Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
14 верасня 1999 г. № З-88/99
Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь растлумачэння Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1995 г. “Аб вяртанні залішне спагнаных плацяжоў у бюджэт”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З.

 

з удзелам:

 

прадстаўнікоў Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь — Смірнова Я.А., Петуховай I.П.;

 

прадстаўнікоў Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь — Жука У.А., Змачынскай Г.М.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь растлумачэння Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1995 г. “Аб вяртанні залішне спагнаных плацяжоў у бюджэт”.

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Снягір М.В. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Галаванаў В.Р. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 19 ліпеня 1999 г. па прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.

 

Праверцы падлягала растлумачэнне Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у цяперашні час — Дзяржаўны падатковы камітэт Рэспублікі Беларусь) ад 16 чэрвеня 1995 г. № 05/106 “Аб вяртанні залішне спагнаных плацяжоў у бюджэт” (у далейшым — растлумачэнне ГДПI), апублікаванае ў “Нацыянальнай эканамічнай газеце” 12 ліпеня 1995 г., № 28.

 

Ва ўказаным растлумачэнні, у прыватнасці, вызначана, што “сумы плацяжоў, залішне спагнаныя ў бюджэт па выніках праверак, вяртаюцца плацельшчыку з налічэннем пені ў размеры ўліковай стаўкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якая дзейнічае на момант вяртання грашовых сродкаў на разліковы рахунак плацельшчыка за кожны дзень усяго перыяду, уключаючы дзень вяртання з бюджэту. Парадак вяртання выкладзены ў Метадычных указаннях ад 1 ліпеня 1994 г. № 110 “Аб парадку прымянення Закона Рэспублікі Беларусь “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” і Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях падаткаабкладання”, згодна з якім залішне спагнаныя плацяжы ў бюджэт вяртаюцца на наступны дзень пасля прыняцця (атрымання) рашэння аб вяртанні з-за няправільнага іх вылічэння па акту праверкі, але не пазней 10-дзённага тэрміну з моманту падачы заявы плацельшчыкам аб вяртанні залішне спагнаных сум па акту праверкі і прынятага па яму рашэння. Пеня налічваецца на суму плацяжоў, залішне спагнаную ў бюджэт па выніках праверак. На сумы залішне спагнаных фінансавых санкцый з-за няправільнага іх вылічэння па акту праверкі пеня не налічваецца”.

 

У прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда ўказваецца, што ў адпаведнасці з растлумачэннем ГДПI ў паняцце “сума плацяжоў” не ўключаецца паняцце “фінансавыя санкцыі”. Па меркаванню ініцыятара прапановы, такі падыход да вызначэння паняцця “сума плацяжоў” супярэчыць пункту 1 Палажэння аб спагнанні падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 1999 г. № 87 (у далейшым — Палажэнне), згодна з якім фінансавыя санкцыі, якія прымяняюцца за парушэнне заканадаўства аб падатках і прадпрымальніцтве, аднесены да абавязковых непадатковых плацяжоў. Вышэйшы Гаспадарчы Суд лічыць, што падаткі і непадатковыя плацяжы, у тым ліку і фінансавыя санкцыі, залішне спагнаныя ў бюджэт па выніках праверак, пры вяртанні з бюджэту з’яўляюцца ўжо адзінай грашовай сумай, гэта значыць сумай, на якую і павінна налічвацца пеня.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Вараб’я Г.А., прадстаўнікоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь і іншых нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Агульны парадак спагнання ў бюджэт падаткавых і непадатковых плацяжоў і іх вяртання прадугледжаны ў артыкуле 10 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” ад 20 снежня 1991 г. з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі. Згодна з гэтым парадкам сумы падаткаў, непадатковых плацяжоў у бюджэт і фінансавых санкцый, не ўнесеныя ва ўстаноўленыя тэрміны, а таксама сумы ўтоеных (заніжаных) прыбытку (даходу) і падаткаў за іншы ўтоены аб’ект падаткаабкладання, пені за несвоечасовае ўнясенне плацяжоў спаганяюцца за ўвесь час ухілення ад выплаты па распараджэнню падатковых органаў у бясспрэчным парадку з юрыдычных асоб і ў судовым парадку з фізічных асоб (частка першая пункта 1 артыкула 10).

 

У частцы трэцяй пункта 2 артыкула 10 указанага Закона ўстаноўлена, што сумы плацяжоў, залішне спагнаныя ў бюджэт па выніках праверак, вяртаюцца плацельшчыку з налічэннем пені ў размеры ўліковай стаўкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якая дзейнічае на момант вяртання грашовых сродкаў на разліковы рахунак плацельшчыка за кожны дзень усяго перыяду, уключаючы дзень вяртання з бюджэту. Вяртанне праводзіцца на працягу 10 дзён з моманту падачы заявы плацельшчыка.

 

З аналізу зместу выкладзенай нормы вынікае, што заканадавец не раздзяляе сумы плацяжоў, залішне спагнаныя ў бюджэт па выніках праверак, на якія-небудзь іх віды і не вылучае з іх фінансавыя санкцыі. У пунктах 1 і 3 артыкула 10 аналізуемага Закона фінансавыя санкцыі прадугледжваюцца ў якасці віду плацяжу нараўне з падаткамі і непадатковымі плацяжамі.

 

Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь было даручана ўстанавіць парадак залічэння ў бюджэт падаткаў і збораў (пункт 4).

 

У дзеючым Палажэнні аб спагнанні падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў, зацверджаным Урадам, праведзена класіфікацыя плацяжоў. Фінансавыя (эканамічныя, штрафныя) санкцыі, якія прымяняюцца за парушэнне заканадаўства аб падатках і прадпрымальніцтве, а таксама іншыя фінансавыя санкцыі, якія прымяняюцца да парушальнікаў (юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў) дзяржаўнымі кантралюючымі органамі, у тым ліку не надзеленымі правам іх бясспрэчнага спісання, аднесены да непадатковых плацяжоў (падпункт 1.2).

 

У адпаведнасці з абзацам трэцім пункта 35 Палажэння сумы плацяжоў, залішне спагнаныя ў бюджэт па выніках праверак, вяртаюцца плацельшчыку з налічэннем пені ва ўстаноўленым заканадаўствам размеры, які дзейнічае на момант вяртання грашовых сродкаў, на разліковы рахунак плацельшчыка за кожны дзень усяго перыяду, уключаючы дзень вяртання з бюджэту.

 

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што ў Палажэнні, прымяняльна да парадку спагнання ў бюджэт Рэспублікі Беларусь сум фінансавых санкцый, якія прымяняюцца да правапарушальнікаў іншымі кантралюючымі органамі, не надзеленымі правам іх бяспрэчнага спагнання, прама ўказваецца, што ў выпадку адмены вышэйстаячым кантралюючым органам або судом пастановы кантралюючага органа аб прымяненні фінансавай санкцыі вяртанне сум з бюджэту Рэспублікі Беларусь праводзіцца органам спагнання на падставе рашэння аб адмене пастановы з налічэннем пені ў парадку, прадугледжаным часткай трэцяй пункта 2 артыкула 10 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь” (пункт 32).

 

Аналагічныя нормы змяшчаюцца і ў Iнструкцыі па прымяненню Палажэння аб спагнанні падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў, зацверджанай загадам Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1999 г. № 77 (у далейшым — Iнструкцыя). Так, у пункце 2 Iнструкцыі, як і ў пункце 1 Палажэння, фінансавыя санкцыі аднесены да абавязковых непадатковых плацяжоў. У пункце 59 Iнструкцыі прама прадугледжана вяртанне сум абавязковых плацяжоў, залішне спагнаных па выніках праверак. Згодна з дадзеным пунктам абавязковыя плацяжы вяртаюцца плацельшчыку з налічэннем пені ва ўстаноўленым заканадаўствам размеры, які дзейнічае на момант вяртання грашовых сродкаў, на разліковы рахунак плацельшчыка за кожны дзень усяго перыяду, уключаючы дзень вяртання з бюджэту.

 

Такім чынам, ні Палажэнне, ні Iнструкцыя не выключаюць фінансавыя санкцыі з сум плацяжоў, якія падлягаюць вяртанню і на якія налічваецца пеня, як гэта зроблена ў растлумачэнні ГДПI.

 

На падставе артыкула 7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.

 

У адпаведнасці з Законам “Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваных яму дзяржаўных органах” рэспубліканскія органы кіравання, падпарадкаваныя Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, у межах сваёй кампетэнцыі маюць права выдаваць акты на аснове і ў мэтах выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (артыкул 12).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што акты Дзяржаўнага падатковага камітэта павінны адпавядаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам Рэспублікі Беларусь, актам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пастановам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што растлумачэнне ГДПI ад 16 чэрвеня 1995 г. “Аб вяртанні залішне спагнаных плацяжоў у бюджэт” у той частцы, дзе вызначана, што на сумы залішне спагнаных фінансавых санкцый з-за няправільнага іх вылічэння па акту праверкі пеня не налічваецца, не адпавядае артыкулу 10 Закона “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, Палажэнню аб спагнанні падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў, зацверджанаму пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 1999 г. № 87, і Iнструкцыі па прымяненню Палажэння аб спагнанні падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў, зацверджанай загадам Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1999 г. № 77.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць не адпавядаючым Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь растлумачэнне Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1995 г. “Аб вяртанні залішне спагнаных плацяжоў у бюджэт” у частцы ўказання на тое, што на сумы залішне спагнаных фінансавых санкцый з-за няправільнага іх вылічэння па акту праверкі пеня не налічваецца.

 

Лічыць дадзеную норму не маючай юрыдычнай сілы з дня прыняцця гэтага Заключэння.

 

2. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце” і “Звяздзе”, а таксама ў “Ведамасцях Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

 

3. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня яго абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                              Р.А.Васілевіч