Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
28 лютага 2000 г. № Р-94/2000
Аб некаторых пытаннях, звязаных з прымяненнем пункта 31.5 Палажэння аб ліцэнзаванні ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі і артыкулам 7 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", разгледзеў пытанне аб рэалізацыі службовымі асобамі некаторых дзяржаўных органаў права на бесперашкодны праход на аб'екты (тэрыторыю) прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый.
 
Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі, законаў, іншых нарматыўных актаў, а таксама практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 лютага 1999 г. № 262 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб ліцэнзаванні ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 6, арт. 149) зацверджана Палажэнне аб ліцэнзаванні ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Пунктам 31.5 указанага Палажэння прадугледжваецца, што суб'екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць ахоўную дзейнасць, абавязаны забяспечваць бесперашкодны праход на свае аб'екты (тэрыторыю) службовых асоб аб'яднання "Ахова", Дзяржаўнага камітэта фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь.
 
Са зместу ўказанага пункта Палажэння можна зрабіць вывад, што пералік асоб, якія маюць права на бесперашкодны праход на ахоўваемыя аб'екты (тэрыторыю), носіць вычарпальны характар, што стварае на практыцы насуперак патрабаванням законаў пэўныя цяжкасці ў рэалізацыі ўпаўнаважанымі службовымі асобамі некаторых дзяржаўных органаў сваіх функцый.
 
У прыватнасці, пунктам 25 артыкула 16 Закона "Аб міліцыі" прадугледжана права міліцыі бесперашкодна ўваходзіць у памяшканні прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый (акрамя замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў), у вытворчыя памяшканні, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі для заняткаў рознымі відамі прадпрымальніцтва (акрамя памяшканняў, што з'яўляюцца адначасова жыллём, уваход у якія дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам), для ажыццяўлення ў прысутнасці ўласніка або яго прадстаўніка ці ўпаўнаважаных ім асоб кантрольных функцый і правядзення ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам агляду вытворчых, складскіх, гандлёвых і іншых службовых памяшканняў і тэрыторый, а таксама транспартных сродкаў.
 
Згодна з артыкулам 125 Канстытуцыі нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў міністэрствамі і іншымі падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, грамадскімі аб'яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваных яму пракурораў.
 
Артыкулам 22 Закона "Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь" прадугледжана, што пры ажыццяўленні пракурорскага нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў органамі дзяржаўнай улады, прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі пракурор мае права па прад'яўленню службовага пасведчання бесперашкодна ўваходзіць на тэрыторыю і ў памяшканні прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый (незалежна ад форм уласнасці, падведамнасці і віду прапускнога рэжыму), мець доступ да іх дакументаў, правяраць выкананне законаў.
 
Артыкулам 50 Закона "Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь" растлумачана, што пад назвай "пракурор", калі іншае прама не агаворана ў гэтым законе, неабходна разумець: Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь і ўсе ніжэйстаячыя пракуроры, іх намеснікі, старшыя памочнікі і памочнікі, начальнікі, намеснікі начальнікаў, старшыя пракуроры і пракуроры галоўных упраўленняў, упраўленняў і аддзелаў, якія дзейнічаюць у межах сваёй кампетэнцыі.
 
Правы службовых асоб, якія ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне, на бесперашкодны доступ на прадпрыемствы, ва ўстановы і арганізацыі, правядзенне на іх аб'ектах (тэрыторыі) неабходных следчых дзеянняў (агляд, вобыск, выманне дакументаў і інш.) падрабязна рэгламентаваны крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.
 
Так, артыкулам 44 дзеючага Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КПК) прадугледжана, што пастановы следчага, вынесеныя ў адпаведнасці з законам па крымінальнай справе, якая знаходзіцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Артыкулам 64 КПК, што рэгламентуе пытанні збору доказаў, устаноўлена, што асоба, якая праводзіць дазнанне, следчы, пракурор і суд (суддзя) маюць права, у межах сваёй кампетэнцыі, па справах, што знаходзяцца ў іх вядзенні, праводзіць агляды, вобыскі і іншыя, прадугледжаныя гэтым Кодэксам, следчыя дзеянні; патрабаваць ад прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, службовых асоб і грамадзян прадстаўлення прадметаў і дакументаў, які могуць устанавіць неабходныя па справе фактычныя даныя і г.д. У адпаведнасці з артыкулам 168 КПК выманні і вобыскі ў памяшканнях, занятых прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, праводзяцца ў прысутнасці прадстаўніка дадзенага прадпрыемства, установы, арганізацыі.
 
Нормы аналагічнага зместу, што замацоўваюць права ўпаўнаважаных службовых асоб, якія ажыццяўляюць крымінальнае праследаванне, на бесперашкодны праход на аб'екты (тэрыторыю) прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый для ажыццяўлення працэсуальных дзеянняў па крымінальных справах, што знаходзяцца ў іх вядзенні, змяшчаюцца і ў новым КПК (артыкулы 34 — 39, 103, 204, 210 і інш.).
 
Права органаў дзяржаўнай бяспекі, а таксама ўпаўнаважаных імі службовых асоб на бесперашкодны ўваход у памяшканні і на тэрыторыю прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый незалежна ад форм уласнасці прадугледжана Законам "Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь".
 
Згодна з артыкулам 184 Мытнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у мэтах правядзення мытнага кантролю службовыя асобы мытных органаў Рэспублікі Беларусь на падставе службовага пасведчання маюць права доступу на тэрыторыю і ў памяшканні любых асоб, дзе знаходзяцца або могуць знаходзіцца тавары і транспартныя сродкі, што падлягаюць такому кантролю, дакументы, неабходныя для мытнага контролю, ці ажыццяўляецца дзейнасць, кантроль за якой ускладзены на мытныя органы Рэспублікі Беларусь, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь або міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.
 
Артыкулам 17 Закона "Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь" прадугледжана, што службовыя асобы Камітэта дзяржаўнага кантролю і яго тэрытарыяльных органаў пры правядзенні праверак (рэвізій) маюць права па прад'яўленню прадпісання на правядзенне праверкі (рэвізіі) і дакумента, што сведчыць асобу супрацоўніка Камітэта дзяржаўнага кантролю, форма якіх вызначаецца заканадаўствам, бесперашкодна ўваходзіць на тэрыторыю і ў памяшканні (акрамя жылых) дзяржаўных органаў, іншых юрыдычных асоб, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў; мець доступ на склады, у сховішчы, вытворчыя і дапаможныя памяшканні (акрамя жылых) і іншыя аб'екты для праверкі наяўнасці грашовых сродкаў, каштоўных папер, матэрыяльных, іншых каштоўнасцей і парадку іх захоўвання.
 
Згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.
 
Артыкулам 137 Канстытуцыі прадугледжана, што акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, якая валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" законы, дэкрэты, указы маюць большую юрыдычную сілу ў адносінах да пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць, што пункт 31.5 Палажэння аб ліцэнзаванні ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанага пастановай Урада Рэспублікі Беларусь ад 19 лютага 1999 г. № 262, што вызначыў фактычна вычарпальны пералік асоб, якім суб'ектамі гаспадарання, што ажыццяўляюць ахоўную дзейнасць, павінен быць забяспечаны бесперашкодны праход на свае аб'екты (тэрыторыю), не адпавядае вышэйпрыведзеным нормам кодэксаў і іншых законаў.
 
З улікам выкладзенага, кіруючыся артыкуламі 7, 36 і 38 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што нормы законаў, якія вызначаюць правамоцтвы на доступ упаўнаважаных службовых асоб дзяржаўных органаў на аб'екты (тэрыторыю) прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый незалежна ад форм уласнасці і падведамнасці для ажыццяўлення імі ва ўстаноўленым парадку сваіх службовых функцый, маюць непасрэднае дзеянне і не могуць быць абмежаваны падзаконнымі актамі.
 
2. Прапанаваць Ураду Рэспублікі Беларусь унесці ў Палажэнне аб ліцэнзаванні ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 лютага 1999 г. № 262, неабходныя ўдакладненні, якія выключаюць неадназначнасць яго разумення і прымянення на практыцы.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч