Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
5 кастрычніка 2000 г. № Р-103/2000
Аб практыцы прымянення рашэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 1999 г. "Аб некаторых пытаннях прадстаўніцтва ў судзе па грамадзянскіх справах", ад 13 снежня 1999 г. "Аб некаторых пытаннях забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе", ад 4 ліпеня 2000 г. "Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогі асуджаным" у частцы рэалізацыі палажэнняў артыкула 62 Канстытуцыі
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.I., Шукліна В.З., разглядзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты па пытаннях аказання юрыдычнай дапамогі і практыкі прымянення рашэнняў Канстытуцыйнага Судаад 2 ліпеня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях прадстаўніцтва ў судзе па грамадзянскіх справах”, ад 13 снежня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе”, ад 4 ліпеня 2000 г. “Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогі асуджаным” у частцы рэалізацыі палажэнняў артыкула 62 Канстытуцыі, устанавіў наступнае.
 
1. Згодна з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Адным з канстытуцыйных правоў грамадзян з’яўляецца права на юрыдычную дапамогу. У артыкуле 62 Канстытуцыі прадугледжана, што кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага самакіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў. Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.
 
Палажэнні артыкула 62 Канстытуцыі знайшлі ў асноўным сваё замацаванне ў Законе “Аб адвакатуры”, Крымінальна-працэсуальным, Грамадзянскім працэсуальным, Гаспадарчым працэсуальным кодэксах і іншых нарматыўных актах Рэспублікі Беларусь. Шэраг пытанняў, якія датычацца забеспячэння канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе, у тым ліку асуджаным, прадстаўніцтва ў судах па грамадзянскіх справах, і іншыя не знайшлі належнага адлюстравання ў актах заканадаўства.
 
2. Канстытуцыйны Суд на падставе аналізу зместу артыкула 62 Канстытуцыі, дзеючага заканадаўства і практыкі іх прымянення прыйшоў у сваіх рашэннях да наступных вывадаў.
 
Дзяржава гарантуе права кожнага на атрыманне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі, паколькі ад гэтага залежыць рэалізацыя ў поўнай меры правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
 
У сваім рашэнні ад 2 ліпеня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях прадстаўніцтва ў судзе па грамадзянскіх справах” па запыту Міністэрства юстыцыі Канстытуцыйны Суд адзначыў, што дзяржава, з аднаго боку, гарантуючы кваліфікаваную юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод грамадзян, уводзіць абавязковае ліцэнзаванне адвакацкай дзейнасці і дзейнасці юрыдычных і фізічных асоб па аказанню пэўных юрыдычных паслуг, з другога боку, дапускае прадстаўніцтва ў судзе па грамадзянскіх справах іншых асоб. Заканадавец не вызначыў, ці можа такое прадстаўніцтва насіць сістэматычны характар, як часта асоба, якая не мае ліцэнзіі, можа выступаць прадстаўніком у судзе, а таксама не ўстанавіў умовы ажыццяўлення такога прадстаўніцтва. З мэтай забеспячэння аднастайнага падыходу да рэалізацыі норм артыкула 62 Канстытуцыі Канстытуцыйны Суд прапанаваў Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь звярнуцца ва ўстаноўленым парадку з прапановай аб афіцыяльным тлумачэнні артыкула 62 Канстытуцыі і норм працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія датычацца прадстаўніцтва ў судзе. Аднак, нягледзячы на ўзнікаючыя на практыцы спрэчкі, такое тлумачэнне да гэтага часу не дадзена.
 
У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне прафесіянальнай юрыдычнай дапамогі Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 13 снежня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе” на аснове аналізу норм Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародна-прававых актаў прыйшоў да вываду, што права на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогі адваката павінна быць забяспечана не толькі абвінавачванаму, падсуднаму, але і падазронаму, у адносінах да якіх выбрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
 
Аналізуючы нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, што прадугледжваюць магчымасць удзелу ў якасці абаронцаў па крымінальных справах як адвакатаў, так і іншых асоб (напрыклад, блізкіх сваякоў, законных прадстаўнікоў), Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 4 ліпеня 2000 г. “Аб некаторых пытаннях, звязаных заказаннем юрыдычнай дапамогі асуджаным” указаў, што юрыдычную дапамогу асуджаным могуць аказваць і іншыя асобы, якія ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам былі дапушчаны судом у якасці абаронцы падсуднага, паколькі на яго распаўсюджваюцца ўсе нормы КПК, што датычыцца правоў і абавязкаў абаронцы. Таму асоба, якая ажыццяўляе абарону падсуднага ў судзе, мае права працягваць аказваць яму юрыдычную дапамогу па дадзенай справе, з яго згоды, і ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку мець для гэтага спатканні з асуджаным з захаваннем Правіл папраўча-працоўных устаноў (у далейшым — Правілы ППУ), рэгулюючых, у прыватнасці, пытанні аказання юрыдычнай дапамогі адвакатамі. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што артыкул 27 ППК, які прадугледжвае аказанне асуджанаму юрыдычнай дапамогі толькі адвакатамі, не ў поўнай меры адпавядае артыкулу 62 Канстытуцыі і не ўзгадняецца з нормамі Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.
 
3. Ацэньваючы прымяненне палажэнняў артыкула 62 Канстытуцыі і прынятых Канстытуцыйным Судом рашэнняў па ўказаных пытаннях, Канстытуцыйны Суд адзначае, што на практыцы не заўсёды правільна каменціруюцца і прымяняюцца рашэнні Канстытуцыйнага Суда, звязаныя з аказаннем юрыдычнай дапамогі на падставе артыкула 62 Канстытуцыі.
 
Права на юрыдычную дапамогу — гэта неад’емнае права кожнага чалавека і грамадзяніна, яго забеспячэнне з’яўляецца важнейшым прынцыпам існавання і развіцця прававой дзяржавы. Канстытуцыя, замацоўваючы права грамадзян на юрыдычную дапамогу, прадугледжвае і гарантыі яе ажыццяўлення. Да такіх гарантый адносіцца ўстанаўленне магчымасці аказання юрыдычнай дапамогі за кошт дзяржаўных сродкаў, забароны на процідзеянне аказанню юрыдычнай дапамогі.
 
Важнае значэнне для забеспячэння права грамадзян на юрыдычную дапамогу мае прадугледжаны артыкулам 59 Канстытуцыі абавязак дзяржаўных органаў, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, прымаць у межах сваёй кампетэнцыі неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы, што ў сваю чаргу патрабуе гарантаванасці дзяржавай аказання кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі, што можа быць забяспечана перш за ўсё асобамі, якія ажыццяўляюць такую дзейнасць на прафесіянальнай аснове.
 
Аказанне грамадзянам кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі гарантуецца і Законам “Аб адвакатуры”. Згодна з артыкулам 2 гэтага Закона галоўная задача адвакатуры заключаецца ў аказанні кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі фізічным і юрыдычным асобам пры ажыццяўленні абароны іх правоў, свабод і законных інтарэсаў. Дзяржава адказная за рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на юрыдычную дапамогу ўсім, хто ў ёй мае патрэбу, без якога-небудзь абмежавання.
 
У якасці гарантый указанага права Законам “Аб адвакатуры”, у прыватнасці, устанаўліваюцца правы і абавязкі адваката, абмежаванні да займання адвакацкай дзейнасцю, прадугледжваецца дысцыплінарная адказнасць адвакатаў за дзеянні, якія супярэчаць закону і нормам прафесіянальнай этыкі адваката, вызначаецца парадак аплаты працы адвакатаў. Указаныя гарантыі забяспечваюць абароненасць асоб, якія маюць патрэбу ў юрыдычнай дапамозе, ад усялякага роду злоўжыванняў.
 
Неабходнасць аказання юрыдычнай дапамогі спецыялістамі абумоўліваецца таксама замацаванымі ў артыкуле 115 Канстытуцыі прынцыпамі спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе пры ажыццяўленні правасуддзя, што накіравана на забеспячэнне належнай абароны правоў і інтарэсаў асоб, якія ўдзельнічаюць у судаводстве. Захаванне ўказаных канстытуцыйных прынцыпаў не забяспечваецца ў поўнай меры, калі з аднаго боку ў судовым працэсе ажыццяўляюць свае функцыі асобы на прафесіянальнай аснове, гэта значыць асобы, якія займаюць пасады, што патрабуюць адпаведнай юрыдычнай кваліфікацыі (пракуроры, адвакаты і інш.), а з другога — асобы, якія не валодаюць юрыдычнымі ведамі і прафесіянальным вопытам па аказанню юрыдычнай дапамогі.
 
4. Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі нормамі пад юрыдычнай дапамогай разумеецца перш за ўсё дапамога, якая аказваецца на прафесіянальнай аснове спецыялістамі ў галіне права.
 
Згодна з прынцыпам 17 Збору прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы то ні было форме (прыняты Рэзалюцыяй 43/173 Генеральнай Асамблеяй ААН ад 9 снежня 1988 г.), затрыманая асоба мае права на атрыманне юрыдычнай дапамогі з боку адваката. Яна ўскорасці пасля арышту інфармуецца кампетэнтным органам аб сваім праве, і ёй прадастаўляюцца разумныя магчымасці для ажыццяўлення гэтага права. Калі затрыманая асоба не мае адваката па свайму выбару, яна ва ўсіх выпадках, калі гэтага патрабуюць інтарэсы правасуддзя, мае права скарыстаць паслугі адваката, назначанага для яе судовым або іншым органам, без аплаты яго паслуг, калі гэта асоба не мае дастатковых грашовых сродкаў.
 
Асноўныя прынцыпы, якія датычацца ролі юрыстаў, прынятыя восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанню злачыннасці і абыходжанню з правапарушальнікамі (27 жніўня — 7 верасня 1990 г.), падкрэсліваюць, што для забеспячэння абароны правоў і асноўных свабод чалавека неабходна, каб усе людзі сапраўды мелі доступ да юрыдычных паслуг, якія прадастаўляюцца незалежнымі прафесіянальнымі юрыстамі. Юрыдычная дапамога павінна быць эфектыўнай і садзейнічаць захаванню справядлівасці. У гэтых мэтах дзяржава павінна забяспечваць эфектыўныя працэдуры і гнуткія механізмы эфектыўнага і роўнага доступу да юрыстаў для ўсіх асоб.
 
Аналагічнае разуменне юрыдычнай дапамогі змяшчаецца і ў еўрапейскіх міжнародна-прававых актах, у якіх вызначаюцца адзіныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да асоб, якія аказваюць такую дапамогу.
 
У рэзалюцыі 78(8) Камітэта міністраў Савета Еўропы аб юрыдычнай дапамозе і кансультацыях, прынятай 2 сакавіка 1978 г., указваецца, што юрыдычная дапамога заўсёды павінна ажыццяўляцца асобай, якая мае права практыкаваць у якасці адваката ў адпаведнасці з юрыдычнымі нормамі дадзенай дзяржавы, як у выпадках, калі сістэма юрыдычнай дапамогі прадугледжвае ўдзел абаронцы, так і ў выпадках, калі:
 
а) бакі павінны быць прадстаўлены такой асобай у судовым органе дадзенай дзяржавы ў адпаведнасці з законам гэтай дзяржавы;
 
б) орган, правамоцны разглядаць просьбу аб прадастаўленні юрыдычнай дапамогі, канстатуе, што паслугі адваката неабходны з прычыны канкрэтных акалічнасцей разглядаемай справы.
 
Згодна з артыкулам 93 Еўрапейскіх пенітэнцыярных правіл, прынятых Камітэтам міністраў Савета Еўропы 12 лютага 1987 г., кожны падследны або падсудны з моманту свайго заключэння павінен мець магчымасць скарыстаць паслугі выбранага ім адваката або звярнуцца з просьбай аб назначэнні яму бясплатнага адваката, калі такі маецца, і сустракацца з ім у мэтах забеспячэння абароны, а таксама мець магчымасць падрыхтоўваць, перадаваць адвакату і атрымліваць ад яго канфідэнцыяльныя інструкцыі.
 
Такім чынам, з міжнародна-прававых актаў вынікае, што аказваць юрыдычную дапамогу прызваны асобы, якія валодаюць неабходнымі прававымі ведамі і ажыццяўляюць сваю дзейнасць па абароне правоў і інтарэсаў грамадзян на прафесіянальнай аснове.
 
5. У мэтах аказання грамадзянам і юрыдычным асобам усебаковай і даступнай юрыдычнай дапамогі дзяржава прадастаўляе права аказваць юрыдычныя паслугі ў парадку і выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, не толькі адвакатам, але і іншым спецыялістам у галіне права. Згодна з пастановай Урада ад 21 жніўня 1995 г. № 456 “Аб пераліку відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуецца спецыяльны дазвол (ліцэнзія), і органаў, якія выдаюць гэтыя дазволы (ліцэнзіі)” (са змяненнямі і дапаўненнямі) ліцэнзаванню, у прыватнасці, падлягае не толькі адвакацкая практыка, але і аказанне юрыдычных паслуг, за выключэннем прафесіянальнай абароны правоў і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб па крымінальных, грамадзянскіх справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях у следчых і судовых органах. Ліцэнзія на права аказання юрыдычных паслуг выдаецца пры наяўнасці юрыдычнай адукацыі і пэўнага стажу працы па спецыяльнасці. У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку выдачы і выкарыстання ліцэнзіі на права аказання юрыдычных паслуг, зацверджаным загадам Міністэрства юстыцыі ад 12 лістапада 1999 г. № 242, прадугледжана магчымасць выдачы адпаведнай ліцэнзіі:
 
юрыдычнай асобе, унесенай у Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, штат якой складаецца з юрыстаў, у тым ліку не менш двух з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй і стажам работы па спецыяльнасці не менш трох гадоў пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы;
 
грамадзяніну, зарэгістраванаму ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і стаж работы па спецыяльнасці не менш трох гадоў пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы.
 
Да юрыдычных паслуг згодна з указаным Палажэннем адносяцца: дача кансультацый і растлумачэнняў па юрыдычных пытаннях, якія датычацца дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, абарона інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання ў гаспадарчых судах.
 
Такім чынам, дзяржава гарантуе грамадзянам прадастаўленне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі з боку тых асоб, якія маюць ліцэнзіі на аказанне такой дапамогі на прафесіянальнай аснове (адвакаты, юрысты-ліцэнзіяты).
 
6. Нягледзячы на прынятыя 4 ліпеня 2000 г. і 13 снежня 1999г. рашэнні Канстытуцыйнага Суда, на практыцы працягваюць узнікаць пытанні аб магчымасці допуску ў якасці абаронцаў блізкіх сваякоў падазроных, абвінавачваных і падсудных. У гэтай сувязі неабходна мець на ўвазе, што ў якасці абаронцы ў крымінальнай справе згодна з часткай трэцяй артыкула 49 КПК могуць удзельнічаць не толькі члены калегіі адвакатаў, але і блізкія сваякі і законныя прадстаўнікі абвінавачванага, іншыя асобы, якія маюць права займацца адвакацкай дзейнасцю.
 
У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 4 ліпеня 2000 г. была звернута ўвага на неканстытуцыйнасць правапрымяняльнай практыкі пры рэалізацыі часткі трэцяй артыкула 49 КПК, паколькі блізкія сваякі, якія ажыццяўляюць абарону абвінавачванага па крымінальнай справе, не дапускаліся да выканання функцый абаронцы пасля вынясення прыгавору суда ў перыяд знаходжання асуджанага ў месцах пазбаўлення волі.
 
На аснове аналізу крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што калі блізкі сваяк асуджанага ўжо быў дапушчаны судом у якасці абаронцы па канкрэтнай крымінальнай справе, то ён мае права аказваць юрыдычную дапамогу асуджанаму і пасля вынясення прыгавору, для чаго магчымы і яго сустрэчы з падабаронным, які адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.
 
У сілу замацаванага ў артыкуле 62 Канстытуцыі права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў любы момант Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 13 снежня 1999 г. указаў, што дзяржаўныя органы, якія прымяняюць нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, павінны забяспечыць права на атрыманне юрыдычнай дапамогі не толькі абвінавачваным, падсудным, але і падазроным.
 
Адмова ў прадастаўленні такога права можа быць абскарджана ў суд у адпаведнасці з артыкулам 60 Канстытуцыі.
 
7. У грамадзянскім судаводстве, акрамя адвакатаў, абарону правоў і інтарэсаў грамадзян могуць ажыццяўляць у адпаведнасці з законам і іншыя іх прадстаўнікі.
 
Згодна з часткай другой артыкула 72 ГПК прадстаўнікамі ў судзе, у прыватнасці, могуць быць: адвакаты; работнікі юрыдычных асоб — па справах гэтых асоб; упаўнаважаныя грамадскіх аб’яднанняў, якім законам або статутам дадзена права прадстаўляць і абараняць законныя інтарэсы сваіх членаў у судзе; упаўнаважаныя арганізацый, якім заканадаўствам прадастаўлена права прадстаўляць і абараняць у судзе правы і законныя інтарэсы іншых асоб; бацькі, усынавіцелі, апекуны і папячыцелі — па справах падапечных; упаўнаважаныя ўстаноў і арганізацый, на якія законам ускладзена выкананне абавязкаў апекуноў і папячыцеляў; прадстаўнікі, назначаныя судом; адзін з працэсуальных саўдзельнікаў — па даручэнню гэтых саўдзельнікаў.
 
У адпаведнасці з артыкулам 75 ГПК прадстаўнікі па даверанасці дапускаюцца судом да ўдзелу ў справе толькі пры наяўнасці належна аформленай даверанасці. Даверанасць на вядзенне справы ў судзе афармляецца, як правіла, пісьмова. Разам з тым у частцы чацвёртай артыкула 76 ГПК прадугледжана, што грамадзяне могуць упаўнаважваць сваіх прадстаўнікоў на ўдзел у справе вуснай заявай, зробленай у судзе.
 
Зыходзячы з аналізу норм грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства, некаторыя органы і асобы робяць вывад, што пералік суб’ектаў, якія могуць аказваць юрыдычную дапамогу шляхам прадстаўніцтва ў судзе, не з’яўляецца вычарпальным, паколькі дзеючае заканадаўства (частка першая артыкула 72 ГПК) не выключае права выступаць у якасці прадстаўнікоў любым іншым дзеяздольным грамадзянам, якія аформілі сваё прадстаўніцтва належным чынам. Такая фармулёўка часткі першай артыкула 72 ГПК сапраўды дае падставы для ўзнікнення на практыцы спрэчак, якія, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, належыць устараніць шляхам запаўнення ў законе адпаведных прабелаў і больш дакладнай рэгламентацыі адносін, звязаных з ажыццяўленнем прадстаўніцтва ў судзе і іншых органах. Па наяўнай інфармацыі, некаторыя асобы пры адсутнасці адпаведнай ліцэнзіі або іншых законных падстаў неаднаразова выступаюць у судах і іншых органах па разнастайных пытаннях шляхам афармлення прадстаўніцтва па даверанасці на дагаворнай аснове. Юрыдычная дапамога ў сілу яе асобай значнасці і магчымасці наступлення адмоўных вынікаў у выпадках, калі яна будзе некваліфікаванай, павінна аказвацца асобамі, якія адпавядаюць па сваіх якасцях прад’яўляемым патрабаванням. Юрыдычная дапамога, якая аказваецца іншымі асобамі акрамя пералічаных у частцы другой артыкула 72 ГПК, не павінна насіць сістэматычны характар і быць крыніцай даходу, калі іншае не будзе ўстаноўлена законам. У адваротным выпадку губляецца сэнс ліцэнзавання адвакацкай дзейнасці і дзейнасці па аказанню юрыдычных паслуг, прававога рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць таксама, што грамадзяне маюць права у любы момант атрымліваць юрыдычную дапамогу, у тым ліку пры рэалізацыі імі сваіх правоў у працоўных, жыллёвых, адміністрацыйных, падатковых і іншых праваадносінах. У выпадку афармлення для гэтых мэт прадстаўніцтва для абароны інтарэсаў давераных асоб павінны быць захаваны неабходныя патрабаванні, якія выключаюць сістэматычную дзейнасць па аказанню такіх паслуг і атрыманне ад яе даходаў, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.
 
8. Аказанне юрыдычнай дапамогі па грамадзянска-прававых пытаннях асобам, якія асуджаны і адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, можа, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, мець свае асаблівасці, абумоўленыя характарам крымінальнага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Сутнасцю гэтага пакарання, акрамя прымусовай ізаляцыі асуджанага ад грамадства, з’яўляюцца іншыя праваабмежаванні і нягоды, якім ён павінен падвяргацца, знаходзячыся ў месцах пазбаўлення волі, з улікам устаноўленага ў іх рэжыму.
 
У цяперашні час права на аказанне юрыдычнай дапамогі асуджаным, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, прадастаўлена толькі адвакатам (артыкул 27 ППК). Згодна з часткай восьмай артыкула 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які мяркуецца ўвесці ў дзеянне з 1 студзеня 2001 г., аказваць юрыдычную дапамогу асуджаным да пазбаўлення волі маюць права адвакаты і іншыя асобы, якія маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што законам не прадугледжана, якія іменна асобы, акрамя адвакатаў, маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі асуджаным, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, заканадаўцу неабходна вызначыць катэгорыю асоб, якія маюць права аказваць такую дапамогу і мець у сувязі з гэтым спатканні з асуджанымі.
 
Згодна з грамадзянскім заканадаўствам юрыдычная дапамога можа аказвацца грамадзянам па іх даверанасці, якая афармляецца ў адпаведнасці з прад’яўляемымі патрабаваннямі. У выпадках выдачы (афармлення) даверанасці асуджаным, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, для вырашэння пытанняў, што ўзнікаюць з грамадзянска-прававых адносін, з мэтах належнай абароны правоў і інтарэсаў даверніка прадстаўніку павінен быць забяспечаны допуск да даверніка з захаваннем Правіл ППУ, якія рэгулююць, у прыватнасці, аказанне юрыдычнай дапамогі адвакатамі. Iнакш не можа быць дасягнута мэта, для якой выдавалася даверанасць.
 
З улікам характару месцаў пазбаўлення волі, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, могуць быць ўстаноўлены асобыя ўмовы, забяспечваючыя рэалізацыю права на атрыманне юрыдычнай дапамогі асуджаным, якія маглі б быць прадугледжаны Правіламі ППУ (парадак выдачы даверанасці, прадастаўлення спатканняў з давернікам, забеспячэнне з боку адміністрацыі ППУ належнага кантролю з мэтай выключэння злоўжыванняў як з боку асуджанага, так і даверанай особы).
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 40, 59, 115, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Права на юрыдычную дапамогу, прадугледжанае артыкулам 62 Канстытуцыі, якое базіруецца на агульнапрызнаных прынцыпах міжнароднага права (артыкул 8 Канстытуцыі), для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод грамадзян гарантуецца дзяржавай і забяспечваецца перш за ўсё шляхам аказання кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі на прафесіянальнай аснове (адвакатамі або іншымі асобамі, якія маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі).
 
2. Грамадзяне маюць права ў любы момант атрымліваць юрыдычную дапамогу, у тым ліку пры рэалізацыі імі сваіх правоў у працоўных, жыллёвых, адміністрацыйных, падатковых і іншых праваадносінах. У выпадку афармлення прадстаўніцтва для абароны інтарэсаў давераных асоб павінны быць захаваны неабходныя патрабаванні, якія выключаюць сістэматычную дзейнасць па аказанню такіх паслуг і атрыманне ад яе даходаў, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.
 
3. У адпаведнасці з Канстытуцыяй (артыкулы 8, 62), рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 снежня 1999 г. “Аб некаторых пытаннях забеспячэння грамадзянам канстытуцыйнага права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе” права на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогі абаронцы павінна быць забяспечана не толькі абвінавачванаму, падсуднаму, але і падазронаму, у адносінах да якіх выбрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
 
4. Юрыдычную дапамогу ў крымінальным судаводстве (артыкул 49 КПК) могуць аказваць дапушчаныя да ўдзелу ў справе ў якасці абаронцаў адвакаты, іншыя асобы, якія маюць права займацца адвакацкай дзейнасцю; блізкія сваякі і законныя прадстаўнікі маюць права абараняць правы і інтарэсы не толькі абвінавачванага, падсуднага, але і падазронага, выступаючы ў ролі іх абаронцаў у крымінальным судаводстве. Адмова ў прадастаўленні права на ўдзел у якасці абаронцаў па крымінальнай справе блізкіх сваякоў падазронага, абвінавачванага, падсуднага або іх законных прадстаўнікоў можа быць абскарджана ў суд у адпаведнасці з артыкулам 60 Канстытуцыі.
 
Калі ўказаныя асобы ўдзельнічалі ў крымінальным судаводстве ў якасці абаронцаў, то яны маюць права аказваць юрыдычную дапамогу па дадзенай справе, як гэта было прадугледжана ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 4 ліпеня 2000 г. “Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогі асуджаным”, і пасля вынясення прыгавору, у сувязі з чым мець спатканні з асуджанымі, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, захоўваючы пры гэтым Правілы ППУ, што рэгулююць пытанні аказання юрыдычнай дапамогі адвакатамі.
 
5. Па грамадзянскіх справах, а таксама па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях юрыдычную дапамогу ў судзе могуць аказваць асобы, указаныя ў частцы другой артыкула 72 ГПК.
 
Акрамя гэтых асоб, з улікам мэт і сутнасці ліцэнзавання адвакацкай дзейнасці і дзейнасці па аказанню юрыдычных паслуг, прававога рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці іншыя асобы (частка першая артыкула 72 ГПК) могуць аказваць юрыдычную дапамогу ў судзе, калі яны аформілі сваё прадстаўніцтва належным чынам у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Пры гэтым аказанне юрыдычнай дапамогі не павінна насіць сістэматычны характар і быць крыніцай атрымання даходаў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам. Аналагічны падыход павінен быць захаваны і пры аказанні юрыдычнай дапамогі гэтымі асобамі ў якасці прадстаўнікоў у іншых, акрамя суда, дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадзянскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.
 
6. Зыходзячы з неабходнасці дасягнення мэт, для якіх выдадзена (аформлена) даверанасць, асуджаныя, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, маюць права на атрыманне ў любы момант юрыдычнай дапамогі для рашэння грамадзянска-прававых пытанняў не толькі ад адвакатаў, але і іншых давераных асоб пры ўмове належнага афармлення даверанасці на прадстаўніцтва ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. З улікам патрабаванняў устаноўленага ў месцах пазбаўлення волі рэжыму могуць быць прадугледжаны асобыя ўмовы, якія забяспечваюць рэалізацыю права на атрыманне юрыдычнай дапамогі асуджаным і выключаюць магчымыя злоўжыванні як з боку асуджанага, так і даверанай асобы. У такіх выпадках аказанне юрыдычнай дапамогі таксама не павінна насіць сістэматычны характар і быць крыніцай атрымання даходаў, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.
 
7. Прапанаваць дзяржаўным органам у межах іх кампетэнцыі з мэтай больш поўнай рэгаментацыі парадку аказання юрыдычнай дапамогі грамадзянам, у тым ліку шляхам прадстаўніцтва, уключаючы юрыдычную дапамогу асуджаным, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, унесці неабходныя змяненні ў дзеючае заканадаўства, што вынікаюць з рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і неабходнасці больш поўнага забеспячэння права на юрыдычную дапамогу, прадугледжанага ў артыкуле 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававых актах.
 
8. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
9. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       Р.А. Васілевіч