Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
3 снежня 1999 г. № Р-90/99
Аб некаторых пытаннях, звязаных з прымяненнем часткі пятай артыкула 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., вывучыўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян, прапрацаваўшых дваццаць і больш гадоў у органах міліцыі, у якіх указваецца на адсутнасць магчымасці выкарыстання права на перадачу ім ва ўласнасць бясплатна займаемай жылой плошчы, устанавіў наступнае.

 

У артыкуле 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі” прадугледжана, што мясцовымі Саветамі дэпутатаў жылая плошча, займаемая работнікамі міліцыі, якія прапрацавалі ў органах міліцыі не менш як дваццаць каляндарных гадоў, перадаецца ў іх уласнасць бясплатна. Дадзеная норма захоўвае сілу і ў цяперашні час, яе дзеянне не адмянялася і не прыпынялася.

 

У адпаведнасці з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” асобным катэгорыям грамадзян Рэспублікі Беларусь безвыплатна (з улікам жыллёвай квоты, сумы квот) жылыя памяшканні перадаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Артыкулам 38 указанага Закона прадугледжана, што налічэнне жыллёвай квоты праводзіцца да 1 ліпеня 1999 г.

 

На практыцы маюць месца выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі, якім не налічана жыллёвая квота, не могуць рэалізаваць прадугледжанае часткай пятай артыкула 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі” права. Падставай для адмовы ў перадачы работніку міліцыі ва ўласнасць жылога памяшкання бясплатна з’яўлялася нярэдка тая акалічнасць, што скончыўся ўстаноўлены артыкулам 38 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” тэрмін для налічэння жыллёвай квоты ў дачыненні да ўсіх без выключэння грамадзян дзяржавы.

 

Палажэннем аб прыватызацыі жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага і грамадскага жыллёвага фонду, іх абслугоўванні і рамонце, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 1992 г. № 398 (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі), прадугледжана, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прынялі грамадзянства пасля 1 ліпеня 1992 г., а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь , якія выкарысталі жыллёвую квоту на прыватызацыю жылля або на іншыя мэты, могуць прыватызаваць займаемыя жылыя памяшканні толькі на платнай аснове ў цэнах, што дзейнічаюць на момант прыватызацыі, з улікам спажывецкіх якасцей жылля за вылікам кошту зносу, без права на ільготу па бязвыплатнаму набыццю ва ўласнасць займаемага жылога памяшкання (пункт 34).

 

У сувязі з гэтым, па меркаванню органаў, якія забеспечваюць прыватызацыю жылля, адсутнасць у работнікаў міліцыі жыллёвай квоты (імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё”), напрыклад, у сувязі з выкарыстаннем яе на іншыя мэты, з’яўляецца перашкодай для перадачы займаемай імі жылой плошчы ва ўласнасць.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць абгрунтаваным выкананне заканадаўства аб прыватызацыі жылля такім чынам, што работнікам міліцыі, якія маюць права на перадачу ім жылога памяшкання ва ўласнасць бясплатна і мелі, але не рэалізавалі права на налічэнне жыллёвай квоты да 1 ліпеня 1999 г., жылыя памяшканні перадаюцца ва ўласнасць бязвыплатна, паколькі жыллёвая квота засталася незапатрабаванай у дзяржавы і налічана быць не можа.

 

У той жа час дастаткова важкімі з‘яўляюцца довады аб тым, што ў артыкуле 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі” права на атрыманне ва ўласнасць жылой плошчы работнікамі міліцыі ўвязваецца толькі з працягласцю службы ў органах міліцыі — не менш як дваццаць каляндарных гадоў. У ёй не прадугледжвалася такой умовы, як наяўнасць жыллёвай квоты або сумы квот. Аналіз вышэйпрыведзеных норм заканадаўства дазваляў грамадзянам меркаваць, што норма часткі пятай артыкула 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі” павінна прымяняцца незалежна ад нормы артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”, гэта значыць жылая плошча павінна перадавацца без уліку (наяўнасці) жыллёвай квоты. Неабходна таксама мець на ўвазе, што Закон Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі” быў прыняты і ўступіў у дзеянне значна раней, чым Закон Рэспублікі Беларусь “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

У гэтай сувязі, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, зыходзячы з важнасці падымаемай грамадзянамі праблемы, Парламенту належыла б даць афіцыйнае тлумачэнне часткі пятай артыкула 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, у якім вызначыць, ці абумоўлена права на перадачу работнікам міліцыі жылой плошчы ва ўласнасць бясплатна налічэннем жыллёвай квоты. Мае патрэбу таксама ў растлумачэнні пытанне аб магчымасці рэалізацыі работнікамі міліцыі дадзенага права, калі яны выкарысталі налічаную ім жыллёвую квоту на іншыя мэты. Адным з магчымых варыянтаў забеспячэння ў поўнай меры рэалізацыі гэтага права было б устанаўленне парадку, пры якім работнікі міліцыі, якія прапрацавалі ў органах міліцыі не менш як двадцаць каляндарных гадоў, мелі б права на атрыманне бясплатна жылля ва ўласнасць пры ўмове вяртання дзяржаве асучасненай велічыні жыллёвай квоты.

 

Вырашэнне гэтага пытання садзейнічала б забеспячэнню дакладнага і аднастайнага прымянення заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь, больш поўнай абароне правоў работнікаў міліцыі.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд

 

ВЫРАШЫЎ:

 

Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь устараніць узнікшую нявызначнасць у прымяненні часткі пятай артыкула 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі” шляхам яе афіцыйнага тлумачэння.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                  Р.А.Васілевіч