Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
18 жніўня 1999 г. № Р-87/99
Aб рашэнні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 1999 г. № 185 “Аб увядзенні мясцовых збораў”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Падгрушы В.В., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разглядзеўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот Цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства глухіх”, якое датычыць пытанняў выплаты мэтавага збору на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў Гродзенскім навучальна-вытворчым прадпрыемствам Беларускага таварыства глухіх, устанавіў наступнае.

 

1. У звароце Цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства глухіх” у Канстытуцыйны Суд пастаўлена пытанне аб ільготах, прадугледжаных у пункце 9  Палажэння аб парадку стварэння і выкарыстання мэтавага збору на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў г. Гродна, зацверджанага рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 1999 г. № 185. Iм прадугледжана вызваленне ад выплаты мэтавага збору шэрага плацельшчыкаў, у тым ліку таварыстваў і асацыяцый інвалідаў, прадпрыемстваў і арганізацый, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў, калі  колькасць  інвалідаў у іх складае не менш сямідзесяці працэнтаў ад сярэдняспісачнай колькасці прамыслова-вытворчага персаналу, а таксама Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускага таварыства інвалідаў, Беларускага таварыства глухіх.

 

Цэнтральнае праўленне грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства глухіх” лічыць, што вызваленне прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў, калі колькасць інвалідаў у іх складае не менш сямідзесяці працэнтаў ад сярэдняспісачнай колькасці прамыслова-вытворчага персаналу, ад выплаты мэтавага збору на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў г. Гродна не адпавядае частцы першай артыкула 53 Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, згодна з якой грамадскія арганізацыі інвалідаў, іх прадпрыемствы, установы і арганізацыі вызваляюцца ад падатку на прыбытак і збораў, што ўносяцца ў дзяржаўны бюджэт, калі на іх працуе не менш пяцідзесяці працэнтаў інвалідаў ад колькасці прамыслова-вытворчага персаналу.

 

2. Канстытуцыйны Суд адзначае, што льготнае падаткаабкладанне грамадскіх арганізацый інвалідаў, іх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый было ўстаноўлена Законам “Аб сацыяльнай абароне  інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, прынятым 11 лістапада 1991 г.

 

Законам ад 22 снежня 1992 г. у артыкул 3 Закона ад 20 снежня 1991 г. “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” былі ўнесены дапаўненні, у адпаведнасці з якімі аб’екты абкладання, парадак выплаты, стаўкі і льготы па кожнаму канкрэтнаму віду падатку і збору прадугледжваюцца спецыяльнымі актамі падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Уключэнне палажэнняў, якія рэгулююць пытанні падаткаабкладання, у іншыя акты заканадаўства не  дапускаецца.

 

Закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” не з’яўляецца спецыяльным актам падатковага заканадаўства, хаця і змяшчае норму аб падаткаабкладанні грамадскіх арганізацый інвалідаў.

 

Зыходзячы з назвы і зместу артыкула 3 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, можна зрабіць выснову аб тым, што заканадавец, уносячы дапаўненні ў дадзены артыкул, меў на ўвазе рэгуляванне пытанняў падаткаабкладання спецыяльнымі актамі падатковага заканадаўства толькі ў адносінах да агульнадзяржаўных падаткаў і збораў.

 

У падатковым заканадаўстве, у тым ліку пры ўстанаўленні мясцовых падаткаў і збораў, не заўсёды прадугледжваецца вызваленне ад выплаты адпаведных падаткаў і збораў прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў, калі на іх працуе не менш пяцідзесяці працэнтаў інвалідаў ад колькасці прамыслова-вытворчага персаналу, як гэта прадугледжана артыкулам 53 Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”.

 

У гэтай сувязі на практыцы абгрунтавана ўзнікаюць пытанні аб прадастаўленні ўказаных у дадзеным артыкуле Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” ільгот пры ўстанаўленні мясцовых падаткаў і збораў.

 

3. Увядзенне мясцовых падаткаў і збораў у адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Рэспублікі Беларусь рэгулюецца артыкулам 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 1999 год”. Згодна з указаным артыкулам у сістэму мясцовых падаткаў і збораў у 1999 годзе, у прыватнасці, былі ўключаны мэтавыя зборы на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў, якія поўнасцю залічваюцца ў мясцовыя бюджэты. Да 1999 года абавязковыя адлічэнні на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў акумуліраваліся ў пазабюджэтных фондах мясцовых Саветаў дэпутатаў на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем ведамасных дашкольных устаноў, стварэнне якіх прадугледжвалася пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 1992 г. “Аб захаванні і развіцці сеткі дзіцячых дашкольных устаноў”.

 

У адпаведнасці з часткай шостай артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 1999 год” пры ўвядзенні мясцовых падаткаў і збораў мясцовыя Саветы дэпутатаў самастойна вызначаюць базу і аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, парадак вылічэння і тэрміны выплаты падаткаў і збораў.

 

Такім чынам, у дадзенай норме права мясцовых Саветаў дэпутатаў на ўстанаўленне льгот у адносінах да мясцовых падаткаў і збораў прама не агаворана, хаця, рэалізуючы права самастойна вызначаць плацельшчыкаў мясцовых падаткаў і збораў, мясцовыя Саветы дэпутатаў шляхам вызвалення суб’ектаў ад іх выплаты тым самым устанаўліваюць ільготы па коле плацельшчыкаў.

 

У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў дзеючым заканадаўстве не атрымалі свайго належнага рэгулявання пытанні паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў у сферы ўстанаўлення льгот пры ўвядзенні мясцовых падаткаў і збораў, нягледзячы на тое што ўказаныя мясцовыя органы валодаюць канстытуцыйным правам на ўстанаўленне гэтых абавязковых плацяжоў у адпаведнасці з законам. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у законе павінна быць дакладна агаворана, ці валодаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў правам устанаўліваць ільготы ў адносінах да мясцовых падаткаў і збораў.

 

4. Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным звярнуць увагу на той факт, што рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 1999 г. № 185 “Аб увядзенні мясцовых збораў” на тэрыторыі г. Гродна з 1 красавіка 1999 г., у прыватнасці, уведзены збор за паслугі гасцініц, рэстаранаў, кафэ, бараў, казіно, выставак (за выключэннем спецыялізаваных аптовых выставак), выставак-продажаў, гастрольных тэатральна-канцэртных мерапрыемстваў (п. 1); зацверджана стаўка збору ў размеры пяці працэнтаў ад сумы паслугі (п. 2); уведзены мэтавы збор на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў (п. 4); зацверджана стаўка збору ў размеры пяці працэнтаў ад фонду заработнай платы з аднясеннем указанага збору на сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) (п. 5); зацверджана Палажэнне аб мэтавым зборы на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў (п. 6).

 

Права на ўвядзенне асобных мясцовых падаткаў і збораў, у тым ліку мэтавых збораў на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў, прадастаўлена мясцовым Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню (частка другая артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 1999 год”).

 

У адпаведнасці з падпунктам 16 пункта 2 артыкула 8 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць дэлегаваць частку сваіх паўнамоцтваў выканаўчаму камітэту. Аднак гэта дэлегаванне не можа датычыць перадачы паўнамоцтваў на ўвядзенне мясцовых падаткаў і збораў, паколькі згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устанаўленне мясцовых падаткаў і збораў адносіцца да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

 

Нягледзячы на тое што Гродзенскі гарадскі Савет дэпутатаў рашэннем ад 12 сакавіка 1999 г. № 356 “Аб бюджэце горада на 1999 год” (прынята пасля рашэння Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 1999 г. № 185) таксама з 1 красавіка 1999 г. увёў мэтавы збор на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў г. Гродна і ўстанавіў канкрэтны размер стаўкі — пяць працэнтаў ад фонду заработнай платы, у дадзеным рашэнні гарадскога Савета не вызначаны такія важнейшыя элементы мэтавага збору на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў г. Гродна, як плацельшчыкі мэтавага збору, база абкладання, парадак вылічэння і тэрміны выплаты. Усе гэтыя пытанні ўрэгуляваны рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 1999 г. № 185, зацвердзіўшым Палажэнне аб парадку стварэння і выкарыстання мэтавага збору на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў г. Гродна.

 

З улікам аналізу норм Канстытуцыі і іншых актаў заканадаўства Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў кампетэнцыю мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў не ўваходзіць увядзенне мясцовых падаткаў і збораў. Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, прымаючы рашэнне ад 4 сакавіка 1999 г. № 185 “Аб увядзенні мясцовых збораў”, выйшаў за рамкі сваіх паўнамоцтваў.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць таксама неабходным звярнуць увагу на тое, што ў пункце 2 Палажэння аб парадку стварэння і выкарыстання мэтавага збору на ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў г. Гродна, у якім пры вызначэнні фонду заработнай платы ў якасці аб’екта абкладання дадзеным зборам робіцца спасылка на нядзеючую Iнструкцыю па статыстыцы колькасці работнікаў і заработнай платы, зацверджаную загадам Міністэрства статыстыкі і аналізу ад 19 снежня 1994 г. № 12. Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 24 верасня 1998 г. № З-71/98 раздзелы 9, 10, 11 дадзенай Iнструкцыі прызнаны не адпавядаючымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь. Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь загадам ад 11 снежня 1998 г. № 293 зацвердзіла новую Iнструкцыю аб складзе фонду заработнай платы і іншых выплат.

 

На падставе выкладзенага і  кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі, артыкуламі 36, 37 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь:

 

даць тлумачэнне артыкула 53 Закона “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” у частцы абавязковасці прадастаўлення ўстаноўленых у ім ільгот пры ўвядзенні мясцовых падаткаў і збораў або ўнесці неабходныя змяненні ў заканадаўчыя акты з мэтай забеспячэння ўзаемаўзгодненасці адпаведных норм;

 

удакладніць права мясцовых Саветаў дэпутатаў на ўстанаўленне льгот пры ўвядзенні імі мясцовых падаткаў і збораў.

 

2. Прапанаваць Гродзенскаму гарадскому Савету дэпутатаў і Гродзенскаму гарадскому выканаўчаму камітэту з улікам іх кампетэнцыі ўрэгуляваць увядзенне мэтавага збору на ўтрыманне дзіцячых устаноў г. Гродна на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 1999 год” і іншых актаў дзеючага заканадаўства.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч