Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
22 верасня 2000 г. № Р-102/2000
Аб парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Суда Марыскіна А.У., суддзяў Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь шматлікія звароты грамадзян і арганізацый аб парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў, прааналізаваўшы Канстытуцыю і заканадаўства аб працы, устанавіў наступнае.
 
1. У адпаведнасці з артыкулам 43 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь працоўныя маюць права на адпачынак. Для працуючых па найму гэта права забяспечваецца, у прыватнасці, прадастаўленнем штогадовых аплачваемых водпускаў.
 
У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь не ўстанаўліваюцца мінімальная і максімальная працягласць штогадовага водпуску. Дэтальная рэгламентацыя парадку, працягласці і ўмоў прадастаўлення водпускаў ажыццяўляецца заканадаўствам аб працы. У адпаведнасці з Канвенцыяй Міжнароднай арганізацыі працы № 132 “Аб аплачваемых водпусках” водпуск ні ў якім выпадку не можа складаць менш трох рабочых тыдняў за адзін год работы.
 
Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжана два віды асноўных працоўных водпускаў:
 
асноўны мінімальны водпуск працягласцю не менш 21 каляндарнага дня (артыкул 155);
 
асноўны падоўжаны водпуск для асобных катэгорый работнікаў у залежнасці ад узросту, стану здароўя, характару і спецыфікі работы, працоўных функцый і іншых акалічнасцей дыферэнцыравана ад 28 да 56 каляндарных дзён (артыкул 156).
 
У Працоўным кодэксе ўстаноўлена таксама чатыры віды дадатковых водпускаў:
 
за работу са шкоднымі ўмовамі працы ад 7 да 41 каляндарнага дня (артыкул 157);
 
за ненарміраваны рабочы дзень да 14 каляндарных дзён (артыкул 158);
 
за працяглы стаж работы да 4 каляндарных дзён (артыкул 159);
 
заахвочваючыя водпускі (артыкул 160).
 
2. Згодна з артыкулам 162 Працоўнага кодэкса дадатковыя водпускі далучаюцца да асноўнага мінімальнага водпуску, калі іншае не прадугледжана актамі заканадаўства або калектыўным дагаворам, пагадненнем. У адпаведнасці з Законам “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” да актаў заканадаўства адносяцца не толькі законы, дэкрэты, указы, але і пастановы Урада (артыкул 2). Такім чынам, Урад Рэспублікі Беларусь зыходзячы са сваёй кампетэнцыі мае права прымаць нарматыўны акт, якім вызначаецца парадак суміравання водпускаў. У гэтым выпадку не могуць парушацца палажэнні актаў заканадаўства, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай.
 
Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2000 г. № 1154, якой зацверджаны Парадак прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў (у далейшым — Парадак), дадатковыя водпускі далучаюцца да асноўнага мінімальнага водпуску. Пры гэтым працягласць працоўнага водпуску не можа перавышаць 35 каляндарных дзён. Дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы прадастаўляецца поўнасцю. Калі дадатковы водпуск роўны або перавышае 14 каляндарных дзён, то да асноўнага мінімальнага водпуску далучаецца водпуск большай працягласці, а іншыя паглынаюцца ім (пункт 8 Парадку). Канстытуцыйны Суд пры гэтым адзначае супярэчлівасць норм пункта 8 Парадку.
 
3. Асобныя катэгорыі работнікаў маюць права на дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы больш за 14 каляндарных дзён.
 
Зыходзячы з аналізу норм Працоўнага кодэкса (артыкулы 327, 329 і 330) можна зрабіць вывад, што асноўны працоўны водпуск і дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы можа быць у суме і больш 35 дзён. Такая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда абумоўлена тым, што сярод усіх відаў дадатковых водпускаў водпуск за работу ў шкодных умовах працы займае асобае месца. Яго прадастаўленне накіравана на рэалізацыю канстытуцыўнага права грамадзян не толькі на адпачынак (артыкул 43 Канстытуцыі), але і на ахову здароўя (артыкул 45 Канстытуцыі).
 
4. У адпаведнасці з часткай другой артыкула 158 Працоўнага кодэкса пералікі работнікаў з ненарміраваным рабочым днём зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам. У недзяржаўных арганізацыях канкрэтная працягласць такога водпуску для работнікаў устанаўліваецца калектыўным або працоўным дагаворам, наймальнікам.
 
Пункт 6 Парадку змяшчае нормы, згодна з якімі ненарміраваны рабочы дзень не ўстанаўліваецца і адпаведна дадатковы водпуск за ненарміраваны рабочы дзень не прадастаўляецца, у прыватнасці, работнікам, занятым на рабоце няпоўны рабочы час і работнікам пры зменным рэжыме работы. Устанаўленне ў Парадку забароны на прадастаўленне водпуску за ненарміраваны рабочы дзень асобным работнікам не адпавядае ў поўнай меры, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, нормам працоўнага заканадаўства.
 
Згодна з артыкулам 291 Працоўнага кодэкса работа на ўмовах няпоўнага рабочага часу не цягне для работнікаў якіх-небудзь абмежаванняў працягласці працоўных водпускаў, вылічэння працоўнага стажу і іншых працоўных правоў. Канстытуцыйны Суд лічыць, што калі работніку ўстаноўлены няпоўны рабочы тыдзень, але з поўным рабочым днём, то пры наяўнасці неабходных падстаў (пасада ўключана ў пералік работнікаў з ненарміраваным рабочым днём і работа на гэтай пасадзе выклікае неабходнасць выканання яе зверх устаноўленай нормы рабочага часу) такому работніку можа ўстанаўлівацца ненарміраваны рабочы дзень і адпаведна прадастаўляцца дадатковы водпуск за ненарміраваны рабочы дзень. Заканадаўства і практыка апошніх гадоў ішлі па гэтаму шляху. Канстытуцыйны Суд у гэтай сувязі лічыць магчымым прадастаўленне водпуску за ненарміраваны рабочы дзень асобам, якія працуюць на ўмовах няпоўнага рабочага часу (няпоўнага рабочага тыдня) прапарцыянальна адпрацаванаму часу.
 
Вывучыўшы пытанне аб забароне ўстанаўлення ненарміраванага рабочага дня работнікам пры зменным рэжыме работы, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
 
У Пералік работнікаў з ненарміраваным рабочым днём аб’яднанняў, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, зацверджаны пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2000 г. № 58, уключаны пасады, у прыватнасці, начальніка змены, майстра (усіх найменняў), інжынераў (усіх найменняў і катэгорый). Зыходзячы з умоў бесперапыннага тэхналагічнага працэсу многія арганізацыі працуюць ва ўмовах зменнага рэжыму, дзе заняты ўказаныя катэгорыі работнікаў, аб чым сведчаць шматлікія звароты.
 
Неабходна мець на ўвазе, што ненарміраваны рабочы дзень і адпаведны рэжым работы ўстанаўліваюцца тым работнікам, якія ў сілу спецыфікі ўмоў працы (службовых абавязкаў) і вытворчасці вымушаны ў асобных выпадках выконваць работу звыш нармальнай працягласці рабочага часу. Таму ўстанаўленне ненарміраванага рабочага дня не заўсёды можа знаходзіцца ў залежнасці ад зменнага рэжыму работы. Аднак, як ужо адзначалася, Урад згодна з артыкулам 158 Працоўнага кодэкса мае права зацвярджаць пералікі работнікаў з ненарміраваным рабочым днём. Устанаўленне забароны на ўвядзенне ненарміраванага рабочага дня работнікам пры зменным рэжыме работы можа цягнуць, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, іншую форму кампенсацыі за работу звыш нармальнай працягласці рабочага часу (калі гэта мае месца), напрыклад, аплату за звышурочную работу, што поўнасцю адпавядала б палажэнням артыкула 43 Канстытуцыі.
 
5. У адпаведнасці з часткай другой артыкула 159 Працоўнага кодэкса Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам зацвярджаюцца не толькі пералік галін, вытворчасцей, работ, прафесій і пасад, але і ўмовы прадастаўлення і працягласць водпуску за працяглы стаж работы. У гэтай сувязі Урад мае права вызначаць асаблівасці прадастаўлення дадатковага водпуску за працяглы стаж работы. Аднак гэта не выключае права на дадатковы водпуск за працяглы стаж работы, устаноўлены іншымі актамі, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай. Згодна з Законам “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” служачым дзяржаўнага апарату гарантуецца штогадовы аплачваемы водпуск працягласцю 30 каляндарных дзён, пры гэтым пасля 15 гадоў работы ён павялічваецца на 6 каляндарных дзён. Аналагічны падыход замацаваны і ў Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 1997 г. № 16 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванню матэрыяльнага і сацыяльнага забеспячэння служачых дзяржаўнага апарату і прыраўнаваных да іх асоб”. Такім чынам, гэта катэгорыя работнікаў пры стажы работы ў якасці дзяржаўных служачых больш 15 гадоў мае права на водпуск 36 каляндарных дзён.
 
6. Прааналізаваўшы нормы заканадаўства аб дадатковых заахвочваючых водпусках, Канстытуцыйны Суд адзначае, што Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь от 26 ліпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленню працоўных адносін, ўмацаванню працоўнай і выканаўчай дысцыпліны” у якасці адной з дадатковых мер стымулявання працы работнікаў, з якімі заключаны кантракты, прадугледжана прадастаўленне дадатковага водпуску з захаваннем заработнай платы да 5 каляндарных дзён. Права на дадзены водпуск і яго працягласць, устаноўленыя Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не могуць быць абмежаваны актам Урада, паколькі гэта пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што палажэнні пункта 8 Парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2000 г. № 1154, не адпавядаюць Закону “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 1997 г. № 16 і Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 і не могуць у гэтай сувязі абмяжоўваць сумарную працягласць асноўнага водпуску і дадатковых водпускаў, якія прадугледжаны названымі Законам і дэкрэтамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
 
У сілу патрабаванняў артыкулаў 83, 85, 108 і 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адпаведныя палажэнні названых Закона і дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь валодаюць верхавенствам і дзейнічаюць непасрэдна.
 
2. Зыходзіць з таго, што дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы ўстаноўленай заканадаўствам працягласці прадастаўляецца поўнасцю. Пры суміраванні такога водпуску з асноўным водпускам іх агульная працягласць у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі і іншымі нарматыўнымі актамі, можа складаць і больш 35 дзён.
 
3. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб дапаўненні пункта 6 Парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2000 г. № 1154, з тым каб работнікі, занятыя на рабоце няпоўны рабочы тыдзень, але поўны рабочы дзень і вымушаныя ў некаторых выпадках выконваць работу звыш нармальнай працягласці рабочага часу, мелі права на дадатковы водпуск за ненарміраваны рабочы дзень прапарцыянальна адпрацаванаму часу.
 
4. Выключэнне пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2000 г. № 1154 работнікаў пры зменным рэжыме работы з кола асоб, якія карыстаюцца правам на дадатковы водпуск за ненарміраваны рабочы дзень, не азначае пазбаўленне іх права на атрыманне іншых відаў кампенсацыі, прадугледжаных працоўным заканадаўствам. У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд не знаходзіць прававых падстаў для прызнання Парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў, зацверджаным вышэйуказанай пастановай, у гэтай частцы не адпавядаючым заканадаўчым актам.
 
5. Адзначыць супярэчлівасць і неадназначнасць некаторых палажэнняў Парадку прадастаўлення і суміравання працоўных водпускаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2000 г. № 1154 (пункты 8, 10, 13 і інш.), што выклікае спрэчкі і скаргі грамадзян.
 
6. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прывесці пастанову ад 27 ліпеня 2000 г. № 1154 у адпаведнасць з актамі, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай, і гэтым рашэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. У выпадку неабходнасці ўнесці ва ўстаноўленым парадку на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь законапраект, які прадугледжвае ўдасканаленне дзеючага парадку прадастаўлення і суміравання водпускаў.
 
7. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
8. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                           Р.А. Васілевіч