Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
26 мая 2000 г. № Р-98/2000
Аб некаторых пытаннях рэалізацыі артыкула 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шышко Г.Б., Шукліна В.З., Шабайлава В.I., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі зварот намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Абрамовіча А.М., а таксама Старшыні Беларускага Хельсінскага Камітэта Процька Т.С. адносна меркавання Канстытуцыйнага Суда аб дзеянні артыкула 57 Канстытуцыі і рэалізацыі права грамадзян Рэспублікі Беларусь на замену па рэлігійных перакананнях вайсковай службы альтэрнатыўнай, выказвае наступнае.
 
Артыкулам 57 Канстытуцыі прадугледжана, што абарона Рэспублікі Беларусь з¢яўляецца абавязкам і свяшчэнным доўгам яе грамадзяніна. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.
 
Такім чынам, Асноўны закон не разглядае вайсковую службу ў якасці адзінай і безумоўнай, паколькі дапускае магчымасць вызвалення ад вайсковай службы ці замену яе альтэрнатыўнай.
 
Гэта значыць, што абавязку і свяшчэннаму доўгу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь па абароне Радзімы карэспандуе па сутнасці яго права на выкананне гэтага абавязку і доўгу ў формах, якія вызначаны Асноўным Законам, у тым ліку і шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы.
 
Больш таго, ў Законе “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе” прама вызначана, што ўсеагульны воінскі абавязак прадугледжвае як прызыў на вайсковую, так і прызыў на альтэрнатыўную службу, праходжанне вайсковай ці альтэрнатыўнай службы (частка пятая артыкула 1, частка трэцяя артыкула 14).
 
Адпаведна з артыкулам 31 Канстытуцыі кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.
 
Вышэйпрыведзеныя нормы нацыянальнага заканадаўства суадносяцца з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, прыярытэт якіх прызнаецца Рэспублікай Беларусь (артыкул 8 Канстытуцыі).
 
Так, артыкулам 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвешчана права кожнага чалавека на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію ці перакананні як аднаасобна, так і сумесна з іншымі, публічным або прыватным парадкам у навучанні, богаслужэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў.
 
Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах узгаданае права дапоўнена палажэннямі аб тым, што ніхто не павінен падвяргацца прымусу, які прыніжае яго свабоду мець або прымаць рэлігію ці перакананні па свайму выбару. Свабода вызнаваць рэлігію або перакананні падлягае толькі абмежаванням, якія ўстаноўлены законам і неабходны для абароны грамадскай бяспекі, парадку, здароўя і маралі, таксама як і асноўных правоў і свабод іншых асоб (пункты 2 і 3 артыкула 18).
 
У Дакуменце Капенгагенскай нарады Канферэнцыі па чалавечаму вымярэнню НБСЕ дзяржавы-удзельніцы: адзначаюць, што Камісія па правах чалавека ААН прызнала права кожнага адмаўляцца ад ваеннай службы па перакананнях сумлення; адзначаюць меры, якія былі прыняты ў апошні час шэрагам дзяржаў-удзельніц, з тым, каб дазваляць вызваленне ад абавязковай ваеннай службы на падставе адмовы па перакананнях сумлення; адзначаюць дзейнасць некаторых няўрадавых арганізацый у сувязі з адмовай ад абавязковай ваеннай службы па перакананнях сумлення; пагаджаюцца разгледзець пытанне аб увядзенні, дзе гэта яшчэ не было зроблена, розных форм альтэрнатыўнай службы, якія сумяшчаюцца з матывамі адмовы па перакананнях сумлення, прычым такія формы альтэрнатыўнай службы ў прынцыпе не будуць звязаны са службай у баявых часцях ці будуць мець цывільны характар, будуць грамадска карыснымі і не будуць мець характару якога-небудзь пакарання; зробяць інфармацыю па гэтаму пытанню даступнай грамадскасці; пакінуць на разгляд ў рамках Канферэнцыі па чалавечаму вымярэнню адпаведныя пытанні, звязаныя з вызваленнем ад абавязковай ваеннай службы, дзе яна існуе, некаторых асоб на падставе адмовы ад службы ва ўзброеных сілах па перакананнях сумлення і будуць абменьвацца інфармацыяй па гэтаму пытанню (пункт 18).
 
Згодна з артыкулам 77 дзеючага Крымінальнага кодэкса ўстаноўлена крымінальная адказнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь за ўхіленне ад чарговага прызыву на ваенную службу. Як паказвае аналіз правапрымяняльнай практыкі, адмова ад праходжання ваеннай службы па рэлігійных перакананнях цягне за сабой крымінальную адказнасць па ўзгаданаму артыкулу Крымінальнага кодэкса.
 
Прааналізаваўшы нормы Асноўнага Закона, у першую чаргу тыя з іх, якія датычацца асноўных правоў, свабод і абавязкаў грамадзян і гарантый іх забеспячэння (артыкулы 2, 16, 21, 31, 57) у прымяненні да разглядаемага пытання, нормы прыведзеных вышэй міжнародна-прававых актаў, адносна якіх Рэспубліка Беларусь узяла на сябе абавязацельства іх выконваць, іншыя нормы дзеючага нацыянальнага заканадаўства і практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь па прычыне рэлігійных перакананняў не маюць фактычна магчымасці выканаць свой абавязак па абароне Рэспублікі Беларусь шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы ў сувязі з адсутнасцю ў заканадаўстве, у тым ліку і ў Законе “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе”, механізма замены вайсковай службы альтэрнатыўнай.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што гэты заканадаўчы прабел дае падставы да ўзнікнення канфліктаў паміж асобнымі грамадзянамі і дзяржавай, паколькі дзеючым заканадаўствам не забяспечваецца ў поўнай меры права грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантаванае Канстытуцыяй, не вызначаюцца межы яго ажыццяўлення. Трэба адзначыць, што права грамадзян на альтэрнатыўную службу вынікае непасрэдна як з артыкула 57 Канстытуцыі, так і Закона “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе” (частка пятая артыкула 1 і частка трэцяя артыкула 14).
 
Згодна з артыкулам 4 Закона ад 15 сакавіка 1994 г. “Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” законы, указаныя ў Канстытуцыі, неабходна было прыняць на працягу двух гадоў пасля яе ўступлення ў сілу, гэта значыць да 30 сакавіка 1996 года.
 
Прымаючы такое рашэнне, заканадавец зыходзіў з рэальных тэрмінаў распрацоўкі як іншых, зазначаных у Канстытуцыі законаў, так і закона аб альтэрнатыўнай службе. Аднак ні Вярхоўны Савет XII склікання, ні Вярхоўны Савет XIII склікання не выканалі гэтага патрабавання і не вырашылі пытанні аб падставах і ўмовах замены вайсковай службы альтэрнатыўнай і парадку яе праходжання шляхам прыняцця спецыяльнага закона ці ўнясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у дзеючы Закон “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе”.
 
Трэба ўлічваць, што ў прынятай на рэспубліканскім рэферэндуме Канстытуцыі 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі артыкул 57 захаваны ў яго першапачатковай рэдакцыі. Ніякіх агаворак у заключных і пераходных палажэннях Канстытуцыі адносна гэтага артыкула, як гэта было зроблена, напрыклад, да асобных артыкулаў Асноўнага закона, не існуе.
 
Такім чынам, у дзеючай рэдакцыі Канстытуцыі няма норм, якія б дазвалялі Парламенту на заканадаўчым узроўні адкласці рэалізацыю палажэнняў артыкула 57 Канстытуцыі ў частцы, якая датычыцца выканання абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы.
 
Згодна з артыкулам 59 Канстытуцыі дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ей меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы.
 
Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо больш шасці гадоў дзеяння канстытуцыйнай нормы аб альтэрнатыўнай службе, адпаведны закон так і не прыняты. На гэту акалічнасць Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу ў сваіх пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што штогод некалькі дзесяткаў грамадзян Рэспублікі Беларусь прызыўнога ўзросту з улікам іх рэлігійных перакананняў накіроўваюцца ў чыгуначныя войскі, служба ў якіх, у адрозненне ад іншых воінскіх фарміраванняў, дазваляе пры абставінах, які склаліся, улічваць інтарэсы не толькі дзяржавы, але і асобы, забяспечвае выкананне грамадзянамі Рэспублікі Беларусь свайго абавязку і доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і тымі з іх, якія па рэлігійных перакананнях не могуць у поўным абґеме несці вайсковую службу. Вялікая роля ў вырашэнні пытанняў, звязаных з пераадольваннем канфліктных сітуацый пры прызыве такіх грамадзян на вайсковую службу, пры адсутнасці адпаведнага заканадаўчага механізма, належыць прызыўным камісіям.
 
У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 112 Канстытуцыі суды павінны ажыццяўляць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў. Калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да высновы аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым артыкулам 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” парадку пытанне аб прызнанні нарматыўнага акта неканстытуцыйным. Нягледзячы на гэта, пытанне аб неканстытуцыйнасці заканадаўчага прабела адносна рэалізацыі грамадзянамі права на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай перад Канстытуцыйным Судом пры разглядзе крымінальных спраў аб ухіленні ад прызыву на вайсковую службу па рэлігійных перакананнях судамі не ставілася.
 
Артыкулам 137 Асноўнага Закона абвешчана, што Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У адпаведнасці з артыкулам 142 Канстытуцыі законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд у сувязі з гэтым лічыць, што прыцягненне грамадзян Беларусі да адказнасці згодна з артыкулам 77 Крымінальнага кодэкса можа мець месца толькі з улікам патрабаванняў вышэйпрыведзеных норм Канстытуцыі і з улікам практыкі, якая склалася па стварэнню ўмоў для праходжання вайсковай службы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь такім чынам, каб забяспечвалася павага іх рэлігійных перакананняў.
 
У той жа час ухіленне ад выканання канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь пры адсутнасці ўважлівых прычын павінна цягнуць за сабой адпаведную адказнасць, у тым ліку і крымінальную.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7 і 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе” (артыкулы 1 і 14) маюць права, у прыватнасці, па рэлігійных перакананнях на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай, якое павінна быць забяспечана дзейсным механізмам яго рэалізацыі. У сувязі з гэтым лічыць неадкладным прыняцце закона аб альтэрнатыўнай службе ці ўнясенне неабходных змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе” з мэтай вызначэння механізма рэалізацыі права на альтэрнатыўную службу.
 
На перыяд да вырашэння на заканадаўчым узроўні пытанняў аб падставах і ўмовах замены вайсковай службы альтэрнатыўнай і парадку яе праходжання пагадзіцца, з улікам выключнасці абставін, з практыкай стварэння кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з артыкуламі 31, 57, 59 і іншымі артыкуламі Канстытуцыі ўмоў для выканання грамадзянамі Рэспублікі Беларусь ускладзенага на іх абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь у тых формах, якія не парушаюць іх рэлігійных перакананняў.
 
2. Пры вырашэнні кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі пытанняў аб адказнасці за ўхіленне ад праходжання вайсковай службы неабходна вызначаць, у якой меры тыя ці іншыя дзеянні грамадзяніна звязаны з рэалізацыяй ім свайго канстытуцыйнага права на замену па рэлігійных перакананнях вайсковай службы альтэрнатыўнай або з адмовай ад праходжання вайсковай службы ў такіх умовах, якія не забяспечваюць павагу яго рэлігійных перакананняў. У кожным канкрэтным выпадку гэтымі органамі павінны быць прыняты ўсе меры па ўсебаковаму і належнаму вывучэнню ўсіх абставін справы як у мэтах забеспячэння правоў і свабод грамадзян, якія жадаюць выканаць свой абавязак па абароне Рэспублікі Беларусь у іншых дазволеных формах, так і ў мэтах выключэння злоўжыванняў з боку некаторых асоб, якія такім чынам маюць намер ухіліцца ад вайсковай службы.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч