Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
2 ліпеня 1999 г. № Р-85/99
Aб некаторых пытаннях прадстаўніцтва ў судзе па грамадзянскіх справах
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб некаторых пытаннях прадстаўніцтва ў судзе паграмадзянскіх справах, устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з артыкулам 62 Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах. Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца. Указаная канстытуцыйная норма прадугледжвае, у прыватнасці, права кожнага грамадзяніна карыстацца ў любы момант юрыдычнай дапамогай не толькі адвакатаў, але і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб'яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.
 
Дзеючае грамадзянскае працэсуальнае заканадаўства (артыкулы 70—79 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса — у далейшым ГПК) прадугледжвае, што грамадзяне маюць права весці свае справы ў судзе асабіста або праз прадстаўнікоў. Пры гэтым закон дапускае два спосабы афармлення прадстаўніцтва ў судзе: прадстаўленнем належна аформленай даверанасці або вуснай заявай, зробленай у судзе, якая заносіцца ў пратакол судовага пасяджэння.
 
У адпаведнасці з артыкулам 72 ГПК прадстаўніком у судзе можа быць любая дзеяздольная асоба, якая мае належным чынам аформленае паўнамоцтва на вядзенне спраў у судзе, за выключэннем асоб, пералічаных у артыкуле 73 ГПК.
 
Прадстаўнікамі ў судзе, у прыватнасці, могуць быць:
 
1) адвакаты;
 
2) работнікі юрыдычных асоб — па справах гэтых асоб;
 
3) упаўнаважаныя грамадскіх аб'яднанняў, якім законам або статутам дадзена права прадстаўляць і абараняць законныя інтарэсы сваіх членаў у судзе;
 
4) упаўнаважаныя арганізацый, якім заканадаўствам прадастаўлена права прадстаўляць і абараняць у судзе правы і законныя інтарэсы іншых асоб;
 
5) бацькі, усынавіцелі, апекуны і папячыцелі — па справах падапечных;
 
6) упаўнаважаныя ўстаноў і арганізацый, на якія законам ускладзена выкананне абавязкаў апекуноў і папячыцеляў;
 
7) прадстаўнікі, назначаныя судом;
 
8) адзін з працэсуальных саўдзельнікаў — па даручэнню гэтых саўдзельнікаў.
 
У артыкуле 73 ГПК прадугледжана, што прадстаўнікамі ў судзе не могуць быць:
 
1) асобы, якія не дасягнулі паўналецця, акрамя непаўналетніх бацькоў — па справах сваіх дзяцей;
 
2) асобы, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі;
 
3) суддзі, следчыя і пракуроры, акрамя тых выпадкаў, калі яны ўдзельнічаюць у справе ў якасці законных прадстаўнікоў недзеяздольных асоб, або прадстаўнікоў суда, пракуратуры, або іншага органа расследавання.
 
Згодна з артыкулам 75 ГПК прадстаўнікі па даверанасці дапускаюцца судом да ўдзелу ў справе толькі пры наяўнасці належна аформленай даверанасці. Даверанасць можа быць выдадзена на ўчыненне асобных працэсуальных дзеянняў, вядзенне канкрэтнай грамадзянскай справы, некалькіх спраў або на прадстаўленне інтарэсаў даверніка ў судзе па любой справе на працягу пэўнага тэрміну.
 
У адпаведнасці з Законам "Аб адвакатуры" адвакатура заклікана ажыццяўляць прафесійную праваабаронную дзейнасць. Галоўная задача адвакатуры — аказанне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі фізічным і юрыдычным асобам пры ажыццяўленні абароны іх правоў, свабод і законных інтарэсаў. Адвакаты могуць займацца адвакацкай дзейнасцю толькі пасля атрымання ва ўстаноўленым парадку ліцэнзіі. Акрамя таго, юрыдычныя паслугі грамадзянам могуць аказваць як юрыдычныя, так і фізічныя асобы, якім выдадзены ліцэнзіі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Указаныя асобы могуць выступаць прадстаўнікамі ў гаспадарчым судзе.
 
Такім чынам, дзеючым заканадаўствам не выключаецца права выступаць у якасці прадстаўнікоў: адвакатам; асобам, якія маюць ліцэнзіі на аказанне юрыдычных паслуг; любым іншым грамадзянам, аформіўшым сваё прадстаўніцтва належным чынам.
 
Са звароту Міністэрства юстыцыі ў Канстытуцыйны Суд бачна, што на практыцы маюць месца выпадкі, калі асобы, не маючы ліцэнзій на права займання адвакацкай дзейнасцю і аказанне юрыдычных паслуг, сістэматычна аказваюць юрыдычныя паслугі ў якасці прадстаўнікоў на платных пачатках.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такая сітуацыя магла скласціся з прычыны неадназначнага падыходу ў працэсуальным заканадаўстве (крымінальным, грамадзянскім, гаспадарчым) да пытання аб аказанні розных відаў юрыдычных паслуг. З аднага боку, дзяржава, гарантуючы кваліфікаваную юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод грамадзян, уводзіць абавязковае ліцэнзаванне адвакацкай дзейнасці і дзейнасці юрыдычных і фізічных асоб на аказанне пэўных юрыдычных паслуг, з другога боку — дапускае судовае прадстаўніцтва любой асобы без ліцэнзіі. Дапускаючы прадстаўніцтва ў судзе любой асобы па грамадзянскай справе, заканадавец не вызначыў, ці можа такое прадстаўніцтва насіць сістэматычны характар і быць крыніцай даходу асобы, якая без ліцэнзіі на права займання адвакацкай дзейнасцю або на права аказання юрыдычных паслуг займаецца прадстаўніцтвам у судзе.
 
Аналіз норм грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства (артыкул 75 ГПК і інш.) сведчыць аб тым, што ў іх не вызначана, як часта асоба, якая не мае ліцэнзіі, можа выступаць прадстаўніком у судзе, а таксама не ўстаноўлены ўмовы ажыццяўлення такого прадстаўніцтва. У гэтай сувязі, з мэтай забеспячэння аднастайнага падыходу да рэалізацыі норм артыкула 62 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў дадзеным канкрэтным выпадку ўсведамленне пазіцыі заканадаўца па дадзенаму пытанню магчыма шляхам афіцыйнага тлумачэння адпаведных норм заканадаўства.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 36 і 37 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
Прапанаваць Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь звярнуцца ва ўстаноўленым парадку з пытаннем аб афіцыйным тлумачэнні артыкула 62 Канстытуцыі і норм працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія датычацца прадстаўніцтва ў судзе.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч