Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
4 ліпеня 2000 г. № Р-100/2000
Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогі асуджаным
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі зварот па пытанню аказання юрыдычнай дапамогі асуджаным, устанавіў наступнае.
 
Асноўным Законам Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (артыкул 21).
 
Канстытуцыя прадугледжвае роўнасць усіх перад законам і права кожнага без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22).
 
У адпаведнасці з артыкулам 62 Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў. Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.
 
Аналіз прыведзеных норм паказвае, што дзяржава гарантуе кожнаму права на атрыманне юрыдычнай дапамогі. Асаблівую значнасць юрыдычная дапамога мае ў крымінальным судаводстве.
 
У артыкуле 49 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КПК) прадугледжана, што ў якасці абаронцаў у справе могуць удзельнічаць члены калегіі адвакатаў, блізкія сваякі і законныя прадстаўнікі абвінавачванага, іншыя асобы, якія маюць права займацца адвакацкай дзейнасцю.
 
Абаронцам у крымінальным працэсе з’яўляецца асоба, якая на падставах і ў парадку, прадугледжаным крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, ажыццяўляе абарону правоў і законных інтарэсаў падазронага або абвінавачванага і аказвае ім юрыдычную дапамогу. Абаронца мае права, у прыватнасці, удзельнічаць у судовым пасяджэнні суда першай інстанцыі, у тым ліку ў даследаванні доказаў, а таксама ў пасяджэнні судоў касацыйнай, нагляднай інстанцый і пры вядзенні крымінальнай справы па ізноў адкрытых акалічнасцях.
 
Парадак удзелу абаронцы ў крымінальным судаводстве рэгулюецца артыкуламі 49—531 КПК, у адпаведнасці з якімі абаронца абавязаны выкарыстаць усе ўказаныя ў законе сродкі і спосабы абароны ў мэтах выяўлення акалічнасцей, якія апраўдваюць падазронага, абвінавачванага або падсуднага, змякчаюць іх адказнасць, і аказваць ім неабходную дапамогу. З моманту дапушчэння да ўдзелу ў справе абаронца мае права, у прыватнасці, мець з абвінавачваным, падсудным спатканні сам-насам без абмежавання іх колькасці і працягласці, прыносіць скаргі на дзеянні і рашэнні асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда, што ўключае і права абаронцы на аказанне юрыдычнай дапамогі свайму падабароннаму па дадзенай канкрэтнай справе і пасля ўступлення судовай пастановы ў законную сілу.
 
Парадак і ўмовы адбывання пакарання асуджанымі, а таксама іх прававое становішча рэгулююцца папраўча-працоўным заканадаўствам. У артыкуле 27 Папраўча-працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — ППК) прадугледжана, што для аказання юрыдычнай дапамогі асуджаным, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, па пісьмовай заяве саміх асуджаных або іх сваякоў ці прадстаўнікоў грамадскасці адвакатам прадастаўляецца магчымасць наведвання асуджаных.
 
У адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку папраўча-працоўных устаноў (у далейшым — Правілы ППУ) сустрэчы асуджаных з адвакатамі ў лік спатканняў, устаноўленых папраўча-працоўным заканадаўствам, не залічваюцца, іх колькасць і працягласць не абмяжоўваюцца, аднак яны праводзяцца ў нерабочы для асуджанага час і толькі ў гадзіны ад пад’ёму да адбою. Па жаданню асуджанага або адваката іх сустрэча праводзіцца сам-насам. Сустрэчы прадастаўляюцца пры прад’яўленні адвакатамі ордэраў юркансультацыі і дакументаў, якія засведчваюць іх асобы (§ 36).
 
У артыкуле 27 ППК і ў Правілах ППУ не прадугледжана, што юрыдычную дапамогу могуць аказваць і іншыя асобы, якія ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам былі дапушчаны судом у якасці абаронцы, у прыватнасці, блізкія сваякі, законныя прадстаўнікі абвінавачванага, іншыя асобы, якія маюць права займацца адвакацкай дзейнасцю, тады як крымінальна-працэсуальным заканадаўствам устаноўлена, што аказваць юрыдычную дапамогу могуць не толькі адвакаты, але і іншыя асобы, у тым ліку блізкія сваякі затрыманага, падазронага, абвінавачванага, падсуднага (артыкул 49 КПК).
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што калі блізкі сваяк падсуднага дапушчаны судом у якасці абаронцы падсуднага, то на яго распаўсюджваюцца ўсе нормы КПК, якія датычацца правоў і абавязкаў абаронцы, у тым ліку права: знаёміцца з матэрыяламі справы, пратаколам судовага пасяджэння; прыносіць заўвагі на пратакол судовага пасяджэння, скаргі на судовыя пастановы; прымаць удзел у судзе першай, касацыйнай і нагляднай інстанцыі.
 
Аналіз крымінальна-працэсуальных норм сведчыць, што асоба, якая ажыццяўляе абарону падсуднага ў судзе, мае права працягваць аказваць яму юрыдычную дапамогу па гэтай справе, з яго згоды, і ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку мець для гэтага спатканні з асуджаным з выкананнем Правіл ППУ, што рэгулююць пытанні аказання юрыдычнай дапамогі адвакатамі.
 
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што артыкул 27 ППК, які прадугледжвае аказанне асуджанаму юрыдычнай дапамогі толькі адвакатамі, не ў поўнай меры адпавядае артыкулу 62 Канстытуцыі і не ўзгадняецца з нормамі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, паколькі ў ім адсутнічае ўказанне на тое, што асуджанаму могуць аказваць юрыдычную дапамогу, акрамя адвакатаў, таксама іншыя асобы, калі яны былі дапушчаны судом у якасці абаронцы.
 
У артыкуле 137 Асноўнага Закона абвешчана, што Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У адпаведнасці з артыкулам 142 Канстытуцыі законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі да ўвядзенне ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36 і 38 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Крымінальна-працэсуальным кодэксам зыходзіць з таго, што асобы, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, маюць права на атрыманне юрыдычнай дапамогі не толькі ад адвакатаў, але і ад іншых асоб, калі яны былі дапушчаны судом у якасці іх абаронцаў. Пры гэтым аказанне юрыдычнай дапамогі гэтымі асобамі павінна ажыццяўляцца ў такім жа парадку, як прадугледжана Правіламі ўнутранага распарадку папраўча-працоўных устаноў, што рэгулююць правядзенне сустрэч асуджаных з адвакатамі.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч