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі прапанову Скідзельскай гарадской ветэранскай арганізацыі аб пашырэнні кола асоб, аднесеных да ліку ветэранаў вайны, устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 47 Канстытуцыі дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў. Катэгорыі грамадзян, аднесеных да ветэранаў вайны, замацаваны ў Законе "Аб ветэранах". У частцы першай артыкула 2 Закона "Аб ветэранах" устаноўлена, што ветэранамі вайны, у прыватнасці, прызнаюцца грамадзяне, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны ў складзе дзеючай арміі (флоту), партызанскіх атрадаў і падполля, а таксама якія прымалі ўдзел у лакальных войнах і ваенных канфліктах на тэрыторыі іншых краін у складзе фарміраванняў і ў якасці спецыялістаў і саветнікаў Узброеных Сіл, Камітэта дзяржаўнай бяспекі СССР, Міністэрства ўнутраных спраў СССР.
 
Згодна з артыкулам 2 Закона "Аб ветэранах" ветэранамі прызнаюцца таксама:
 
грамадзяне, якія прымалі ўдзел ва ўзброенай барацьбе з бандфарміраваннямі ў складзе знішчальных батальёнаў, узводаў і атрадаў абароны народа, што дзейнічалі з 1 студзеня 1944 года па 31 снежня 1951 года на тэрыторыі Украінскай ССР, Беларускай ССР і Прыбалтыйскіх рэспублік;
 
грамадзяне, якія прымалі ўдзел у гады Вялікай Айчыннай вайны ва ўзброенай барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў у складзе знішчальных атрадаў і народнага апалчэння;
 
грамадзяне, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторыі пасля вызвалення яе ад нямецкай акупацыі ў 1943—1945 гадах;
 
работнікі спецыяльных фарміраванняў, пераведзеныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны на становішча асоб, што знаходзіліся ў радах Чырвонай Арміі і выконвалі задачы ў інтарэсах арміі і флоту ў межах тылавых граніц дзеючых франтоў або аператыўных зон дзеючых флатоў;
 
грамадзяне, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прымаўшыя ўдзел у баявых дзеяннях супраць фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і імперыялістычнай Японіі ў гады другой сусветнай вайны на тэрыторыі замежных краін у складзе нацыянальных армій;
 
асобы вольнанаёмнага складу Савецкай Арміі, Ваенна-Марскога Флоту, войскаў і органаў Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнай бяспекі, якія займалі штатныя пасады ў воінскіх часцях, штабах і ўстановах, што ўваходзілі ў склад дзеючай арміі;
 
грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прымалі ўдзел у рухах супраціўлення супраць фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў на тэрыторыі іншых дзяржаў, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, што ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях у складзе савецкіх Узброеных Сіл, партызанскіх атрадаў, злучэнняў, падпольных арганізацый.
 
У заяве Скідзельскай ветэранскай арганізацыі ад 23 мая 1999 г. указваецца, што з прыняццем Закона "Аб ветэранах" статусу ўдзельнікаў вайны пазбавіліся грамадзяне апошняга ваеннага прызыву 1927 года нараджэння, хаця яны ўзнагароджаны медалямі "За перамогу над Германіяй" або "За перамогу над Японіяй".
 
Па меркаванню Скідзельскай гарадской ветэранскай арганізацыі, грамадзяне 1927 года нараджэння, прызваныя ў армію ў час Вялікай Айчыннай вайны, таксама ўнеслі ўклад у перамогу над Германіяй і сваёй працяглай пасляваеннай тэрміновай службай у арміі (да 1953 года) аказалі дапамогу дзяржаве ў забеспячэнні яе бяспекі. Гэтай арганізацыяй выказваецца просьба ўнесці змяненні і дапаўненні ў частку першую артыкула 2 Закона "Аб ветэранах" і прызнаць ветэранамі вайны асоб, узнагароджаных медалямі "За перамогу над Германіяй" або "За перамогу над Японіяй".
 
Канстытуцыйным Судом вывучана таксама Палажэнне аб медалі "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг." і Палажэнне аб медалі "За перамогу над Японіяй".
 
У адпаведнасці з Палажэннем аб медалі "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.", зацверджаным Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 мая 1945 г. (Ведамасці Вярхоўнага Савета СССР, 1945 г., № 26), медалём "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг." узнагароджваюцца:
 
а) усе ваеннаслужачыя і асобы вольнанаёмнага штатнага складу, якія прымалі ў радах Чырвонай Арміі, Ваенна-Марскога Флоту і войскаў НКУС непасрэдны ўдзел на франтах Айчыннай вайны або забяспечвалі перамогу сваёй працай у ваенных акругах;
 
б) усе ваеннаслужачыя і асобы вольнанаёмнага штатнага складу, якія служылі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў радах дзеючай Чырвонай Арміі, Ваенна-Марскога Флоту і войскаў НКУС, але выбылі з іх па раненню, хваробе і калецтву, а таксама пераведзеныя па рашэнню дзяржаўных і партыйных арганізацый на іншую работу па-за арміяй.
 
У адпаведнасці з Палажэннем аб медалі "За перамогу над Японіяй", зацверджаным Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 верасня 1945 г. (Ведамасці Вярхоўнага Савета СССР, 1945 г., № 70), медалём "За перамогу над Японіяй" узнагароджваюцца:
 
а) усе ваеннаслужачыя і асобы вольнанаёмнага штатнага складу часцей і злучэнняў Чырвонай Арміі, Ваенна-Марскога Флоту і войскаў НКУС, якія прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях супраць японскіх імперыялістаў у складзе войскаў 1 Далёкаўсходняга, 2 Далёкаўсходняга і Забайкальскага франтоў, Ціхаакеянскага флоту і Амурскай рачной флатыліі;
 
б) ваеннаслужачыя цэнтральных упраўленняў НКА, НКВМФ і НКУС, якія прымалі ўдзел у забеспячэнні баявых дзеянняў савецкіх войскаў на Далёкім Усходзе.
 
Вывучыўшы прапанову Скідзельскай гарадской ветэранскай арганізацыі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што яна заслугоўвае ўвагі і будзе садзейнічаць больш поўнай рэалізацыі канстытуцыйных гарантый грамадзян.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб унясенні дапаўнення ў частку першую артыкула 2 Закона "Аб ветэранах", якое прадугледжвае прызнанне ветэранамі вайны асоб, узнагароджаных медалямі "За перамогу над Германіяй" або "За перамогу над Японіяй".
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                           Р.А. Васілевіч