Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
27 кастрычніка 1999 г. № Р-89/99
Аб некаторых пытаннях, звязаных з рэгуляваннем парадку аплаты камунальных паслуг

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні — Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., вывучыўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян, у якіх закранаюцца пытанні аплаты камунальных паслуг, у тым ліку ў сувязі з выездам на пэўны час у сельскую мясцовасць, а таксама пераразліку платы за іх, устанавіў наступнае.

 

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы.

 

Дзяржава гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь (артыкул 30 Канстытуцыі).

 

Месцам жыхарства прызнаецца той населены пункт, дзе грамадзянін пастаянна або пераважна пражывае (артыкул 19 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

 

Згодна з пунктам 1 артыкула 210 Грамадзянскага кодэкса ўласніку належаць правы ўладання, карыстання і распараджэння сваёй маёмасцю. Артыкулам 2 Грамадзянскага кодэкса ўстаноўлена, што ўдзельнікі грамадзянскіх праваадносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах. Пунктам 2 артыкула 214 Грамадзянскага кодэкса прадугледжана, што колькасць і кошт маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці грамадзян, не абмяжоўваюцца, за выключэннем выпадкаў, калі такія абмежаванні ўстаноўлены законам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 101 Жыллёвага кодэкса грамадзяне і юрыдычныя асобы недзяржаўнай формы ўласнасці могуць мець на праве ўласнасці жылыя дамы, кватэры і іншыя жылыя памяшканні без абмежавання іх колькасці і велічыні.

 

Карыстанне жылым памяшканнем неразрыўна звязана з выкарыстаннем пражываючымі ў ім асобамі камунальных паслуг. У адпаведнасці з часткай другой артыкула 28 Жыллёвага кодэкса плата за камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыю, газ, электрычную і цеплавую энергію, ліфты, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў, іншыя паслугі) бярэцца згодна з тарыфамі, па якіх аплачвае гэтыя паслугі наймадаўца, калі заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлена іншае.

 

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 1999 г. № 1332 “Аб упарадкаванні разлікаў насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі” прадугледжана, што плата за карыстанне (тэхнічнае абслугоўванне) жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі праводзіцца па дагаворах, якія заключаюцца наймальнікамі (уладальнікамі) жылых памяшканняў з жыллёва-эксплуатацыйнымі арганізацыямі, а пры наяўнасці індывідуальных прыбораў уліку расходу вады і газу — таксама па дагаварах з камунальнымі і газазабяспечваючымі арганізацыямі (пункт 1.5).

 

Прававое рэгуляванне гэтых дагавораў устанаўліваецца Грамадзянскім кодэксам і іншымі нарматыўнымі актамі. Дзеючае заканадаўства зыходзіць з прынцыпу аплаты толькі за выкарыстаныя камунальныя паслугі. Згодна з часткай чацвёртай артыкула 65 Жыллёвага кодэкса плата за камунальныя паслугі бярэцца зыходзячы з фактычнага выкарыстання гэтых паслуг у натуральным выражэнні. Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пітным водазабеспячэнні” прадугледжаны абавязак спажыўцоў пітной вады своечасова ўносіць плату таксама толькі за выкарыстаную ваду ў адпаведнасці з устаноўленымі тарыфамі (артыкул 19).

 

У пункце 3 Палажэння аб парадку пераразлікаў платы за камунальныя паслугі і прыпынення (аднаўлення) прадастаўлення камунальных паслуг, зацверджанага загадам Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 1996 г. № 22, устаноўлена, што плата за камунальныя паслугі (халодная і гарачая вада, каналізацыя, газ, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў) у выпадку адсутнасці прыбораў кватэрнага ўліку расходу вады і газу не бярэцца, калі грамадзянін выехаў з пастаяннага месца жыхарства на тэрмін звыш дзесяці сутак запар. У гэтым выпадку ажыццяўляецца пераразлік платы за камунальныя паслугі.

 

У адпаведнасці з Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылога дома і прыдамавой тэрыторыі ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 мая 1986 г. № 129 (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі пастановай ад 13 лістапада 1995 г. № 623), для пераразліку платы за камунальныя паслугі неабходна прадставіць дакумент, які пацвярджае часовую адсутнасць, або здаць жылое памяшканне пры выездзе прадстаўнікам жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі.

 

Прыкладны пералік дакументаў, што могуць пацвярджаць часовую адсутнасць грамадзян, а таксама кола органаў і службовых асоб, якія маюць права (абавязаны) іх выдаваць, ва ўказаных Правілах не вызначаны. Не ўрэгуляваны таксама парадак здачы жылых памяшканняў пры выездзе прадстаўнікам жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі. Зыходзячы з сутнасці адносін, аналогія закона (як пры браніраванні памяшканняў) тут не зусім прымальная. У той жа час на практыцы нярэдка сустракаюцца выпадкі, калі грамадзяне, якія маюць на праве ўласнасці і (або) па дагавору найму некалькі жылых памяшканняў, напрыклад, у гарадской і сельскай мясцовасці , не могуць пацвердзіць дакументальна сваю адсутнасць у адным з гэтых жылых памяшканняў у сувязі з пражываннем у гэты час у іншым з прычыны адмовы адпаведных органаў у выдачы такіх даведак і таму вымушаны аплачваць камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыю, газ, электрычную і цеплавую энергію, ліфты, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў, іншыя паслугі), якімі яны фактычна не карысталіся. Напрыклад, гэта выпадкі часовага пражывання грамадзян у вяснова-летні перыяд года ў дамах на тэрыторыі дачных кааператываў і садаводчых таварыстваў, якія не карыстаюцца сваімі памяшканнямі па месцы пастаяннага пражывання, але вымушаны праводзіць аплату адпаведных камунальных паслуг у поўным аб’ёме. Абскарджанне дзеянняў сложбовых асоб у сувязі з адмовай у выдачы неабходных дакументаў аб месцы і часе фактычнага пражывання, не можа разглядацца ў якасці аптымальнага выхаду са становішча, якое склалася.

 

Акрамя таго, асобныя грамадзяне, якія маюць ільготы па аплаце камунальных паслуг, не могуць карыстацца імі з прычыны немагчымасці атрымання неабходных дакументаў. Пры гэтым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прынцыпу справядлівасці садзейнічала б рашэнне пытання аб выкарыстанні льгот па аплаце камунальных паслуг прапарцыянальна часу пражывання ў кожным з жылых памяшканняў.

 

Не ўрэгулявана таксама ў поўнай меры пытанне аб грамадзянска-прававой адказнасці тых грамадзян, якія могуць прадстаўляць для пераразліку платы за камунальныя паслугі не адпавядаючыя сапраўднасці звесткі аб сваёй часовай адсутнасці па месцы жыхарства.

 

Зыходзячы з вышэйвыкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

 

прыняць дадатковыя меры па ўпарадкаванню прававога рэгулявання парадку і ўмоў аплаты камунальных паслуг грамадзянамі, якія маюць некалькі жылых памяшканняў, у прыватнасці, у гарадской і сельскай мясцовасці, у выпадку іх адсутнасці ў адным з іх у сувязі з пражываннем у гэты час у іншым жылым памяшканні;

 

рашыць пытанне аб магчымасці выкарыстання льгот па аплаце камунальных паслуг прапарцыянальна часу пражывання ў кожным з памяшканняў;

 

разгледзець пытанне аб магчымым узмацненні грамадзянска-прававой адказнасці грамадзян за прадстаўленне для пераразліку платы за камунальныя паслугі не адпавядаючых сапраўднасці звестак аб часовай адсутнасці па месцы жыхарства.

 

2. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч