Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
5 верасня 2000 г. № Р-101/2000
Аб плаце за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Вараб’я Г.А., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Філіпчык Р.I., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот старшыні і намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўству Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Бабкова А.К. і Аляксандрава В.М., а таксама шматлікія пісьмы грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў аб разліках насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду, устанавіў наступнае.
 
У пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 1999 г. № 1332 “Аб упарадкаванні разлікаў насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі” (у рэдакцыі пастановы ад 28 красавіка 2000 г. № 606) прадугледжана, што плата наймальнікаў за карыстанне жылымі памяшканнямі ў дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, а таксама ўласнікаў жылых памяшканняў і членаў арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў за тэхнічнае абслугоўванне жылога дома ажыццяўляецца зыходзячы з агульнай плошчы займаемага імі жылога памяшкання. Па ўстаноўленых стаўках праводзіцца плата за карыстанне (тэхнічнае абслугоўванне) жылым памяшканнем у межах 20 кв.м агульнай плошчы на кожнага члена сям’і наймальніка, уласніка, члена арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў, у тым ліку таго, хто захоўвае права карыстання жылым памяшканнем, і 10 кв.м агульнай плошчы на ўсю сям’ю. Плата за карыстанне (тэхнічнае абслугоўванне) астатняй плошчай бярэцца па нарматыўнаму сабекошту эксплуатацыі жыллёвага фонду, што зацвярджаецца аблвыканкомамі, Мінскім гарвыканкомам (пункты 1.1, 1.2).
 
Аналіз прыведзенай нормы і практыка яе прымянення сведчаць аб тым, што як для наймальнікаў за карыстанне жылымі памяшканнямі ў дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, так і для ўласнікаў жылых памяшканняў і членаў арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў за тэхнічнае абслугоўванне жылога дома ўстаноўлен фактычна аднолькавы памер платы.
 
Такі падыход да вырашэння пытанняў унясення жыллёва-камунальных плацяжоў як уласнікамі, так і наймальнікамі жылых памяшканняў выклікаў крытычныя адносіны грамадзян, аб чым сведчаць шматлікія звароты грамадзян у Канстытуцыйны Суд, іншыя органы дзяржаўнай улады, а таксама сродкі масавай інфармацыі.
 
Згодна з артыкулам 48 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясцовым самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх плаце ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
У адпаведнасці з артыкулам 13 Канстытуцыі дзяржава гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці.
 
У артыкулах 273 і 274 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што ўласніку кватэры ў шматкватэрным доме разам з прыналежным яму памяшканнем, займаемым пад кватэру, належыць таксама доля ў праве ўласнасці на агульную маёмасць дома: ненясучыя канструкцыі дома, механічнае, электрычнае, санітарна-тэхнічнае і іншае абсталяванне за межамі або ўнутры кватэры, якія абслугоўваюць больш адной кватэры.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 8 Закона “Аб сумесным домаўладанні” доля кожнага ўласніка ў праве агульнай уласнасці на агульную маёмасць прапарцыянальна долі плошчы памяшкання, якое належыць яму ў агульнай плошчы жылых і нежылых памяшканняў усіх уласнікаў нерухомай маёмасці сумеснага домаўладання. Згодна з часткай трэцяй артыкула 11 указанага Закона ўласнікі нерухомай маёмасці сумеснага домаўладання нясуць расходы па ўтрыманню і рамонту агульнай маёмасці прапарцыянальна іх долі ў праве агульнай уласнасці на гэту маёмасць. Паслугі па ўтрыманню і рамонту агульнай маёмасці аплачваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а агульныя памеры абавязковых плацяжоў на ўтрыманне і рамонт агульнай маёмасці ўстанаўліваюцца на падставе адзіных правіл і норм, зацверджаных адпаведнымі органамі дзяржаўнага кіравання, і павінны забяспечваць пакрыццё выдаткаў на ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонт агульнай маёмасці з улікам сацыяльных гарантый, прадугледжаных заканадаўствам.
 
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь устанаўлівае мінімальны ўзровень дзяржаўных гарантый сацыяльнай абароны, які забяспечвае задавальненне асноўных патрэбнасцей чалавека, выражаны ў прадастаўленні грашовых выплат, бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг, сацыяльных дапамог. У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах” да такіх гарантый адносяцца:
 
максімальна дапушчальная доля ўласных расходаў грамадзян на аплату за карыстанне жылым памяшканнем і аплату камунальных паслуг, а таксама на адлічэнні сродкаў на капітальны рамонт жылога дома ў сукупным даходзе сям’і зыходзячы з максімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання сацыяльнага карыстання і нарматываў спажывання камунальных паслуг;
 
узровень плацяжоў грамадзян у працэнтах ад кошту прадастаўляемых камунальных паслуг.
 
Згодна з артыкулам 13 Закона “Аб сумесным домаўладанні” пры сумесным домаўладанні захоўваюцца дзяржаўныя сацыяльныя гарантыі для ўласнікаў, наймальнікаў і арандатараў жылых памяшканняў у памеры і парадку, устаноўленых для грамадзян, якія пражываюць у дамах дзяржаўнага і грамадскага жыллёвага фонду.
 
Рэалізацыя ўстаноўленых у галіне жыллёва-каммунальнага абслугоўвання сацыяльных гарантый ажыццяўляецца перш за ўсё шляхам прадастаўлення насельніцтву дзяржаўных датацый. Так, у артыкуле 35 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” вызначана, што ўласнікі жылых памяшканняў пры сумесным домаўладанні штомесячна ўдзельнічаюць у фінансаванні долі затрат, звязаных з эксплуатацыяй і рамонтам месцаў агульнага карыстання, канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм, утрыманне прыдамавых тэрыторый па фактычных расходах, але не звыш дзеючай кватэрнай платы, устаноўленай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь для адпаведнай катэгорыі грамадзян.
 
У артыкуле 51 Жыллёвага кодэкса прадугледжана, што наймальнікі, уласнікі жылых памяшканняў, члены арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў абавязаны штомесячна ўдзельнічаць у фінансаванні ў шматкватэрных жылых дамах долі затрат па фактычных расходах, звязаных з эксплуатацыяй і рамонтам дапаможных памяшканняў, канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм, утрыманне прыдамавых тэрыторый, суразмерна займаемай імі агульнай плошчы жылых памяшканняў у гэтых дамах.
 
Прааналізаваўшы дзеючае заканадаўства, якое датычыцца разглядаемага пытання, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 1999 г. № 1332 “Аб упарадкаванні разлікаў насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі” (у рэдакцыі пастановы ад 28 красавіка 2000 г. № 606) не ўлічаны патрабаванні не толькі часткі трэцяй артыкула 51 Жыллёвага кодэкса, але і артыкула 11 Закона “Аб сумесным домаўладанні”, дзе прадугледжана прапарцыянальнасць аплаты ўласнікамі расходаў па ўтрыманню і рамонту агульнай маёмасці. Насуперак гэтаму ў пастанове Урада ўстаноўлены памер платы ў залежнасці ад плошчы жылога памяшкання і колькасці пражываючых у ім, што прыводзіць да дыспрапорцыі ў аплаце.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае таксама ўвагу, што ў пастанове Урада не вырашана пытанне аб аплаце дадатковай жылой плошчы, якой карыстаюцца грамадзяне ў адпаведнасці з заканадаўствам, што на практыцы ў шэрагу выпадкаў прывяло да спагнання платы за яе ў павышаным памеры як за залішнюю плошчу. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, справядлівым быў бы падыход, пры якім грамадзяне, маючыя права на дадатковую жылую плошчу, аплачвалі б яе ў тым жа памеры, як і за нарматыўную плошчу жылога памяшкання.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што пры ўстанаўленні нарматываў платы за карыстанне жылымі памяшканнямі наймальнікамі і за тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў уласнікамі павінен улічвацца прынцып сацыяльнай справядлівасці, асабліва ў адносінах да сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян (пенсіянераў і інш.), якія ў сілу аб’ектыўных акалічнасцей аказаліся карыстальнікамі, уласнікамі жылых памяшканняў, што перавышаюць па сваіх памерах устаноўленыя нарматывы. Такі падыход поўнасцю базіраваўся б на палажэннях артыкула 7 Канстытуцыі, устанаўліваючага вяршэнства права, у аснове якога ляжыць прынцып справядлівасці, і артыкула 1 Канстытуцыі, замацоўваючага сацыяльны характар нашай дзяржавы.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, шматлікія скаргі грамадзян у пэўнай меры выкліканы супярэчлівасцю і неўзгодненасцю выкарыстоўваемых у жыллёвым заканадаўстве тэрмінаў і паняццяў, а таксама тым, што асобныя жыллёва-эксплуатацыйныя арганізацыі ў паведамленнях і наймальнікам, і ўласнікам жылых памяшканняў указвалі на неабходнасць аплаты “лішкаў жылой плошчы”, хаця заканадаўства прадугледжвае права грамадзян мець ва ўласнасці жылыя памяшканні без абмежавання іх памераў (артыкул 101 Жыллёвага кодэкса).
 
Вывучаючы пытанне аб тэрмінах і паняццях, якія выкарыстоўваюцца ў жыллёвым заканадаўстве, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У артыкуле 65 Жыллёвага кодэкса змяшчаецца ўказанне на тое, што наймальнік жылога памяшкання абавязаны ўносіць плату за карыстанне жылым памяшканнем. Такое паняцце, як “плата за тэхнічнае абслугоўванне”, у Жыллёвым кодэксе не змяшчаецца.
 
У той жа час у пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 1999 г. № 1332 “Аб упарадкаванні разлікаў насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі” выкарыстоўваюцца паняцці “плата за тэхнічнае абслугоўванне” і “плата за карыстанне жылым памяшканнем”.
 
У Iнструкцыі па разліку платы грамадзян за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі, зацверджанай Міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь 23 верасня 1999 г., змест паняцця “плата за тэхнічнае абслугоўванне” раскрываецца як аплата расходаў, звязаных з эксплуатацыяй і рамонтам месцаў агульнага карыстання, канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм, утрыманнем прыдамавых тэрыторый.
 
Змест паняцця “плата наймальнікаў за карыстанне жылымі памяшканнямі” у нарматыўных актах не раскрываецца. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы, якія датычацца жыллёвых плацяжоў наймальнікаў, уласнікаў і членаў арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, як закранаючыя іх правы і законныя інтарэсы павінны быць адназначна вызначаны перш за ўсё ў Жыллёвым кодэксе.
 
У сувязі з адсутнасцю ў Жыллёвым кодэксе дакладнага рэгулявання пытанняў, звязаных з ажыццяўленнем насельніцтвам жыллёва-каммунальных плацяжоў, неадназначны падыход да іх прасочваецца і ў падзаконных нарматыўных актах. Так, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2000 г. № 606 устаноўлена роўная плата наймальнікаў за карыстанне жылымі памяшканнямі і ўласнікаў за тэхнічнае абслугоўванне жылога дома. Гэта стварыла перадумовы для атаясамлівання паняццяў “плата за карыстанне жылымі памяшканнямі” і “плата за тэхнічнае абслугоўванне жылога дома” і было ўспрынята як устанаўленне абавязку ўласнікаў аплачваць карыстанне жылымі памяшканнямі. У гэтай сувязі, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неабходна вызначыць суадносіны паняццяў “плата за тэхнічнае абслугоўванне” і “плата за карыстанне жылымі памяшканнямі”.
 
Вывучыўшы прымяненне артыкула 51 Жыллёвага кодэкса і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 1999 г. № 1332 “Аб упарадкаванні разл
ікаў насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і камунальнымі паслугамі”, Канстытуцыйны Суд адзначае, што на практыцы не забяспечваецца належным чынам канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі па пытаннях, якія іх цікавяць, у тым ліку па ўтрыманню жыллёвага фонду, яго эксплуатацыі, рамонту і да т.п. Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсутнасць належнай інфармацыі па пытаннях аказання тэхнічных паслуг і расходвання плацяжоў, якія ўносяцца наймальнікамі, уласнікамі жылых памяшканняў і членамі арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, прыводзіць да парушэння іх канстытуцыйных правоў і параджае скаргі.
 
З улікам выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36 і 38 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць адпаведна Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, Ураду Рэспублікі Беларусь:
 
забяспечыць рэалізацыю артыкула 11 Закона “Аб сумесным домаўладанні”, якая прадугледжвае, што ўласнікі нерухомай маёмасці сумеснага домаўладання нясуць расходы па ўтрыманню і рамонту агульнай маёмасці прапарцыянальна іх долі ў праве агульнай уласнасці на гэту маёмасць, выключыўшы пры гэтым існуючыя дыспрапорцыі, выкліканыя ўстаноўленым парадкам павелічэння платы за “залішнюю жылую плошчу”. З улікам канстытуцыйных палажэнняў аб роўнай абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян памер платы ўласнікамі жылых памяшканняў за тэхнічнае абслугоўванне не павінен перавышаць аналагічнай платы наймальнікаў жылых памяшканняў;
 
пры рашэнні пытання аб плаце за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду зыходзіць з неабходнасці больш поўнага ўліку прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, асабліва ў адносінах да сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян (пенсіянераў і інш.), якія ў сілу аб’ектыўных акалічнасцей аказаліся карыстальнікамі або ўладальнікамі жылых памяшканняў, што перавышаюць па сваіх памерах устаноўленыя нарматывы;
 
устараніць існуючыя супярэчнасці паміж нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць плату за карыстанне жылымі памяшканнямі і тэхнічнае абслугоўванне, упарадкаваўшы пры гэтым тэрміны і паняцці, што выкарыстоўваюцца ў жыллёвым заканадаўстве, у мэтах іх адназначнага разумення і прымянення на практыцы;
 
вызначыць парадак і ўмовы больш шырокага давядзення да грамадзян звестак, якія датычацца расходвання сродкаў, атрыманых ад насельніцтва за карыстанне жылымі памяшканнямі і іх тэхнічнае абслугоўванне.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                           Р.А. Васілевіч