Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
26 красавіка 2000 г. № Р-97/2000
Аб неабходнасці ўдасканалення зямельнага заканадаўства, што датычыцца правоў членаў садаводчых таварыстваў, якія з'яўляюцца ўласнікамі зямельных участкаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., вывучыўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян — членаў садаводчых таварыстваў — аб распараджэнні імі зямельнымі ўчасткамі, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, устанавіў наступнае.
 
Адносіны ў сувязі з валоданнем, карыстаннем і адабраннем зямельных участкаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці грамадзян, рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб зямлі, шэрагам іншых нарматыўных актаў. Да іх ліку адносіцца і Тыпавы статут садаводчага таварыства, зацверджаны сумеснай пастановай Урада і Белсаўпрофа ад 30 студзеня 1989 г. № 55 (у далейшым — Тыпавы статут).
 
Парадак прадастаўлення зямельных участкаў для вядзення калектыўнага садаводства вызначаецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб зямлі (артыкулы 75 — 77), які ўступіў у сілу з 1 студзеня 1999 года. Артыкулам 75 Кодэкса, у прыватнасці, прадугледжана, што грамадзяне, якія жадаюць атрымаць зямельны ўчастак для вядзення калектыўнага садаводства, падаюць заяву ў выканаўчы і распарадчы орган па месцы жыхарства або па месцы работы (юрыдычнай асобе), які забяспечвае стварэнне садаводчага таварыства ў парадку, што вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Артыкулам 76 Кодэкса ўстаноўлена, што землі, прадастаўляемыя для вядзення калектыўнага садаводства, складаюцца з зямель агульнага карыстання і зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў пажыццёвым уладанні, атрымліваемым у спадчыну, або ў прыватнай уласнасці членаў садаводчага таварыства. На зямельны ўчастак, прадастаўлены ў прыватную ўласнасць члену садаводчага таварыства раённым выканаўчым і распарадчым органам, выдаецца дзяржаўны акт, які засведчвае права ўласнасці на гэты зямельны ўчастак.
 
Такім чынам, член садаводчага таварыства мае права атрымаць зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць і рэалізоўваць свае правы на зямельны ўчастак у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам. Згодна з артыкулам 262 Грамадзянскага кодэкса садаводчыя ўчасткі могуць прадастаўляцца іх уласнікамі іншым асобам на праве пажыццёвага ўладання, атрымліваемага ў спадчыну, пастаяннага карыстання, а таксама ў тэрміновае карыстанне, у тым ліку ў арэнду.
 
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь у якасці найвышэйшай мэты дзяржавы (арт. 21). Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (арт. 23). Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю. Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. Недатыкальнасць уласнасці, права на яе наследаванне ахоўваецца законам (арт. 44).
 
Дзеючы Тыпавы статут садаводчага таварыства быў прыняты ў перыяд, калі заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прыватная ўласнасць на зямлю не дапускалася. Згодна з артыкулам 1 Тыпавога статута зямельны ўчастак пад садаводчае таварыства прадастаўляецца ў бястэрміновае карыстанне прадпрыемству, установе, арганізацыі. Пунктам 21 Тыпавога статута прадугледжваецца, што за членам садаводчага таварыства захоўваецца права карыстання выдзеленым яму садовым участкам толькі ў выпадку яго адсутнасці ў сувязі з накіраваннем на работу за мяжу, пры выездзе на работу ў раёны Крайняй Поўначы, у прыраўнаваныя да іх мясцовасці і ў іншых выпадках часовай адсутнасці, калі ва ўстаноўленым парадку браніруецца або захоўваецца за адсутным жылое памяшканне. Пры гэтым іншая асоба, рэкамендаваная адсутным членам таварыства, можа на час яго адсутнасці карыстацца садовым участкам з дазволу праўлення садаводчага таварыства пры ўмове выканання гэтай асобай патрабаванняў Статута таварыства.
 
У сувязі з увядзеннем у дзеянне новых Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі і Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь узнік шэраг пытанняў, звязаных з валоданнем, карыстаннем і распараджэннем зямельнымі ўчасткамі, якія знаходзяцца ва ўласнасці грамадзян — членаў садаводчых таварыстваў. У зваротах, накіраваных у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, ставяцца пытанні аб парадку здачы ў арэнду зямельных участкаў, якія знаходзяцца на праве ўласнасці ў членаў садаводчых таварыстваў, у тым ліку ў выпадку іх часовага выезду за межы Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што зямельнае заканадаўства не ў поўнай меры рэгулюе адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем членамі садаводчых таварыстваў правамоцтваў уласніка на прыналежныя ім зямельныя ўчасткі. У прыватнасці, не вызначаны парадак здачы дадзенага зямельнага ўчастка іншым асобам у арэнду, а таксама распараджэння зямельным участкам не толькі пры часовым выездзе члена садаводчага таварыства за межы Рэспублікі Беларусь, як гэта прадугледжана Тыпавым статутам, але і ў іншых выпадках.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пры спыненні ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам членства ў садаводчым таварыстве асоба, якая выбыла або выключана з членаў садаводчага таварыства, абавязана на працягу аднаго года распарадзіцца зямельным участкам, які належыць ёй на праве прыватнай уласнасці (арт. 77 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі). У той жа час у Кодэксе не прадугледжаны вынікі невыканання членам садаводчага таварыства гэтага патрабавання пасля сканчэння адведзенага яму гадовага тэрміну для распараджэння зямельным участкам. Артыкул 53 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, пералічваючы выпадкі, у якіх дапускаецца прымусовае адабранне зямельных участкаў, што знаходзяцца ва ўласнасці грамадзян, юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, якое ажыццяўляецца па рашэнню суда, не ўказвае ў іх ліку выбыцце або выключэнне з членаў садаводчага таварыства.
 
У сувязі з гэтым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, існуе неабходнасць ва ўдасканаленні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, а таксама хутчэйшым прыняцці новага Тыпавога статута садаводчага таварыства, які б засноўваўся на дзеючым грамадзянскім і зямельным заканадаўстве, што павінна садзейнічаць больш поўнай абароне правоў членаў садаводчых таварыстваў, якія з’яўляюцца ўласнікамі зямельных участкаў.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь паскорыць прыняцце новага Тыпавога статута садаводчага таварыства, які б засноўваўся на грамадзянскім і зямельным заканадаўстве, і пры неабходнасці ўнесці кампетэнтным органам дзяржаўнай улады прапановы, што прадугледжваюць больш поўную заканадаўчую абарону правоў членаў садаводчых таварыстваў, якія з’яўляюцца ўласнікамі зямельных участкаў.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч