Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
18 лютага 2000 г. № З-93/2000
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 "Аб тлумачэнні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52"
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе Старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам:
 
прадстаўнікоў Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь — Ягорава А.П., намесніка Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь; Турмовіча С.П., суддзі Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;
 
прадстаўніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Салікава А.С., намесніка Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу "Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 "Аб тлумачэнні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52".
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом па прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь" і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.
 
Праверцы падлягаў пункт 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 “Аб тлумачэнні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 7, 1/38). Гэтым Указам дадзена тлумачэнне асобных палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52 “Аб устанаўленні парадку рэгулявання экспартна-імпартных і валютных аперацый і аб павышэнні адказнасці за парушэнне заканадаўства ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці”, якія датычацца парадку разлікаў пры ажыццяўленні знешнеэканамічных здзелак. Пунктам 2 Указа ад 18 студзеня 1999 г. № 30 прадугледжвалася, што ён уступае ў сілу з моманту ўступлення ў сілу адпаведных норм Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52.
 
Па меркаванню Вышэйшага Гаспадарчага Суда, зыходзячы з літаральнага сэнсу абзаца чацвёртага часткі другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52, пастаўка тавару па імпарту згодна з бартэрным кантрактам павінна праводзіцца не пазней 60 дзён з даты выканання ўсёй экспартнай часткі кантракта. Вышэйшы Гаспадарчы Суд лічыць, што Указам ад 18 студзеня 1999 г. № 30 абзац чацвёрты часткі другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52 па сутнасці не растлумачаны, а фактычна дапоўнены. Акрамя таго, ва Указе ад 8 лютага 1995 г. № 52 няма ўпамінання аб асобных таварасуправаджальных дакументах. Наданне Указу ад 18 студзеня 1999 г. № 30 зваротнай сілы цягне распаўсюджванне такога тлумачэння на раней учыненыя здзелкі і можа закранаць інтарэсы суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць.
 
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2000 г. № 7 “Аб удасканальванні парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый” прызнаны страціўшымі сілу Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52 і ад 18 студзеня 1999 г. № 30. Аднак у сувязі з прымяненнем на практыцы на працягу доўгага часу норм Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52, які тлумачыўся, а таксама адсутнасцю хадайніцтваў бакоў аб спыненні вядзення па гэтай справе Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь лічыць неабходным разгледзець прапанову Вышэйшага Гаспадарчага Суда аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Вараб'я Г.А., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, актаў грамадзянскага заканадаўства і іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, якія вызначаюць парадак экспартна-імпартных аперацый і разлікаў пры ажыццяўленні знешнеэканамічных здзелак, правапрымяняльную практыку, іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Абзацам чацвёртым часткі другой пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52 было прадугледжана, што суб’ект гаспадарання павінен забяспечыць паступленне тавару па імпарту згодна з бартэрным кантрактам не пазней 60 каляндарных дзён з даты выканання экспартнай часткі гэтага кантракта.
 
Матэрыялы справы сведчаць, што на практыцы змест абзаца чацвёртага часткі другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52 пры адсутнасці ў заканадаўстве, якое дзейнічала, вызначэння паняцця “экспартная частка бартэрнага кантракта” некаторымі дзяржаўнымі органамі і суб’ектамі гаспадарання разумелася неадназначна.
 
Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь прыцягваў суб’ектаў гаспадарання да адказнасці за парушэнне тэрмінаў атрымання тавараў пры кожнай экспартнай адгрузцы прадукцыі, аформленай асобнымі таварасуправаджальнымі дакументамі. Прымяняемыя ім эканамічныя санкцыі суб’ектамі гаспадарання, як правіла, не аспрэчваліся.
 
Практыка дзейнасці Міністэрства знешніх эканамічных сувязей Рэспублікі Беларусь (у цяперашні час — Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь) сведчыць, што суб’екты гаспадарання ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку кантролю за ажыццяўленнем суб’ектамі гаспадарання ўсіх форм уласнасці знешнеэканамічнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52, звярталіся за прадаўжэннем тэрмінаў атрымання тавараў па імпарту згодна з бартэрным кантрактам пры кожнай экспартнай адгрузцы прадукцыі, аформленай асобным таварасуправаджальным дакументам, калі з акалічнасцей выканання бартэрнага кантракта вынікала, што ўстаноўлены гэтым Указам тэрмін паступлення тавару (60 дзён) мог быць парушаны.
 
Вышэйшы Гаспадарчы Суд пры вырашэнні спрэчкі прыйшоў да вываду, што вылічэнне тэрмінаў паступлення тавараў па імпарту згодна з бартэрным кантрактам неабходна праводзіць з моманту выканання экспартнай часткі кантракта ў цэлым і толькі пасля заканачэння апошняга тэрміну (60 дзён) можна прыцягваць суб’ектаў гаспадарання да эканамічнай адказнасці.
 
Неадназначнае на практыцы разуменне абзаца чацвёртага часткі другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52 у пэўнай меры было абумоўлена недакладнасцю яго тэрмінаў і фармулёвак, нявызначанасцю паняцця “экспартная частка бартэрнага кантракта”, што і выклікала неабходнасць афіцыйнага тлумачэння дадзенага Указа.
 
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 было растлумачана, што пад экспартнай часткай бартэрнага кантракта, аб якой ідзе гаворка ў абзацы чацвёртым часткі другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52, разумеецца кожная экспартная адгрузка прадукцыі, аформленая асобным таварасуправаджальным дакументам (мытная дэкларацыя, накладная і г.д.), або кожны этап выканання работ (аказання паслуг), аформлены асобным актам аб прыёмцы-здачы выкананых работ (аказаных паслуг). Пунктам 2 Указа аб тлумачэнні было ўстаноўлена, што гэты Указ уступае ў сілу з моманту ўступлення ў сілу адпаведных норм Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52.
 
Агульнапрызнана, што афіцыйным нарматыўным тлумачэннем ратлумачваюцца нормы акта, які тлумачыцца, безадносна да канкрэтных выпадкаў іх рэалізацыі, і яно распаўсюджваецца на ўсе выпадкі, прадугледжаныя нормай, якая тлумачыцца, у мэтах забеспячэння аднастайнага і правільнага прымянення на практыцы яе прадпісанняў, удакладнення і канкрэтызацыі палажэнняў, сфармуляваных у нарматыўным акце. Акты нарматыўнага тлумачэння не маюць самастойнага значэння, з'яўляюцца неад'емнай, састаўной часткай норм, якія тлумачацца, звычайна ўводзяцца з моманту ўступлення ў сілу актаў, якія тлумачацца, і захоўваюць сваю сілу на час іх дзеяння.
 
Артыкулам 70 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” устаноўлена, што ў выпадку выяўлення няяснасцей і адрозненняў у змесце нарматыўнага прававога акта, а таксама супярэчнасцей у практыцы яго прымянення нарматворчы орган (службовая асоба), які прыняў (выдаў) гэты акт, або, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны ім орган ажыццяўляюць афіцыйнае тлумачэнне гэтых норм шляхам выдання спецыяльнага акта. Пры тлумачэнні нарматыўнага прававога акта растлумачваецца або ўдакладняецца змест яго прававых норм, вызначаецца іх месца ў заканадаўстве, а таксама ўстанаўліваюцца функцыянальныя і іншыя сувязі з іншымі нормамі, якія рэгулююць розныя аспекты аднаго і таго ж віду грамадскіх адносін. Такая ж пазіцыя змяшчаецца і ў рэкамендацыйным заканадаўчым акце “Аб нарматыўных прававых актах дзяржаў—удзельніц СНД”, адобраным Пастановай Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў—удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 13 мая 1995 г. У ім, у прыватнасці, устаноўлена, што орган, які прыняў адпаведны нарматыўны акт, дае неабходнае тлумачэнне (растлумачэнне) яго норм, што афармляецца ў спецыяльным акце, у выпадку выяўлення няяснасцей і рознага разумення нарматыўнага прававога акта, супярэчлівай практыкі яго прымянення (артыкул 48).
 
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства (артыкул 7). Пры ажыццяўленні сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права выдаваць нарматыўныя прававыя акты і даваць іх афіцыйнае тлумачэнне.
 
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, пры тлумачэнні свайго Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52 меў права ў рамках акта тлумачэння растлумачыць не толькі змест норм, якія тлумачыліся, але і парадак, і ўмовы іх прымянення да адносін, што склаліся.
 
Ва Указе ад 4 студзеня 2000 г. № 7 “Аб удасканальванні парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый” таксама вызначана, што паступленне тавараў, выкананне работ, аказанне паслуг пры неграшовай форме спынення абавязацельстваў па двухбаковаму знешнегандлёваму дагавору, які прадугледжвае эквівалентны абмен таварамі, павінна быць забяспечана не пазней 60 каляндарных дзён з даты іх кожнай экспартнай адгрузкі (пункт 2.6), гэта значыць захавалася пазіцыя Указа ад 18 студзеня 1999 г. № 30, растлумачваючага палажэнні Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52.
 
У той жа час Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пунктам 2.14 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2000 г. № 7 прадугледжана, што акты заканадаўства, якія рэгулююць парадак ажыццяўлення знешнегандлёвай дзейнасці і змякчаюць (адмяняюць) эканамічную адказнасць, распаўсюджваюцца і на правапарушэнні, учыненыя да ўступлення гэтых актаў у законную сілу, за якія не былі прыменены эканамічныя санкцыі. Пры гэтым акты заканадаўства, якія ўстанаўліваюць або ўзмацняюць адказнасць за эканамічныя правапарушэнні ў сферы знешнегандлёвай дзейнасці, зваротнай сілы не маюць. Неабходна мець на ўвазе, што гэтым Указам зніжаны памер эканамічных санкцый з 5 да 2 працэнтаў вартасці не атрыманага ва ўстаноўленыя тэрміны тавару за кожны дзень пратэрміноўкі. Такі падыход поўнасцю базіруецца на замацаваным у артыкуле 104 Канстытуцыі прынцыпе непрыдання новым нарматыўным актам зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі імі змякчаецца або адмяняецца адказнасць грамадзян. Такім чынам, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права ўстанавіць больш ільготны парадак прымянення заканадаўства да праваадносін, якія ўзніклі да ўступлення ў сілу Указа ад 4 студзеня 2000 г. № 7.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з інтарэсаў дадатковай абароны суб’ектаў гаспадарання, мае права таксама вырашыць пытанне аб распаўсюджванні дзеяння норм заканадаўства, якое змякчае эканамічную адказнасць, і на выпадкі, калі ўжо адбылася судовая пастанова і яна ўступіла ў законную сілу, або прыняць рашэнне, у адпаведнасці з якім не падлягалі б перагляду судовыя пастановы, што грунтуюцца на такім разуменні выканання экспартнай часткі бартэрнага кантракта (прымяняльна да адносін, якія рэгуляваліся Указам ад 8 лютага 1995 г. № 52), як выкананне кантракта ў цэлым.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункт 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 “Аб тлумачэнні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52” адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь як выдадзены ў межах кампетэнцыі Прэзідэнта, якая прадугледжвае яго права на афіцыйнае нарматыўнае тлумачэнне прынятых ім нарматыўных прававых актаў у мэтах растлумачэння не толькі зместу норм, якія тлумачацца, але і парадку, і ўмоў іх прымянення да адносін, што склаліся.
 
Такі вывад не выключае права Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з інтарэсаў дадатковай абароны суб'ектаў гаспадарання, вырашыць пытанне аб распаўсюджванні дзеяння норм заканадаўства, змякчаючага эканамічную адказнасць, таксама на выпадкі, калі ўжо адбылася судовая пастанова і яна ўступіла ў законную сілу, або прыняць такое рашэнне, у адпаведнасці з якім не падлягалі б перагляду судовыя пастановы, што грунтуюцца на такім разуменні выканання экспартнай часткі бартэрнага кантракта (прымяняльна да адносін, якія рэгуляваліся Указам ад 8 лютага 1995 г. № 52), як выкананне кантракта ў цэлым.
 
2. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, вызначаны заканадаўствам, у “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў тых выданнях, дзе быў апублікаваны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 .
 
3. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з'яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч