Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
13 снежня 1999 г. № Р-91/99
Аб некаторых пытаннях забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, што датычаць забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе, у прыватнасці, непрадастаўлення адвакату права на спатканне з асобай, якая затрымана па падазрэнню ва ўчыненні злачынства і знаходзіцца пад вартай да прад’яўлення ёй абвінавачання.

 

Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі, законаў, міжнародна-прававых актаў, вывучыўшы практыку прымянення норм крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

Артыкулам 49 дзеючага Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — КПК) устаноўлена, што ў выпадку затрымання асобы, якая падазраецца ва ўчыненні злачынства, або прымянення да яе меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту да прад’яўлення абвінавачання абаронца дапускаецца да ўдзелу ў справе з моманту аб’яўлення асобе пратакола затрымання або пастановы аб прымяненні гэтай меры стрымання, але не пазней дваццаці чатырох гадзін з моманту затрымання або заключэння пад варту. Артыкул 53 КПК прадугледжвае права абаронца мець з абвінавачваным спатканні сам-насам без абмежавання іх колькасці і працягласці толькі пасля прад’яўлення абвінавачання.

 

Аналіз зместу гэтых норм КПК і практыкі іх прымянення сведчыць аб тым, што з моманту аб’яўлення пратакола затрымання або пастановы аб заключэнні пад варту да прад’яўлення абвінавачання грамадзянін не мае права на спатканне з абаронцам, у якасці якога можа выступаць адвакат, у мэтах атрымання юрыдычнай дапамогі: аказанне грамадзяніну такой дапамогі абмежавана ўдзелам адваката толькі ў крымінальна-працэсуальных дзеяннях, якія праводзяцца ў перыяд следства па крымінальнай справе. Заканадаўствам не прадастаўлена абаронцу права мець спатканні ва ўмовах канфідэнцыяльнасці і з падсудным.

 

Гэта не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і нормам міжнароднага права.

 

Згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення абароны правоў і свабод, у тым ліку і права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

 

У Законе “Аб адвакатуры”, прынятым пазней чым КПК, вызначаны парадак, умовы і віды прававой дапамогі, якую адвакаты аказваюць грамадзянам у Рэспубліцы Беларусь. Артыкулам 17 гэтага Закона прадугледжана права адваката бесперашкодна мець зносіны сам-насам з падазроным, абвінавачваным і падсудным, у тым ліку і з тымі, якія знаходзяцца пад вартай.

 

У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Канстытуцыя ўскладае на дзяржаву забеспячэнне свабоды і недатыкальнасці асобы (артыкул 25), абвяшчае абарону правоў і свабод грамадзян найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21), замацоўвае роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22).

 

Артыкул 8 Канстытуцыі прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і абавязвае дзяржаву забяспечыць адпаведнасць ім заканадаўства. Згодна з артыкулам 15 Закона “Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь” агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права і нормы міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія ўступілі ў сілу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь права.

 

Звод прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы то ні было форме, зацверджаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 9 снежня 1988 г., устанаўлівае: затрыманая асоба мае права на атрыманне юрыдычнай дапамогі з боку адваката (прынцыпы 11, 17); асоба, якая затрымана або знаходзіцца ў заключэнні, мае права звязвацца і кансультавацца з адвакатам, для гэтага ёй прадастаўляюцца неабходны час і ўмовы для правядзення такіх кансультацый; права асобы, якая затрымана або знаходзіцца ў заключэнні, на яе наведванне адвакатам, на кансультацыі і на сувязь з ёй, без прамаруджвання або цэнзуры і ва ўмовах поўнай канфідэнцыяльнасці, не можа быць часова адменена або абмежавана, акрамя выключных акалічнасцей, што вызначаюцца законам або ўстаноўленымі ў адпаведнасці з законам правіламі, калі, па меркаванню судовага або іншага органа, гэта неабходна для падтрымання бяспекі і парадку; спатканні асобы, якая затрымана або знаходзіцца ў заключэнні, з яе адвакатам могуць мець месца ва ўмовах, што дазваляюць службовай асобе праваахоўных органаў бачыць іх, але не чуць (прынцып 18).

 

Асноўныя прынцыпы, якія датычаць ролі юрыстаў, прынятыя восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанню злачыннасці і абыходжанню з правапарушальнікамі 7 верасня 1990 г., прадугледжваюць, што ўсім арыштаваным, затрыманым або заключаным у турму асобам прадастаўляюцца належныя магчымасці, час і ўмовы для наведвання юрыстам, зносіны і кансультацыі з ім без затрымкі, умяшальніцтва або цэнзуры і з захаваннем поўнай канфідэнцыяльнасці. Такія кансультацыі могуць праводзіцца ў прысутнасці службовых асоб па падтрыманню правапарадку, але без магчымасці быць пачутымі імі (артыкул 8).

 

Згодна з артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах усе асобы роўныя перад судамі і трыбуналамі. Кожнаму гарантуецца права мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і мець зносіны з выбраным ім самім абаронцам.

 

У адпаведнасці з патрабаваннямі норм главы 1 КПК “Асноўныя палажэнні” падазроны, абвінавачваны і падсудны маюць права на абарону. Асоба, якая праводзіць дазнанне, следчы, пракурор, суд, суддзя абавязаны забяспечыць падазронаму, абвінавачванаму і падсуднаму магчымасць абараняцца ўстаноўленымі законам сродкамі і спосабамі (артыкул 14).

 

Такім чынам, асобе, затрыманай па падазрэнню ва ўчыненні злачынства ў выпадку прымянення да яе меры cтрымання ў выглядзе заключэння пад варту павінна быць забяспечана права на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогі адваката, як гэта ўстаноўлена Канстытуцыяй, Законам “Аб адвакатуры”, агульнымі палажэннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь і нормамі міжнароднага права. Між тым артыкулы 49 і 53 КПК, што вызначаюць працэсуальныя формы і ўмовы аказання такой дапамогі, не дазваляюць грамадзяніну ў поўнай меры рэалізаваць сваё права на абарону, чым ставяць у няроўнае становішча ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, а таксама падазроных, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і тых, у дачыненні да каго такая мера стрымання не прыменена.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў новым КПК рэалізацыя прыведзеных вышэй норм Канстытуцыі забяспечана правам падазронага ў любы момант атрымаць юрыдычную дапамогу адваката і бесперашкодна мець зносіны з ім сам-насам і канфедэнцыяльна без абмежавання колькасці і працягласці гутарак. Больш таго, у выпадку затрымання або прымянення меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту да пачатку першага допыту ў якасці падазронага грамадзянін надзелены правам атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю адваката ў прысутнасці асобы, якая праводзіць расследаванне (артыкул 41).

 

У адпаведнасці з артыкуламі 137 і 142 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Асноўны Закон валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, права падазронага і падсуднага на абарону павінна забяспечвацца няўхільна і безумоўна. Артыкулы 49 і 53 КПК павінны прымяняцца толькі ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі, і ў адпаведнасці з агульнымі палажэннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (артыкул 14).

 

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што юрыдычная дапамога адваката, як гэта прадугледжана Зводам прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы то ні было форме, зацверджаным рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 9 снежня 1988 г. (прынцыпы 11, 17, 18), падазронаму, падсуднаму, якія ўтрымліваюцца пад вартай, можа ажыццяўляцца ва ўмовах, што дазваляюць службовым асобам праваахоўных органаў бачыць іх, але не чуць. Парадак прадастаўлення адвакатам спатканняў сам-насам з падазронымі, падсуднымі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, можа быць урэгуляваны ведамаснымі нарматыўнымі актамі з улікам спецыфікі работы рэжымных устаноў і патрабаванняў па забеспячэнню парадку, а таксама бяспекі адвакатаў.

 

Такая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда не выключае права заканадаўца прадугледзець іншыя ўмовы, якія забяспечваюць канфідэнцыяльнасць зносін гэтых асоб са сваім абаронцам.

 

З улікам выкладзенага, кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 37 і 38 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прапанаваць дзяржаўным органам, што прымяняюць нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, забяспечваць не толькі абвінавачваным, але і падазроным, падсудным, у дачыненні да якіх выбрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, права, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Зводам прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы то ні было форме, зацверджаным рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 9 снежня 1988 г., на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогі адваката ва ўмовах, што дазваляюць службовай асобе праваахоўных органаў бачыць іх, але не чуць.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А.Васілевіч