Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
17 красавіка 2000 г. № 3-96/2000
Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 1999 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі шостай артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнікоў:
 
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: Лукашова А.I. — начальніка аддзялення заканадаўства па пытаннях нацыянальнай бяспекі, праваахоўных і судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;
 
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства Упраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
 
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыяліста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 1999 года “Абадпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі шостай артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Пташнік У.М. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Iваненка П.I. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г. частка шостая артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызнана не адпавядаючай Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах у той меры, у якой яна не прадугледжвала права на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненні крымінальнай справы.
 
У Заключэнні было ўказана, што да ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс па пытаннях судовага абскарджання пастановы аб спыненні крымінальнай справы павінна непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыі, якая замацоўвае права кожнага на судовую абарону яго правоў і свабод. Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненні і дапаўненні, якія забяспечваюць рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на абскарджанне пастановы аб спыненні крымінальнай справы ў суд.
 
Законам ад 25 кастрычніка 1999 г. частка шостая артыкула 209 КПК дапоўнена ўказаннем аб магчымасці абскарджання пастановы аб спыненні крымінальнай справы ў суд. Крымінальна-працэсуальны кодэкс дапоўнены таксама артыкулам 2204, у якім устаноўлены парадак разгляду судом скаргі на пастанову аб спыненні крымінальнай справы.
 
У сувязі з тым, што сталі ўзнікаць пытанні аб праве абскарджання ў суд пастаноў аб спыненні вядзення па крымінальных справах, якія былі вынесены да прыняцця 13 мая 1999 г. Канстытуцыйным Судом указанага Заключэння, аб чым сведчаць матэрыялы судовай практыкі, звароты грамадзян, Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, Канстытуцыйны Суд 16 сакавіка 2000 г. узбудзіў вядзенне па справе “Аб тлумачэнні Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 1999 года “Абадпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі шостай артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Кенік К.I., прадстаўнікоў Прэзідэнта і палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама Старшыню Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Андрэйчык Н.I., прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
 
У Заключэнні Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г., у прыватнасці, было ўказана, што ў адпаведнасці з палажэннямі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства крымінальная справа можа быць спынена як пры наяўнасці падстаў, рэабілітуючых грамадзяніна (адсутнасць падзеі злачынства, адсутнасць у дзеянні саставу злачынства і іншыя падставы, якія апраўдваюць грамадзяніна), так і ў выпадках, калі па меркаванню органаў папярэдняга следства ў дзеяннях падазронага або абвінавачванага змяшчаюцца прызнакі саставу злачынства, аднак маюцца прадугледжаныя законам падставы вызвалення яго ад крымінальнай адказнасці (сканчэнне тэрмінаў даўнасці, акт амністыі і іншыя).
 
Канстытуцыйны Суд адзначыў, што адсутнасць у частцы шостай артыкула 209 КПК нормы аб праве на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненні крымінальнай справы істотна абмяжоўвала як правы падазронага або абвінавачванага, якому не забяспечвалася права на праверку ў судовым парадку фактаў, пакладзеных у аснову пастановы аб спыненні крымінальнай справы па нерэабілітуючых падставах, так і правы пацярпеўшых ад злачынстваў і іншых удзельнікаў працэсу, чые правы і законныя інтарэсы былі парушаны спыненнем справы ў стадыі папярэдняга расследавання.
 
Права на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх, згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі, Рэспубліка Беларусь прызнае і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Гэта права ў міжнароднай практыцы разглядаецца як дзяржаўная гарантыя права на недатыкальнасць асобы. Яно адносіцца да такіх правоў, якія не могуць быць абмежаваны.
 
У Заключэнні ад 13 мая 1999 г. Канстытуцыйны Суд адназначна ўказаў на тое, што кожнаму згодна з артыкулам 60 Канстытуцыі гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным, непрадузятым судом.
 
У артыкуле 137 Канстытуцыі замацавана яе вяршэнства ў сістэме прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання Канстытуцыі і іншых актаў прыярытэт мае Канстытуцыя. Iменна такі вывад вынікае з аналізу не толькі артыкула 137, але і артыкула 142 і іншых артыкулаў Асноўнага Закона.
 
Канстытуцыйны Суд у сваіх заключэннях, пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці, прапановах праватворчым і правапрымяняльным органам неаднаразова адзначаў непасрэдны характар дзеяння норм, якія змяшчаюцца ў артыкуле 60 Канстытуцыі.
 
У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што частка шостая артыкула 209 КПК Рэспублікі Беларусь, у якой не было прадугледжана права грамадзяніна на судовае абскарджанне пастановы аб спыненні вядзення па крымінальнай справе, перашкаджае рэалізацыі права кожнага на гарантаваную Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі актамі судовую абарону яго правоў і свабод.
 
Пасля ўступлення з 30 марта 1994 г. Канстытуцыі ў сілу артыкул 209 не быў прыведзены ў адпаведнасць з яе патрабаваннямі, і на практыцы нормы КПК прымяняліся без уліку патрабаванняў артыкула 60 (раней — артыкула 61) Канстытуцыі. Гэта было пацверджана і ў ходзе разгляду Канстытуцыйным Судом справы “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі шостай артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.
 
Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г. правяраемая норма артыкула 209 КПК прызнана неканстытуцыйнай у частцы адсутнасці ў ёй права на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненні крымінальнай справы. Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд у Заключэнні ад 13 мая 1999 г. не вызначаў момант, з якога гэтая норма страчвае сілу, маючы на ўвазе непасрэдны характар дзеяння артыкула 60 (раней — артыкула 61) Канстытуцыі.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным растлумачыць, што ў суд могуць быць абскарджаны пастановы аб спыненні вядзення па крымінальнай справе, вынесеныя пасля ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гэта значыць пасля 30 сакавіка 1994 г., а не толькі пасля 13 мая 1999 г.
 
Такі вывад абумоўлены неабходнасцю забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і непасрэднага дзеяння яе норм, а таксама тым, што ў перыяд, які папярэднічаў прыняццю Канстытуцыйным Судом 13 мая 1999 г. Заключэння, грамадзяне не змаглі на практыцы скарыстаць права на абскарджанне ў суд пастаноў аб спыненні вядзення па крымінальнай справе.
 
Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з аналізу крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, не знаходзіць прававых падстаў для абмежавання тэрмінаў абскарджання ў суд пастаноў аб спыненні крымінальных спраў якімі-небудзь тэрмінамі, у тым ліку тэрмінамі даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
 
Дадзеная пазіцыя Канстытуцыйнага Суда не выключае права заканадаўца пры ўстанаўленні ў будучым тэрмінаў абскарджання грамадзянамі такіх пастаноў прадугледзець рэалізацыю права на зварот у суд і тымі грамадзянамі, у адносінах да якіх вядзенне па крымінальнах справах было спынена пасля ўступлення ў сілу Канстытуцыі.
 
У сувязі з прызнаннем Канстытуцыйным Судом часткі шостай арыткула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь не адпавядаючай Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам і кіруючыся артыкулам 41 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 77 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда, Канстытуцыйны Суд
 
РАСТЛУМАЧВАЕ:
 
1. У суд могуць быць абскарджаны пастановы аб спыненні вядзення па крымінальнай справе, калі яны былі вынесены пасля ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гэта значыць з 30 сакавіка 1994 г., паколькі артыкул 60 (раней — артыкул 61) Канстытуцыі мае непасрэдны характар дзеяння.
 
2. Гэта Заключэнне падлягае апублікаванню ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь.
 
3. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                   Р.А. Васілевіч