Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
24 чэрвеня 1999 г. № Р-84/99
Аб удасканаленні заканадаўства аб дзяржаўнай пошліне
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы ў судовым пасяджэнні матэрыялы аб зваротах грамадзян, якія датычацца выплаты дзяржаўнай пошліны, устанавіў наступнае.
 
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага 1993 г. № 105 "Аб стаўках дзяржаўнай пошліны" (ЗП Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 7, арт. 94) з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі ўстаноўлена, што з іскавых заяў маёмаснага характару, падаваемых у суд, выплачваецца дзяржаўная пошліна ў памеры 10 працэнтаў цаны іску (пункт 1.1).
 
У сувязі са змяненнем заканадаўства аб уласнасці, інфляцыйнымі працэсамі, што адбываюцца ў нашай рэспубліцы, у прыватнай уласнасці знаходзяцца аб'екты, якія валодаюць вялікай вартасцю. Пры ўзнікненні грамадзянска-прававых спрэчак, звязаных з такой маёмасцю, грамадзянам пры звяртанні ў судовыя органы прыходзіцца выплачваць дзяржаўную пошліну ў вялікім памеры.
 
Грамадзяне ў сваіх зваротах у Канстытуцыйны Суд указваюць, што памер дзяржаўнай пошліны, якая выплачваецца пры падачы заявы ў суд, істотна абмяжоўвае іх права на судовую абарону, гарантаваную артыкулам 60 Канстытуцыі, паколькі з-за празмерна высокіх ставак дзяржаўнай пошліны гэта абарона для асобных грамадзян з'яўляецца недаступнай.
 
Гэтай жа пастановай дзяржаўная пошліна з заяў маёмаснага характару, падаваемых у гаспадарчыя суды, устаноўлена дыферэнцыравана ў залежнасці ад сумы іску — у памеры ад 5 да 1 працэнта цаны іску (пункты 3.1.1, 3.1.2, 3.1.3).
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на той факт, што з іскавымі заявамі як у агульныя, так і ў гаспадарчыя суды могуць звяртацца фізічныя асобы: у агульныя суды — грамадзяне, у гаспадарчыя суды — прадпрымальнікі без утварэння юрыдычнай асобы. На наш погляд, устанаўленнем павышанага памеру дзяржаўнай пошліны пры падачы іскавай заявы фізічнай асобай у агульны суд (10 працэнтаў цаны іску) у параўнанні з памерам дзяржаўнай пошліны пры падачы іскавых заяў маёмаснага характару фізічнай асобай у гаспадарчы суд (5, 3 і 1 працэнт цаны іску) парушаецца прынцып роўнасці грамадзян перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону іх правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22 Канстытуцыі).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што стаўкі дзяржаўнай пошліны з іскавых заяў маёмаснага характару, падаваемых у гаспадарчыя суды, карэкціраваліся Урадам у бок іх зніжэння (з 10 працэнтаў цаны іску да 5, 3 і 1 працэнта цаны іску).
 
У сувязі з гэтым уяўляецца мэтазгодным устанаўленне ставак дзяржаўнай пошліны з іскавых заяў, падаваемых у агульныя суды, па аналогіі з памерамі ставак, устаноўленымі для падачы іскавых заяў маёмаснага характару ў гаспадарчыя суды. Такі падыход прадугледжваецца, у прыватнасці, у Законе Расійскай Федэрацыі "Аб дзяржаўнай пошліне", які дзейнічае ў рэдакцыі Закона ад 31 снежня 1995 г.
 
У той жа час Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў пастанове Савета Міністраў прасочваецца незбалансаваны падыход да ўстанаўлення памераў дзяржаўнай пошліны з заяў немаёмаснага характару ў параўнанні з памерамі ставак з іскавых заяў маёмаснага характару. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неабгрунтавана нізкія стаўкі дзяржаўнай пошліны ўстаноўлены з заяў немаёмаснага характару (1 мінімальная заработная плата), з наглядных скарг па крымінальных справах (15 працэнтаў мінімальнай заработнай платы) і т.п.
 
Ва ўказанай пастанове прадугледжаны таксама розныя падыходы да ўстанаўлення ставак дзяржаўнай пошліны за дакументы, выдаваемыя рознымі органамі. Так, за паўторную выдачу копіі судовага рашэння, прыгавору, вызначэння і іншай пастановы суда выплачваецца дзяржаўная пошліна ў памеры 50 працэнтаў мінімальнай заработнай платы і, акрамя таго, 20 працэнтаў мінімальнай заработнай платы за кожную вырабленую старонку (пункт 1.12), а за паўторную выдачу копій пастаноў органаў пракуратуры аб спыненні крымінальнай справы, аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы — 2 працэнты мінімальнай заработнай платы і, акрамя таго, 0,5 працэнта указанай платы за кожную вырабленую старонку (пункт 2.4).
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб упарадкаванні ставак дзяржаўнай пошліны з мэтай рэалізацыі гарантый права грамадзян на судовую абарону, а таксама роўназначнага падыходу да ўстанаўлення памераў ставак дзяржаўнай пошліны з заяў маёмаснага і немаёмаснага характару з улікам кампенсацыі расходаў на ўтрыманне ўстаноў, якія бяруць пошліну.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда                  
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч