Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
17 лістапада 2000 г. № Р-104/2000
Аб праве на амністыю асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу ў сувязі з іх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем)
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зварот па пытанню непрымянення амністыі да некаторых катэгорый асуджаных, устанавіў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 9 Закона ад 18 студзеня 1999 г. “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 3, арт. 40) асуджаным да пазбаўлення волі тэрмін пакарання скарачаецца на адзін год, а асуджаным, у якіх да заканчэння тэрміну пакарання застаецца менш аднаго года, тэрмін пакарання скарачаецца на астатнюю частку. У адпаведнасці з пунктам 9 артыкула 15 дадзенага Закона пад дзеянне артыкула 9 падпадаюць асуджаныя, у адносінах да якіх прыгаворы ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона. Закон аб амністыі ўступіў у сілу 21 студзеня 1999 г., г.зн. з дня яго апублікавання, як гэта прадугледжана ў артыкуле 27 дадзенага Закона.
 
Аналагічныя палажэнні, якія датычацца прымянення амністыі да асуджаных, змяшчаюцца ў артыкуле 10 і частцы дзесятай артыкула 14 Закона ад 14 ліпеня 2000 г. “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 24, арт. 328).
 
Такім чынам, згодна з законам амністыя ў выглядзе скарачэння тэрміну пазбаўлення волі можа быць прыменена толькі для асуджаных, у адносінах да якіх вынесеныя судом прыгаворы ўступілі ў законную сілу на момант уступлення ў сілу закона аб амністыі.
 
З паступіўшага ў Канстытуцыйны Суд звароту асуджанага, а таксама з аналізу практыкі відаць, што да некаторых асоб не была прыменена амністыя з прычыны таго, што па не залежных ад іх акалічнасцях іх касацыйныя скаргі на вынесеныя прыгаворы не разглядаліся на працягу доўгага часу. Таму на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі прыгаворы ў адносінах да гэтых асуджаных не ўступалі ў законную сілу, што выключала магчымасць прымянення да іх амністыі.
 
Адной з прычын несвоечасовага разгляду крымінальных спраў у касацыйным парадку з’яўляецца іх затрымка ў судах першай інстанцыі, у тым ліку і ў сувязі з разглядам заўваг на пратаколы судовых пасяджэнняў. Прыгаворы не ўступаюць у законную сілу і ў тых выпадках, калі па адной справе асуджана некалькі асоб, а касацыйныя скаргі падаюць асобныя з іх, і такім чынам амністыя не распаўсюджваецца на асоб, якія не абскардзілі прыгавор у касацыйным парадку.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, міжнародна-прававых актаў, а таксама нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да наступных вывадаў.
 
Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
 
У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 115 Канстытуцыі бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.
 
Артыкул 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ўстанаўлівае, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.
 
Згодна з артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, якое яму прад’яўляецца, на аснове поўнай роўнасці быць судзімым без неапраўданай затрымкі. Кожны, хто асуджаны за якое-небудзь злачынства, мае права на тое, каб яго асуджэнне і прыгавор былі перагледжаны вышэйстаячай судовай інстанцыяй згодна з законам.
 
У артыкуле 337 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КПК) прадугледжана, што касацыйныя скаргі і пратэсты на прыгавор суда першай інстанцыі могуць быць пададзены на працягу сямі сутак з дня абвяшчэння прыгавору, а асуджаным, які ўтрымліваецца пад вартай, — у той жа тэрмін з дня ўручэння яму копіі прыгавору. Пасля заканчэння тэрміну, устаноўленага для абскарджання або апратэставання, суд, суддзя, які пастанавіў прыгавор, накіроўвае справу з паступіўшымі скаргамі і пратэстам у касацыйную інстанцыю і паведамляе зацікаўленым асобам аб дні разгляду справы ў касацыйнай інстанцыі (артыкул 339 КПК). Абласныя суды, Мінскі гарадскі суд, Беларускі ваенны суд, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь павінны разгледзець паступіўшую па касацыйнай скарзе або пратэсту справу ў дзень, назначаны судом першай інстанцыі, але не пазней аднаго месяца з дня яе паступлення. У выключных выпадках старшыня або намеснік старшыні суда можа прадоўжыць гэты тэрмін, але не больш чым на адзін месяц (артыкул 342 КПК).
 
Згодна з часткай пятай артыкула 264 КПК пратакол судовага пасяджэння павінен быць зроблены і падпісаны не пазней чым праз трое сутак пасля заканчэння судовага пасяджэння, а па складаных справах — не пазней сямі сутак. На працягу трох сутак пасля падпісання пратаколу пракурор, абаронца, падсудны, а таксама пацярпеўшы, грамадзянскі ісцец, грамадзянскі адказчык і іх прадстаўнікі могуць падаць свае заўвагі на пратакол (артыкул 265 КПК).
 
Аднак у КПК (артыкул 266) не ўказаны тэрміны разгляду ў судзе першай інстанцыі заўваг на пратакол судовага пасяджэння. Крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не ўстаноўлены таксама тэрміны, у межах якіх суд першай інстанцыі абавязаны накіраваць крымінальную справу ў суд касацыйнай інстанцыі.
 
Аналагічныя прабелы маюцца і ў новым КПК (артыкулы 310, 374, 375, 376, 380), які ўводзіцца ў дзеянне з 1 студзеня 2001 г.
 
Адсутнасць у крымінальна-працэсуальным заканадаўстве рашэння ўказаных пытанняў нярэдка прыводзіць на практыцы да неапраўданага зацягвання разгляду касацыйнай скаргі, што, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, не забяспечвае канстытуцыйных гарантый права на ажыццяўленне правасуддзя ва ўстаноўленыя законам тэрміны, у тым ліку і права на касацыйнае абскарджанне вынесеных судом першай інстанцыі прыгавораў.
 
Канстытуцыйны Суд у сваім заключэнні ад 23 чэрвеня 1999 г. адзначыў, што палажэнні Канстытуцыі і агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права абавязваюць дзяржаву забяспечыць грамадзянам не толькі даступнасць правасуддзя, роўнасць усіх асоб перад законам, але і поўнае ажыццяўленне права на судовую абарону, якая павінна быць справядлівай, кампетэнтнай і эфектыўнай. Дзяржава абавязана гарантаваць абарону правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ад судовай памылкі. Шляхам разгляду касацыйнай скаргі, у ходзе якога пераглядаецца справа, у найбольш поўным аб’ёме забяспечваюцца працэсуальныя правы бакоў і асоб, якія ўдзельнічаюць у працэсе, гарантуецца ажыццяўленне канстытуцыйнага права на судовую абарону і вынясенне судамі законных і абгрунтаваных пастаноў.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд адзначае, што несвоечасовы разгляд касацыйнай скаргі, абумоўлены адсутнасцю ў законе тэрмінаў накіравання судом першай інстанцыі крымінальнай справы ў касацыйную інстанцыю, не толькі фактычна парушае канстытуцыйнае права асуджаных на касацыйнае абскарджанне судовых прыгавораў, але і цягне парушэнне іншых правоў грамадзян, у прыватнасці права на прымяненне амністыі.
 
Як паказвае практыка, асуджаныя вымушаны часам адмаўляцца ад рэалізацыі свайго права на касацыйнае абскарджанне судовага прыгавору толькі дзеля таго, каб на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі гэты прыгавор уступіў у законную сілу.
 
Устанаўленне ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве тэрмінаў, на працягу якіх павінны быць разгледжаны ў судзе першай інстанцыі заўвагі на пратакол судовага пасяджэння, а таксама тэрмінаў, у межах якіх крымінальная справа ў выпадках касацыйнага абскарджання прыгавору павінна быць накіравана ў касацыйную інстанцыю, будзе служыць, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дадатковай гарантыяй канстытуцыйных правоў грамадзян на судовую абарону, якая выключае неапраўданае зацягванне разгляду судовых прыгавораў у касацыйным парадку.
 
Згодна з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыяй абвешчаны прынцып роўнасці ўсіх перад законам і права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22).
 
Шляхам прыняцця законаў аб амністыі дзяржава, праяўляючы гуманныя адносіны да асоб, якія ўчынілі злачынства, выносіць акт аб дараванні пэўных катэгорый такіх асоб. Заканадавец мае права ўстанавіць кола асоб, на якіх распаўсюджваецца амністыя, вызначыць умовы як вызвалення іх ад крымінальнай адказнасці і пакарання, так і скарачэння тэрмінаў назначанага ім судом пакарання, грунтуючыся на палажэннях Канстытуцыі і міжнародна прававых актаў. (У дадзеным рашэнні Канстытуцыйны Суд не ацэньвае практыку рэгулярнага прыняцця законаў аб амністыі, абумоўленную ў пэўнай меры судовай прктыкай назначэння пакарання, у тым ліку і звязаных з пазбаўленнем волі.)
 
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што амністыя магла б быць прыменена і да асуджаных, у адносінах да якіх вынесеныя судамі першай інстанцыі прыгаворы не ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі ў сувязі з тым, што іх касацыйныя скаргі не разглядаліся на працягу доўгага часу па акалічнасцях, ад іх не залежных. Указаныя асобы аказваюцца ў няроўным становішчы ў параўнанні з асуджанымі, касацыйныя скаргі якіх былі разгледжаны без зацягвання тэрмінаў, або з асуджанымі, якія наогул не выкарыстоўвалі свайго права на касацыйнае абскарджанне судовага прыгавору.
 
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што ёсць падставы для пошуку справядлівага рашэння па пытанню прымянення амністыі да асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу. Гэта магчыма як шляхам унясення змяненняў і дапаўненняў у адпаведныя законы аб амністыі, так і шляхам афіцыяльнага тлумачэння ўказаных законаў.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пры прыняцці ў будучым законаў аб амністыі не выключаюцца і іншыя варыянты справядлівага рашэння дадзенага пытання.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40 і часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь:
 
разгледзець пытанне (у тым ліку і шляхам тлумачэння) аб распаўсюджанні дзеяння законаў ад 18 студзеня 1999 г. “Аб амністыі некаторай катэгорыі асоб, якія ўчынілі злачынствы” і ад 14 ліпеня 2000 г. “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” на асуджаных, у адносінах да якіх не ўступілі ў законную сілу з прычыны таго, што касацыйныя скаргі (пратэсты) па іх справах не разглядаліся на працягу доўгага часу па акалічнасцях, якія не залежаць ад асуджаных:
 
унесці дапаўненні ў крымінальна-працэсуальнае заканадаўства, вызначыўшы тэрмін, на працягу якога павінны быць разгледжаны заўвагі на пратакол судовага пасяджэння ў судзе першай інстанцыі, а таксама тэрмін, у межах якога крымінальная справа пры наяўнасці касацыйнай скаргі (пратэсту) павінна быць накіравана ў суд касацыйнай інстанцыі.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                                                   Р.А. Васілевіч