Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
15 чэрвеня 2000 г. № Р-99/2000
Аб некаторых пытаннях, звязаных з прававым становішчам прыватных натарыусаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I. на падставе артыкула 40 Канстытуцыі разгледзеў зварот Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адносна меркавання Канстытуцыйнага Суда аб прававым становішчы прыватных натарыусаў.
 
Канстытуцыйным Судом устаноўлена, што прыватныя натарыусы зарэгістраваны ў якасці прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы. Заключэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 23 студзеня 1998 г. прадугледжана, што аднясенне прыватнай натарыяльнай дзейнасці ў пытаннях падаткаабкладання да прадпрымальніцкай дзейнасці не заснавана на пастановах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 г. і 18 студзеня 1994 г., іншых заканадаўчых актах. Аднак і пасля прыняцця Канстытуцыйным Судом указанага Заключэння прыватная натарыяльная дзейнасць, якая ажыццяўляецца прыватнымі натарыусамі, працягвае прыраўноўвацца да прадпрымальніцкай.
 
Міністэрства фінансаў і Дзяржаўны падатковы камітэт мяркуюць, што прыватная натарыяльная дзейнасць адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці, паколькі яна ажыццяўляецца на падставе ліцэнзіі і накіравана на сістэматычнае атрыманне прыбытку.
 
У сувязі з гэтым Міністэрства юстыцыі просіць Канстытуцыйны Суд выказаць сваё меркаванне адносна прававога становішча прыватных натарыусаў.
 
Прааналізаваўшы нормы Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўным натарыяце”, “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да наступнага вываду.
 
Згодна з часткай другой пункта 1 артыкула 1 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прадпрымальніцкая дзейнасць — гэта самастойная дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб, якая ажыццяўляецца імі ў грамадзянскім абароце ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць і накіраваная на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад карыстання маёмасцю, продажу рэчаў, вырабленых, перапрацаваных або набытых указанымі асобамі для продажу, а таксама ад выканання работ або аказання паслуг, калі гэтыя работы або паслугі прызначаюцца для рэалізацыі іншым асобам і не выкарыстоўваюцца для ўласнага спажывання.
 
У адпаведнасці з Палажэннем аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2000 г. № 38, натарыят Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма, якая ўключае дзяржаўныя органы і службовых асоб, якія забяспечваюць абарону дзяржаўных інтарэсаў, правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб шляхам ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці. Пад натарыяльнай дзейнасцю разумееца ўчыненне ад імя Рэспублікі Беларусь натарыяльных дзеянняў, прадугледжаных актамі заканадаўства.
 
Натарыяльную дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць натарыусы і іншыя асобы, якім заканадаўствам прадастаўлена такое права. Пры гэтым да натарыусаў адносяцца дзяржаўныя натарыусы і натарыусы, якія займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю. Натарыус мае пячаць з відарысам Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, а дзяржаўны натарыус — і з назвай дзяржаўнай натарыяльнай канторы, указаннем парадкавага нумара, а таксама штампы засведчвальных надпісаў і адпаведныя бланкі.
 
У сваёй дзейнасці натарыусы кіруюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, Палажэннем аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці, іншымі актамі заканадаўства.
 
Аналіз дзеючага заканадаўства па дадзенаму пытанню сведчыць, што заканадаўца прадаставіў натарыусам пры ўчыненні натарыяльных дзеянняў роўныя правы і аднолькавыя абавязкі незалежна ад таго, ці працуюць яны ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы або займаюцца прыватнай натарыяльнай практыкай.
 
Актамі заканадаўства могуць прадугледжвацца асаблівасці ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці натарыусамі, якія займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, што не мяняе яе прыроды.
 
Прыватны натарыус, аказваючы паслугі прававога і тэхнічнага характару, не ўступае ў грамадзянскія праваадносіны з асобамі, якія звярнуліся за ўчыненнем натарыяльных дзеянняў. Пры ажыццяўленні натарыяльнай дзейнасці ён не мае права займацца іншай дзейнасцю, акрамя вызначанай пунктам 22 Палажэння аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці. Прыватны натарыус дзейнічае ад імя дзяржавы, у той час як прыватны прадпрымальнік дзейнічае ад свайго імя.
 
Такім чынам, аналіз прыведзеных норм сведчыць аб тым, што натарыяльная дзейнасць, якая ажыццяўляецца прыватнымі натарыусамі, з’яўляецца публічна-прававой, асноўная мэта якой — абарона дзяржаўных інтарэсаў, правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, а не атрыманне прыбытку ад выканання работ або паслуг, як гэта мае месца пры прадпрымальніцтве. Натарыяльныя дзеянні, учыненыя дзяржаўнымі і прыватнымі натарыусамі, маюць аднолькавую юрыдычную сілу і выклікаюць аднолькавыя прававыя вынікі, гарантуюцца і абараняюцца дзяржавай.
 
Унясенне грашовых сродкаў за ўчыненне натарыяльных дзеянняў (за выключэннем дзяржаўнай пошліны) з’яўляецца аплатай працы прыватных натарыусаў, а не атрыманне імі прыбытку.
 
Закон “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” у рэдакцыі Закона ад 9 сакавіка 1999 г. адрознівае фізічных асоб, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю без утварэння юрыдычнай асобы, і асоб, якія ажыццяўляюць прыватную натарыяльную дзейнасць, як суб’ектаў падаткаабкладання.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ліцэнзаванне прыватнай натарыяльнай дзейнасці не з’яўляецца прававой падставай для аднясення прыватных натарыусаў да прадпрымальнікаў, паколькі ліцэнзаванне — гэта асобая працэдура афіцыйнага сведчання (прызнання) права на вядзенне пэўнага віду дзейнасці з захаваннем нарматыўных патрабаванняў і стандартаў, мэтай якога з’яўляецца ў дадзеным выпадку забеспячэнне належнага ўзроўню і якасці выканання натарыяльных дзеянняў прыватнымі натарыусамі.
 
Аналагічны падыход да вызначэння сутнасці натарыяльнай дзейнасці ўстаноўлены ў заканадаўстве Расійскай Федэрацыі, у якім указана, што натарыяльная дзейнасць не з’яўляецца прадпрымальніцтвам і не мае на мэце атрыманне прыбытку.
 
З улікам выкладзенага і ў адпаведнасці з артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 1998 г., артыкуламі 7, 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Натарыяльная дзейнасць, што ажыццяўляецца натарыусамі, якія займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, не з’яўляецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. У сувязі з гэтым рэгістрацыя прыватных натарыусаў у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў не мае пад сабой законных падстаў.
 
2. Адзначыць, што Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 1998 г., у якім была выкладзена прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда аб тым, што натарыяльная дзейнасць, якая ажыццяўляецца прыватнымі натарыусамі, не з’яўляецца прадпрымальніцкай, уступіла ў сілу з дня абвяшчэння, гэта значыць з 23 студзеня 1998 г.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч