Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 ліпеня 1999 г. № З-86/99
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Палажэння аб парадку і ўмовах адбуксіроўкі, захоўвання і рэалізацыі транспартных сродкаў, якія загрувашчваюць унутрыдваровыя тэрыторыі, перашкаджаюць прыбіранню вуліц і дарог, зацверджанага рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 28 снежня 1995 г. № 783, і пункта 7.3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 снежня 1998 г. № 1330 “Аб парадку паркоўкі транспартных сродкаў, утрыманні праезнай часткі вулічна-дарожнай сеткі і ўнутрыдваровых тэрыторый”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.

 

з удзелам:

 

прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Аляксандрава В.М., Гліндзіч Т.М.

 

прадстаўнікоў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта — Дзюкавай I.I., Сідарэні А.М., Ваніцкага I.А.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь Палажэння аб парадку і ўмовах адбуксіроўкі, захоўвання і рэалізацыі транспартных сродкаў, якія загрувашчваюць унутрыдваровыя тэрыторыі, перашкаджаюць прыбіранню вуліц і дарог, зацверджанага рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 28 снежня 1995 г. № 783, і пункта 7.3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 снежня 1998 г. № 1330 “Аб парадку паркоўкі транспартных сродкаў, утрыманні праезнай часткі вулічна-дарожнай сеткі і ўнутрыдваровых тэрыторый”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Смірноў Я.А. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Галаванаў В.Р. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 7 чэрвеня 1999 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягалі Палажэнне аб парадку і ўмовах адбуксіроўкі, захоўвання і рэалізацыі транспартных сродкаў, якія загрувашчваюць унутрыдваровыя тэрыторыі, перашкаджаюць прыбіранню вуліц і дарог, зацверджанае рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 28 снежня 1995 г. № 783 (у далейшым — Палажэнне), і пункт 7.3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 снежня 1998 г. № 1330 “Аб парадку паркоўкі транспартных сродкаў, утрыманні праезнай часткі вулічна-дарожнай сеткі і ўнутрыдваровых тэрыторый”.

 

У прапанове Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паставіла пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці Палажэння і пункта 7.3 рашэння ад 9 снежня 1998 г. № 1330, якія прадугледжваюць прымусовую адбуксіроўку транспартных сродкаў, указаўшы, што яны супярэчаць Канстытуцыі і не адпавядаюць Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Закону “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

Заслухаўшы паведамленне суддзі-дакладчыка Марыскіна А.У., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (у далейшым — КаАП), Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, вывучыўшы звароты грамадзян у Канстытуцыйны Суд, а таксама рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытанню прымусовай адбуксіроўкі транспартных сродкаў, іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

У пункце 1 Палажэння прадугледжана, у прыватнасці, прымусовая адбуксіроўка на штрафныя пляцоўкі ДАI транспартных сродкаў, пакінутых іх уладальнікамі: на захоўванне на праезнай частцы вуліц і дарог, калі гэта перашкаджае іх прыбіранню (падпункт 1.1.1); у зоне дзеяння дарожных знакаў, якія забараняюць прыпынак і стаянку, калі гэта абмяжоўвае прапускную здольнасць вуліц і дарог, перашкаджае руху спецыяльных аўтамашын (падпункт 1.1.2); у межах зялёнай зоны і насаджэнняў, якія псуюць травяное покрыва і парушаюць правілы добраўпарадкавання і ўтрымання горада (падпункт 1.1.3); у начны час у дварах жылых дамоў і масіваў, а таксама ў іншых месцах, не прадугледжаных устаноўленым парадкам рэгістрацыі транспартных сродкаў, за выключэннем індывідуальных уладальнікаў (падпункт 1.1.4); на ўнутрыдваровых тэрыторыях у зоне дзеяння дарожных знакаў, якія абмяжоўваюць рух транспартных сродкаў (падпункт 1.1.5). Указаным Палажэннем прадугледжаны і іншыя выпадкі прымусовай адбуксіроўкі транспартных сродкаў, а таксама парадак і памер аплаты, звязаныя з такой адбуксіроўкай.

 

Згодна з пунктам 7.3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 снежня 1998 г. № 1330 УДАI ГУУС Мінгарвыканкома, АДАI РУ—РАУС дазволена ў выключных выпадках, пры немагчымасці праезду спецыяльнага транспарту, у тым ліку на ўнутрыдваровых тэрыторыях, прымусова адбуксіроўваць транспартныя сродкі, якія перашкаджаюць праезду, на штрафныя пляцоўкі.

 

У адпаведнасці з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2). Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян абвяшчаецца Канстытуцыяй найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21), якая абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь (артыкул 59). Гарантуючы правы і свабоды асобы, Канстытуцыя дапускае іх абмежаванне толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (артыкул 23).

 

Артыкулам 1131 КаАП устаноўлена адміністрацыйная адказнасць за непадпарадкаванне вадзіцелямі транспартных сродкаў сігналам рэгулявання дарожнага руху, невыкананне патрабаванняў дарожных знакаў, разметкі, парушэнне правіл перавозкі людзей і іншых правіл дарожнага руху, а артыкулам 1191 КаАП — адміністрацыйная адказнасць, у прыватнасці, за парушэнне вадзіцелямі правіл прыпынку або стаянкі транспартных сродкаў.

 

Адзіны парадак дарожнага руху, у тым ліку і правілы стаянкі, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, за парушэнне якога ўстаноўлена ў КаАП адміністрацыйная адказнасць, рэгулююцца Правіламі дарожнага руху, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 1996 г. № 203. У іх, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, не ўрэгуляваны дастаткова падрабязна правілы стаянкі транспартных сродкаў, што і прыводзіць да прыняцця мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі рашэнняў, якія ўстанаўліваюць падобныя правілы.

 

Практыка паказвае, што не толькі Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, але і некаторыя іншыя мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы прынялі рашэнні, якія ўстанаўліваюць правілы стаянкі і прадугледжваюць за іх парушэнне прымусовую адбуксіроўку транспартных сродкаў, пры гэтым падставы і ўмовы прымусовай адбуксіроўкі істотна адрозніваюцца. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, правілы стаянкі транспартных сродкаў і адказнасць за іх парушэнні павінны быць адзінымі.

 

У дзеючым КаАП не прадугледжана прымусовая адбуксіроўка транспартных сродкаў на штрафныя пляцоўкі ДАI ў якасці меры адміністрацыйнага прымушэння. Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне і прымяненне такой меры прымусовага характару павінна быць заснавана на законе з дакладным вызначэннем прававой прыроды, падстаў, умоў, парадку і прававых вынікаў яе прымянення, якія гарантуюць як забеспячэнне бяспекі дарожнага руху, так і абарону правоў і законных інтарэсаў уладальнікаў транспартных сродкаў. Пры прымяненні прымусовай адбуксіроўкі транспартных сродкаў іх уладальнікам павінна быць гарантавана права на неадкладнае атрыманне інфармацыі аб месцазнаходжанні транспартнага сродку.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць рашэння мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі пытанняў, звязаных з максімальна магчымым задавальненнем патрэбнасцей уладальнікаў транспартных сродкаў як у ахоўваемых, так і ў неахоўваемых стаянках, што будзе садзейнічаць скарачэнню колькасці правапарушэнняў у сувязі з захоўваннем і стаянкай транспартных сродкаў.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасці з Законам “Аб дзяржаўнай ахове” (артыкулы 6, 14) прадугледжваецца права органаў дзяржаўнай аховы прымаць пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў меры па адбуксіроўцы транспартных сродкаў. Гэтыя меры ўстаноўлены для забеспячэння бяспекі вышэйшых службовых асоб дзяржавы, кіраўнікоў замежных дзяржаў і ўрадаў у час прабывання іх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, іншых асоб, вызначаных ва ўстаноўленым парадку.

 

Вывучэнне замежнага вопыту паказала, што ў шэрагу дзяржаў у мэтах забеспячэння бяспекі руху, абароны правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў іншых асоб дапускаецца прымусовая адбуксіроўка транспартных сродкаў, калі яны пакінуты ў месцах, дзе паркоўка забаронена, і ўскладняюць рух або пагражаюць яго бяспецы. Аднак яе прымяненне заснавана на законе.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што сваімі рашэннямі Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, увёўшы не прадугледжаную заканадаўствам меру адміністрацыйнага прымушэння, перавысіў свае паўнамоцтвы. Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, Законам “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, іншымі законамі мясцовым выканаўчым і распарадчым органам не прадастаўлена права ўстанаўліваць такія меры адміністрацыйнага прымушэння.

 

Палажэнне і пункт 7.3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 снежня 1998 г., якія прадугледжаюць прымусовую адбуксіроўку транспартных сродкаў, абмяжоўваюць таксама і правы ўладальніка на валоданне, карыстанне і распараджэнне маёмасцю па свайму меркаванню. Такія абмежаванні ў адпаведнасці з артыкуламі 23, 44 Канстытуцыі дапускаюцца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам.

 

Аналіз падстаў прымусовай адбуксіроўкі транспартных сродкаў на штрафныя пляцоўкі ДАI, устаноўленых разглядаемым Палажэннем, сведчыць аб тым, што тыя з іх, якія прадугледжаны ў падпунктах 1.1.1, 1.1.3, 1.1.4 Палажэння, непасрэдна не звязаны з забеспячэннем бяспекі руху, і вырашэнне ўзнікаючых у дадзеных выпадках спрэчак паміж уладальнікамі транспартных сродкаў і адпаведнымі структурамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў можа быць ажыццёўлена з выкарыстаннем іншых мер, што не прыводзяць да прымусовай адбуксіроўкі. У той жа час Канстытуцыйны Суд адзначае, што неабходнасць прымусовай адбуксіроўкі транспартных сродкаў можа быць абумоўлена, у прыватнасці, мэтамі забеспячэння бяспекі руху, праезду спецыяльнага транспарту (пажарных машын, машын хуткай дапамогі і інш.) для неадкладнага прыняцця мер па абароне правоў і свабод іншых асоб.

 

З улікам магчымасці падрыхтоўкі і прыняцця дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй нарматыўных актаў і ў мэтах выключэння прабелаў у прававым рэгуляванні Канстытуцыйны Суд, кіруючыся артыкулам 9 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, лічыць неабходным вызначыць тэрмін, на працягу якога асобныя нормы Палажэння і пункт 7.3 рашэння ад 9 снежня 1998 г. захоўваюць сваё дзеянне да прыняцця ва ўстаноўлены Канстытуцыйным Судом тэрмін мер, якія забяспечваюць прывядзенне ўказаных актаў у адпаведнасць з гэтым Заключэннем.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Палажэнне аб парадку і ўмовах адбуксіроўкі, захоўвання і рэалізацыі транспартных сродкаў, якія загрувашчваюць унутрыдваровыя тэрыторыі, перашкаджаюць прыбіранню вуліц і дарог, зацверджанае рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 28 снежня 1995 г. № 783, і пункт 7.3 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 снежня 1998 г. № 1330 “Аб парадку паркоўкі транспартных сродкаў, утрыманні праезнай часткі вулічна-дарожнай сеткі і ўнутрыдваровых тэрыторый” не адпавядаючымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.

 

Лічыць Палажэнне не маючым юрыдычнай сілы з дня прыняцця гэтага Заключэння, за выключэннем падпунктаў 1.1.2, 1.1.5 пункта 1 і норм Палажэння ў той частцы, у якой яны забяспечваюць парадак рэалізацыі ўказаных у падпунктах 1.1.2, 1.1.5 падстаў для прымусовай адбуксіроўкі транспартных сродкаў, якія разам з пунктам 7.3 рашэння ад 9 снежня 1998 г. страчваюць юрыдычную сілу з 30 лістапада 1999 года.

 

2. Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту, іншым мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прывесці свае рашэнні ў адпаведнасць з гэтым Заключэннем.

 

3. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь урэгуляваць пытанні, звязаныя з гэтым Заключэннем.

 

4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, вызначаны заканадаўствам, у “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў тых выданнях, дзе былі апублікаваны рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб прымусовай адбуксіроўцы транспартных сродкаў.

 

5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                            Р.А.Васілевіч